20 красавіка стала вядома, што Пуцін забараніў расейскім чыноўнікам і прадстаўнікам дзяржаўнага бізнэсу ўдзельнічаць і “Расейскім эканамічным форуме”, які мае адбыцца ў Лёндане 22 красавіка. У афіцыйных тлумачэньнях сказана, што такім чынам Крэмль хоча, маўляў, падвысіць значэньне аналягічнага форума, што мае адбыцца ў хуткім часе ў Пецярбурзе. Мягка кажучы, дзівацкая аргумэнтацыя. Брытанцы і іншыя здагадваюцца, аднак, у чым справа. На лёнданскі форум зьбіраўся сярод іншых віцэ-прэм’ер Расеі А. Жукаў. Але ў Лёндане распачаўся судовы працэс над сынком гэтага крамлёўца Пецям Жукавым, які разам з расейскімі сябручкамі на сваёй лёнданскай “хазе” па-зьверску зьбіў маладога англічаніна. Можна сябе ўявіць, з якой цікаўнасьцю суправаджалі б лёнданскія журналісты Жукава-“папашу”. Успомнім таксама, як днямі Масква кідалася маланкамі, надзьмувалася алімпійскай хмарай, пагражаючы брытанцам “ускладненьнем узаемных адносінаў у сувязі з нявыдачай бунтаўшчыка Беразоўскага”. Маскоўцаў можна зразумець. Ім асабліва не пашкодзіць афіцыйны няўдзел у лёнданскім эканамічным форуме. У Крамля і Лубянкі на брытанскіх выспах без таго ёсьць сотні тысячаў “русскіх ребят” у эканамічных і іншых структурах. Пытаньне толькі ў тым, ці зразумеюць гэта англічане?
Янка Базыль