Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (27-29 лістапада 2005 г.)

Пакуль Масква “боролась с фашізмом”, расейскі алігарх Абрамовіч патрапіў у лёгкія тарапаты ў тропіках. Ягоная яхта “Голубая бездна” зайшла ў экзатычны порт Тонгатапу на адной з выспаў Акіяніі.
А на яе борт завіталі мясцовыя мытнікі. Яны знайшлі на караблі тры скрынкі з амуніцыяй да розных ствалоў зброі. Самога гаспадара на борце не было, мытнікаў задаволіў адказ аховы, што зброя да гэтай амуніцыі знаходзіцца ў маёнтку Абрамовіча ў Каліфорніі. Дарэчы, пра ахову. Стала вядома, што істінно русского багача ахоўваюць легендарныя гуркі – малойцы-спэцназаўцы з Нэпалу (іхныя дзяды змагаліся разам з беларускімі дзядамі пры штурме Монтэ-Касіна ў Італіі ў 1944 г.). Цяпер гуркі ахоўваюць Абрамовіча. Стала вядома таксама, што Абрамовіч памешаны на сродках бясьпекі і абароны. Усе ягоныя дамы і маёнткі ў розных краінах сьвету – гэта сапраўдныя крэпасьці. На ўтрыманьне некалькіх сваіх яхтаў ён выдаткоўвае 40 мільёнаў доляраў штогод. “Голубая бездна” – шостая па памерах яхта ў сьвеце. Ён купіў яе за 90 мільёнаў доляраў у 2003 г. І вось жа нават не катаецца на ёй штодня. Мы распавядаем пра гэтыя лічбы не выпадкова. Многія задаюцца пытаньнем: адкуль у Абрамовіча столькі грошай? Не, ён іх не друкуе. Адзін з ягоных посьпехаў – гэта “пакупка” у 2003 годзе нашага Мазырскага нафтаперапрацоўчага камбінату па цане ў некалькі разоў меншай за рэальны кошт. Шклоўскі лідар рэгулярна надрываецца: “Я не позволю распродать Беларусь!..” І сапраўды, рэжым раздае нашу нацыянальную маёмасьць дарма.
Абрамовіч падставіў ножку нават расейскаму міністру вайны Іванову. На 28 лістапада Іваноў прызначыў чарговую сваю рэклямную акцыю – сустрэчу з футбольнай камандай ЦСКА (якая намінальна прадстаўляе спартовы клюб расейскай арміі). Адміністрацыя каманды падрыхтавалася на славу: адштампавалі маячкі з сімвалам кампаніі “Сібнефть” (яна належыць Абрамовічу і на працягу гадоў выступала спонсарам ЦСКА), футбалісты развучылі вершыкі пра “Сібнефть” і добрага спонсара Абрамовіча. Рыхтавалася дэманстрацыя непарушнага саюза іваноўскага мяча і абрамовіцкага арала (о-о, сюжэт, дастойны Ільфа з Пятровым!). Ды ўсё скончылася канфузам. Абрамовіч узяў ды зьнянацку адмяніў сваё спонсарства над камандай. Але рэклямнае шоў усё роўна адбылося пад жарцікі маскоўскіх журналістаў (яны ў адрозьненьне ад менскіх яшчэ не развучыліся кпіць са сьвяшчэнных крамлёўскіх кароваў). Іваноў круціў падораную яму маечку так, каб у тэлекамэру не патрапіла эмблема “Сібнефті”, вершыкаў не чыталі. Але шмат сьмяяліся. Міністар буцкаў мячык, а потым падарыў трэнеру каманды пісталет. Эклектычная туфта павінна была прадэманстраваць посьпехі ваеннага спорту і спартовага ваеннага міністра. У царскай Расеі такія падножкі прыводзілі да крывавых пагромаў. Мяркуем, што чарнасоценны міністар Іваноў ніколі не даруе Абрамовічу гэты пасаж.
27 лістапада акупацыйныя расейскія ўлады правялі ў Чачэніі рэпэтыцыю беларускіх выбараў 2006 г. Пад пільным даглядам бранетэхнікі і ўзброеных да зубоў эсэсаўцаў чачэнцам прапанавалі абраць мясцовы “парлямант” – кадыраўскія “палаткі”. Большасьць насельніцтва на зьдзеклівае шоў не пайшло. Але актыўна галасавалі акупанцкія войскі. Перамагла пуцінска-гэбоўская партыя “Едіная Россія”. Толькі вось цікава, ні на адным з плякатаў і транспарантаў ня было лёзунгаў у стылі “За родіну, за Сталіна”. Ня было нават згадкі “про едіную і неделімую Россію”. Выключна па-расейску (кожны акупацыйны рэжым існуе на мове акупантаў) былі надрукаваныя і разьлепленыя паўсюль плякаты з гуканьнем “Мы патриоты, мы за Чечню!”. Нешта знаёмае, ці ня праўда? Мы бачылі такое ў кастрычніку 2004 г. падчас псэўдарэфэрэндуму і псэўдавыбараў, арганізаваных антыбеларускім рэжымам разам з антыбеларускай псэўдаапазыцыяй (вінцучкамі-лебедько ды інш.). Дык антыбеларускія сілы не пасьмелі ісьці на выбарчы падман народу пад лёзунгамі “Славься едіное государство Белоруссіі і Россіі!”. Яны наляпілі на муры нашых гарадоў і вёсак крывадушны ў іхным выкананьні, працэжаны скрозь сьціснутыя зубы ненавісьнікаў Беларусі лёзунг “За Беларусь!” Яны скралі гэты лёзунг у патрыётаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, якія змагаюцца якраз супраць гэтай антыбеларускай хунты пад дэвізам у славу нашай Айчыны. На гэтай сатанінскай блытаніне, на хлусьні і штыках расейскі імпэрыялізм спрабуе загнаць народы ў сваю крывавую імпэрыю. Прычым, зрабіць гэта з прэтэнзяй на легітымнасьць, нібыта рукамі самых акупаваных народаў. Нельга дзейнічаць паводле сатанінскага пляну акупантаў і імпэрыялістаў. Беларусы павінны пайсьці на электаральны бой з рэжымам і першым чынам паламаць подлыя правілы гульні, прыдуманыя на Лубянцы. Мы павінны зразіць свой сапраўдны выбар і адкінуць акупантаў.
Пасьля правядзеньня чарговага лябараторнага экспэрымэнту ў Беларусі Крэмль-Лубянка ўзяліся за сваю Расею. Пасьля правалу дабраахвотнага запісу беларускай моладзі ў рэжымны БРСМ антыбеларускі рэжым пачаў заганяць маладых у свой лука-югэнд прымусам і пагрозамі. Паглядзелі з Масквы і вырашылі крутануць тое ж у сябе з пуцін-югендам. Ды там ня ўсі напалохаліся. 28 лістапада зашумела моладзь у Варонежы. Яна перадала журналістам паперы з дэканата мясцовага архітэктурнага інстытута, дзе былі расьпісаны рэпрэсіі супраць студэнтаў, што ня ўзялі ўдзелу ў канфэрэнцыі маладзёвай арганізацыі пуцінскай партыі “Едіная Россіія”. Журналісты прыхапілі на гарачым учынку варонежскага дэкана. Малады на выгляд выскачка (камсамольска-гэбоўскі архэтып) упэўнена (ну, проста як Вінцучок) хлусіў і барабаніў: “Усё гэта зроблена з мэтай паляпшэньня дысцыпліны ў ВНУ…” Некаторыя са студэнтаў у гэтым тэлерэпартажы хавалі свае прозьвішчы і твары, а некаторыя казалі пра дэканскія пагрозы ў адкрытую. Дык трэба зразумець, што менавіта дзякуючы сьмелым заявам тых, што не баяліся, былі правалены дэканскія рэпрэсіі і мабілізацыя пуцін-югэнда на варонежскім напрамку.
27 лістапада БТ паказала салодкую парачку ў складзе рэжымнага “палітоляга” Зімоўскага і Карбалевіча, “палітоляга” ад псэўдаапазыцыі, прысьцёбнутай да рэжыму. Апошні вядомы як незаменны кансультант-аналітык па ўсіх пытаньнях на Радыё Свабода ды ў “Нар. Волі”. Толькі гледачы ніяк не маглі пазбавіцца ад уражаньня, што рэжымны Зімоўскі выглядаў проста глыбокім інтэлектуалам побач з нікчэмнасьцю псэўдаапазыцыі. Карбалевіч (вядомы правакатар і блытальшчык) усё заклікаў да аранжавай рэвалюцыі, як на Украіне. Крый Божа, каб гэтыя апынуліся раптам на чале хвалі народнага пратэсту – зганьбяць усё, як зганьбілі цяпер такія паняцьці як рэвалюцыя, як сімвалы рэвалюцыі (у іх цяпер джынсавыя порткі на дручку замест нацыянальнага беларускага сьцягу). Гэта яны – усі гэтыя псэўдаапазыцыянэры заганялі наш народ у кастрычніку 2004 г. на рэжымны псэўдарэфэрэндум. Цяпер спрабуюць загнаць у пастку пад назвай “джынсавая рэвалюцыя” разам з псіхічна хворым Клімавым. Ну ня мог нармальны, сапраўдны апазыцыйны інтэлектуал выставіцца на тэлеэкране побач з Зімоўскім. А Карбалевічу і іжэ зь ім хоць бы хны. Па камандзе з Масквы яны цяпер даказваюць перад эўраназіральнікамі: “у Беларусі такая дэмакратыя, што й апазыцыя па тэлевізіі расказвае пра свае рэвалюцыйныя пляны”.
Мы шмат прачыталі ў газэце “Наша Ніва” пра “барацьбу Европейского гуманітарного універсітета за сваё захаваньне”. Газэтка пастаралася выставіць штучны скандал вакол гэтай ушчэнт русіфікатарскай навучальнай установы ў якасьці барацьбы за сьветлыя ідэялы Беларусі. Многія не маглі зразумець тады, чаму гэта рэжым зачыняе і гоніць з Беларусі такую вернападданьніцкую кантору ЕГУ? Не маглі мы зразумець таксама, чаму Эўразьвяз, не заўважаючы пагрому рэжымам сапраўднага Беларускага гуманітарнага ліцэю, надрываецца ў абарону рэжымнага ЕГУ? Цяпер на грошы Эўразьвязу ЕГУ атабарыўся ў Вільні. Працягвае сваю русіфікатарскую дзейнасьць, служыць надзейным дахам для легалізацыі гэбоўскіх структураў у дэмакратычнай краіне. А рэктар ЕГУ Міхайлаў робіць у нямецкіх унівэрсітэтах беларусаненавісьніцкія заявы. Ён іх рабіў рэгулярна й раней, але журналісты з “Наша Нівы” іх нешта “не заўважалі”. Цяпер заўважылі. Аказваецца, нахвальваючы Міхайлава з ЕГУ, гэтыя журналістыкі спадзяваліся ўладкавацца ў ЕГУ ды атрымаць там дыплёмы. Але аказалася, што Міхайлаў рэзка адкідвае ўсіх прэтэндэнтаў, якія хаця б якім чынам засьвяціліся на беларускай ніве. Адкінуў і згаданых журналістаў. Вось яны й вырашылі ўрэшце напісаць праўду. Дзякуй і за гэта. Халуйства не заўсёды, аднак, апраўдваецца.

Валеры Буйвал

30/11/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2005
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024