25 сакавіка на Дзень Волі з усіх канцоў краіны прыехалі людзі, каб падтрымаць жыхароў Менску ў змагарнай акцыі супраць незаконнага антыбеларускага рэжыму. А 12 гадзіне на плошчы Кастуся Каліноўскага (такую назву плошчы Кастрычніцкай надала 22 сакавіка мужная змагарная моладзь “вольнага гораду” ) і на прылягаючых да яе частках праспэкту Незалежнасьці ўжо было каля 15 тысячаў чалавек (па розным ацэнкам ад 10 да 20 тысячаў). Спэцназу і міліцыі, якія прымянілі грубую сілу і спэцсродкі, ўдалося частку людзей выдавіць у падземныя пераходы і ў бок плошчы Свабоды. Але вялікая колькасьць удзельнікаў акцыі прабілася і накапілася на плошчы Кастуся Каліноўскага . Тут на плошчы, на месцы “вольнага гораду”, удзельнікі акцыі плянавалі замацавацца і аднавіць змагарную вызвольную акцыю. Была магчымасьць распачаць мітынг менавіта тут на плошчы Кастуся Каліноўскага .
Аднак а 13 гадзіне спадары Мілінкевіч і Казулін заклікалі ўдзельнікаў акцыі ісці да помніка Янкі Купалы і павялі іх за сабой. У вялікай часткі людзей яшчэ заставаўся давер да гэтых асобаў і яны пайшлі за “павадырамі”. Мітынг каля помніка Янкі Купалы вялі памочнікі Казуліна і Мілінкевіча. Мікрафонам распараджаўся Валянцін Вячорка, былы фронтавец. Распарадчык мікрафону і галоўныя выступоўцы Мілінкевіч і Казулін задалі настрой мітынгу і фактычна пагасілі змагарны дух удзельнікаў акцыі. У выказваньнях асноўных выступоўцаў адмыслова не гучала галоўная тэма 25 Сакавіка, тэма змаганьня з расейскай агрэсіяй, тое, што рэжым Лукашэнкі ёсьць адростак фашыстоўска-лубянскага расейскага імпэрскага дрэва.
Заклік Казуліна ісці да спэцтурмы на вул. Акрэсціна, відавочна, меў мэту зьвесьці актыўных удзельнікаў акцыі далей ад цэнтру горада, ад плошчы Кастуся Каліноўскага. Мілінкевіч разам з Казуліным спачатку вывелі людзей з плошчы Кастуся Каліноўскага ў сквэр Я.Купалы і пасьля мітынгу Казулін павёў іх далей ад гэтай плошчы на перыферыю горада.
Напад узброенай банды палкоўніка Паўлючэнкі на мірнае шэсьце людзей ў накірунку вул. Акрэсьціна, ахвяры гэтага нападу і кроў беларусаў кладзецца ў поўнай меры на лукашэнкаўскі фашыстоўскі рэжым і іх крамлёўска-лубянскіх ідэйных кансультантаў і спонсараў.
Падзеі 25 сакавіка а таксама ўсёй “выбарчай” кампаніі патрабуюць пільнага аналізу і асэнсаваньня. Гэта патрэбна для выпрацоўкі далейшых шляхоў змаганьня за вызваленьне Беларусі ад фашыстоўскага акупанцкага рэжыму.
БС