Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (старонкі кнігі)

Галоўным рэдактарам “ЛІМа” у 1988 годзе быў Анатоль Вярцінскі, ён намагаўся рабіць газэту пісьменьнікаў актыўным барацьбітом за перабудову, надрукаваў шэраг сьмелых і глыбокіх артыкулаў пра палітыку і асабліва пра стан беларускай мовы. Аднойчы ён пазваніў мне і папрасіў пра адну паслугу. Рэч была ў тым, што два аўтары – Зянон Пазьняк і Леанід Шмыгалёў – прынесьлі яму артыкул пра знойдзеныя пад Менскам пахаваньні ахвяраў НКВД 30-х гадоў. Каб надрукаваць артыкул, трэба “паплавок” – кароценькая прамова кагось з аўтарытэтных аўтараў, якога ён бачыць у асобе Быкава. Зь Зянонам Пазьняком я ня быў знаёмы, ведаў толькі, што ён піша кніжкі па краязнаўстве і ёсьць аўтарам вельмі добрага артыкулу пра мову, надрукаванага ў эстонскім часопісе “Радуга”. У той жа дзень Пазьняк пазваніў мне, і мы спаткаліся каля знакамітай у Менску турмы – Пішчалаўскага замку. Пазьняк выглядаў старэйшым за свае няпоўныя пяцьдзесят гадоў, быў стрыманы і ветлівы, перадаў мне рукапіс артыкулу, які я прачытаў дома і напісаў кароценькую ўрэзку. Прадбачачы, вядома, які вэрхал паднімецца пасьля публікацыі.

Так яно і сталася. Але ў адрозьненьне ад мінулых часоў цяпер і другі бок мог пастаяць за ўласныя прынцыпы. А прынцыпы гэтыя былі наскрозь выкрывальніцкія ў адносінах да нядаўняга чэкісцкага мінулага. Публікацыю “ЛІМа” падхапілі некаторыя расейскія СМІ, польская “Газэта выборча”, а затым іншыя замежныя газэты. Урад Беларусі быў змушаны неяк рэагаваць і стварыў камісію па расьследваньні, маючы надзею неяк усё ўтаіць. У тую камісію ўвайшлі высокія ўрадоўцы, генэральны пракурор, старшыня КДБ, некаторыя дэпутаты-пісьменьнікі і мастакі. Старшынёй была прызначана Ніна Мазай, віцэ-прэм’ер ураду. Вырашылі ўсё пачаць з пошуку дакумантаў у КДБ. Але старшыня КДБ генэрал Шыркоўскі, у кабінэце якога мы зьбіраліся, з гаркатой паведаміў, што нічога няма. Усё згарэла ў вайну, панішчана нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі. З сваіх рук ён паказаў некалькі папкаў асабістых справаў, там сапраўды нічога нельга было зразумець. Калі расстралялі, дык было невядома, дзе і хто? Пасьля шрыфтовага надпісу энкавэдзіста стаяла чарнільная закаручка, зь якой немагчыма было прачытаць прозьвішчы. Умелі шыфраваць, нічога ня скажаш…

Затое на мейсцы ямаў за кальцавой дарогай справа выглядала іначай. Група салдатаў раскопвала курганкі і ямы. Раскопвалі паводле ўсіх правілаў археалёгіі, кіраваў сам Пазьняк, пераціраючы ў пальцах кожны драбок зямлі, усё абмерваў і замалёўваў. Вельмі хутка набралася груда касьцей, прастрэленых у патыліцу чарапоў, рэшткаў абутку, асабістых рэчаў, шмат гільзаў ад наганаў. Другая група людзей абышла навакольныя вёскі, сабрала сьведчаньні пра тое, як тут у 30-я гады прывозілі зь Менску людзей і стралялі. Пыталіся: ну а ў вайну ці стралялі тут каго немцы? Адказ быў аднолькавы: у вайну тут нікога не расстрэльвалі, немцы стралялі ў іншым мейсцы – у Трасьцянцы. (Тое, аднак, не перашкодзіла іншай камісіі, створанай пры Лукашэнку, сьцьвярджаць празь якіх шэсьць гадоў, што тут немцы расстралялі гамбургскіх яўрэяў). Тады ж афіцыйныя ўлады, у тым ліку і генпракурор са старшынёй КДБ змушаныя былі прызнаць факт злачынства НКВД. Пра тое яны нават выдалі ў Маскве кнігу. Увогуле ўсё было дасьледвана і зразумела, камісія склала адпаведны акт. Закінутае ўрочышча на ўскраіне Менску набыло назоў Курапаты і зрабілася ахвярным сымболем Беларусі.

Каб той сымболь неяк адзначыць на мейсцы, трэба было стварыць помнік ці хоць бы які знак. За тое ўзялася адмысловая камісія пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі В. Шаранговіча. Але спрыяльны час для таго, відаць, быў упушчаны, набліжаўся камуністычны рэванш. Камісія і асабліва яе старшыня не знайшлі ў сябе волі выбраць зь немалой колькасьці праэктаў здатны для матар’яльнага ўвасабленьня і канчаткова завалакіцілі справу. Нейкі знак там збудавалі паводле ініцыятывы прэзыдэнта Клінтана, якога прывёў у Курапаты лідэр апазыцыі Зянон Пазьняк. Той знак у выглядзе мармуровай лаўкі неаднойчы спрабавалі разьбіць, пастаўлены грамадзкасьцю крыж валілі, — рэжым рабіў усё, каб сьцерці зь людзкой памяці злачынства бальшавікоў. Цяпер там пракладваюць шасэйную дарогу, каб тое злачынства назаўжды закаціць пад асфальт.

Але пакуль што ідэя справядлівасьці і асуджэньня сталінскіх рэпрэсіяў была яшчэ моцнай, асабліва сярод нацыянальнай інтэлігенцыі. Паводле ініцыятывы Зянона Пазьняка было вырашана стварыць адмысловае таварыства – Беларускі мартыралёг з пэрспэктывай ператварэньня яго ў іншую, болей радыкальную арганізацыю. Кастрычніцкім надвячоркам 1988 году я ішоў у Чырвоны касьцёл, як шмат хто, для стварэньня Мартыралёгу.

Аднак і другі бок прыняў свае меры і няблага падрыхтаваўся. Каб заняць мейсцы ў зале і не дапусьціць іншых, за гадзіну да пачатку туды панапрыходзіла маса кадэбістаў у штацкім, сакратары гаркаму, прадстаўнікі пракуратуры на чале з намесьнікам генэральнага пракурора Кандрацкім. Самы першы прышоў з ЦК інструктар Бузук, які, мяркуючы па ўсім, меў выразнае заданьне сарваць сход.

Я таксама прыйшоў крыху раней і забег у кабінэт дырэктара Дома кіно, якім тады быў Чырвоны касьцёл. Там якраз і стаўся сьведкам таго, як гэты Бузук схапіўся з Пазьняком – наконт маючай адбыцца імпрэзы. Пазьняк даў яму добры адлуп, і я падумаў тады: “Цьвярды характар! Каб такіх болей у Беларусі”.

У зале настаў шум, гоман і крыкі тых, што прыйшлі сюды з намерам сарваць сход. Нешта супраць Пазьняка даводзіў пракурор Кандрацьеў, гістэрычна выкрыквала зь мейсца сакратарка гаркама. Дубянецкі з трыбуны аб’явіў галасаваньне, але як дайшло да Пазьняка, да яго падскочыў Бузук, пачаў сьпіхваць з трыбуны. Заля абурана крычэла. Тады я ўстаў з-за стала і прапанаваў прадоўжыць галасаваньне. Хто за, хто супраць, аднагалосна! – аб’явіў я, як гэтаму навучыўся на сэсіях Вярхоўнага Савету. На тым усё скончылася. Старшынёй мартыралёгу быў абраны Зянон Пазьняк.

І тады хтось (ня памятаю хто) прапанаваў з залі: лічыць абраны камітэт Мартыралёгу – аргкамітэтам Народнага фронту. Заля аглушальна запляскала, тыя апладысмэнты палічылі за згоду. Апанэнты ў ярасьці, сьцяміўшы, што ашукаліся. Але ўжо нічога нельга было перарабіць, пратакол сходу пісаўся бязь іх.

На важнае арганізацыйнае паседжаньне апроч сяброў аргкамітэту прыйшлі таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка і кіраўнік СП Ніл Гілевіч. Калі пачалося паседжаньне, абодва выступілі рэзка супраць стварэньня БНФ. Гілевіч глыбокадумна даводзіў, што тое прыдатна для балтыйскіх народаў, але не для Беларусі. Беларускі народ такой арганізацыі ня прыме. Краўчанка даводзіў тое ж. Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі за. Пазьняка на сходзе тады не было.

Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамітэт быў скліканы зноў і адбыліся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньні адсутнічаў. Канешне, я лічыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсіх адносінах лепшая за Якавенку. І калі я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньні, дык толькі таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу. Цяпер на тое мейсца была абрана Мая Кляшторная, дачка панішчанага беларускага паэта і сама былая зьняволеная Гулагу.

Якраз у гэты час – празь дзень ці два – насоўваліся Дзяды, меркавалася прыняць у іх удзел. Але на паседжаньні БНФ рашылі, што паколькі Дзяды – сьвята рэлігійнае, дык удзел у іх – справа асабістая. Я тады грыпаваў і на могілкі не пайшоў. А менавіта там разгарнуліся трагічныя для менчукоў падзеі. Як тысячы іх падышлі ад станцыі мэтро да могілкаў, там ужо нарыхтаваліся шэтагі войска і міліцыі – з варанкамі, аўтобусамі і нават вадамётамі. Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газамі з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Тады і пасьля шмат людзей апынуліся зьбітыя і затрыманыя ў пастарунках.

Аналітычныя здольнасьці Зянона здаваліся бязьмежнымі. Падобна было на тое, што ён ведаў усё пра Беларусь – сучасную і гістарычную, слухаць ягоныя развагі пра яе можна было гадзінамі. Хоць ён не выглядаў красамоўцам, але гэта быў чалавек, на ўсё жыцьцё хворы Беларусьсю. Я вельмі цаніў гэтую ягоную якасьць, і нават, калі не з усім быў згодны або ня ўсё мне падабалася ў ягоных максімах, не хацеў пярэчыць. Я не адчуваў за сабой права пярэчыць чалавеку, апантанаму вялікай ідэяй.

Праўда, Адамовіч, аднойчы прыехаўшы ў Менск і спаткаўшыся з Пазьняком, сказаў, што гэты чалаве сапраўды можа прэтэндаваць на лідэрства ў Беларусі, адзіны яго недахоп – апантанасьць. Кепска быць апантаным, тым больш – ідэяй. Самыя высакародныя ідэі менавіта і банкрутуюць з прычыны апантанасьці іхніх носьбітаў. Увогуле з тым я быў згодны, але не ў дачыненьні да Пазьняка. Я меркаваў, што для апалітычнай, рахманай Беларусі патрэбны менавіта такі лідэр. Толькі такі меў магчымасьць, здольнасьць і волю абудзіць нацыю, якая багата што праспала ў сваёй гісторыі.

Тая мая прыхільнасьць да Пазьняка ўзмацнела, калі аднойчы, уключыўшы тэлевізар, убачыў буйным плянам яго аскетычны твар, рашучыя твары ягоных паплечнікаў і пачуў, як лідэр БНФ абвясьціў камуністычную партыю бандай тыранаў і забойцаў, самай крывавай у нашай гісторыі. Тое яго выступленьне ў прамым эфіры беларускага тэлебачаньня, таксама як і некаторыя газэтныя публікацыі напачатку выклікалі шок у грамадзтве, нязвыклым да падобных пасажаў. Тым ня менш пройдзе трохі часу і тое ж грамадзтва без праблемаў абярэ Зянона Станіслававіча дэпутатам Вярхоўнага Савету. Вядома, гэта стала магчымым з нагоды, калі выбарчыя камісіі яшчэ не былі цалкам заангажаваныя рэжымам і падлічвалі галасы больш-менш аб’ектыўна. Разам з Пазьняком у Вярхоўны Савет была абрана даволі вялікая група сяброў БНФ, якая і склала грунт парляманцкай апазыцыі, што шмат чаго дамаглася наконт незалежнасьці краіны. Тыя посьпехі апазыцыі і яе лідэра шмат каго грэлі, натхнялі і давалі надзею.

Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Менск, ГА БТ “Кніга”, 2002.
Фота - bykau.com

7/2/2005 › Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Люты 2005
П А С Ч П С Н
« Сту   Сак »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024