Увага! У Менску арыштавалі групы зборшчыкаў подпісаў за Зянона Пазьняка

22 студзеня 2006 г.

Навіны

22 студзеня, нядзеля. Сёньня ў Менску подпісы за Зянона Пазьняка зьбіралі чатыры групы зборшчыкаў: дзьве ў раёне вакзала, адна ля Інстытуту культуры і адна на плошчы імя Якуба Коласа. Адначасна даводзілася інфармацыя пра Народнае галасаваньне. Праз нейкі час адну групу на вакзале і групу ля Інстытуту культуры акружыла міліцыя. Подпісы зьбіраць не далі, зборшчыкаў арыштавалі, у тым ліку Сяргея Папкова кіраўніка Ініцыятыўнай групы і выбарчага штабу Зянона Пазьняка. Міліцыянтамі кіраваў падпалкоўнік Цэдрык. Вядомыя прозьвішчы некаторых арыштаваных – Тацьцяна Цяцёркіна, Валерый Забродзін, Ангеліна Масюта, Уладзімер Талкачоў, Сяргей Папкоў. Арыштаваных павезьлі ў “Кастрычніцкі” РАУС . Там на зборшчыкаў складаюць пратаколы і інкрымінуюць ім… не, не шпіёнства ў карысьць Бразіліі, а “распаўсюджаньне матэрыялаў без выходных дадзеных”… Вось такая “выбарчая кампанія” цяпер ў Беларусі. Пра цынізм і прававае дзікунства ўжо не кажам. Гэтакія дзеяньні – вынік вядомага “ультыматуму” старшыні ЦВК Ярмошынай. Рэжым вырашыў легчы касьцьмі, але недапусьціць Зянона Пазьняка ў Беларусь.

22.01.2006; 14:оо, Мн. ч. Антось Возера