Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (20-28 лютага 2005 г.)

Валеры Буйвал
“Московская родина помнит своих героев!” У Маскве 20 лютага сьвяткавалі 100-годдзе Аляксея Кузняцова. Месца сьвяткаваньня сімвалічнае – Дом Саюзаў (пры цары палац дваранскага сходу Масквы). У гэтым будынку адбываліся знакамітыя палітычныя працэсы 1920-30-х гадоў. Клясічны будынак памятае таксама шэраг паніхідаў: усіх генсекаў КПСС і шмат каго іншага трымалі ў труне на паказ народу менавіта тут. Аднак, Кузняцоў – герой Ленінграда. НТВ паказала газэтку 1937 г. з артыкулам пра славутага бальшавіка Кузняцова, “который беспощадно выкорчёвывал врагов народа в общественных местах – Эрмитаже, ЛГУ, Русском музее и консерватории”. Менавіта тады пачалася бліскучая кар’ера сталінскага монстра, які спэцыялізаваўся на зьнішчэньні інтэлігенцыі. Ён вызначыўся таксама як “таленавітый арганізатар” падчас ленінградзкай блакады. Хаця не зусім зразумела, што гэта была за бліскучая арганізацыя, у выніку якой на вуліцах ляжалі стосы трупаў, а за часы аблогі ў асноўным ад голаду і холаду загінула да 2 мільёнаў людзей. Сталін, кажуць, сэнтымэнтальна ставіўся да маладога выдзьвіжэнца. Загадаў зьнішчыць яго пазьней, у 1949 г. падчас шумнай “ленінградзкай справы” (калі расстралялі ўсё паўночнае начальства). У Піцеры мясцовае начальства (усе да аднаго гэбоўцы-пуцінцы) урачыста адсланіла мэмарыяльную шыльду ў “чэсць велікого сына партіі і народа” (ці можна сябе ўявіць, каб у сёньняшняй Нямеччыне адсланілі шыльду ў гонар нейкага гаўляйтэра, які нішчыў людзей!?). НТВ паказала пару фрагмэнцікаў маскоўскага вечара памяці пра гуманнага ката. Аказваецца, ён дапамагаў Зошчанку і Ахматавай. А журналіст-вэтэран КГБ Генрых Баравік (між іншым з “тутэйшых”, ягоную гэбоўскую сямейку дагэтуль успамінаюць старыя менчукі) эмацыйна трос галавой і казаў у камэру: “Кузняцоў – гэта быў такі адкрыты, такі шчыры чалавек…” Тэлевізійшчыкі паказалі і лясны масіў пад Ленінградам, дзе НКВД расстраляла і пахавала да 50 тысячаў людзей. Там закапаныя ахвяры Кузняцова, сам Кузняцоў і тыя, хто асудзіў Кузняцова (у 1954 г. расстралялі судовую калегію, якая прысудзіла да расстрэлу усю “ленінградзкую справу”). Расейскую гісторыю не зразумееш нармальнымі чалавечымі вымярэньнямі, лепш нашаму народу трымацца па-за яе рамкамі.

“Нар. Воля” надрукавала 19 лютага чарговы “Зварот да беларускага народу”. Падпісаліся пад ім рабочыя, акадэмікі, пару пісьменьнікаў, скульптар… А ці ўважліва чыталі тэкст гэтыя салідныя людзі? На першы пагляд, сапраўды, грамата закручаная хватка, як трэба, каб выклікаць сэнтымэнтальную рэакцыю. І пра мову і пра незалежнасьць не забыліся згадаць. Але ўважлівы беларус не праміне найбольш важны фрагмэнцік публічнага опусу. Цытуем: “Давайце ў імя нашага заўтра сьмела зірнем у вочы праўдзе – ды ўбачым разам з тым станоўчым і пасьпяховым… А з братняй Расеяй у Беларусі – ці братэрскія адносіны?” (канец цытаты). Аўтары заклікаюць убачыць у татальным працэсе зьнішчэньня, які праводзіць у Беларусі акупацыйны прамаскоўскі рэжым, “станоўчае і пасьпяховае” (можа гэта яны пра сваю кар’еру?). А Расею, якая праводзіць агрэсію супраць Беларусі, Расею – сатанінскую імпэрыю, турму народаў, ката ў тым ліку й рускага этнасу – яны называюць “братняй”. Заклікаючы “сьмела зірнуць”, графаманы спрабуюць дэзарыентаваць беларускае грамадзтва, паставіць усё з ног на галаву. Шаноўныя беларусы, не паддавайцеся на чарговы падман, арганізаваны спэцслужбамі рэжыму, на чарговую “хартыю-97”. Адбываецца спроба ўтварэньня “новага руху”. Спачатку беларусы падумалі, што “новы апазыцыйны рух” спэцслужбы канструююць пад Н. Машэраву (ейнае прозьвішча сярод падпісантаў). І “рух” гэты, маўляў, павядзе нас да сапраўднай дэмакратыі ў саюзе з братняй Расеяй. Нездарма, у “незалежных” СМІ зноў пачалі раскручваць тэму пра “неабходнасьць прэзыдэнта-жанчыны ў Беларусі”. Але 23 лютага ўсё стала ясна. Галоўным “народавольцам” апынуўся (цікава, а хто яго абіраў, хто галасаваў?) рэктар сталічнага ўнівэрсітэту Аляксандр Казулін. Верны халоп гасудараў, нешэраговы выканаўца праграмы русіфікацыі нашай сістэмы адукацыі цяпер будзе атрымліваць разам з вінцучкамі-хадыкамі-шушкевічамі гранцікі на апазыцыйную дзейнасьць і барыкадны гераізм. Цяпер настае час, калі рэжым будзе каламуціць ваду з шэрачкай-машэрачкай, намэнклятуршчыкамі тыпу домаша-ганчарыка ды мясцовымі “каштуніцамі”. Мы гэта ўжо бачылі ў 2001 г., на тых прэзыдэнцкіх выбарах. Добра памятаем гнюсную ракіроўку, калі спачатку насіліся з партрэтамі намэнклятуршчыка Домаша, потым падмянілі яго на прафсаюзнага намэнклятуршчыка Ганчарыка, а потым забясьпечылі “элегантную перамогу” дыктатуры. Але пачытаем на старонках “Нар. Волі” выказваньні новага домаша-ганчарыка А. Казуліна. Цытуем: “Как бы мы не говорили, но Лукашенко сделал немало полезного для нашей страны… У Лукашенко есть обострённое чутьё… Я полагаю, что Лукашенко сможет подняться над ситуацией и проявить мудрость… И мы не можем неуважительно относиться к человеку, которому народ в своё время оказал такое доверие… Лукашенко сделает правильный выбор во благо народа…” Знаёмячыся з гэтым шэдэўрам лізаблюдзтва і падхалімства, разумееш, якім коштам ва ўмовах антынароднага, антыбеларускага рэжыму даставаліся цёплыя рэктарскія месьцейкі. Разумееш, чаму сапраўдныя навукоўцы, ня вытрымаўшы дзяржмаразму, вымушаныя былі зьехаць за мяжу. Успамінаецца апошняя прэзыдэнцкая кампанія ў Расеі. Адзін з кандыдатаў-супернікаў Пуціна – спікер савета фэдэрацыі РФ Міронаў – так нахвальваў Пуціна, ажно заклікаў галасаваць за яго, што незалежныя назіральнікі рагаталі. Вось і ў нас зьявіўся свой, уласны падстаўны “супернік” дыктатара. А аб тым, што Казулін з кароткіх портачкаў па самыя вушы ў гэбоўскіх стукачах, сьведчаць некаторыя факты ягонай яркай біяграфіі. Цытуем “Нар. Волю”: “1976-1983 гг. — командир первого коммунистического строительного отряда Советского Союза; 1983-1986 гг. – секретарь комитета комсомола БГУ…” Як кажуць на чыгунцы: на ім няма, дзе бломбу паставіць. Падсоўваючы народу такое намэнклятурнае пудзіла, ФСБ сапраўды лічыць беларусаў за дурачкоў. Упэўнены, наш мудры народ лёгка разлушчыць і адкіне гэтую кабінэтную пустышку.

Яшчэ на самым пачатку нацыянальна-вызваленчага руху ў 1988 г. Алесь Адамовіч параўнаў савецкі рэжым з мікробамі, якія падрываюць здаровыя сілы арганізма, зьнішчаюць яго. І вось яны, скажам, здолелі перамагчы арганізм – перамога. Але разам з гібельлю арганізма гінуць мікробы. Беларускі інтэлектуал стварыў адэкватны вобраз антычалавечай савецкай сістэмы, якая, разбураючы ўсё жывое, ішла па шляху самаразбурэньня (правільнасьць аналізу была пацьверджаная практыкай усяго праз некалькі гадоў, калі ляснуў савецкі саюз). Многім ня верылася (некаторым ня верыцца дагэтуль), што ў Беларусі дзейнічае антынародны, антыбеларускі рэжым, галоўная функцыя якога – зьнішчэньне любой стваральнай дзейнасьці на нашай зямлі, разбурэньне беларускай культуры, нашага грамадзтва. Так можа дзейнічаць толькі акупацыйны, зьнішчальны рэжым. Вось два прыклады. Беларускія авіятары заўсёды мелі рэпутацыю выдатных прафэсіяналаў, іхнымі паслугамі карысталіся і ў нас, і за межамі краіны. На прыканцы 90-х Масква, імкнучыся падарваць сілы канкурэнта, аддала адпаведныя загады свайму марыянэткаваму менскаму рэжыму. Беларускім прадпрымальнікам стала немагчыма перасылаць грузы авіярэйсамі: спачатку парушылі рэгулярны іх графік, а потым і зусім здушылі гэты від перавозак. Для поўнай яснасьці забаранілі транзітны пралёт беларускіх грузавых самалётаў над тэрыторыяй РФ (о, якая “саюзная дзяржава”). Напрыклад, з Кітаю нашыя самалёты вярталіся праз Іран і Украіну, абы не ляцець больш простым маршрутам праз Расею. У апошнія гады прамаскоўскі рэжым здушыў таксама й аўтаперавозкі. На мытнях пабудавалі агромністыя ангары для канфіскаванага тавару і пачалі абдзіраць грузаперавозчыкаў за кожную коску і кропку ў дакумантах. Транзітныя перавозчыкі адразу пачалі аб’язжаць тэрыторыю РБ, як чумную зону. А нашым кіроўцам намякнулі, што трэба запісвацца ў расейскія фірмы і тады будзе ўсё добра. Ясна, што такі рэжым ня мае будучыні. Але ад самых людзей, існаваньне якіх на роднай зямлі робіцца ўсё больш невыносным, залежыць, колькі яшчэ будзе працягвацца гэтая акупацыя.

Казка пра цара Дадона. 21 лютага маскоўскі пахан Пуцін прыкрыкнуў на сваех сілавікоў: “На Кавказе нужно действовать жёстче, жёстче…” Усе заўважылі, як у апошнія дні ў розных гарадах шматпакутнага рэгіёну (Нальчыку, Махачкале, Гудэрмэсе) расейскія карнікі пачалі дэманстраваць актыўнасьць. У адным выпадку яны нават прызналіся, што прымянілі супраць партызанаў баявыя газы. Зразумела, што Крэмль надзьмуваецца перад сустрэчай з Бушам у Браціславе, хоча засьведчыць свой удзел у “барацьбе з тэрарызмам”. На ўскраіне Грознага пачалі так “бароцца”, што зьнішчылі сваех лепшых мясцовых халуёў. На адным з блок-пастоў вечна ачмурэлыя маскоўскія вызваліцелі ўбачылі, як да іх пад’яжджае легкавая машына, а там некалькі барадатых мужчынаў з аўтаматамі. Яны ўзялі й забілі ўсіх. А аказалася, што тыя з эліты Кадырава-малодшага. Цяпер акупацыйны генэрал А. Дадонаў лямантуе і абяцае разабрацца. Вось такая здраднікам чачэнскага народу “шамаханская царыца”.

Для постсавецкіх людзей 23 лютага – агульная пьянка пад лёзунгам “дня савецкай арміі”, а для чачэнскага народу – гэта Дзень нацыянальнай трагедыі. 23.02.1944 г. маскоўскія карнікі гвалтоўна выселілі чачэнскі і інгушскі народы з роднай зямлі і выслалі ў Сярэднюю Азію і на Поўнач (тады загінулі дзесяткі тысячаў людзей). Толькі пасьля 1956 г. народ здолеў вярнуцца на сваю зямлю. Але цяпер ізноў чачэнцы вымушаныя бараніць сваю краіну ад расейскага гада. 22 лютага партызаны пачалі адзначаць Дзень Памяці па-свойму. На ўскраіне Грознага яны атачылі вялікі аддзел маскоўскіх карнікаў і ўступілі з імі ў бой. Даўно маскоўскае начальства не прызнавалася ў такіх стратах за адзін бой: дзевяць забітых і пяцёра параненых. Адзін з расейскіх афіцэраў гарланіў у тэлекамэру: “За аднаго нашага мы заб’ем трох іхных!” Беларусы старэйшага пакаленьня добра памятаюць на практыцы гэтую эсэсаўскую лёгіку фашыстоўскіх захопнікаў.

Не варта выедзенага яйка… Маскоўскі мільянэр з чыста расейскім прозьвішчам Ваксельберг ня ведаў, куды грошы дзяваць і зьбіраў модныя артэфакты. На аўкцыёне Крысьці ў Лёндане яму днямі прадалі за некалькі мільёнаў доляраў вырабленае дэкаратыўнае яйка, нібыта створанае Фабэржэ (папулярны на пачатку 20 ст. ювэлір, што працаваў на Раманавых). І ўляпаўся Ваксельберг, як айцец Фёдар з раману “Дванаццаць крэслаў”, што купіў быў падстаўную мэблю. Пецярбургскія экспэрты паглядзелі на “шэдэўр” і заўсьміхаліся: залатыя клёпкі зробленыя груба, каштоўныя камяні кепска падладжаныя. Адным словам, на чорным рынку такое прадаецца па 15 тысячаў доляраў. І вось цікава: калі глядзіш на жахлівае расейскае жыцьцё, на іхную змрочную гуманітарную катастрофу, неяк не абуджаецца спачуваньне да мільянэра, якога “кінулі” хваткія дзялкі.

23 лютага движение «Защитники отечества» уручыла расейскаму генэралу (э-э-э, выбачайце, менскаму апазыцыянэру) В. Фралову прэмію «С открытым забралом». Нагадваем, што забрала – гэта частка рыцарскага шлема, якая абараняе ад удараў твар рыцара. Змагацца “з адкрытым забралам” – гэта значыць дэманстраваць выключную сьмеласьць у змаганьні. Аказваецца, Фралоў не бароніць частку сваёй фігуры “и своими поступками вносит весомый вклад в нашу общую победу” (так “зашчітнікі отечества” напісалі ва ўзнагародным лісьце). Цяпер працытуем паводле “Нар. Волі” самога генэрала Фралова (які ні слова няздольны вымавіць па-беларуску): “Мы всегда чтили своих главнокомандующих, даже если они были уже пожилыми людьми. Но они олицетворяли нашу Родину – СССР”. Гэта генэрал намякае на незабыўных маразматыкаў Брэжнява, Усцінава, Андропава ды інш. з ЦК КПСС. Для яго гэтыя монстры ёсьць ідэялам. Ён прызнаецца ў настальгіі па вялікай совецкой родіне, куды хацеў бы заштурхнуць беларусаў. Нагадаем, што рыцары ўзначальвалі наступальныя дзеяньні, не пакрываючы галавы, калі абаранялі сваю краіну і веру. Герой румынскага народу Міхай Віцязул (16 ст.) кідаўся ў гушчу боя ня тое што без шлема, а нават у адной нацельнай кашулі, каб натхніць на самаахвярны подзьвіг войскі, што адступалі пад ударамі туркаў. Фралоў – тыповы янычар, верны служка расейскай імпэрыі. Ён сапраўды ня крыецца ў праявах любові і вернасьці Крамлю. Ясна, якому “отечеству” ён служіць і нас заклікае служыць. Толькі маскоўскія янычары не дачакаюцца сваёй “обшчей победы” над беларускім народам.

На радзіме мангольскага бальшавіка Ульянава завяршаецца чарговая дырэктарска-мафійная афёра. Пад суд патрапіў дырэктар Ульянаўскага мэханічнага заводу В. Абанін. Яшчэ ў жніўні летась цэнтар гораду перакрылі тысячы рабочых-мэханікаў, патрабуючы выплаты заробкаў за многія месяцы. Рашучасьць дзеяньняў дала пэўныя вынікі: адразу знайшліся грошы і адразу дырэктар зьлёг у псіхіятрычны шпіталь (трэба беларускім рабочым пацікавіцца гэтым алхімічным экспэрымэнтам). Тэлевізія паказала рабочую сямью Крэндзялёвых. Бацькі ўзгадваюць этапы жыцьця сына-падлетка ў адпаведнасьці з мясцовым крызісам (такое вось новае вымярэньне расейскай гісторыі). Калі нарадзіўся сын, пачаліся перабоі з выплатамі. Калі ён пайшоў у садок, грошы зусім перасталі выплочваць. А калі ня стала чым плаціць за пакупку школьных падручнікаў, “мы ўзялі плякаты і пайшлі перакрываць цэнтар”. Многія рабочыя семьі выслалі дзяцей на вёску да дзядоў-бабак, таму што ў рабочых кварталах запанаваў сапраўдны голад. Потым тэлевізія паказала маёнтак у стылі фінскай ландшафтнай архітэктуры, якім валодае дырэктар-псіхпацыент Абанін. Журналісты расказалі, як на нявыплачаныя рабочым грошы расквітнела фірма ягонага сына. Як барын Абанін пайшоў у дэпутаты абласной думы. Самае галоўнае, што такія гісторыі вам раскажуць у кожным расейскім рэгіёне. Ульянаўская ахвяра лякальнай чысткі – гэта толькі невялічкі сігнал для іншых мафійна-адміністрацыйных магнатаў пуцінізму, каб ня надта расслабляліся.

Разгортваецца таксама й скандал на радзіме “Саюдзіса”. Даўно ўжо з Летувы даходзілі зьвесткі пра карупцыю ва ўрадавых колах незалежнай краіны. Пра тое, як некаторыя народныя трыбуны 1988-1991 гг. панакуплялі сябе маёмасьці (нават цэлыя выспы, куды звычайным грамадзянам уваход забаронены) і пачалі арганізоўваць “дэмакратыю для сябе”. Пасьля павучальнай афёры з маскоўскім агентам-прэзыдэнтам Паксасам здаровыя нацыянальныя сілы пачалі грунтоўна разграбаць савецкае сьмецьце на сваёй зямлі. Над многімі чыноўнікамі навісла халоднае слова “люстрацыя”. І пачалі адкрывацца залежы архіваў КГБ. Аказалася, што ў такзваным рэзэрве КГБ СССР знаходзіліся цяперашні начальнік летувіскіх спэцслужбаў, нам. старшыні парляманту і шэраг іншых. НТВ паказала іхныя разгубленыя твары, яны забляялі, як авечкі, пра сваю нявінаватасьць. У дэмакратычнай Беларусі, якая вызваліцца ад маскоўскага ярма, абавязкава будзе праведзеная люстрацыя. Будуць раскрытыя лічыны сёньняшніх арганізатараў псэўдаапазыцыі, прысьцёбнутай да антыбеларускага рэжыму. Публіка, накшталт фальшывага прафэсара Хадыкі (цяжка недаацаніць ягоную подлую разбуральную функцыю ў 1988-1999 гг. у шэрагах БНФ), камсамольца Севярынца (які спэцыялізуецца па кіданьні маладых людзей пад рэпрэсіі рэжыму, на ягоным рахунку шэраг такіх “подзьвігаў), Вінцучка Вячоркі (Юда-балбатун вызначыўся перш за ўсё выкананьнем гэбоўскіх заданьняў на міжнароднай арэне, дзе ён “прадстаўляе народны супраціў рэжыму” пад камандай Ганса-Георга Віка) ды іншых, дачакаецца свайго нюрнбэргскага працэсу дзе-небудзь у цэнтры беларускай сталіцы. Прычым, гэты працэс будзе не надта маштабным. Давайце глянем на статыстыку. Усіх гэтых “пяцёрак плюс” ды “васільковых рэвалюцый” набярэцца на 30-40 асобаў. У іх даўно ўжо няма партыйных актываў, акрамя сталічных палітбюро і цк. Пратэстны электарат даўно разабраўся з імі і ня ходзіць на іхныя “марші за лучшую жізнь”. Той, хто не чытае “Нар. Волю” і ня слухае радыё Свабодку, нічога ня ведае пра іх. Нават на правінцыі ад іх адвярнуліся некалі падманутыя імі асобы пасьля таго, як “пяцёркі” паабяцалі ім выплаціць ганарары за апошнюю выбарча-рэфэрэндумную афёру, а грошы забралі сябе. Вось такая віртуальная хваля кіруемага спэцслужбамі “народнага гневу”. Прыклад паводзінаў прадэманстраваў днямі палатачны “апазыцыянэр” Скрабец, які раптам кінуўся прасіць палітычнага прытулку ў Расею. Там пасьмяяліся з яго й вытурылі назад у РБ (Расея будзе рабіць так з усімі сваімі адпрацаванымі халуямі). Бедалагам прыйдзецца ратавацца ў Паўночнай Карэі ды на Кубе.

24 лютага на публічную арэну вылез забыты ўжо ўсімі Міхаіл Касьянаў. Роўна год таму Пуцін паслаў яго ў адстаўку з паста прэм’ера РФ. Надта засьвяціўся сваёй карумпаванасьцю гэты маскоўскі адпаведнік Вані Ціцянкова. У народзе яго называлі “Міша два працэнты”, бо з кожнай (!) фінансавай і гандлёвай трансакцыі, якая праводзілася ў Расеі, Касьянаў забіраў сябе роўна 2%. Тып, дастойны Салтыкова-Шчадрына, расказаў з трыбуны, што пакуль пакідае палітыку і на здабытыя непасільнай працай грошы засноўвае сваё “іванушкі інтэрнэшнл” – магутную фірму пад назовам “МК Аналитика”. Цікава, можа ў мутнай сажалцы расейскага бізнэсу канчаецца час хадаркоўскіх-абрамовічаў, а пачынаецца эпоха івановых-пятровых? Міша-аналітык паабяцаў, што ягоная фірма будзе займацца кансалтынгам – кансультаваць жадаючых, як рабіць бізнэс у Расеі, і “забяспечваць краіну інвэстыцыямі”. Да-а, гэты можа пракансультаваць, як абдзіраць скуру з уласнага народу.

Цікава часам чытаць мэмуары адстаўных. Падобна, што ў газэце “Комсомольская правда” за 22 лютага старшыня КГБ СССР у 1984-91 гг. і путчыст у 1991 г. У. Кручкоў расказваў праўду наконт маючай адбыцца сустрэчы Пуціна і Буша ў Браціславе. Цытуем: “Цяпер Вашынгтон можа пачаць новы этап у адносінах з Масквой: жорстка нас крытыкаваць і прымусіць пайсьці на далейшыя саступкі. Можа замінаць нам зблізіцца з Турцыяй і Іранам, не даць нам вярнуцца ў Ірак і наагул адлучыць нас ад арабскага сьвету. Можа яшчэ далей адвесьці ад нас краіны СНД: Украіна і Грузія – гэта толькі першыя ластаўкі. Але калі мы здамо гэтыя рубяжы, ад Расеі нічога не застанецца. Яна распадзецца, як і СССР”. Вось дажылі, нават генэрал ГБ загаварыў пра набліжэньне распаду сваёй Расеі. А віцэ-прэм’ер РФ І. Клябанаў нядаўна заявіў у Маскве, што Крэмль мае намер надаць Калінінградзкай вобласьці (усходнепрускі анклаў РФ на балтыйскім беразе) статус нейкай “эўрапейскай тэрыторыі”. Гэта празрысты намёк немцам, што Масква за пэўныя саступкі ў іншым рэгіёне гатовая вярнуць ім забраную ў 1945 г. зямлю. Няцяжка здагадацца, што менавіта наша Беларусь выступае ў ролі пешкі ў гэтай шахматнай партыі двух агрэсараў. Толькі ад беларускага народу залежыць, ці ўдасца драпежніцкая трансакцыя “Каралявец у абмен на Беларусь”, якую ўжо абмазгоўваюць нашыя ворагі.

24 лютага Браціслава ўпрыгожылася дзяржаўнымі сьцягамі Славаччыны і ЗША. Быў заўважаны адзін сьцяг Расеі каля прэзыдэнцкага палацу (у народзе такое называецца “для адчапнога”). За дзьве гадзіны да саміту з Пуціным Буш выйшаў на трыбуну перад тысячамі славакаў, што сабраліся на цэнтральнай плошчы. Вопытным постсавецкім людзям было зразумела, што гэта была не сагнаная масоўка. Па тварах славакаў было бачна, што яны шчыра вітаюць Буша і радыя вызваленьню ад маскальскай акупацыі. Народ упэўнены, што дружба з дэмакратычнай Амэрыкай будзе гарантам паўнавартаснага існаваньня Славаччыны ў сямьі цывілізаваных эўрапейскіх народаў. Паліцыя мела мала працы. Непадалёк ад плошчы сабралася ўсяго пару соцень панкаў, сэкменшасьцяў ды хуліганьня з антыамэрыканскімі лёзунгамі. Падобна, што паслядоўная палітыка і апошнія посьпехі ЗША на міжнароднай арэне пазбавілі левую шпану імпэту. Мяркуем, што браціслаўская прамова Буша ўвойдзе ў найноўшую гісторыю падобна таму, як клясікай сталіся прамовы Чэрчыля ў Фултане ў 1946 г. пра “жалезную заслону” і неабходнасьць жорсткага супрацьдзеяньня камуністычнай тыраніі, Джона Кенэдзі ў Бэрліне ў 1961 г. пра амэрыканскія гарантыі абароны дэмакратыі ў Заходняй Эўропе і Рональда Рэйгана ў 1980 г. пра СССР – імпэрыю Зла. Джордж Буш згадаў пра народныя рэвалюцыі апошняга часу: “Нядаўна народы Грузіі і Украіны зрабілі свой выбар на карысьць дэмакратыі. Праз дзесяць дзён такі выбар будзе рабіць народ Малдовы. Мы ўпэўненыя, што дэмакратыя вернецца і ў Беларусь”. І славакі, і мы разумеем супраць каго – супраць расейскай імпэрыі КГБ – змагаліся і перамаглі народы Грузіі і Украіны. Такое ж змаганьне супраць таго ж ворага ідзе ў Малдове і нашай Беларусі. Пра марыянэтак Воранава і Лукашэнку амэрыканскі прэзыдэнт нават не згадаў. У дыпляматычнай практыцы такія неадназначныя заявы называюцца рэзкім, абгрунтаваным дэмаршам, у дадзеным выпадку супраць Пуціна і ягонай РФ. Той факт, што крамлёўскага пахана ніхто не захацеў запрашаць дзеля выступу на плошчу – выразнае сьведчаньне эўрапейскіх прыярытэтаў. Пуціна адсунулі, паказалі яму месца на задняй парце – сідзі і не высоўвайся. Потым адбыліся перамовы Буша з Пуціным. Пасьля сустрэчы гаспадары наладзілі для гасьцей прэс-канфэрэнцыю. Усе заўважылі, што Пуцін выходзіў да мікрафона, як падбіты сабака. Зразумела, што амэрыканцы добра намылілі яму галаву. І цяжка было крамлёўцу захаваць харошую міну пры кепскай гульні. Падобна, што перыяд беспакаранага нахабства для Расеі скончыўся. Амэрыканцы нагадалі маскалям пра іхны бандыцкі ўдзел у Іраку, пра жульніцтва з ЮКОСам, пра ракеты для Сірыі і пра расейскі атам у Іране. І намякнулі, што могуць Крамлю й галаву адкруціць, калі што. Даўнавата пад агульны рогат гледачоў Расея не сядала пасярод міжнароднай арэны задам у пясок.

25 лютага парлямант Грузіі рэзка запатрабаваў у РФ вывесьці з грузінскай тэрыторыі расейскія ваенныя базы (дзьве базы, 4 тысячы штыкоў, 300 танкаў – вялікая армада, амаль роўная колькасьці грузінскай арміі ). Яшчэ ў 1999 г. на стамбульскім саміце АБСЭ было прынятае адпаведнае рашэньне. Але, відаць, у галадранай Расеі зашмат грошай, каб трымаць свае базы яшчэ і ў Грузіі. Грузіны паабяцалі абвесьціць расейскія базы па-за законам, калі яны ня будуць выведзеныя ў бліжэйшы час. Вой, бедныя русскія товарішчі, – няўдзячная гэта справа быць па-за законам на Каўказе. Ужо даўно расейскія афіцэры баяцца хадзіць на грузінскія базары, там іх рэгулярна нехта адстрэльваў. Цяпер няхай назапашваюць кансэрваў.

Іміджмэйкеры каляніяльнай вайны зьмянілі тактыку. Калі на працягу апошніх дзесяці гадоў расейкае ТБ дэманстравала танкавыя калёны, разанскіх і сібірскіх галаварэзаў, якія імпэтна абяцалі задушыць усіх чачэнцаў, то з пачаткам гэтага году тэлекарцінка значна зьмянілася. Цяпер расейскія танкі і пяхота застаюцца па-за кадрам, а на першым пляне выступаюць у ролі змагароў супраць тэрарызму кадыраўскія тэрарысты, мясцовыя здраднікі чачэнскай айчыны, якія служаць крамлёўскаму ворагу. Расейская агрэсія падаецца такім чынам як грамадзянскі канфлікт унутры чачэнскага грамадзтва. Крывавая тэлеказачка можа пераканаць хіба што недалёкіх розумам людзей. Ясна, што чачэнскія вінцучкі-лебедько, вырадкі-здраднікі не ўтрымаліся б і адной гадзіны на тэрыторыі Ічкерыі, калі б не хаваліся за браню расейскай танкавай махіны. Іх бы зьмяла ачышчальная хваля народнага гневу і яны каціліся б да самага крамлёўскага мура. А покуль што НТВ паведамляе на працягу некалькіх дзён пра “буйнамаштабную вайсковую апэрацыю ў Нажай-Юртаўскім раёне Чачэніі з удзелам верталётаў, бронетэхнікі, артылерыі і мотапяхоты”. 28 лютага новая сталінградзкая бітва “пераможна завяршылася”. Вынікі “перамогі”: акупанты знайшлі дзьве сьвежыя магілкі і раскапалі іх, каб “ідэнтыфікаваць асобы двух баевікоў”. Шакалы раскапваюць магілы герояў-партызанаў, бо няма больш чым заняцца на фоне ганебнага правалу маскоўскай ваеншчыны, якая няздольная эфэктыўна ваяваць супраць народнай арміі.

У той самы час насельніцтва расейскага чарназемья замест вырошваньня збожжа актыўна ўключылася ў наркабізнэс. Прычым, цэлымі вёскамі. НТВ паказала аблаву ў вёсцы Роткіна, што ў сарака кілёмэтрах ад Варонежа (далекавата ад аўганскай мяжы). Аказваецца, тут кожная сямья (!) вырошчвае канаплю і мак, займаецца вытворчасьцю, спажываньнем і продажам марыхуаны. Пачатковая цана якаснага тавару даступная для аматараў і прафэсіяналаў: усяго 800 рублёў за шклянку траўкі. Аблава нагадвала пэрыяд раскулачваньня. Цёткі з такім жа імпэтам баранілі ад міліцыі граблямі і вілкамі сваю маёмасьць. Толькі ў дадзеным выпадку гэта былі не каровы і авечкі (іх не гадуюць у расейскіх вёсках ужо некалькі дзесяцігоддзяў), а пукі канаплі і банкі з марыхуанай. Мясцовую моладзь з апухлымі тварамі і распаленымі вачыма усю пагалоўна сагналі на допыт у мясцовы клюб. Лядашчыя хаты, разьбітыя дарогі, транты на плячах наркаманаў дапоўнілі вобраз жудаснай расейскай трагедыі. Вось дзе трэба было б аднаўляць канстытуцыйны парадак, вось куды накіраваць крамлёўскія мільёны. Страшная імпэрыя працягвае зьнішчаць свой жа народ.

28/2/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2005
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь