21 красавіка 2006 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” публікуе артыкул пад выразным тытулам “Dictatura Gazprom”. Уся Эўропа выслухала днямі публічны маналёг А. Мілера, гендырэктара расейскага Газпрому. Ён заявіў сярод іншага: “Спробы абмежаваць дзейнасьць Газпрому на эўрапейскім рынку ня будуць мець станоўчых вынікаў”.
Эўрапейскія краіны не дапускаюць газавага расейскага гіганта ў якасьці кароннага акцыянэра ў сэктар разьмеркаваньня энэрганосьбітаў. Эўрапейцы хвалююцца за сваю энэргетычную бясьпеку пасьля скандальнай “газавай вайны”, якую правяла РФ супраць Украіны на пачатку гэтага году. На гэта Мілер пагражае, што Расея можа сысьці з эўрапейскага рынку зусім і пачаць аддаваць свой газ у Амэрыку і Азію.
Наш камэнтар: Масква відавочна абрала мову і тон нахабнага ўльтыматуму. Гэта той выпадак, калі сьвіньню пусьцілі за эўрапейскі стол, а яна й ногі на стол. Падобна, што разыграны Крамлём брыдкі газавы шантаж супраць Украіны ў першыя дні сёлетняга году сапраўды прымусіў шэраг прарасейскіх палітыкаў на Захадзе сур’ёзна задумацца калі не над будучыняй сваіх краінаў, дык прынамсьці над уласнай кар’ерай (на выпадак, калі народы запатрабуць у іх адказу за закулісныя гульні з Масквой). Падобна, што гульні канчаюцца. Гуляцца з Масквой аказалася надта небясьпечна.
Валеры Буйвал