Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Стратэгія супраць Беларусі

Нядаўна на старонцы pbpf.org мы камэнтавалі паведамленьні аўстрыйскіх газэтаў пра візыт у Вену “дзеяча беларускай, прамаскоўскай апазыцыі” (як яны называлі яго) Міхаіла Марыніча. Ягоны візыт быў “дзелавым”. Разам з аўстрыйскімі немцамі ён распрацоўваў новую “стратэгію для Беларусі”. Менавіта так, — “Стратэгія для Беларусі”, — і называецца дакумэнт, шырока распаўсюджаны пасьля працы “рабочай групы” з удзелам Марыніча.

Працытуем фрагмэнты гэтага тэксту ў перакладзе з ангельшчыны:

“Беларусь знаходзіцца ў стане найбольш драматычнага крызісу з часоў абвяшчэньня незалежнасьці. Цяперашняя сістэма выжыла выключна на аснове прамых і апасрэдваных расейскіх субсідыяў і на здольнасьцях цяперашняга лідэра (Лукашэнкі) абменьваць рыторыку на энэргію. …Для Расеі здольнасьці Лукашэнкі страцілі значэньне, і Масква пачала будаваць свае адносіны з Беларусяй на рынкавых асновах. У Беларусі гэта разглядаюць як закручваньне гаек, але Расея наступае наперад, не надаючы шмат увагі на магчымыя палітычныя наступствы. Гэта таму, што паводле Масквы на сцэне беларускага тэатру проста няма іншых адказных акцёраў…”

Паводле венскіх мудрацоў, Беларусь выжыла не на аснове працы беларускага народу (многія іншыя народы даўно б перасталі працаваць у такіх умовах – расейцы ёсьць прыкладам гэтаму), а на аснове расейскіх субсідыяў. Не Масква на працягу гадоў рабавала і эксплуатавала наш народ, а мы карысталіся энэргетычнай “халявай”. Але побач з гэтай балбатнёй цікава глядзіцца прызнаньне факту тупой маскоўскай самаўпэўненасьці (якую цалкам падзяляюць венскія спэцы). Акрамя шклоўскага лідэра, яны ня бачаць іншых “акцёраў”, беларускага народу як сілы для іх не існуе.

Цытуем далей: “Лёс Беларусі займае ня толькі Расею, але й Эўразьвяз… Ніхто не зацікаўлены ў калапсе беларускай эканомікі, што адмоўна адбілася б на абодвух баках”.

І зноў яны тэарэтызуюць выключна пра сабе самых. Разважаюць пра нашу эканоміку, пра нашу краіну без згадкі пра нашы нацыянальныя інтарэсы. Для іх Беларусь зьяўляецца таварам у трансакцыі “абодвух бакоў”. Але і ў гэтай частцы тэксту мы знаходзім цікавае прызнаньне ў стылі Ганса Віка: “Дыялёг паміж Брусэлям і Масквой, у якім Брусэль гаворыць адным (галоўным чынам нямецкім) голасам…”

Цытуем: “У пэрспэктыве магчымай эканамічнай катастрофы будучыня Беларусі павінна стаць сумесным эўрапейска-расейскім праектам …Прыярытэтнымі павінны стаць эканамічныя інтарэсы як Расеі, так і Эўразьвязу…” (Вось яно як!)

Такім чынам, абяцанка рэформаў на Беларусі грунтуецца на інтарэсах ЭЗ і Расеі. Пра беларусаў з іхнымі інтарэсамі няма нават згадкі. Падобна, што рынкавыя рэформы на нашай зямлі змоўшчыкі зьбіраюцца праводзіць пасьля таго, як беларусаў у Беларусі ўжо не застанецца.

Цытуем: “Другім прырытэтам зьяўляецца трэнінг новай адміністрацыйнай і мэнэджэрскай эліты. Цяперашнія беларускія эліты ствараліся ў адпаведнасьці з крытэрам лаяльнасьці рэжыму і атрымалі свой прафэсійны досьвед пад аўтарытарным рэжымам. Іхная экспэртыза будзе патрэбная на першых кроках да новай сістэмы. Але ў выпадку, калі яны застануцца дамінуючай сілай, то яны будуць паўтараць свой досьвед пры новай сістэме і замацоўваць акасьцянелыя старыя структуры”. Таму дабрадзеі прапануюць утварыць трэнігавую інстытуцыю ў аўстрыйскай Адміністрацыйнай Акадэміі, якая будзе сумесным расейска-эўрапейскім праектам.

Прапануем папярэдні пасаж асабліва ўважліва прачытаць прадстаўнікам сёньняшняй дзяржаўнай і эканамічнай адміністрацыі Беларусі ўсіх узроўняў. Вамі, шаноўныя беларускія чыноўнікі, ў рамках эўра-рускага праекта зьбіраюцца пакарыстацца толькі “на першых кроках”. А потым вас вытураць з “беларускіх элітаў”. Вашыя месцы зоймуць выхаванцы нейкай трэнінгавай інстытуцыі. Зразумела, што гэта будуць расейцы. Якраз аб гэтым даўно папярэджваюць беларускіх чыноўнікаў беларускія патрыёты – пасьля ліквідацыі беларускага школьніцтва, беларускай мовы і нашай незалежнай дзяржавы ліквідатары маюць намер ліквідаваць і беларускае чынавенства, бо “акасьцянелыя і старыя”. Вось як…

Але гэта была толькі ўвэрцюра маскоўскай “Хаваншчыны”. У главе “Эканамічная стратэгія” фашыстоўскі цынізм венскіх дабрадзеяў раскрываецца на поўніцу: “Пасьля распаду Савецкага Саюзу Расея субсідыравала Беларусь мільярдамі даляраў і цяпер яшчэ расьце гэты доўг. Для Эўропы Беларусь не зьяўляецца прыярытэтнай вобласьцю. Яна ўспрымаецца як малая і стабільная краіна, эканоміка якой неадрыўна зьвязана з Расеяй. Інтарэсы Эўропы сфакусіраваны на наступствах пашырэньня і падрыхтоўцы далейшага пашырэньня Эўразьвязу на Паўднёвы Усход. Так што адсутнасьць працэсаў набліжэньня Беларусі да Эўропы не зьяўляецца вялікай стратай для Эўропы. Эўропа можа пачакаць, пакуль сістэма будзе зьменена знутры. Адзінымі краінамі Эўразьвязу, якія зацікаўлены не дапусьціць увядзеньне эканамічнага эмбарга супраць Беларусі, зьяўляюцца Польшча і суседнія з Беларусяй краіны, якія маюць з ёю інтэнсіўны гандаль”. Далей распрацоўшчыкі эўра-рускай стратэгіі прызнаюцца, што Беларусь цікавая для іх толькі як “важны транзітны калідор забесьпячэньня Эўропы энергіяй”.

Дзякуй палякам, украінцам і прыбалтам. Нават ворагі вымушаны прызнаць, што нашы суседзі (зразумела, што не Расея) аказваюць нам падтрымку на міжнароднай арэне. Але трэба прызнаць, што пад камуфляжныя гаворкі пра дэмакратыю на гэтай арэне пануе дзікі каляніялісцкі інтэрас. Паводле шчыраваньняў “эўрастратэгаў” зразумела, што яны нічым не адрозьніваюцца ад крамлёўска-лубянскіх “дэмакратаў”.

У главе “Інвэстыцыі і крэдыты” мы чытаем: “Ізаляцыя, якую сама на сабе накінула Беларусь, драматычна падарвала сітуацыю”.

Аказваецца, гэта не расейская агрэсія і антыбеларуская палітыка прамаскоўскай дыктатуры, не арыентацыя на расейскую імпэрыю ва ўсім, не шалёная русіфікацыя і пагром усяго беларускага ў Беларусі, не ўвядзеньне для беларускіх грамадзянаў рэжыму ізаляцыі з боку Захаду прывялі да падрыву сітуацыі. Гэта мы самы “накінулі” на сабе ізаляцыю… Далей па тэксьце эўраспэцы абяцаюць крэдыты без “шокавай тэрапіі” і г.д. Але якія могуць быць крэдыты ад такой варожай публікі?

Аднак пік цынічных разважаньняў аб нашым лёсе дасягнуты “стратэгамі” у главе “Палітычныя рэформы”. Вось галоўныя пункты іхнай палітстратэгіі: “Зьліцьцё апазыцыйных групаў, якія разьяднаныя цяпер, у адну кааліцыю дэмакратычных сілаў на базе праграмы рэформаў. Круглы стол паміж прадстаўнікамі ўраду і апазыцыі па дэмакратычных і эканамічных рэформах”. Цяпер чытайце уважліва – “Пытаньне пэрсанальнага лідэрства павінна быць узьнята на адным з этапаў гэтага працэсу, але уздымаць яго трэба толькі пасьля ўсталяваньня праграмнага базісу”.

Немцы ў каторы раз аб’ядноўваюць усіх “апазыцыянэраў” і заклікаюць іх да круглага стала з рэжымам. Дык гэта ўжо было, і колькі разоў з незабыўным эўрастратэгам Гансам Вікам і пасьля яго. Лебедько, Вячорка і шэраг іншых “аб’яднаных” на працягу цэлага году вялі такія перамовы з прадстаўнікамі Лукашэнкі за круглым сталом у піўным рэстаране “Ракаўскі бровар” у Менску (1999-2000 гг.). Менавіта тады Ганс Вік (камісар ад АБСЭ) скалочваў у Менску кааліцыю з “аб’яднанай апазыцыі” (пазьней ён публічна прызнаўся, што рабіў гэта з санкцыі КГБ РБ). Вынікі гэтай “кааліцыі” і гэтага “стала” мы бачым цяпер. А немцы “нічтоже сумняшеся” зноў прапануюць тым жа самым дзеячам ісьці па той жа дарожцы. Толькі ні-ні, не абірайце сабе пэрсанальнага лідэра. Яго (акцэптабельнага як на Захадзе, так і ў Маскве) падбяруць за вас нямецкія эўрастратэгі.

Чытаем главу далей: “Гэта адлюстроўвае “эўрапейскія” базавыя каштоўнасьці. А что тычыцца расейскіх прыярытэтаў, то праграма рэформаў павінна безумоўна адлюстроўваць той факт, што новыя кіруючыя эліты будуць захоўваць расейскія стратэгічныя інтарэсы, а таксама што праэўрапейская пазіцыя ў Беларусі цалкам супадае са спэцыяльнымі адносінамі з Расеяй. Пакуль Расея будзе давяраць “прарасейскасьці” кіруючых элітаў у краінах, якія складаюць стратэгічны пояс вакол яе, датуль палітычныя і эканамічныя рэформы або шчыльныя адносіны з эўрапейскімі рынкамі ня будуць нікога раздражняць. Што тычыцца Беларусі, то гэта пытаньне расейскіх абарончых аб’ектаў на беларускай тэрыторыі, якія нельга перавесьці альбо выдаліць ў кароткі прамежак часу альбо без недапушчальных стратаў.”

Ну, як вам? Ці не запахла ў паветры Мюнхэнам 1938-га года? Такой тады была лексіка, такім быў праект эўрастратэгаў Чамбэрлена, Гітлера і Мусаліні, калі дэмакратычны Захад аддаваў Чэхаславаччыну фашыстоўскаму драпежніку. Захад спадзяваўся адкупіцца ад агрэсара адной краінай і жыць спакойна ды карыстацца “чэхаславацкім калідорам”. Да чаго гэта прывяло, мы добра ведаем.

У фінальнай частцы сваёй “Стратэгіі” немцы расказваюць, як АБСЭ, міністэрства замежных справаў Аўстрыі і асабліва дэлегацыя Нямеччыны пры АБСЭ будуць арганізоўваць у Беларусі эканамічныя форумы з мэтай “паступовага адкрыцьця беларускай эканомікі праз руска-эўрапейскія сумесныя прадпрыемствы, як зноў дадуць грошы няўрадавым арганізацыям (фондам і фондзікам) ды навучаць двух (!) студэнтаў з РБ.

Дакумант датаваны 15 сьнежня 2006 г. і падпісаны ў Вене наступнымі “стратэгамі”:
Людміла Лобова
Ганс-Георг Хайнрых
Кірыл Коктыш
Міхаіл Марыніч

Чаму Вена, а не Берлін? А такі вось эўра-нямецкі хітрык. Ня ўсё ж публічна падстаўляцца пані Мэркель ды іншым гансвікам. Яны камфортна пакарысталіся германскімі суродзічамі з нейтральнай Аўстрыі. Але нам ад гэтага не лягчэй.
Як бачым, нямецкі эстэблішмэнт Эўразьвязу, Масква і “апазыцыянэры”-марынічы нават ня згадваюць пра беларускі народ, ягонае права на нармальнае жыцьцё на сваёй зямлі і ў сваёй дзяржаве. Такімі шчырымі ў сваіх антыбеларускіх памкненьнях не былі нават бальшавікі. Што ж рабіць нам у гэтай, здавалася б невыноснай сітуацыі варожага атачэньня з Захаду і Усходу? Па-першае, ня трэба ўпадаць у адчай. Мы – ня першы народ, які ворагі-хаўрусьнікі падзялілі паміж сабой і вырашылі эксплуатаваць яго да поўнага зьнішчэньня. І такая сітуацыя ў нашай гісторыі ўзьнікае не ўпершыню.

Беларуская стратэгія самаабароны павінна быць адэкватнай. Гэта – Беларуская Салідарнасьць усіх людзей, для якіх Беларусь – дарагая Айчына, а не прадмет для акцэптабэльнага гандлю. Наш народ павінен урэшце падаць свой голас, ад якога здрыгануліся б хаўрусныя ворагі, і пагнаць са сваёй зямлі здраднікаў – усю антыбеларускую зграю.

У абароне Бацькаўшчыны гуртуймася пад Сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам!

Янка Базыль

7/2/2007 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2007
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024