У Курапатах невядомыя зламысьнікі зламалі шэсьць крыжоў і некалькі пашкодзілі. Чарговы акт вандалізму засьведчылі ўдзельнікі талакі, якую кожную суботу праводзяць сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.
Зламаныя, паваленыя і пахіленыя крыжы заўважыў Уладзімер Юхо, які зьяўляецца адным з арганізатараў талакі і ва ўрочышча сёньня прыйшоў першым.
У.Юхо: “Адчуваецца, што гэта было зроблена сьвядома”
“Сёньня я прыйшоў у Курапаты і пабачыў жудасныя рэчы, якія адбыліся за апошнія два дні. Я быў тут у чацьвер і ўсё было нармалёва. А сёньня прыйшоў і пабачыў зламаныя крыжы – вось тут на алеі чатыры крыжы зламаныя. А таксама збоку ад поля, якія ставілі вакол Курапатаў. Некаторыя крыжы расхістаныя – хацелі зламаць, але яны моцна стаялі. Адчуваецца, што гэта было зроблена сьвядома, бо штогод адбываюцца гэтыя факты вандалізму ў Курапатах. Вось зараз нам давядзецца працаваць. Пойдзем за матэрыялам, каб аднавіць гэтыя крыжы”.
З-за моцнага ветру з дажджом і сьнегам традыцыйнай талакі гэтым разам не атрымалася. Але ў прызначаны час людзі ўсё ж прыходзілі, каб прыбраць самае неабходнае. Сярод іншых – Тацяна Лук’янава:
“Я не партыйны чалавек, але сюды прыходжу, бо мне не абыякава што адбываецца ў Курапатах. І, вядома, неабходна памятаць пра тую трагедыю, якая адбылася з нашым беларускім народам”.
“Сёньня тут ізноў паваленыя крыжы. Што вы пра гэта думаеце?”
“Гэта вельмі сумная зьява. Я думаю, што гэта робяць людзі, якія не шануюць гэтае месца”.
Жалобны мітынг 26 красавіка Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ правядзе ў Курапатах
Як паведаміў Уладзімер Юхо, зламаныя і пахіленыя крыжы сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ адновяць бліжэйшымі днямі. Так было пасьля кожнага акту вандалізму ў Курапатах. Але гэтым разам яшчэ і прысьпешваюць падзеі 26 красавіка, кажа ён.
“Мы сёньня думаем пра тое, што адбудзецца шэсьце да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі. Нашай партыі адмовілі ў шэсьці – як заўсёды – адпраўляюць на Бангалор. Туды мы ніколі не хадзілі і ніколі ня пойдзем. І мы думаем, што правядзём жалобны мітынг у Курапатах. Я ведаю, што ў гэты дзень людзі прыходзілі сюды і раней, каб памянуць сваіх блізкіх, якія памерлі пасьля чарнобыльскай трагедыі. І трэба будзе быць разам зь імі”.
Зламаны крыж
Сябры КХП - БНФ падымаюць зламаны крыж
Тацяна Лук’янава прыбірае каля курапацкіх крыжоў
Паводле радыё Свабода, Галіна Абакунчык, Менск