Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Аб падрыўных дзеяньнях супраць беларускага народу і аб палітыцы ліквідацыі незалежнасьці Беларускай дзяржавы

(Заява)

У студзені 2005 года рэжымы Пуціна і Лукашэнкі ўвялі ў дзеяньне новы парадак забраньня падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ) паміж Расеяй і Беларусьсю. Цяпер падатак забіраецца ў бюджэт па краіне прызначэньня тавару (да гэтага моманту быў парадак – па краіне пастаўшчыку).
Вынікі гэтай, здавалася б простай трансфармацыі для Беларусі, наступныя:
- больш чым на 25% павялічыліся кошты на газ, нафту і электраэнэргію і, адпаведна, яшчэ ў большым памеры кошты на камунальныя паслугі для насельніцтва;
- спыненыя грашовыя разьлікі і пастаўкі тавараў і прадукцыі паміж беларускімі і расейскімі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;
- прадпрыемствы працуюць на склад, выпрацоўваюць рэшткі таварных назапашваньняў і спажываюць рэшткі абаротных сродкаў;
- паўстала рэальная пагроза банкруцтва большасьці прадпрыемстваў і масавага беспрацоўя;
- рэзка скараціліся адлічэньні ў бюджэт.

Аналіз падрыхтоўкі і рэалізацыі ўсёй гэтай апэрацыі паказвае, што рэжымы ўзгаднілі гэтую падрыўную акцыю супраць беларусаў і беларускай дзяржавы. Пра гэта сьведчаць наступныя чыньнікі:
- з 2003 году ідуць “перамовы” аб зьмене парадку забраньня ПДВ;
- у верасьні 2004 году падпісанае канчатковае пагадненьне аб забраньні ПДВ па краіне прызначэньня зь 1 студзеня 2005 году (як бачым, часу хапала правесьці арганізацыйныя мерапрыемствы);
- пры наяўнасьці мытных стуктураў, каб падтрымаць сытуацыю адсутнасьці беларуска-расейскай дзяржаўнай мяжы, кантроль за тавараабаротам і ўзаемаразьлікамі ўскладзены на падатковыя інспэкцыі;
- з улікам таго, што аб’ём беларускага гандлю з Расеяй складае больш за 50% (што сталася ў адпаведнасьці з аднабокай палітыкай акупацыйнага лукашэнкаўскага рэжыму), ў падатковых структурах патрабуецца фактычна стварыць яшчэ адзін мытны ворган. Цяпер, ужо ў 2005 годзе, рэжым ліхаманкава спрабуе стварыць такі ворган;
- расейскі бок, усклаўшы кантроль гандлю з Беларусьсю на сваю падатковую інспэкцыю, настолькі ўскладніў гэтую працэдуру, што прымушае расейскіх пастаўшчыкоў і спажыўцоў адмаўляцца ад сувязяў зь беларусамі і пераарыентоўвацца на іншыя рынкі;
- відавочная агульна-карпаратыўная змова расейскіх таваравытворцаў не зьніжаць кошты з расейскай прадукцыі на велічыню ПДВ.

Мэта маштабнай эканамічнай дыверсіі, учыненай урадам Расеі і рэжымам Лукашэнкі, вядомая: пазбавіць беларусаў крыніцаў існаваньня ў сваёй краіне і гэтым значна павялічыць міграцыю беларускай рабочай сілы ў Расею; абанкроціць беларускіх таваравытворцаў і захапіць беларускія прадпрыемствы па расейскай крымінальнай тэхналёгіі. Гэтая падрыўная аперацыя зьяўляецца пашырэньнем палітыкі штучнага стварэньня беспрацоўя, якую праводзіць рэжым. Ужо на гэты час у Расеі працуе каля аднаго мільёну самых кваліфікаваных і актыўных беларусаў, што складае чвэрць усёй беларускай рабочай сілы. Нам вядомыя кошты працы ў Расеі. Беларусы, якія апынуліся ў Расеі дзеля працы, трапляюць у залежнасьць да крымінальных груповак і злучаных зь імі ўладных структураў. Беларусаў у Расеі забіваюць, каб не плаціць заробленыя грошы, рабуюць, многія беларусы трапляюць у рабства.

Расея выкарыстоўвае падрыўную эканамічную апэрацыю як сродак узмацненьня палітычных агрэсіўных захадаў. Кіраўніцтва Расеі заяўляе пра намер паскорыць прыняцьце так званага “канстытуцыйнага акту” — псэўдаюрыдычнага дакуманта, згодна зь якім, дэ-факта прадугледжваецца скасаваньне сувэрэннага статусу Рэспублікі Беларусь . У такім жа духу вытрымана заява пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Блахіна 24 студзеня сёлета, у якой сп. Блахін выказаўся аб ліквідацыі беларускай нацыянальнай валюты і ўвядзеньні на тэрыторыі Беларусі расейскага рубля. Дзейнічаюць антызаконныя антыканстытуцыйныя ворганы псэўдадзяржавы пад назвай “саюзная дзяржава Беларусі і Расеі”. Праводзяцца сакрэтныя паседжаньні гэтых ворганаў і прымаюцца сакрэтныя ад народу пагадненьні і пляны дзеяньняў па ліквідацыі незалежнасьці Беларусі.

Дзеяньні Расеі ў дачыненьні да беларускай дзяржавы, да беларускага народу ёсьць грубае парушэньне Статуту Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў. У адпаведнасьці з “Вызначэньнем агрэсіі”, прынятым 14 сьнежня 1974 года Генэральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, дзейнасьць Расеі зьяўляецца агрэсіяй. Ужо больш за 10 гадоў Масква прымае актыўны ўдзел ва ўтрыманьні і ўмацаваньні дыктатуры Лукашэнкі. Хіба Эўразьвяз ня ведае, што Масква непасрэдна праз сваіх прадстаўнікоў ва ўрадзе рэжыму Лукашэнкі, праз ворганы незаконнага антыканстытуцыйнага ўтварэньня “саюзнай дзяржавы”, праз фактычнае зьліцьцё ФСБ Расеі і КГБ рэжыму Лукашэнкі, праз подкуп і карупцыю трымае пад кантролем і накіроўвае палітычныя працэсы ў Беларусі?

Нас непакояць ляяльныя адносіны да расейскай агрэсіі на Беларусь з боку кіруючых колаў галоўных краінаў Эўразьвязу. Робіцца выгляд, што дыктатура Лукашэнкі ёсьць унутраная праблема Беларусі. Тут відавочны ўплыў эўрапейскіх кампаніяў (кшталту “Рургазу”), якія зьвязаныя з спажываньнем расейскіх газу, нафты, іншай сыравіны. Яны лабіруюць “інтарэсы” Масквы, якая гатовая пастаўляць сыравінныя рэсурсы ў Эўропу, але ў яе ёсьць праблемы з рабочымі рэсурсамі. Масква разьлічвае на дапамогу Эўразьвязу прыўлашчыць людскія рэсурсы Беларусі і Ўкраіны.

Відавочна, што “інтарэсы” Масквы ўлічваюцца. Мы назіраем, як рэгулярна абдымаюцца спадары Пуцін і Шродэр. Відавочна, прагматычны інтарэс пераважыў дэмакратычныя прынцыпы, закладзеныя ў дакумантах Эўразьвязу. Група палітыкаў, якой Эўразьвяз даручыў “курыраваць” беларускае пытаньне, стала актыўным арганізатарам віртуальнага псэўдазмаганьня з дыктатарам Лукашэнкам. У каардынацыі з КГБ (вядомае прызнаньне кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску ў 1997-2001 г.г., нямецкага дыплямата Ганса Віка, які і цяпер “кансультуе” Эўразьвяз па беларускім пытаньні), функцыянерамі АБСЭ была створаная прамаскоўская псэўдаапазыцыя, якая паспрыяла “перамозе” Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 года і дапамагла рэалізаваць “рэфэрэндум” 17 кастрычніка 2004 года.

Фінансаваньне гэтай імітацыі барацьбы псэўдаапазыцыі з дыктатарам адбывалася праз заходнія гранты. Прадстаўнікам псэўдаапазыцыі і цяпер арганізоўваюць (пад патранажам спэцслужбаў Расеі і рэжыму) паездкі і сустрэчы з заходнімі палітычнымі коламі. Яны працягваюць дэзарыентаваць палітычныя колы Захаду, падтрымліваючы міфы аб самастойнасьці дыктатуры Лукашэнкі, магчымасьці дэмакратызацыі Беларусі пры дапамозе Расеі, хаваюць шчыльную сувязь рэжымаў Лукашэнкі і Крамля. Такая палітыка “разуменьня інтарэсаў Расеі”, спрыяньне агрэсіўным намерам Расеі ў справе інкарпарацыі Беларусі, прывяла да таго, што дзесяцімільённы беларускі народ апынуўся пад жорсткім антыбеларускім дыктатарскім рэжымам. Рэжым трансфармаваў заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Цяпер лічыцца “законным” нават прымяненьне спэцсродкаў і зброі супраць мірных акцыяў беларусаў па адстойваньні сваіх нацыянальных і канстытуцыйных правоў і інтарэсаў.

Эўрапэйская палітыка, ў прагматычным рэчышчы такіх кансультантаў як Ганс Вік, паспрыяла стварэньню такой палітычнай сытуацыі ў Беларусі, калі беларускаму народу, каб захаваць незалежную дзяржаву, патрабуецца альбо зьнешняя дапамога, альбо збройнае вырашэньне пытаньня.

Мы за мірнае вырашэньне пытаньня захаваньня незалежнасьці Беларусі. Зьнешнюю дапамогу беларускаму народу з боку ЗША і краінаў Эўразьвязу бачым у наступным:
1. Афіцыйна агучыць пазыцыю ў дачыненьні да агрэсіўных намераў Расеі па інкарпарацыі Беларусі, у тым ліку да дзеяньняў Расеі па стварэньні антыканстытуцыйнай “саюзнай дзяржавы”.
2. Праз Арганізацыю Аб’еднаных Нацыяў, Раду Эўропы падтрымаць дамаганьні беларусаў да Расеі скасаваць незаконныя, антыканстытуцыйныя ворганы так званай “саюзнай дзяржавы” і падтрымкі рэжыму Лукашэнкі.
3. Падтрымаць пазыцыю беларусаў у падрыхтоўцы і правядзеньні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пад пратэктаратам ААН. Выбары павінны адбывацца на законнай аснове бяз удзелу Лукашэнкі, які вычарпаў тэрмін свайго прэзыдэнцтва.
4. Спыніць падтрымку прамаскоўскай псэўдаапазыцыі ў Беларусі і яе ашуканцкай дзейнасьці па “вылучэньні адзінага апазыцыйнага кандыдата” на чарговыя прэзыдэнцкія выбары, якія рыхтуюць рэжымы Масквы і Лукашэнкі.

Будзе недаравальным, калі Захад “закрые вочы” на агрэсію Расеі супраць Беларусі, калі Захад ня ўспрыме ўрокі, якія Расея дае сьвету на Каўказе і ва Ўкраіне. Нельга дапусьціць, каб Беларускі народ стаў ахвярай новых мэтадаў вядзеньня захопніцкай агрэсіі з прымяненьнем эканамічных і інфармацыйных тэхналёгіяў, з выкарыстаньнем татальнай улады спэцслужбаў Расеі КГБ-ФСБ.

13 лютага 2005 г.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ г. Менск

14/2/2005 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2005
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь