Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Уладзімір Арлоў “Незалежнасьць - гэта… “

Незалежнасьць - гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма сама стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.
Незалежнасьць - гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а ня выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам - ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).
Незалежнасьць - гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, - на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, - на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, - на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару й два - сакратарцы, і першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі й ураду, у вас на ўсю клясу толькі адзін лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.
Незалежнасьць - гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.
Незалежнасьць - гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-французку растлумачыш яму.
Незалежнасьць - гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і прыбіраць тэрыторыю «вот от сюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра - «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі ня будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкі рабіць табе «велосипед», і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.
Незалежнасьць - гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве жыдом, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю.
Незалежнасьць - гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі й ведаеш, што паставіш сьвечку й пакладзеш кветкі, а ня станеш удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.
Незалежнасьць - гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдзкую бітву, якая ўратавала твой народ ад сьмерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што растраляла твойго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.
Незалежнасьць - гэта калі да цябе завітае сьпявак зь Ню-Ёрку, і ты вып’еш зь ім добрую чарку вішнёўкі, і пасьля ветлівыя дзяцькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.
Незалежнасьць - гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці пачуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыньнікаў: «Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо твой прэзыдэнт - чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.
Незалежнасьць - гэта калі з тэлеперадач і газэт раптам зьнікаюць лісты нястомна-таямнічых вэтэранаў і вусьцішныя паведамленьні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават ў начы ня сьпяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Ісакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасьць, каб учыніць сярод вас крывавую разьню й пусьціць пад адхон цягнік перабудовы.
Незалежнасьць - гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.
Незалежнасьць - гэта калі велізарныя фуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія фуры з надпісам «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.
Незалежнасьць - гэта калі раптам высьветліцца, што разумныя людзі ёсьць і ў нас, і калі - крый Божа! - выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.
Незалежнасьць - гэта калі на Божай пасьцелі ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы ці касьцёла, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, не выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басэйн імя XVIII зьезду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косьці, не зьнясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя таварыша Гарбачова або імя таварыша Лігачова.
Незалежнасьць - гэта…
Незалежнасьць - гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі.
Я веру, што калі-небудзь так будзе.
Бо іначай проста ня варта жыць.

Люты, 1990 г.

25/8/2005 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2005
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2019
Сувязь