Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (10-16 сакавіка 2006 г.)

10 сакавіка да Беларусі пачалі даходзіць зьвесткі з ЗША (і Масквы таксама), якія дапамаглі зразумець, чаму так мізэрна выглядаў расейскі міністар замежных справаў Лаўроў падчас нядаўняга візыту ў Вашынгтон.
Справа ў тым, што дзе б ні зьяўляўся гэты Лаўроў, на яго насоўваліся шчыльнай масай амэрыканскія журналісты і задавалі тыя ж пытаньні: якое-такое патаемнае пагадненьне падпісаў Крэмль з іранцамі нядаўна і як Масква зьбіраецца цішком узбагачаць уран для іранскай бомбы? “Няма пагадненьня!” – лемантаваў бедны Лаўроў і круціўся ў розныя бакі. Вось, як бывае: і дзьверы крамлёўскія зачынялі і лубянскую ахову ставілі, а ўсё роўна нехта ўзяў і настукаў пра маскоўска-тэгеранскую змову (можа нехта з пэрсаў, а можа і свой лубянскі кадр). Заходнікі схапілі жулікаў на гарачым учынку. Патрыёты-нацыяналісты розных падсавецкіх народаў папярэджвалі хітрамудрых заходнікаў (у тым ліку і амэрыканцаў) яшчэ ў часы гарбачоўскай “перастройкі”: “Ня верце крамлёўскай балбатне пра дэмакратыю, гэта толькі словы. Не давайце ім грошы на “дэмакратызацыю і захаваньне СССР”. Галоўная іхная задача засталася, як і раней – зьнішчэньне заходняй цывілізацыі…” Не паслухалі тады заходнікі разумных людзей, назвалі іх “аматарамі”, якія “не разумеюць глябальнай палітыкі”. А крамлёўцы заходнія грошы скралі, расейскую імпэрыю захавалі і цяпер з дапамогай іранскіх фанатаў будуць падвешваць над галавой грантадаўцаў магутную атамную бомбу. Вось такая “глябальная палітыка”…

Ужо 11 сакавіка зашумелі ў Маскве. “Товарішчі обіделісь і возмутілісь”. Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Камынін грымаў па НТВ пра “падвойныя стандарты” і “русафобію” у Дзярждэпе ЗША. Кіраўніцтва Дзярждэпартаменту ЗША ў апошнія дні ня толькі раскрыла публічнасьці праўду пра расейска-іранскую атамную змову, але зрабіла яшчэ пару сур’ёзных паведамленьняў. Па-першае, ЗША афіцыйна заявілі, што не прызнаюць магчымае далучэньне Беларусі да Расеі, бо “такое далучэньне можа быць зроблена толькі ў выніку дэмакратычнай волі беларускага народу – а цяпер беларускі народ ня мае такой дэмакратычнай волі”. Па другое, Дзярждэп заявіў, што ў Расеі ідзе працэс канцэнтрацыі ўлады ў Крамлі, абмежаваньне СМІ, палітычны ціск на суды і перасьлед недзяржаўных арганізацыяў, парушаюцца таксама правы чалавека на Каўказе. Камынін грозна насупоніўся і даў адлуп заходнікам: “В России идёт активная работа по совершенствованию системы, призванной обеспечить права и свободы граждан”. У брэжняўскія часы пасьля такой крамлёўскай філіпікі іграла бадзёрая музыка і піянэры сьпявалі хорам: “Как хорошо в стране советской жіть…” Ад масоўкі, аднак, прышлося гэтым разам адмовіцца. Піянэры састарыліся і ў асноўным пасьпіваліся. Дзеці цяпер сьпяваюць рэп і запісаліся ў панкі. Толькі ў міністэрстве на Смаленскай плошчы нічога не зьмянілася, у неправетраным хмарачосе пануе гнілы грамыкаўскі дух.

Любая імпэрыя любіць удаваць гіганта нават у пэрыяд свайго канчатковага краху. Памятаем, як у 1987 г. гарбачоўскі СССР пышна хаўрусіўся з Індыяй. Тады маскоўская прапаганда траскатала наконт “шматмільённага насельніцтва і стракатай культуры” у савецкай і індыйскай супэрдзяржавах. Гарбачоў нават абвясьціў “год Індыі ў СССР”. Ва ўсіх пасьля гэтага году доўга гудзелі галовы ад экзатычных дудак і гімалайскіх балалаек. А праз колькі гадоў ляснуў гарбачоўскі “союз нерушымый”. Пуцінская Расея ідзе тым жа ўсходнім шляхам. У апошні час крамлёўскае начальства пачало трубіць пра падабенства Кітаю і РФ. Зьбіраюцца абвясьціць “год Кітаю у РФ”. Харошы паказчык – значыць, блізкі крах маскоўскага рэйху. Дарэчы, на гэты момант на тэрыторыі РФ знаходзяцца ня толькі кітайскія гастралёры. Некалькі мільёнаў кітайцаў (як казалі ў савецкім анэкдоце “небольшімі группамі по двесті тысяч человек”) ужо атабарыліся на прасторах Сібіры. Вытурыць іх ужо немагчыма, таму што на іх трымаецца сельская гаспадарка, гандаль і бізнэс. Расейскія алкаголікі актыўна запісваюцца ў рабства да новых гаспадароў Сібіры. Інтэлектуалы вучаць іерогліфы. Народныя масы чакаюць, калі ўжо на афіцыйных дручках уздымецца чырвоны сьцяг перамогі (кітайскі дзяржаўны сьцяг). Сібірскія кулі стомленыя маскоўскім бязладдзем і маразмам. Так што вызваленым ад імпэрыі татарам, башкірам, марыйцам і калмыкам прыйдзецца абсталёўваць свае дзяржаўныя межы з кітайскім суседам, які насунецца з-за Уралу на берагі Волгі.

Брусельскае эўраначальства яшчэ летась “ашчасьлівіла” Летуву нечаканым падарункам. Дала эўрагрошы на разьмяшчэньне ў Вільне ЕГУ (навучальнай канторы, якую нібыта перасьледваў шклоўскі рэжым). Беларусам тады было незразумела, з чаго гэта дыктатура пагнала з Менску сваю вернападданую, ўшчэнт расейскую ўстанову? Але з часам стала зразумела і нам і летувісам, што ў Вільне такім чынам спрабуюць арганізаваць агентурны цэнтар расейскіх спэцслужбаў і расейскага ўплыву пад надзейным “дахам” псэўдаўнівэрсітэту. Менавіта таму летувіскія ўлады цяпер адмаўляюцца надаць ЕГУ статус унівэрсітэту. Яны разумеюць, што ня трэба было заваёўваць дзяржаўную незалежнасьць, вяртацца да летувіскай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця і вытурваць з краіны расейскую прафэсуру, каб праз 15 гадоў пасадзіць сабе на шыю агента КГБ акадэміка Міхайлава (рэктара ЕГУ) і ягоную русіфікатарскую кантору. Трагікамэдыя пад грыфам ЕГУ атрымала апошнім часам працяг у Менску. Кіраўніцтва Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа раптам пачало актыўна апрацоўваць навучэнцаў ліцэю, пераконваючы іх, што Ліцэю трэба зьязджаць у Вільню. А самае галоўнае, што ў Вільне яны мяркуюць уключыць Ліцэй у структуру ЕГУ. Калі вучні і бацькі пытаюцца ў гэтых зазывалаў, на якой мове ідзе працэс навучаньня ў ЕГУ, тыя адказваюць: “Пакуль што па-расейску…” Дзякуй за шчырасьць. Толькі трэба быць шчырым да канца. Зазывалы атрымалі ад брусэльскіх немцаў (лепшых сябрукоў маскоўскіх русіфікатараў Беларусі) зваблівую прапанову перасяліцца ў Вільню і камфортна жыць на гранты. Умова толькі адна: уключыцца ў склад ЕГУ і жыць па законах “велікой русской культуры”. Зразумела, што такі “манэўр” азначаў бы гібель Беларускага Ліцэю. Беларускія патрыёты павінны ў чарговы раз устаць на абарону Беларускага Ліцэю, гэтым разам ад хваткіх жулікаў.

Янка Базыль

17/3/2006 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2006
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024