Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Факты і падзеі (10-20 лютага 2005 г.)

Валеры Буйвал
Па расейскім тэлеканале ТВЦ ідзе размова двух акадэмікаў: фізікаў С. Капіцы і Ю. Кагана. Але сказанае імі тычыцца таксама й лірыкаў. Размаўлялі пра лёсы расейскай навукі. Параўналі маштаб уцёкаў навукоўцаў з сёньняшняй Расеі з тым, што адбывалася ў Нямеччыне пад рэжымам Гітлера (нават паказалі фюрэра, а потым Эйнштэйна ў Амэрыцы). Паказалі й цяперашні Кітай, куды пачалі вяртацца кітайскія навукоўцы, што гадамі сядзелі ў ЗША і Эўропе. Ім даюць там выдатныя ўмовы для жыцьця і працы. А ў Расеі колькі месяцаў таму зьявіўся праект рэформаў навукі. Аказалася, што выпрацаваны ён выключна чыноўнікамі, ніводзін навуковы работнік ня ўдзельнічаў у падрыхтоўцы “планов громадья”. У выніку, як прызнаюць акадэмікі, праект мае толькі гаспадарчыя распрацоўкі, а ніякім чынам не закранае пэрспэктываў разьвіцьця навукі, навуковай дзейнасьці як такой. Навукоўцаў сярэдняга пакаленьня (35-40-гадовых) у Расеі амаль не засталося. Яны альбо пайшлі ў бізнэс, альбо зьехалі замяжу. І перш за ўсё, каб яны вярнуліся, трэба было б даць ім заробак, які ня будзе такі прыніжальна жабрацкі, як цяпер. Пуцінскі рэжым запрапанаваў падняць заробкі, але пры ўмове скарачэньня колькасьці навуковых установаў і дасьледчыкаў (каб жабрацкую суму падзяліць на меншую колькасьць ратоў – геніяльнае рашэньне!). Слухаць такое брыдка, але гучала прынамсьці тэлепраўда пра становішча ў імпэрыі. А вось на БТ нам з першых дзён новага году тлумяць галаву з “рэформай адукацыі”, магістрамі і бакалаўрамі… Рэжымная ідэя да ідыятычнага простая: пасьля скарочанага на год-два ўнівэрсітэцкага курсу ў РБ зьбіраюцца выпускаць недавучак, месца якім будзе толькі на нізкіх вытворчых катэгорыях. Іншымі словамі, беларусу трэба будзе толькі ўмець круціць вэнціль на сібірскім нафтаправодзе. Сваёй “рэформай” антынародны рэжым мае намер вывесьці ў нас новы від мурашкі, якой наканавана будзе да сьмерці ўкалываць на маскоўскіх звышчалавекаў. Тым больш, што іхныя ўласныя мурашы актыўна ўцякаюць з кашмарнай імпэрыі. Рэжым рыхтуе ўдар па нашаму адукаванаму народу, перш за ўсё па моладзі. І робіць гэта пад прыгожы словаблуд пра магістраў.

У газэтках РБ стракаціць ад рэклямак: “Шоп-туры в Москву (Черкизовский рынок)”. А ў раёне станцыі мэтро “Усход” у Менску да нядаўняга часу можна было ўбачыць, як у аўтобусы садзіліся дэсантныя брыгады беларускіх гандляроў, што выбіраліся па тавар у Маскву. У сувязі з карніцкай апэрацыяй пад назвай “НДС” дэсанты захлынуліся (разам з лёзунгам “Нам без Россіі нікак не прожіть”). А 10 лютага на Чаркізаўскім рынку ўспыхнуў вялікі пажар (чацьверты такога маштабу за апошнія тры гады!). Цалкам згарэлі гуртоўні абутку і вопраткі. Пажарныя ледзь далі рады, каб не згарэла палова Масквы. Дзяржаўны пагром прыватнага бізнэсу ўступае ў апошнюю стадыю. Спачатку закрылі мяжу з Польшчай (і ўсёй Эўропай), потым выпхнулі беларусаў на расейскія мафійныя рынкі, а цяпер ужо й там пусьцілі чырвонага пеўня. Засталося толькі пасыпаць “нэпманаў” дустам. Ніяк, ні пад якім соўсам не атрымліваецца спакойнага жыцьця таму, хто хацеў бы і грамадзянінам Беларусі застацца, і рускім патрыётам пабыць. Выйсьце адно – дэмакратычная Беларусь, адкрытая на эўрапейскую цывілізацыю, і добра ўмацаваная, кантралюемая дзяржаўная мяжа з крымінальнай Расеяй.

10 лютага ў Менску, Горадне, Гомлі, Барысаве і шэрагу іншых гарадоў адбыліся мітынгі з удзелам тысячаў людзей, якія патрабавалі адмяніць зьнішчальны для іхнага бізнэсу “НДС”. Прадпрымальнікі сапраўды праявілі салідарнасьць і рашучасьць (мабыць, наглядзеліся па расейскім тэлебачаньні, як нядаўнія пратэсты пэнсіянэраў вымусілі ўлады РФ пайсьці на саступкі). У сталіцы пяць тысячаў страйкоўцаў атачылі міністэрства эканомікі і нават спаймалі віцэ-прэм’ера Кабякова, які хацеў юркнуць праз натоўп у міністэрства. Яго пакуль што ня білі. Ды й як можна? Віцэ з такім тварам на школьных ранішніках і студэнцкіх капусьніках звычайна давяраюць клоўнскія ролі Нязнайкі альбо Швэйка. Але людзі грозна насунуліся на “державного мужа” і загулі: “Пагавары з народам, чаго баісься?!” Бедны ледзь уцёк. Рычагі рэвалюцыі пацягнуў быў на сябе легендарны А. Лебедько. Ну, гэтаму ў самадзейнасьці далі б выконваць ролю ідэйнага камсамольца-стукача, Паўліка Марозава альбо памошчніка ката. Людзі, аднак, яго слухаць ня сталі і пагналі гэтага Сакко і Ванцэцці з трыбуны. Паўсюль рэжым адгарадзіўся ад людзей ОМОНам з аўтаматамі. Прапрымальнікі паабяцалі, што калі дзяржабдзіралаўка ня будзе адменаная, то з 1 сакавіка яны пачынаюць агульнанацыянальны страйк. Беларусь чакае багатая на падзеі вясна.

10 лютага міністэрства замежных сувязяў Казахстану заявіла, што дэпутат расейскай Дзярждумы Жырыноўскі абвешчаны ў Казахстане пэрсонай нон грата ў сувязі з ягонымі нядаўнімі зьневажальнымі выказваньнямі пра казахскі народ і дзяржаву. Памятаем, як у 1991 г. беларуская моладзь не чакала рэакцыі мясцовага МЗС, калі падчас аднаго з мітынгаў пазнала маскоўскага “госьця” і гнала Жырыка па сьнезе праз увесь пр. Машэрава. У амбасаду РФ потым насілі здаваць ягоную пыжыкавую шапку, што згубіў быў, даючы драла. У 1993 г. да маладых актыўна далучыліся пажылыя фронтаўцы (у свой час удзельнікі вайны супраць нямецкага фашызму) і ўсе разам штурмавалі палац культуры “Сукно” у Менску, дзе ў той час праводзіў канфэрэнцыю фашыстоўскі лідэр Нацыянал-бальшавіцкай партыі Расеі Лімонаў. Лімонаў і лімонаўцы пасьпелі тады схавацца ў сутарэньнях будынку, разьбягаліся, як прусакі. Цяпер у Беларусі спакойна дзейнічаюць мясцовыя жырыноўцы пад назвай ЛДПБ (праўда, увесь час там крымінальныя разборкі і скандалы з лідэрамі). Запісаўшы ў партыйны сьпіс усіх адстаўных савецкіх афіцэраў, ЛДП надзьмуваецца на палітычным полі РБ. Мы думалі, што сьмешна ўсім, а потым прачыталі ў справаздачы назіральнай групы АБСЭ па выніках псэўдавыбараў і “рэфэрэндуму” 17 кастрычніка 2004 г.: “Самай вялікай партыяй у Беларусі зьяўляецца ЛДПБ…” Колькі тут прафэсійнага эўраструктурнага глупства і колькі прафэсійнай подласьці заходніх удзельнікаў антыбеларускай афёры – вызначыць цяжка. Ды й якая нам розьніца? Што тычыцца лімонаўцаў, то гэбоўская акцыя фашызацыі беларускай моладзі правалілася. У РНЕ запісваліся выключна маладыя жыхары ваенных гарадкоў (акупанцкія сынкі, у якіх нянавісьць да ўсяго беларускага жыве ў сямьі, школе і ўсім навакольлі). Беларускія юнакі і дзяўчаты ня ўспрынялі лёзунгі “Россия ждёт тебя”, “Русский порядок”. З часам крымінальную расейскую банду РНЕ прыйшлося ціхенька адсоўваць у далёкі рэзэрв, бо міліцыя ўжо ледзь давала рады з яе злачынствамі. Настане такі час і наш народ, які нацярпеўся быў ад фашыстаў, што ламіліся на Беларусь як з Захаду, так і з Усходу, пагоніць назаўжды са сваёй зямлі расейска-фашыстоўскую зграю.

11 лютага НТВ пачало свой тэледзень з рэпартажу пра рэпатрыянтаў з Латвіі. Халерычны сакратар расейскага кансуляту ў Рызе паведаміў, як штогод у Расею вяртаюцца каля 20 тысячаў асобаў. Такіх двух нават паказалі. Маці з дачкой: па сярэднестатыстычных фізіяноміях бачна, што дзяржаўную мову Латвіі яны так і не засвоілі. Цётка казала пра “ущемления” (ясна, што без латышскай мовы яе бралі толькі на падмятаньне вуліц). Маладзіца расказала, што пражыла тут 15 гадоў (і ясна, што адбыла рускія садок і школу, якія дагэтуль спакойна існуюць у Латвіі), а цяпер вяртаецца ва Ульянаўск (во дзе будзе жах пасьля эўрапейскай Рыгі!), каб вучыцца ва ўнівэрсітэце. Расейцы пад сьвісток ФСБ нахабна патрабавалі ў латвійскай дзяржавы істінно русскую школу. Вось і атрымалі, а аказалася ў выніку, што іхная моладзь няздольная на паўнавартаснае існаваньне ў чужой ім дзяржаве. Як казалі клясікі марксізму-ленінізму: “За что боролись, на то и напоролись”. НТВ паспрабавала пакпіць з Латвіі. Расказала, што ў Эўразьвязе чакалі пасьля далучэньня гэтай балтыйскай краіны магутнага патоку імігрантаў на Захад. А замест гэтага паток пайшоў, маўляў, на Ўсход. Але няма нічога сьмешнага. Латышам, каб вучыцца і працаваць на Захадзе, цяпер ня трэба назаўжды пакідаць радзіму і пускаць карані ў чужой зямлі. А вось русские товарищи, як заўсёды, ня могуць даць сабе рады з цывілізацыяй. І слушна заявіла ў канцы тэлесюжэту НТВ: “В России всем места хватит…”

У Маскве пабеглі паўзводна… З часткі ўнутраных войскаў у імпэрскай сталіцы 11 лютага ўцяклі адразу 13 жаўнераў. Усе яны праслужылі ня больш за год. Пяцёра адразу зьявіліся ў ваенную пракуратуру і пачалі расказваць пра “дзедаўшчыну”, на якой трымаецца іхная частка. Астатніх пакуль шукаюць па ўсёй Масковіі. Беларусы добра памятаюць жывёльныя адносіны паміж вайскоўцамі ў савецкай арміі, якія плаўна перайшлі пазьней у зьверствы ў расейскай арміі. Ніводная эўрапейская армія ня ведае такіх маштабаў і ўнівэрсальнасьці зьнішчэньня чалавечай асобы, што сталася нормай і сістэмай у ваенным ведамстве РФ. Трэба прызнаць, што гэта, па-першае, адпавядае гістарычнай традыцыі імпэрыі, а, па-другое, ёсьць патрабаваньнем часу, калі імпэрыю могуць ратаваць толькі хворыя на галаву асобы, для якіх гвалт ёсьць культавай каштоўнасьцю. Маладыя расейцы ведаюць: ня трэба трапляць у Чачэнію, каб стацца інвалідам, садыстам, ненармальным, каб загінуць. Ведаюць, і хто спрытнейшы, уцякаюць.

13 лютага ў Дрэздэне адзначалі 60-годдзе вялікай бамбардоўкі 1945 году. Англа-амэрыканская авіяцыя зьнішчыла тады за адны суткі амаль увесь горад, загінула больш за 50 тысячаў асобаў. На фоне мэмарыяльных мерапрыемстваў разгарэліся міжнародныя спрэчкі. Немцы адзінадушна сьцьвярджаюць, што тая ваенная акцыя была выключна злачынствам, зьдзейсьненым антыгітлераўскай кааліцыяй. Маўляў, не было патрэбы за некалькі месяцаў да канца вайны бамбіць мірны горад і г.д. Ангельскія, амэрыканскія, польскія гісторыкі і вэтэраны пярэчаць ім, што ў Дрэздэне былі зьнішчаныя некалькі вялікіх заводаў, якія працавалі на вэрмахт. Што пра канец вайны жаўнеры кааліцыі на перадавой асабліва не разважалі: немцы трымалі пазыцыі на сваіх межах, і невядома было, колькі яшчэ жыцьцяў будзе каштаваць ачыстка Нямеччыны ад гітлерызма. Таму, маўляў, неабходна было пасеяць паніку таксама й у тыле ворага. Немцы, шкадуючы свае ахвяры, забываюцца, што гэта яны са сваім Гітлерам (эйфарычна абраным на дэмакратычных выбарах у 1933 г.) распачалі татальную вайну і зьнішчылі столькі гарадоў і чалавечых жыцьцяў, што лепш было б ім лішні раз памаўчаць. Калі Адольф у 1940 г. захапіў Парыж, мільёны немцаў выконвалі баварскія народныя танцы на вуліцах, крамы былі заваленыя французкімі кілбасамі і віном (яны думалі, што ўвесь час так і будзе). Калі сярод іншага яны зьнішчалі сотні тысячаў беларусаў, рабавалі і разбуралі нашую краіну, то толькі лічаныя адзінкі сярод немцаў былі здольныя на праявы чалавечнасьці. Ну вось вайна й прышла на зямлю агрэсара, запалалі гарады агрэсара. А яны ўсё крычалі сваё “хайль Гітлер”. Настане час, калі й расейцы на руінах Крамля будуць скуголіць пра “несправядлівасьць лёсу”. А покуль што ў ваколіцах Гудэрмэса ўноч на 14 лютага цемра танкаў, бронемашынаў, вэрталётаў і пехоты праводзіла “важную баявую акцыю супраць бандытаў” (як перадавалі расейскія СМІ). Раніцай карнікі знайшлі ажно 6 трупаў партызанаў, што загінулі ў моры агню. Генэралы зашумелі – вялікая пабеда! Аднак, яшчэ старажытныя казалі: урэшце разбураная пячора львоў. Гэта яны так выказваліся пра канец Асірыйскай імпэрыі, якая далася ў знакі ўсяму Старажытнаму Ўсходу. Дзе цяпер асірыйцы, хто, акрамя арыенталістаў, памятае цяпер пра іхную пышную сталіцу Нінэвію?

14 лютага Паша Севярынец ладзіў са сваім “маладым фронтам” Дзень Сьвятога Валянціна. Некалькі дзесяткаў маладых людзей сабраліся ў цэнтры Менску, раздавалі валянцінкі і выстаўлялі мінакам “васільковы колер пераменаў” (так, прынамсьці, паведамілі пра іхную калярыстыку СМІ). ОМОН накінуўся на маладых і разагнаў іх. Мы памятаем Севярынца сярэдзіны 90-х гадоў. Ён неяк выконваў заданьні ў БНФ “Адраджэньне”, нават выклікаў спачуваньне сваім імпэтам. Потым Паша вырашыў (ці нехта яму настойліва падказаў), што ён дастаткова набраўся досьведу і можа выступаць у якасьці мацёрага самастойнага палітыка. З гэтага моманту пачаўся развал “Маладога Фронту”, адкуль сышлі маладыя інтэлігенты, сумленныя юнакі і дзяўчаты, а сабраліся ўсякія панкі ды гэбоўскія правакатары. Найбольш запомніўся Паша, як ён арганізоўваў у 1999 г. галасаваньне супраць Зянона Пазьняка на зьезьдзе БНФ, на якім “прагматыкі” падаліся за Вінцучком Вячоркам, а патрыёты захавалі сапраўдную арганізацыю Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам З. Пазьняка. Разам з “Зубром” груповачка Севярынца прадстаўляе цяпер клясічную пастку для маладых людзей, арганізаваную спэцслужбамі. Паша – кіруемая асоба, ад такіх у палітыцы ды й наагул у жыцьці трэба трымацца падалей. Замест нармальнай палітычнай працы, “мф” і “зубры” рэгулярна выводзяць юнакоў і дзяўчат пад удары і рэпрэсіі. І робяць сваю подленькую кар’ерку. Правакатар Севярынец падхапіў эстафэту ад архіправакатара М. Статкевіча (якога нядаўна выкінулі нават з ягонай партыйкі). Статкевіч паабяцаў нямецкім спонсарам “васільковую рэвалюцыю” у стылі аранжавай рэвалюцыі на Украіне. І вось ужо Паша бегае з васількамі. Трэба нагадаць, што Сьвяты Валянцін быў рымскім жаўнерам і падчас антыхрысьціянскіх ганеньняў не адмовіўся ад сваёй хрысьціянскай веры, не начапіў на сябе жупелы рымскага імпэратара-паганца. З турмы ён пасылаў сваёй каханай тыя самыя валянцінкі. Клоўн Севярынец гатовы выконваць любыя прыхамаці, любыя “уводныя” ворагаў Беларусі. І мэта гэтых дзеяньняў адзіная – нанесьці шкоду справе абароны Беларусі.

15 лютага сёлета рэжым адзначаў з барабанным боем дзень усіх аўганцаў (маюцца на ўвазе 16-я ўгодкі вываду савецкіх войскаў з Аўганістану пасьля разгрому іх партызанамі). У 1992 годзе маладыя вэтэраны-беларусы запрасілі на мэмарыяльныя мерапрыемствы гэтага дня дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Зянона Пазьняка. Зянон Станіслававіч ня ўдзельнічаў у той жудаснай вайне. Выступаючы перад беларусамі, абпаленымі яе агнём, ён казаў не пра савецкую армію і красных камандзіраў. Ён казаў пра сіратаў, чыех бацькоў паглынула тая крамлёўская авантура ў далёкай Азіі. Як цяжка ім расьці ў сямьях, шчасьце якіх разбуранае вайной. Выступоўца добра ведаў гэта, ягоны бацька таксама не вярнуўся з вайны, загінуў у змаганьні супраць нямецкага фашызму. Усіх кранула тады шчырая прамова дэпутата, які заклікаў да чалавечнасьці, міру і згоды ў нашай Беларусі. І вось цяпер антыбеларускі рэжым арганізаваў на аўганскую тэму дзікія сваім цынізмам скокі. Грамадзтву навязваецца мілітарызм і крыважэрнасьць. Няма адэкватных ацэнак беларускай трагедыі 1979-89 гадоў, калі тысячы нашых юнакоў загінулі і пацярпелі на гэтай крамлёўскай мясарэзцы. Няма праклёну гэтай вайне. Паціху рэжым рыхтуе нашае грамадзтва да новых “подзьвігаў” дзе-небудзь на Каўказе, дзе ўжо даўно адчуваецца дэфіцыт жаўнерскіх кадраў.

15 лютага ў Екацерынбурзе разгарэўся тэатральна-царкоўны скандал. У горад прыехала сталічная балетная трупа. Артысты зьбіраліся паказаць правінцыялам новы балет пад назвай “Распуцін”. Пачаліся пратэсты мясцовай РПЦ, калектыўныя лісты цэлых прыходаў. Спачатку сьвецкія гараджане падумалі, што бацюшкі пратэстуюць супраць надта рэалістычнага вобраза Грыгорыя Распуціна (пра яго ставіць бы мізансцэнкі, забароненыя дзецям да 18-ці, ў кабарэ). Аказваецца, “священный гнев” выклікала зусім іншая постаць – апошні цар імпэрыі. Мікалай ІІ танцуе, як і ўсе астатнія, пад нагамі ў яго час ад часу поўзае вобраз Распуціна. Памятаем, як Ленін у опэры “Октябрь” сьпяваў з браневіка і нічога, ніхто не сьмяяўся. А тут бацюшкі ледзь не сарвалі прэм’еру, анафэмай артыстам гразіліся: як гэта так, сьвяты цар на сцэне танцуе! Ясна, што мясцовыя бацюшкі не самы да гэтага дадумаліся, а атрымалі сігнал з Масквы ад свайго галоўнага начальніка. Арганізатары гастроляў запрасілі нават экспэртызу з мясцовых тэатралаў. Тыя сьмяюцца і паказваюць “калектыўныя пратэсты”, што прыбылі з такіх таёжных раёнаў Сьвярдлоўскай вобласьці, што наўрад ці там хто чуў пра гэты спэктакль. Падобна, што ў РФ няма чым заняцца. Прапануем пачаць збор подпісаў пад шыльдай “саюзнай дзяржавы” за перанясеньне мошчаў Міколкі Крывавага ў маскоўскі маўзалей замест Леніна. Вось быў бы балет!

Харошая газэта “Нар. Воля”. Як той казаў, “коллективный организатор”… Вось 15 лютага ўзяла й выдала на першай старонцы амаль на цэлы падвал опус нейкага Станіслава Кунцэвіча, избирателя, пра апазыцыю і граблі. Дасталося й беларускаму кандыдату: “Меня очень удивило появление в прессе информации о том, что о своём участии в будущих президентских выборах заявил Зенон Станиславович Позьняк. Я ждал от него всего, но только не этого. Совсем недавно, накануне парламентских выборов он призывал всех к бойкоту… Вы, Зенон Станиславович, не знаете, что мировое цивилизованное сообщество не признало наши выборы и референдум легитимными?” І далей словаахвотлівы “избиратель” кпіць і называе рашэньне палітычным самагубствам. “Пісатель” раздаў шчаўбаны і А.Лебедько, і “пяцёрцы плюс”. А самае галоўнае ў тупаватым тэксьце выдзелена тлустым шрыфтом. “Избиратель” заклікае сесьці з уладай за стол перамоваў і прымусіць яе “создать предпосылки для проведения будущих президентских выборов на поистине демократическом уровне – вот задача из задач”. Гэта значыць, мы будзем з імі засядаць ды “поистине демократию” ствараць, а яны будуць у гэты ж час краіну зьнішчаць. А ідэальны адзіны прэзыдэнт, паводле “избирателя” – беспартыйны, фігура вядомая, як на рэгіянальным, так і ў маштабах краіны. Рыхтуйся, беларусе! Чым далей, тым больш будуць падсоўваць цябе такую гэбоўскую блытаніну. Нешта штатны аўтар не згадаў, што сп. Зянона Пазьняка вылучыла Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ. Што менавіта гэтая партыя і Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” (якімі кіруе З. Пазьняк) заклікалі народ да байкоту незаконных выбараў і псэўдарэфэрэндуму 17 кастрычніка летась. Не згадаў гэбоўскі “избиратель”, як “пяцёркі плюс” разам з рэжымам, спэцслужбамі і Масквой заганялі людзей на выбарчыя ўчасткі. Самае галоўнае ў подлай дэзынфармацыі, якую распаўсюджвае апушчаная “Нар. Воля”, — гэта імкненьне зваліць у кучу патрыётаў, якія заклікалі 17 кастрычніка да супраціву спосабам байкоту, і прадажных вінцучкоў-хадыкаў-лебедько, якія насіліся і гукалі “скажі своё НЕТ Лукашенко!” Можна было б не зьвяртаць увагі на гэтае спэцзаданьне, выкананае за ганарар у некалі аўтарытэтнай газэтцы, але важна ўбачыць тэндэнцыю. Не дазволім жа ашукаць сабе!

“Нар. Воля” вызначылася й 16 лютага. На першай зноў жа старонцы пад фанфары падаецца фотапартрэт і густы тэкст пра намэнклятурнага кадра з “партии интеллигентов” (як любіць называць сябе АГП пад лідэрствам незабыўнага А. Лебедько). Партыйны кадр Ігар Леднік, аказваецца, днямі падаў у суд Цэнтральнага раёну г. Менску заяву на ўзбуджэньне крымінальнай справы ў сувязі з неправамоцнымі дзеяньнямі пракуратуры. Паводле “інтеллігентов”, пракуратура не пакарала мясцовы рэжым і пэрсанальна Лукашэнку за сфальшаваны рэфэрэндум. Вось дык герой Леднік з ягонай партыяй. Беларускі народ добра памятае, як АГП з Лебедько ды іншымі “мысліцелямі” актыўна заклікала электарат ісьці на выбарчыя ўчасткі. Як яны высьмейвалі Зянона Пазьняка, ягоных паплечнікаў, разумных людзей, якія абвясьцілі байкот антыканстытуцыйнай рэфэрэндумна-выбарчай авантуры рэжыму. Памятаем, як АГПісты разам з усімі прадажнымі “пяцёркамі плюс” пішчом выстаўляліся кандыдатамі на выбарчай туфце 17 кастрычніка. І самае цікавае, што яны заранёў адкрыта прызнаваліся, што ўсё гэта ёсьць авантура, што выйграць у рэжыма ў такіх умовах немагчыма і г.д. І ўсё роўна гналі людзей галасаваць. Грантасмокі выконвалі загад сваех грантадаўцаў – ворагаў Беларусі. І зарабілі свае юдавы грошы (ганарары кіраўнічкам “пяцёрак” былі ад 10 да 30 тысячаў доляраў). І вось цяпер мы назіраем новы акт прадажніцкага вадэвілю: яны патрабуюць справедлівага суду над дыктатарам. Дык вам самым, прадажнікі, трэба сядаць на лаву падсудных за актыўны ўдзел у крымінальным злачынстве (як вы называеце падзеі 17 кастрычніка 2004 г.). “Нар. Воля” не апублікавала ў свой час зварот у пракуратуру патрыётаў з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ па антыканстытуцыйных дзеяньнях рэжыму, які стварае незаконную “саюзную дзяржаву” з Расеяй (заява пададзеная задоўга да антынародных выбараў і “рэфэрэндуму” летась). Газэтка не цяўкнула пра гэта ані слоўца. Таму ясна, што цяперашняя публікацыя ёсьць кволай спробай засьціць, зацерці дзеяньні сапраўдных патрыётаў мітусьнёй прадажнікаў з АГП, якія зьяўляюцца саўдзельнікамі ў злачынстве. Цікавае прызнаньне АГПістаў таксама пра далейшае прасоўваньне распачатай юрыдычнай ініцыятывы. Яны будуць дзейнічаць “у межах грамадзкага руху “Наша Беларусь”, які стварае генэрал Валера Фралоў. Але першымі, хто актыўна ініцыюе гэты працэс, павінны стаць дэпутаты ад палітпартыяў, якія здолелі прарвацца ў мясцовыя саветы” (канец цытаты). Фралоў, які не аднойчы публічна кляўся ў вернасьці Маскве, які ні слова не можа сказаць па-беларуску, будзе камандаваць расхістваньнем мясцовай дыктатуры (!). А жулікі, якіх дапусьцілі ў бяспраўныя мясцовыя саветы, будуць выконваць генэралавы загады. Божа, ратуй Беларусь!

Чарговы этнічны беларус патрапіў у тарапаты на шырокіх прасторах “расейскай Атчызны”. Аўганскі генэрал-парашутыст Георгі Шпак так і не навучыўся як сьлед размаўляць па-расейску, але зрабіўся (як цэлы шэраг ягоных калегаў па крываваму рамяству) губэрнатарам. У губэрнскай Разані на яго назьбіралі кампраматаў. Гэткая Сучкова абнародвала прызнаньне, што яна была дамовілася са Шпакам пра свой кар’ерны рост. Заплаціла яму 48 мільёнаў рублёў, а ён за гэта павінен быў зрабіць яе віцэ-губэрнатаршай. Але парашутыст, як той Хлестакоў з гогалеўскага “Рэвізора”, грошы ўзяў, а пра абяцанку забыўся. У Разані бьюць званы, па мясцоваму звычаю народ гукае: “Чур его, чур его!” Рыхтуецца мясцовы палацавы пераварот. Відаць, лепш усё ж шпаку будаваць сваю шпакоўню ў сваім кутку, а не лезьці ў чужыя “скворечники”.

17 лютага ў Маскве зноў вырабляліся бацюшкі РПЦ. Яны разам з прадстаўнікамі манархічнай грамадзкасьці (ёсьць і такая ў РФ) сабраліся ў Нова-Ерусалімскім кляштары імпэрскай сталіцы. На мясцовых могілках нядаўна было адноўленае пахаваньне вялікага князя Сяргея Раманава, асобы ня менш крывавай, чым ягоны пляменьнік Мікалай ІІ. Князь Сяргей камандаваў войскамі, якія стралялі па народу, што патрабаваў нармальнага жыцьця і дэмакратыі (многія тысячы забітых і параненых). Роўна 100 гадоў таму, 17.2.1905 г., князь-кат атрымаў сваю долю бабоў. Каля Крамля яго застрэліў рэвалюцыянэр-эсэр Каляеў. Сёньня бацюшкі сьпявалі за ўпакой царскага сатрапа. Потым аркестр зайграў гімны: “Союз нерушімый… Партія Леніна – сіла народная нас к торжеству коммуніма ведёт…” і “Боже, царя храні”. Расея – знаходка для кожнага сюррэаліста, псіхапатоляга і навуковага фантаста. Ну дзе яшчэ вы ўбачыце й пачуеце такое папуры? “Праваслаўныя” гэбісты жагнаюцца ў кляштарах, а потым ускладаюць вянкі да незьлічоных манумэнтаў сатане Ільлічу. Называюць сябе спадчыньнікамі рускіх рэвалюцыяў 1905 і 1917 гг. і дэманстратыўна кланяюцца памяці начальнікаў-катаў, што наладжвалі ў тыя гады якраз контррэвалюцыю. Не, гэта ўсё не для нармальных беларускіх мазгоў. Разгадка тут простая. Дзяржмафія ФСБ спрабуе ўтварыць новую ідэялёгію (нават дзяржаўную рэлігію), дзе ў адзіны пантэён будзе зваленае ўсё: манархія і анархіст Махно, Ленін і зьнішчаны ім патрыярх Нікан, Сталін і расстраляны ім Бухарын, Бэрыя і Хрушчоў з кукурузай, чырвоная зорка і дзьвюхгаловы арол, істінная русскость эфіёпа Пушкіна і турана-мангольская традыцыя, “рус здавайся!” і “мы вам покажем кузькіну мать!”

Крамлёўская сьвіньня. 17 лютага разгарэўся чарговы грузіна-расейскі дыпляматычны канфлікт. Чалавек-бульдог, міністр замежных сувязяў РФ Лаўроў павінен быў прыехаць у Тбілісі з афіцыйным візытам. І раптам Крэмль заявіў, што ягоны міністр ня пойдзе ўскладаць вянок да помніка героям, што загінулі, абараняючы цэласнасьць Грузіі (прыгожы помнік у цэнтры Тбілісі). Такое ламаньне афіцыйнага пратаколу ў дыпляматычнай практыцы лічыцца сур’ёзным дэмаршам супраць дзяржавы-партнэра. Пра гэта якраз і казалі грузінскія міністры і палітыкі, камэнтуючы маскоўскае хамства. А Лаўроў заявіў у адкрытую, што ня будзе хадзіць пад помнік, дзе прозьвішчы “парней, которые погибли в Абхазии и Южной Осетии в результате авантюры тбилисской администрации”. Можна было б пэўным чынам зразумець хама, калі б помнік быў прысьвечаны ахвярам барацьбы супраць расейскай арміі. А тут такая дэманстратыўная істэрыка наконт абхазкай і асэцінскай агентуры Крамля, якая спрабавала нанесьці шкоду грузінскай дзяржаве. Ясна, што Масква проста нарываецца на канфлікт, як кожны шызафрэнічны арганізм, яна ня можа жыць без канфлікту. Хаця, калі б такі помнік быў у цэнтры Менску, то беларусы ня тое што не запрашалі, а й блізка не дапусьцілі б да яго крамлёўскую сьвіньню.

На сяброўскую бяседу зьбіраюцца некалькі салідных асобаў. Але з пэўных меркаваньняў яны запрашаюць да сябе як роўнага жуліка-кліптамана. Той лазіць па іхных кішэнях, выносіць з хаты чужую шубу і г.д. Гэта ёсьць дакладная мадэль паводзінаў Расеі, якую заходнікі здуру запрасілі ў васьмёрку высокаразьвітых краінаў сьвету. Пра гэта днямі вядуцца размовы на слуханьнях у Сэнаце ЗША. Галоўным пытаньнем ёсьць дзяржаўны пагром нафтавай кампаніі ЮКОС у Маскве, у выніку чаго пацярпелі амэрыканскія капіталаўкладальнікі. Сэнатар Дзік Лугар (адна з тых сьветлых галоваў, якія адэкватна разумеюць маскоўскую Імпэрыю Зла) адкрыта заявіў пра неабходнасьць вытурыць Маскву з магутнай васьмёркі. Справа ЮКОСа разглядаецца таксама й у нямецкім Дойчэ Банку (вялікі банкаўскі арганізм). Расея са сваёй кліптаманіяй дала такі шок па капіталістычных мазгах, што мы назіраем цікавы і нештодзённы працэс ацьверазьвеньня заходнікаў. І ня чуваць нешта, каб у апошні час яны нас заклікалі “ісьці да дэмакратыі праз дэмакратычную Расею”. А то раней усю душу нам з гэтым “расейскім шляхам” прадундзелі.

Набліжаюцца парляманцкія выбары ў Малдове (прызначаныя на 6 сакавіка). Малдаване добра засвоілі ўрокі рэвалюцыйнай Украіны і дзейнічаюць адпаведна. 18 лютага з краіны былі экстрадыраваныя (вытураныя) шэсьць расейскіх агентаў, якія называліся “праваабаронцамі” і “назіральнікамі”. Гэта яшчэ нічога, у Галіцыі падчас аранжавай рэвалюцыі такіх украінцы гналі да мяжы высьпеткамі. Настала чарга крамлёўскаму рылу лезьці ў малдаўскія справы, каб ратаваць камуністычную банду мясцовага бальшавіка Воранава, якая апошнія гады трымае ўладу і разбурае Малдову. У Малдове дагэтуль стаіць на тэрыторыі акупаванай прыднястроўскай правінцыі расейскае войска, дзейнічаюць антыдзяржаўныя “улады” маскальскіх марыянэтак. Колькі гадоў таму Воранаў паспрабаваў надаць расейскай мове статус дзяржаўнай. Родную культуру і мову абараніла тады малдаўская моладзь, якая арганізавала шматдзённыя масавыя пратэсты. Цяпер Масква рыхтуе рэванш. Але, мяркуючы па згаданым эпізодзе, імпэрыя праваліцца тут з такім жа грукатам, як на Ўкраіне. Нездарма так затупалі нагамі ў расейскай Дзярждуме, загаласілі: “Чаму гэта яны не запрашаюць нас назіраць за сваімі выбарамі!?” Не запрашаюць таму, што вы – гэбоўская кодла — ўсім ад Дняпра да Днястра астачарцелі. Даведаўшыся пра экстрадыцыю маскоўскай агентуры, думцы пачалі галасаваць за падвышэньне для Малдовы коштаў на сібірскія энэрганосьбіты, за скарачэньне паставак, за ўвядзеньне візавага рэжыму паміж краінамі (зразумела, рэпрэсійныя санкцыі не павінны тычыцца акупаванага маскалямі Прыднястроўя). Палкан брэша, рвецца з ланцуга. А караван вызваленьня народаў ідзе наперад.

Каля мэтро бадзёрыя маладзёны з чорнымі нашыўкамі “Зубра” раздаюць “падпольную” газэтку. Гэбоўскі камсамол, вядома, вядзе сваё змаганьне супраць рэжыму на істінно русском языке (зразумела, чые загады ён выконвае). Газэтка — “Свободная газета”. Паспрабаваў бы які патрыёт-беларус раздаваць каля таго ж мэтро беларускія ўлёткі, і ўжо праз 3-5 хвілін дзяржыморды валаклі б яго ў пастарунак. А тут хоць бы хны, знай нашых! Газэтка прысьвечаная мясцоваму “Нэльсану Мандэлу” – рэжымнаму халую М. Марынічу, які пасварыўся са сваімі гаспадарамі і стаўся апазыцыянэрам і “узніком совесті”. Газэтка расказвае эпізоды з біяграфіі “народнага страдальца” і паказвае фотаздымкі: Марыніч з Ярмошыным і Мясьніковічам, Марыніч з Кебічам… Бліскучая кар’ерка мафіёзы распачалася ў 1994 г. (памятаем, хто тады прыйшоў да ўлады ў РБ). Пасол у Чэхіі, Славаччыне, Угоршчыне, потым у Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, міністр зьнешнеэканамічных сувязяў. І ўсё ў рамках антынароднага прамаскоўскага рэжыму. Нармальныя людзі ад такіх намэнклятурных халопаў дыктатуры хаваюць нацыянальныя каштоўнасьці. А псэўдаапазыцыя падымае такіх на шчыт ды гукае праз згаданую газэтку “Маринич – самый вероятный кандидат в президенты”.
18 лютага танкі і пяхота зноў змагаліся супраць аднаго партызана. На прапанову здацца герой адкрыў “актыўны агонь” (як прызналіся самы карнікі). НТВ паказала труп героя і цемру мясцовых здраднікаў, якія на службе ў маскоўскага акупанта забясьпечваюць “цэласнасьць РФ”. У Грозным з гэтай нагоды “прэзыдэнт”-марыянэтка Алханаў нават даваў прэс-канфэрэнцыю. Расказваў, як “ягоная ўлада” кантралюе ўсю без выключэньня тэрыторыю Чачэніі, як забясьпечвае “парадак”. Дасьціпныя журналісты спыталіся ў яго, а чаму дагэтуль ня ўзялі ў палон легітымнае чачэнскае кіраўніцтва і камандзёраў народнай арміі? Алханаў не збрахаў, сказаўшы: “Это возможно, если они сами заявят о месте своего пребывания и будут ждать, пока мы за ними приедем…” Брава, Алханаў! Такім сэнтэнцыям месца ў Кнізе Гінэса.

Па БТ па сто разоў на дзень іграе аптымістычна-камсамольская музыка і на фоне сімволікі БРСМ выступаюць 60-гадовыя дзядзькі. Яны сэнтымэнтальна апавядаюць пра тое, як 30 гадоў таму беларускі атрад імя Кедышкі будаваў БАМ, які гэта быў залаты час… У 1975 г. мастакі, што езьдзілі па камсамольскай пуцёўцы ў гэты атрад, расказвалі нам пра пьянства і нечалавечыя ўмовы працы на Байкала-Амурскай магістралі. Пазьней пра тое ж, а яшчэ пра галадуху распавядалі беларускія жаўнеры, якім давялося працаваць там побач з зэкамі. А ў гарбачоўскія часы ўжо й тэлевізія распавяла ўсім, што “будоўля камунізму на БАМе” скончылася поўным правалам. Рэйкі там ржавеюць, народ разьбягаецца з таёжных глухіх паселішчаў, якія так і не зрабіліся квітнеючымі гарадамі. Некаторыя з пастарэўшых будаўнікоў заяўлялі ў тэлекамэру, што змарнавалі там сваю маладосьць. Цяперашняя камсамольская лухта пра залаты час, зразумела, ня проста настальгічны матыў. Рэжым рыхтуе нашую моладзь дзеля вялікага кідку на Ўсход. Сьмяротнасьць і сацыяльны крызіс, які ахапіў усю Расею і Сібір у прыватнасьці, агаліў зямлю ад людзей. Маскоўскаму рэйху проста не хапае работнікаў, ён патрабуе новых рабоў з Беларусі. Вось і запрасілі на БТ камсамольскіх старэчаў, каб забясьпечыць нас дозай халопскага аптымізму. Ня выйдзе, товарішчі, цяперашняя моладзь не дазволіць загнаць сябе ў сібірскую дрыгву. Калі Расея нахапала сябе зямлі да самай Манчжурыі, дык вось няхай сама й дзеліць яе з кітайцамі.

20/2/2005 › Актуаліі


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2005
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024