Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (7-13 траўня 2005 г.)

Валеры Буйвал
Чарговае злачынства рэжыму. У сярэднявечным мастацтве адно з тыповых ўвасабленьняў вобразу Сатаны адлюстроўвала падвойнасьць натуры нячыстай сілы. На парталах сабораў можна дагэтуль убачыць скульптурную выяву прывабнага, усьмешлівага юнака, але за ягонай сьпінай ашчэрылася ўсялякая нечысьць: жабы, гадзюкі, ядавітыя павукі. Хрысьціянскія мастакі выказвалі такім чынам думку аб тым, што Зло можа быць зьнешне прывабным, але сутнасьць яго застаецца варожым і разбуральным для чалавека і сьвету. 7 траўня “прэзыдэнт” прыняў пастанову аб перайменаваньні праспэкту Францішка Скарыны – галоўнай магістралі нашай сталіцы – у пр. Незавісімості. Нянавісьць антыбеларускага рэжыму да нашай незалежнасьці вядомая. Прамаскоўскія халуі-марыянэткі баяцца самаго слова і робяць усё дзеля разбурэньня нашай дзяржавы, культуры, дзеля здачы ў маскоўскі палон нашага народу. Ужо даўно ідуць разбуральныя працы на месцы, якое пакуль называецца плошчай Незалежнасьці. Менавіта на гэтай плошчы ў цэнтры Менску народ, які падтрымаў дэпутатаў БНФ “Адраджэньне”, абвясьціў у жніўні 1991 г. незалежнасьць Беларусі. Каб зьнішчыць саму плошчу, каб зганьбіць Незалежнасьць, рэжым выкапаў на гэтым месцы агромністую яму (“яма імені Леніна”), а станцыі мэтро вярнуў назву са згадкай мангольскага бальшавіка Ульянава. Цяпер рэжым нанёс удар па гістарычнай памяці нашага народу. Францішак Скарына ніяк ня ўлазіць у пракруставае ложа прамаскоўскай фальшывай канцэпцыі нашай гісторыі і культуры. Наш Скарына – беларускі гігант эпохі эўрапейскага Рэнесансу (часу, калі маскоўцы хадзілі ў лапцях). І вось цяпер імя генія будуць сьціраць, адсоўваць яго на ўскраіну сталіцы (так як гэта рабілася ў савецкі час – тады існавала вул. Скарыны ў цыганскім квартале так званага “сельгаспасёлку”). Усьмешлівы і брахлівы сатана прыдумаў й аргумэнтацыю для апраўданьня злачынства: “в ознаменование 60-летия победы советского народа…” Такога “народа” ужо няма (ды й ня было), але нячысьцік цягне нас—жывых – у гэтую гістарычную магілу, у гэты тупік. Усё робіцца для вычварэньня ідэі Незалежнасьці, для дасягненьня абсурду. Жабы і гадзюкі павылазілі з цёмных хованак і марна спадзяюцца, што іхны трыюмф вечны.

Шклоўскаму дэману паказалі на дзьверы нават у Маскве. Кіраўнікі цывілізаваных дзяржаваў, едучы на сьвяткаваньні заканачэньня Другой сусьветнай вайны ў Эўропе, адкрытым тэкстам заявілі, каб дэмана каля іх не было. Пуцін мусіў памітусіцца і разгарнуць сцэнар у некалькі хадоў. 8 траўня адбылося паседжаньне 10 кіраўнікоў краінаў СНД, усе пафатаграфаваліся і засталіся ў гатэлях на наступны дзень. Толькі аднаго накіравалі на самалёт, каб 9-га чысла ня блытаўся пад нагамі ў высокіх гасьцей. Вось і ўся павага да найвярнейшага сатрапа…

8 траўня ў многіх гарадах Эўропы адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысьвечаныя заканчэньню Другой сусьветнай вайны ў Эўропе. Зьбіраліся вэтэраны, людзі маліліся і ўскладалі вянкі на магілы ахвяраў вайны, паўсюль луналі нацыянальныя дзяржаўныя сьцягі. Дзяржаўнае кіраўніцтва было разам з грамадзянамі, вайсковая частка мерапрыемстваў абмежавалася ўдзелам ганаровых вартаў і генэралаў. Так было й па ўсіх постсавецкіх краінах. Акрамя дзьвюх – Расеі і нашай Беларусі. 9 траўня па вуліцах каціліся танкі, маршыравалі цэлыя палкі, былі наладжаныя дэфіляды пераапранутых у архаічныя ўніформы шыхтоў. Паўсюль мільгацелі цытаты са Сталіна і стракацела савецкая і камуністычная сімволіка. У Екацерынбурзе па горадзе вазілі нават стратэгічныя атамныя ракеты. У выступах Пуціна і ягонага менскага сатрапа гучалі пагрозы і суровыя папярэджаньні ў стыле “мы ім покажем мать Кузьмы”… Замест таго, каб паводле хрысьціянскай традыцыі памянуць загінуўшых і па-чалавечы ўспомніць падзеі далёкай вайны, зноў разыгралася таталітарнае шоў, на фоне якога губляліся, прападалі людзі.

Многія прасілі прэзыдэнта Польшчы Квасьнеўскага ня езьдзіць у Маскву. Але ж паехаў, пасядзеў непадалёк ад Пуціна пад маўзалеем, схадзіў на банкет, засьведчыў “павагу і рэспэкт да вялікага суседа” (хаця які там сусед – паміж Расеяй і Польшчай знаходзіцца Беларусь). А ў Польшчы тым часам разыграўся скандал. Пуцін у сваіх выступах ня тое што ня даў ніякіх ацэнак здрадніцкаму ўдару ў верасьні 1939 г. у плечы Польшчы, што маскалі зрабілі разам з гітлерцамі (калі заходнія беларускія і ўкраінскія землі далучылі да СССР), ня тое што прабачэньня не папрасіў. Ён нават не згадаў пра палякаў, якія змагаліся супраць фашызму. У Крамлі Пуцін уручыў юбілейны мэдаль генэралу Ярузэльскаму, даўняму халую Масквы, які ў 1968 г. камандваў польскімі войскамі, што ўварваліся разам з саветамі ў Чэхаславаччыну, а ў 1981 г. па загадзе Масквы граміў “Салідарнасьць” (для Ярузэльскага маскалі арганізавалі нават паездку на Урал, па месцах юнацтва ката польскага народу – ці ж не зьнявага для палякаў?). Пуцін знайшоўся згадаць толькі пра “салідных” гасьцей: амэрыканцаў, брытанцаў і французаў. Астатнія народы, акрамя “савецкага” (часьцей за ўсё, аднак, згадваўся “русскій”), аказваецца, для перамогі зрабілі мала. Журналісты, палітыкі, гісторыкі накінуліся на Квасьнеўскага і зашумелі: навошта было цягацца да крамлёўскага гнома, навошта прыніжаць наш народ? Польская моладзь закрычала: “Нам паганы маскаль плюе ў твар!” Прэзыдэнт няскладна апраўдваўся па тэлевізіі і выглядаў смешна. Такі вось урок дыпляматыі. А прэзыдэнт ЗША Буш ужо ўвечары 9 траўня прыляцеў у Тбілісі. Дэманстратыўны візіт – прэзыдэнт Грузіі адмовіўся ехаць у Маскву на саміт СНД і парад. Сотні тысячаў людзей віталі ў Тбілісі амэрыканскага госьця, разумеючы гэты візіт як праяву падтрымкі для незалежнай і дэмакратычнай грузінскай дзяржавы. Масква атрымала яшчэ адну горкую пілюлю. Прыйдзецца выводзіць свае абрыдлыя грузінам ваенныя базы з чужой зямлі.

Яшчэ Васіль Быкаў пісаў, што саўдэпія скінула справу пошука парэшткаў і імёнаў загінуўшых жаўнераў на піянэраў. У ЗША, напрыклад, гэтым займаецца дзяржава. У Пэнтагоне існуе адмысловы аддзел, які дбае пра ваенныя могілкі амэрыканскіх вайскоўцаў па ўсім сьвеце. Калі часам дзе-небудзь на месцы былых баёў у далёкай краіне знаходзяць парэшткі амэрыканцаў, туды накіроўваюцца амэрыканскія дзяржаўныя і вайсковыя прадстаўнікі, пахаваньне адбываецца ўрачыста і годна. Імёны ўсіх 54 тысячаў амэрыканцаў, загінуўшых у вайне ў Індакітае (1964-74), накрэсьлены на манумэнце, што на Арлінгтонскх могілках у Вашынгтоне. Ёсьць традыцыя зачытваць імёны загінуўшых жаўнераў у памятныя дні. Прадстаўнікі італьянскіх уладаў і арміі рэгулярна прыяжджаюць у Беларусь, каб прыняць ад людзей знойдзеныя парэшткі італьянскіх жаўнераў, што загінулі на нашай зямлі, і з пашанай вязуць іх у Італію, каб пахаваць. У Нямеччыне яшчэ ў 1970-я гады выпусьцілі 12-томнік з імёнымі і дадзенымі па ўсіх загінуўшых нямецкіх вайскоўцах Другой сусьветнай вайны. Такіх прыкладаў хрысьціянскай культуры безьліч. Саўдэпія (а цяпер Расея) заўсёды вызначаліся раўнадушнасьцю і варварствам у абыходжаньні з памяцьцю аб загінуўшых на вайне. Кожныя вайсковыя могілкі, кожнае пахаваньне мае мора надпісаў “невядомы жаўнер”. Нібыта за дзесяткі гадоў улады не маглі адшукаць ў архівах адпаведныя дакуманты пра канкрэтныя вайсковыя часткі і іхныя страты. Мільёны выдаткоўваліся крамлёўскім рэжымам на цыкляпічныя (амаль ўсьцяж звыродлівыя па формах) “мэмарыялы”. Архітэктары і мастачкі зараблялі тлустыя ганарары, і ў розных месцах ўставалі бэтонныя бабы (родіна-мать) ды муры з камісарскімі фармулёўкамі. Па палях і па лясах дагэтуль ляжаць косьці мільёнаў загінуўшых і забытых жаўнераў. Помпа, якую мы ўбачылі сёлета на 60-гадовы юбілей заканчэньня сусьветнай вайны, як і ў савецкі час, была галоўнай стылістычнай рысай сьвяткаваньняў. У расейцаў набліжаецца новы юбілей – 750-годдзе “советского города Калінінграда”. Нямецкі Каралявец (Кёнігсбэрг) і ўся акупаваная масквой Усходняя Прусія перажылі дзесяткі гадоў разбурэньня і блюзьнерскага занядбаньня гістарычнай спадчыны. Рыхтуецца новы прыступ крамлёўскай гігантамахіі ў сталіцы расейскага анклаву на Балтыцы. Зноў кідаюцца мільёны доляраў на пусканьне пылу ў вочы. Улады займаюцца выключна Калінінградам, хаця вядома, што гарады, мястэчкі і вёскі ўсяго краю знаходзяцца ў дзікім стане (бо насельніцтва ніколі не адчувала сябе тут, як у сваёй хаце, а ўлада вобласьці пасьлядоўна падтрымлівала тут русскій порядок). На плошчы Леніна будуецца агромністы нэаправаслаўны сабор. Цыбуліны ўжо залілі золатам, цяпер лепяць на муры 11 тысячаў мэтраў квадратных мармуровых плітаў – замест таго каб за тыя ж грошы паставіць храмы ў мястэчках і вёсках, дзе іх даўно няма. Спынілі ўвесь рух на вуліцах гораду, бо раней адрамантаваць дарогі не маглі. Аказваецца, у ліпені сёлета на юбілей прыедзе дэлегацыя Эўразьвязу. Крамлёўская азіятчына зноў будзе вырабляцца перад усім сьветам сваёй сусальнай веліччу і самаварным бляскам.

Сьвіньня думае думу аб чужым гародзе. 12 траўня ў расейскай Думе адбываліся дыскусіі ў стылі бандыцкай нарады. Спачатку выступаў начальнік ФСБ Патрушаў і палохаў аксамітнай рэвалюцыяй в Белоруссіі, якая пагражае “нашім інтересам”, страшыў баевікамі, якія на заходнія грошы зьбіраюцца перакуліць рэжым у Менску. І ані разу не згадаў генэрал заплечных справаў, што гаворка йдзецца пра іншую дзяржаву, пра чужы народ, пра замежныя справы. А потым з месца закрычаў жырыновец Абельцев: “Товарищи, что же это такое? Мы уже однажды выпустили в Америку Лазаренко (маецца на ўвазе былы прэмьер-міністр незалежнай Украіны, які скраў разам з расейскай мафіяй мільёны і апынуўся ў ЗША за кратамі), а он там взял и рассказал американцам наши секреты. Теперь в Швейцарии собираются передавать американцам атомщика Адамова. Чтобы он не раскрыл наши секреты, предлагаю послать в Цюрих спецгруппу и ликвидировать Адамова!” Маўчаньне ў залі доўжылася ненатуральна доўга. А потым было цікава… Старшыня Думы Грызлоў (яшчэ адзін з ГБ) заявіў: “Подумаем”. У Расеі – краіне трыюмфальнага гэбізму – тыя, што называюцца “парлямантарамі” згубілі тармазы і паводзяць сябе нават публічна, як у сваёй лубянскай канторы. Такога ня было нават у Рэйхстагу гітлерскіх часоў.

Насьвяткаваўшыся ў Маскве, заходнікі патроху цьверазьвеюць і выдаюць адэкватныя камэнтары. Французкая газэта “Лё Монд” зацікавілася заявай Пуціна, зробленай 9 траўня, пра тое, што “распад савецкага саюза зьявіўся найвялікшай гэапалітычнай катасрофай ХХ стагоддзя”. Талковы журналіст напісаў: “Чаго сур’ёзна не стае для выхаваньня ў расейцаў самасьвядомасьці, не абцяжаранай міфамі ды ілюзіямі савецкай ідэялёгіі, дык гэта яснай і шчырай ацэнкі мінуўшчыны. Расея ня ў стане стварыць сучасную дэмакратычную самасьвядомасьць на руінах камунізму. Расея ня здольная ні на што, а толькі выкарыстоўвае самыя небясьпечныя міфы”. Нямецкая газэта “Ды Вэльт” напісала: “Сьвята ў Маскве пакідае падвойнае ўражаньне. Пуцін выкарыстоўвае, камэнтуючы гісторыю, два падыходы. У выпадку з Нямеччынай ён шырокім жэстам рве з мінулым і ўсхваляе дружбу і стратэгічнае партнэрства паміж дзьвюма краінамі. А ўнутры Расеі ён выкарыстоўвае гісторыю як антыдэпрэсант. Страціўшы вялікую імпэрскую місію, палітычная эліта Расеі, а таксама большасьць расейскага насельніцтва знаходзяцца ў глыбачэйшым мэнтальным крызісе. Пуцін спрабуе супрацьстаяць усеагульнай страце арыентацыі з дапамогай упрыгожанага мінулага”.

13/5/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2005
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024