Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: “Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах”

(Выступ на ліпеньскім Сойме Беларускага Народанага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

…Усё паказвае, на тое, што восеньню будзе пагаршэньне сацыялнай і эканамічнай сытуацыі. Дзеяньні рэжыму нескладаныя і добра відаць – гэта набраць крэдытаў і душыць магчымыя пратэсты сілай. Але найбольш небясьпечная справа, на якую яны здольныя – гэта здача за бясцэн нацыянальнай маёмасьці чужому капіталу.

Я мяркую, што мы не павінны спадзявацца на нейкія масавыя шырокія і радыкальныя падзеі. Масаваму і радыкальнаму пратэсту перашкаджаюць два асноўныя чыньнікі: нясьпеласьць нацыянальнай сьвядомасьці і адсутнасьць прыватнай уласнасьці ў людзей. Тым ня менш сацыяльны шок здольны выклікаць выхад пратэстнаму напружаньню. Але яно можа скончыцца нічым, калі ня будзе адпаведным чынам арганізаванае і ідэйна абумоўленае.

Нацыянальнае асьветніцтва і стварэньне “групаў народнага даверу” – галоўныя задачы нашае дзейнасьці на гэтым этапе. Трэба максымальна выкарыстаць час, каб давесьці да вялікай колькасьці людзей пляны дзеяньняў і дамагчыся, каб пачаўся рэальны працэс самаарганізацыі грамадзтва (гэта зн. стварэньне групаў народнага даверу).

Другое пытаньне важнае для нас і для ўсёй нашай нацыянальнай супольнасьці – гэта вызначэньне пазыцыі і адносінаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2011 года. Мне і сябрам нашай народнай партыі ўжо ня раз прыходзілася выказвацца па гэтым пытаньні. Сутнасьць нашага падыходу ў тым, што выбары павінны перш за ўсё адпавядаць Канстытуцыі і закону. Лукашэнка – ўзурпатар улады і парушальнік Канстытуцыі. Ён ня мае права і не павінен чацьвёрты раз удзельнічаць у выбарах.

Выбары з удзелам Лукашэнкі, калі б такое адбылося, страцілі б усялякі канстытуцыйны, законны сэнс. Гэта было б нелегальнае мерапрыемства, якое (мы ведаем) выкарыстоўвае, да таго ж, антыдэмакратычныя незаконныя мэтады галасаваньня (“адміністрацыйны рэсурс”, фальсіфікацыю, папярэдняе галасаваньне, галасаваньне з аб’язной скрынкай па дамах і г.д.). Людзі, якія згадзіліся б удзельнічаць у такім мерапрыемстве, тым самым падтрымлівалі б яго антыканстытуцыйнасьць і нелегальнасьць, дапамагалі б рэжыму легітымізаваць ягоную выбарчую афёру.

Мы бачым ужо цяпер, што людзей такіх дастаткова, якія гатовыя спрыяць чарговаму падаўжэньню рэжымнага аўтарытарызму. Адны зь іх запісныя правакатары, іншыя глыбока не задумваюцца. Пазьбегнуць правакатараў, як правіла, не ўдаецца. Але, паўтаруся, галоўная задача – Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах.

У выпадку калі гэты прынцып будзе парушаны і Лукашэнка ў чарговы раз пойдзе на выбары, тады апраўданы байкот галасаваньня. Трэба ўлічыць, што байкот прэзыдэнцкіх выбараў арганізаваць вельмі цяжка. Тым ня менш, ісьці на незаконныя выбары і тым самым прызнаваць і легалізаваць парушэньне асноўнага закону, цынізм і ашуканства – нельга. У выпадку, калі Лукашэнка ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, наша народная партыя выставіць свайго кандыдата.

Прасіў бы абмеркаваць гэтае пытаньне на Сойме і ў структурах Партыі. У нас павінна быць поўнае разуменьне таго, што мы будзем рабіць. Восеньню ў канцы года, нам трэба будзе прыняць адпаведныя пастановы па гэтай тэме.

Мы бачым, што Эўропа пакінула вікаўскага мутанта (так зв. “апазыцыю”) на выжываньне, хоць цалкам і не адмаўляецца ад яго. Цяпер мы ведаем таксама, што ў Маскве мрояцца амбітныя пляны ў хворых галовах шавіністаў – стварыць у Беларусі цалкам сваю прамаскоўскую апазыцыю, па прыкладу вікаўскай. Стала вядома, што там пачалі нават калькуляцыі складаць – просяць паўмільярда даляраў на “русское дело”. Аж спадар Лябедзька з Раманчуком паехалі пацікавіцца. Тут ужо жартуюць: калі Лябедзька стане хваліць Маскву – значыць далі, калі пачне крытыкаваць – не далі! Гэта ўжо адпрацаваныя сцэнары, прагназуемыя паводзіны, якія нічога не вырашаюць. (…)

12 ліпеня 2009 г.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту
“Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

14/7/2009 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2009
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2022
Сувязь