Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: Ліст аб агульнай беларускай справе

Цяпер назіраецца ўзмацненьне рэпрэсіяў антыбеларускага рэжыму супраць беларусаў. Але адначасна мацнее і нашае супраціўленьне. Каб вынікова змагацца, мы, усе грамадзяне і патрыёты Беларусі, мусім дакладна ведаць дзьве рэальнасьці: першая – хто наш непрыяцель, чаго ён хоча і што робіць; другая рэальнасьць – чаму мы змагаемся, супраць каго, чаго хочам дасягнуць змаганьнем.
Выніковасьць нашай беларускай барацьбы будзе залежыць ад разуменьня гэтых рэальнасьцяў.
Рэжым Лукашэнкі ёсьць тыповы аўтарытарны рэжым, па характару і па сістэме ўлады. Адначасна гэта ёсьць рэжым выключны, русіфікатарскі, непадобны ні на які іншы, бо праводзіць вынішчальную, тыпова акупацыйную палітыку супраць свайго народу і па характару зьяўляецца антыбеларускім. Гэта ўнутраны акупацыйны рэжым.
Ягоная ўлада была ўсталяваная шляхам унутранай акупацыі – захопу беларускай ўлады спэцслужбамі Расеі з выкарыстаньнем дэмакратычнай сістэмы выбараў і сваіх крэатураў.
Палітычная мэта гэтага, залежнага ад Масквы рэжыму – ліквідаваць Беларускую дзяржаву і вынішчыць Беларускую нацыю, уключыць тэрыторыю Беларусі ў склад Расеі.
Гэтых мэтаў Крэмль нават не хавае, гаворыць адкрыта і грунтуецца на палітыцы імпэрыялізму, якую Расея праводзіць супраць Беларусі вось ужо больш за дзьвесьце гадоў. Супярэчнасьці і канфлікты, якія ўзьнікаюць паміж Масквой і Лукашэнкам, маюць унутраны характар у межах адной сфэры палітыкі (КГБ) і групавых дачыненьняў. Рэальны сэнс спрэчак паміж Лукашэнкам і Масквой абумоўлены не беларускімі дзяржаўнымі інтарэсамі, а зыходзіць з задачы захаваць і павялічыць сваю уладу.
Палітыку агрэсіі, захопу і вынішчэньня Беларусі Расея праводзіла і будзе праводзіць увесь час, пакуль застаецца існаваць структура і палітыка каляніяльнай імпэрыі. Расейская імпэрская палітыка ёсьць пастаянны, безаглядны і натуральны вораг Беларускай незалежнасьці.
З аналізу гэтай сытуацыі беларусы мусяць зразумець, што ў нас няма іншага выбару, акрамя як ўсеагульнае змаганьне з Масквой за сваё дзяржаўнае існаваньне. Гэтага нельга пазьбегнуць. Усе іншыя шляхі, акрамя барацьбы з расейскай агрэсіўнай палітыкай (і з антыбеларускім рэжымам як увасабленьнем гэтай палітыкі) вядуць у небыцьцё. Альбо нацыя будзе змагацца супраць пэрманэнтнага наступу Масквы, альбо згіне.
Мэта беларускага змаганьня (ў становішчы, якое існуе) вымагае найперш салідарнасьці і кансалідацыі нацыянальных сілаў. Кансалідацыя народу можа і павінна быць на аснове агульных каштоўнасьцяў і нацыянальных інтарэсаў. Такімі каштоўнасьцямі перад агульнай пагрозай з усходу ёсьць Беларуская нацыянальная ідэя, нацыянальная дзяржава, свабода і дзяржаўная незалежнасьць.
Нашыя нацыянальныя інтарэсы абавязваюць нас абараніць беларускую культуру, беларускую мову, беларускую народную ўласнасьць, тэрыторыю і дзяржаўнасьць, правы і свабоду беларускага грамадзяніна і чалавека.
Уздым цяперашняй беларускай народнай кансалідацыі мусіць пачынацца з першачарговага дзеяньня – з падняцьця ў гару відомых знакаў нацыі, з сымвалаў, адэкватных зьместу і сутнасьці змагарнай справы.
Такімі знакамі-сымваламі вольнай, дзяржаўнай і дэмакратычнай Беларусі ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
Памятайма, што сымволіка ёсьць фармальны адпаведнік сутнасьці. Усё, што выступае пад іншай сымволікай, мае іншы зьмест. Антыбеларускі, антыдэмакратычны рэжым Лукашэнкі і акупацыйная, прамаскоўская палітыка рэжыму пачалася са зьмены сымволікі, з фальсіфікацыі гэтай зьмены і са зьнявагі нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга Рэспублікі Беларусь.
Уся наступная палітыка і дзеяньні прамаскоўскага рэжыму на Беларусі адпавядалі сымволіцы гэтых дзеяньняў – савецкаму, прыдуманаму ў Маскве чырвона-зялёнаму сьцягу з вывернутым арнаментам сьмерці і чужароднаму, правінцыйнаму “гэрбу” савецкай пары.
На цяперашні час у Беларусі вызначаюцца тры накірункі грамадзкай актыўнасьці: гэта (традыцыйна) гуманітарная і творчая інтэлігенцыя (нацыянальна-культурная дзейнасьць), беларуская навучэнская моладзь (патрыятычная і пратэстная дзейнасьць) і дробнапрадпрыймальніцкая грамада людзей (эканамічны пратэст), якіх (з палітычных меркаваньняў) пастаянна душыць рэжым, не даючы разьвівацца беларускаму эканамічнаму класу.
Трэба асабліва адзначыць, што жорсткія рэпрэсіі, якія чыняцца супраць гэтых катэгорыяў беларусаў, неадэкватныя па сутнасьці падзеяў, не заснаваныя на праве і законнасьці, і, зноў жа, — маюць тыпова акупацыйны характар абыходжаньня з насельніцтвам. (Поўная і дэманстратыўная непавага да асобы чалавека і да права, цынізм, зьдзек, беспрычыннае і жорсткае зьбіваньне, адносіны, як да жывёлы, беспрэцэдэнтная і бессаромная прафанацыя судовых працэсаў.)
Падзеі сьведчаць, што прадпрыймальніцкая грамада ступіла на шлях пратэсту ў абароне сваіх правоў. Сутыкненьне гэтай грамады людзей з рэжымам паказвае, што альбо яна стане палітызавацца і ператворыцца ў грамадзкую сілу, альбо акупацыйны рэжым яе проста растопча. Калі працэс палітызацыі ўсё ж пойдзе, то, магчыма, гэтыя людзі скарыстаюць вопыт Народнага Фронту па стварэньні сваёй аховы мітынгаў, ахоўнай дружыны, тактыку разгону АМАПу і г.д. (Вулічныя акцыі “падстаўной апазыцыі”, тым часам, мелі ў сабе задумку прафанацыі пратэстнага руху. Чаго яны дасягнулі, дык гэта поўнай дэградацыі і безвыніковасьці вулічнага змаганьня.)
Нацыю гуртуе мінулае і кансалідуе будучыня (дакладней – ідэя будучыні). У змаганьні з прамаскоўскім рэжымам людзі мусяць здаваць сабе справу, дзеля чаго яны змагаюцца. Бачаньне пэрспэктывы сістэматызуе рух і адчыняе магчымасьць перамогі.
Беларусь павінна быць вольнай, заможнай, вялікай, незалежнай і дэмакратычнай. Свабодны народ адродзіць сваю мову, культуру, эканоміку і беларускую цывілізацыю. Кожная беларуская палітычная сіла, якая будзе мець уладу, атрымае магчымасьць прапанаваць канкрэтныя спосабы і шляхі для дасягненьня гэтых мэтаў. Але дзяржава, мова, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня, воля, незалежнасьць, беларуская культура, Зямля, нацыянальныя інтарэсы ў сьвеце – ўсё гэта павінна быць агульным, сьвятым для ўсіх. І толькі тады народзяцца ўмовы для сапраўднага адраджэньня Беларусі, для вяртаньня нашай Эўропы, якая была і ёсьць тут, ў нашай культуры і ў нашай крыві, і будзе ізноў.

20 студзеня 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК

24/1/2008 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2008
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024