Масква і маскоўскія васалы на Захадзе актыўна тэарэтызуюць пра “небясьпеку крыві і грамадзянскай вайны ва Украіне”. Прарасейскі тэлеканал Эўраньюс (даўно празваны беларускімі патрыётамі “Эўрагнюс”) не саромячыся накручвае штопаўгадзіны рэклямны ролік пра крымінальніка Януковіча і ягоных януковічцаў, якія нібыта “бароняць краіну ад кастытуцыйнай несправядлівасьці”. У чарговы раз тэлерупар барозаў, бэнітаў і салянаў адпрацоўвае грошы, заплочаныя Масквой брусэльскім карупцыянэрам-эўраначальнікам дзеля абароны імпэрскіх інтарэсаў Расеі ў Цэнтральнай Эўропе. Гэтым разам у прамаскоўскіх генэралаў і камандзёраў на пляцы спрацоўвае горкі досьвед мінулай паразы. Яны (наколькі могуць) дэманструюць сваю “украінскасьць” і па магчымасьці прыхоўваюць прыналежнасьць да “велікой русскості”. У расейскіх інтэрнэтвыданьнях 10 красавіка нават надрукавалі скаргі з кіеўскай плошчы. Прадстаўнік харкаўскага аддзяленьня антыўкраінскай арганізацыі пад назвай “Русскій блок” (актыўнай ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і ў Крыме) Г. Макараў паскардзіўся журналістам: “На мітынгу каля ЦВК у Кіеве да мяне падышоў дэпутат Вярхоўнай Рады ад партыі рэгіёнаў А. Пінчук і загадаў згарнуць сьцягі “Русского блока”. Згаданыя харкаўскім “патріотом Россіі” сьцягі – варыяцыя расейскага імпэрскага трыкалёра. Януковіцкія дэпутаты прымусілі схаваць таксама і дзяржаўныя сьцягі РФ, з якімі ў Кіеў прыехалі януковічцы. Але гэтым фармальным прыёмчыкам варожыя Украіне сілы ня здолеюць падмануць украінскі народ, які мацуе сваю незалежную дзяржаву.
11 красавіка НТВ паказала каўбойскі сюжэт з расейскай арміі. Бальшавіцкія лёзунгі мілітарызацыі грамадзтва “Пролетарий – на коня!”, “Все в Осовиахим!” набываюць новы кшталт у цяперашняй Расеі. У хуткім часе там ужо не разьбярэш, дзе канчаецца армія, а дзе пачынаецца працоўны калектыў, дзе мафія, а дзе “зашчітнікі отечества”. На працягу шэрагу гадоў начальства Екацерынбургскай вышэйшай ваеннай артылерыйскай вучэльні “гуляла ў Зарніцу”. Усе, хто хацеў, плаціў 35 тысячаў рублёў і мог пагуляць у вайну на палігоне вучэльні. Групы мясцовых аматараў каталіся на танках, пулялі з пляча ракеты, засвойвалі кулямёты. Потым начальства спісвала на жаўнераў страчаную зброю і амуніцыю. Ваенна-патрыятычны гэшэфт стаў настолькі папулярным, што сеціва запоўнілася радаснымі водгукамі удзельнікаў “зарніцаў”. Вайсковая пракуратура пачала дапытваць арганізатараў. Прадстаўнік мясцовых бізнэсовых колаў сказаў пракурору, што “совместные стрельбы укрепляют корпоративный дух”. Такія вось спартанцы на Урале. Па ўсёй імпэрыі з кожным годам паглыбляецца некантраляваны працэс дэмаралізацыі расейскай арміі і расейскага грамадзтва.
12 красавіка мафійны мэр Масквы Лужкоў выказваўся не пра касманаўтыку. “Остапа понесло”, і ён выдаў загад на шматгадовую падрыхтоўку да сьвяткаваньняў 200-годдзя памятнага 1812 года. З “істінно” бальшавіцкім размахам цяперашняя імпэрыя будзе крочыць ажно пяць гадоў да юбілейнага году. Прыгадаем, аднак, што такое ўжо аднойчы было – сто гадоў таму, у 1912 годзе. Тады з вялікай помпай імпэрыя адзначыла стагоддзе перамогі над Напалеёнам. На наступны 1913 год шумна адзначылі парадамі і гуляньнямі 300-годдзе дынастыі Раманавых. А потым дынастыя і ўся імпэрыя ўваліліся ў вір Вялікай вайны 1914-18 гг. і рэвалюцыі, у выніку чаго загінула дынастыя (але імпэрыю выратавалі бальшавікі-ленінцы). Кепскія знакі для недаразьвітай, але надзьмутай Расеі. Прапануем Лужкову арганізаваць касьцюміраваную пяцігодку мэмарыяльнага адзначэньня падзеяў 1807-1812 гадоў. Эйлаў, Фрыдлянд, Віцебск, Смаленск, Барадзіно – няхай Лужкоў з начальствам адзначае ўсе гэтыя сакрушальныя паразы расейскай арміі ад хаўрусных эўрапейскіх войскаў пад камандай Банапарта. Але не разьлічыў сілы і магчымасьці імпэтны карсіканец. Праз гады, седзячы ў ссылцы на высьпе Эльба, Банапарт прызнаваўся, што дапусьціў вялікую памылку. Трэба было ў 1812 годзе спыніццца ў Смаленску, аднавіць незалежнае ВКЛ і назаўсёды ўсталяваць мяжу паміж Эўропай і Азіяй на полі, дзе мяжуюць Смаленшчына і Масковія. Магчыма, што гісторыя пайшла б іншым шляхам.
Янка Базыль