Спампуй гэтую улётку - 
Да той пары, пакуль беларусы цьвёрда не ўкараняцца на сваёй зямлі, у Беларусі ня можа быць ніякіх роўных правоў для грамадзянаў іншых краінаў і тым больш для расейцаў. Уся зямля, пераважная большасьць маёмасьці ў Беларусі павінна быць уласнасьцю грамадзянаў Беларусі.
На тэрыторыі Беларусі прыярытэтам мусіць карыстацца беларускі бізнэс. Павінны быць вернутыя натуральныя сродкі абароны нашай жыцьцёвай прасторы, якімі зьяўляюцца наша родная беларуская мова, наша беларуская школа і адукацыя, беларуская культура. (Кожны можа сабе ўявіць, што, калі б у дзяржаўных органах ужывалася выключна наша беларуская мова, то на чыноўных месцах не было б месца расейцам, якія вядуць палітыку супраць беларусаў на карысьць Расеі. Мова ёсьць адзін з галоўных абаронцаў нашай жыцьцёвай прасторы.) . Гэтага можна дасягнуць толькі тады, калі мы захаваем незалежнасьць нашай краіны ад расейскіх “саюзаў”.
У 2006 годзе ў краіне плянуюцца прэзыдэнцкія выбары. Неабходна скарыстаць гэтыя выбары ў нашых беларускіх інтарэсах. Для гэтага трэба адхіліць прэтэнзіі на ўладу Лукашэнкі і розных прамаскоўскіх ілжывых “рэвалюцыянэраў”. Навучаная падзеямі на Украіне, Масква пад гэтыя выбары ў нашай краіне стварае сваіх псэўдарэвалюцыянэраў.
Сапраўдным беларускім лідэрам зьяўляецца Зянон Пазьняк. У выніку яго ініцыятыўнай працы ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Беларусь стала незалежнай краінай. Будучы стваральнікам і кіраўніком Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-скліканьня (1990-1995 г.г.), усю сваю дзейнасьць ён скіраваў на заканадаўчае і рэальнае стварэньне і замацаваньне дзяржаўных інстытутаў незалежнай Беларусі. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі і ўсталяваньня рэжыму прамаскоўскай дыктатуры, ён вымушаны быў у 1996 годзе пакінуць краіну. Але ён застаўся грамадзянінам Беларусі і ўсе гэтыя гады працаваў і працуе на карысьць Беларусі. Ён бесперапынна ўпарта і цьвёрда працуе супраць злачыннай палітыкі Расеі і мясцовых прарасейскіх халуёў па зьнішчэньні незалежнасьці нашай дзяржавы.
Заклікаем абараніць свае інтарэсы і падтрымаць сапраўднага беларускага лідэра Зянона Пазьняка. Рэжым і прамаскоўскія халуі будуць распускаць розныя плёткі і запалохваць. Плёткі трэба адкідаць. Наконт запалохваньня ёсьць рэцэпт. Яго ў свой час у 80-я гады ХХ-га стагоддзя ўцьвердзіў у польскае грамадзтва папа Рымскі Ян Павел ІІ (у тыя гады яшчэ кардынал Кракаўскі Ян Вайтыла).
Яго рэцэпт: “Ня бойцеся!” Гэтыя словы далі плён. Палякі скінулі ненавісны прамаскоўскі камуністычны рэжым.
І для нас гэта дзейсныя словы: “Ня бойцеся!”. Далучайцеся да ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, якую стварае Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”. Моцная ініцыятыўная група беларускага лідэра пакажа маскоўцам, што ім ня ўдасца забраць Беларусь.
Прыйшоў час народу ажыцьцявіць сваю ўладу непасрэдна, пра што запісана ў артыкуле 3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ.
Прэзідэнтам Беларусі мусіць быць абраны Зянон Пазьняк!
Грамадзянская ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць”