Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Стэн Стэнсэн Бліхэр “Дзяўчына з Радоса”

(сапраўдны выпадак)
У порце Марселя як ніколі віравала жыццё: на прычале было поўна народу; усе караблі ўзнялі сцягі; усе гарматы грукаталі. У мора выходзіў адзін з галіёнаў радоскіх рыцараў (1), выдатна узброены і з моцнай камандай. Але што найбольш выклікала цікаўнасць і захапленне натоўпу, дык гэта бліскучы шыхт французскіх юнакоў, якія толькі нядаўна прынялі крыж, а цяпер выпраўляліся ў паход, каб выпрабаваць мячы Багародзіцы на турэцкіх турбанах. Ніхто з маладых рыцараў не прывабліваў столькі жаночых вачэй, колькі Франсуа дэ Сэн Прэвіль. Ягоны твар, юны, ззяючы здароўем і мужнасцю, быў звернуты (як і ва ўсіх ягоных высакародных таварышаў па зброі) да любай Айчыны і яе прыгожых дачок. А карабель нёс яго ў бурнае мора, ён адчуваў крылы паўночнага ветру, што прыгнятаў, даносячы енкі і развітальныя крыкі, халадзіў яго гарачыя шчокі.

Побач з ім стаяў ягоны стрыечны брат і таварыш дзіцячых гульняў Амарал – ва ўсіх адносінах супрацьлегласць адкрытаму, дружалюбнаму, сумленнаму і ў любым становішчы заўсёды ўпэўненаму ў сябе Сэн Прэвілю. Амарал быў пыхлівы, замкнёны – а часам асцярожны да крайнасці; апантаны жарсцямі, няўрымслівы ў жаданнях, якія ён імкнуўся задаволіць любым коштам спачатку кіруемы простай прыхамаццю, а потым ганарлівасцю. Ён быў высокі, ладны і прыгожы – можа прыгажэйшы за Сэн Прэвіля, які быў сярэдняга росту, але мацнейшы і элегантнейшы. Аднак мужчынскую прыгажосць Амарала псаваў адбітак пыхі і фанабэрыі, які магла засціць адно пожадзь – не каханне. Маючы толькі дваццаць год, ён ўжо быў вопытным бабахотам. Па ім не адна ўздыхала цяпер: “Бывай, прыгожы падманшчык!” А з Сэн Прэвілем мілыя вусны, што дарэмна чакалі пяшчотаў, развітваліся: “Бывай, прыгожы і бязлітасны! Бывай, ты – як прыўкрасная статуя!”

Бераг Праванса знік за хвалямі; набліжалася Корсіка. Тут яны заўважылі ветразнік, які, здаецца, адчаліў ад берага і цяперака кіраваўся на поўдзень. Галіён пайшоў наўздагон, узняўшы ўсе ветразі. Праз тры гадзіны пагоні ваяўнічыя радосцы наблізіліся настолькі, што ясна маглі разглядзець вялікі турэцкі ваенны карабель. Ганарлівыя мусульмане самі дазволілі сябе дагнаць. Яны выкарыстоўвалі толькі меншыя ветразі, часам ішлі зігзагамі, нібыта чакаючы ворага і высмейваючы яго за маруднасць.

Рыцары пачалі прыгатаўляць карабель і самі рыхтаваліся да сур’ёзнай сутычкі. Яны ўжо добра ведалі, што Турак меў мацнейшую каманду, а ягонай крывой шабляй кіравала моцная рука. Старэйшыя, даўно загартаваныя ў бітвах ветэраны спрабавалі паўстрымаць імпэтны похап маладых, астуджваючы іх патрабаваннем асцярожнасці, абяцаючы, што калі справа дойдзе да абардажу, то яны пойдуць першымі.

Бітва распачалася. Глухі грукат гармат, здавалася, быў толькі шумам, бо ядры або не даляталі да караблёў, або пераляталі цераз іх. Пакуль не дайшло да крывавай работы, ваяры віталі адны адных фанабэрыстым гуканнем, падскокваючы і тупаючы. Турак страляў кепска, але манеўрыраваў лепш, і хутка наблізіўся, каб уступіць у бой і адпомсціць за панесеныя страты. Капітан галіёна, які таксама імкнуўся да абардажу, і не хацеў напалохаць ворага, дэманструючы ўсе свае сілы, схаваў палову ваяроў да рашаючага моманту. Момант настаў: караблі сутыкнуліся бартамі. Хрысціяне і туркі падрыхтаваліся да скачка – як раптам грамавы камандны покліч загадаў апошнім адысці назад. Першы тузін кінуўся на іх, і ў тое ж імгненне туркі сякерамі абсеклі бусакі рыцараў, а сваімі бусакамі адштурхнулі галіён. Тут сэнс гэтага манеўра стаў зразумелы і радосцам: два ветразнікі пад сцягамі з крыжом спяшаліся ім на дапамогу. Турэцкі капітан, заўважыўшы іх першым, адразу ж вырашыў ратавацца уцёкамі, спадзяючыся на большую хуткаснасць свайго карабля. Галіён рабіў усё, каб зноў наблізіцца да яго, але дарэмна: ён мог пераследваць ворага толькі ядрамі, а той страляў у адказ з кармавых гармат. Карабель аддаляўся ўсё больш і больш. Ужо праз гадзіну ён схаваўся за даляглядам, а праз дзве гадзіны начная цемра схавала яго далоў з вачэй хрысціянскіх рыцараў, што прагнулі помсты.

Тыя, што пераскочылі да турак, вялі адчайны і крывавы бой. Не могучы дапамагчы ім, таварышы на палубе былі гледачамі гэтай няроўнай бітвы і бачылі, як адзін за адным іхнія шлемы знікалі сярод турбанаў. Хутка застаўся толькі адзін – шлем Сэн Прэвіля. Стоячы спіной да дзвярэй каюты, ён трымаўся па-рыцарску. Бліскучае лязо мяча пазначала кожнага, хто надта набліжаўся да яго. “Прыбіць яго бусаком да сцяны!”—гукнуў нечый голас, і ўжо некалькі бусакоў натапырыліся супраць яго. Але намеснік капітана паўстрымаў нападаючых і ў захапленні непараўнальнай мужнасцю і смеласцю юнага рыцара запрапанаваў яму пардону. Бусакі ўзняліся, шаблі апусціліся і паўкола нападаючых застыла, чакаючы ягоны адказ. “Колькі гэта будзе каштаваць?” – спытаў Сэн Прэвіль. “Пяць тысяч цэхінаў.—прагучала ў адказ.—І свабода ўключана ў суму”. “Нешта дорага!”—крыкнуў Сэн Прэвіль.—Але я пашукаю грошы”. “Добра!—сказаў турак.—Давай мне меч! Калі заплаціш выкуп, атрымаеш яго назад, бо дужа добра валодаеш ім”. Капітан, які дагэтуль быў пры гарматах, што адказвалі на стрэлы пагоні, падышоў таксама. Ён злаваўся, таму што абардажны бой доўжыўся так шмат, і яшчэ больш таму, што перамога каштавала так дорага, бо на палубе сярод загінуўшых рыцараў ляжала ў тры разы больш пабітых турак. Яго бянтэжыла, што ягоны падначалены падарыў маладому хрысціяніну жыццё. І можа толькі пяць тысяч цэхінаў паўстрымалі яго ад парушэння мірнага пагаднення.

Сэн Прэвіля адвялі пад палубу і замкнулі ў малым кубрыку, дзе ён сам мусіў перавязаць свае лёгкія раны. Ежы яму далі дастаткова.

Ноч цягнулася ў сумных разважаннях. Першы ж крок на шляху гонару прывёў яго да неўдачы. Ён быў адлучаны ад сяброў і адзінаверцаў – многія з іх загінулі побач з ім. Ён быў ў палоне ў зацятых ворагаў Крыжа, і да тае пары, пакуль ягоныя родзічы будуць збіраць цяжкі выкуп, ягоным удзелам будзе рабства ў дзікіх варвараў. Аднак пяшчотныя прамяні надзеі, што прабіваліся ў самы смутны закуток, тым больш знаходзілі дарогу да мужнага сэрца маладога франка! Ён спакойна нёс цяжар лёсу і з дзіцячай даверлівасцю сустракаў Гасподнюю волю.

Пад раніцу – у згодзе з самім сабой і паглыблены ў думках аб зменлівасці лёсу — ён быў хацеў ужо аддацца сну і салодкаму забыццю аб усіх бедах. Склаў рукі ў багавейнай малітве, пацалаваў крыж на сваіх грудзях і паклаўся на саламяны тапчан, глыбока і шчымліва ўздыхнуўшы. Раптам ён пачуў, як нехта, зусім побач з ім ўздыхнуў у адказ. Юнак ускочыў і, не стрымаўшыся, крыкнуў: “Хто гэта?” “Франсуа, гэта ты?”—прагучаў голас. “Божа мой, Амарал!—прашаптаў Сэн Прэвіль.—Дзе ты?” “Ды вось іду на корм да сялёдак.—адказаў Амарал.—Трымаюся за руль, але больш не маю сіл. А ты дзе?” “У цёмным лёху!”—адказаў Сэн Прэвіль.—Пад пільнай аховай ды з надзеяй быць выкупленым”. “Калі ўрэшце вернешся дадому,– уздыхнуў Амарал,– то павітай ад мяне правансальскіх дзяўчат ды скажы, што я ляжу на дне марскім”. “Кінь ты, дружа!—сказаў палонны рыцар.—Паспрабую выратаваць цябе. Тут ёсць дзірка для пэўных патрэб. Яна надта малая, каб пралезці; але калі ты маеш кінжал, то я паспрабую пашырыць яе”. Ён падняў крышку, узяў у Амарала кінжал і пачаў асцярожна пашыраць адтуліну. Палічыўшы, што яна дастакова прасторная, ён папрасіў сябра зняць даспехі і ціхенька частка за часткай апусціць у ваду. Зрабіўшы гэта, Амарал ухапіўся за руку Сэн Прэвіля і, хаця не без намаганняў, улез да яго. Тут ён расказаў, як ацалеў у крывавай лазне: на самым пачатку бітвы ён атрымаў аглушальны ўдар па галаве і беспрытомны ўпаў на палубу. Ачуняў толькі тады, калі разам з мёртвымі быў выкінуты за борт. Халодная купель вярнула яму прытомнасць, і ён здолеў праплыць пад карму, дзе ухапіўся за руль. Зрэшты ён не быў паранены, нішто не балела, адно было няёмка і холадна. – Тады ён зняў мокрую вопратку, а верны сябра падзяліўся з ім сваёй сухой адзёжай. Сэн Прэвіль высакародна запрапанаваў дзяліцца з ім ежай і пітвом, а калі прыбудуць у турэцкі порт, з усіх сіл спрыяць ягонаму вызваленню. Каб не быць спайманым, Амарал мусіў штораз, як выдавалі ежу, хавацца пад саламяны тапчан, які служыў пасцеллю палоннаму.

Ледзь яны дамовіліся аб усім, як гучныя галасы зусім побач з імі паслужылі знакам паводзіць сябе як мага цішэй. На самой справе толькі тонкая сценка аддзяляла іх ад каюты турэцкага капітана, а праз шчыліну яны маглі бачыць частку яе прасторы. Гэта было адкрыццё, якое праз колькі дзён паслужыла іх вызваленню і дазволіла ім самім вызначаць кошт сваёй свабоды.

Аднойчы раніцай на караблі пачаўся рух; загучалі гарматы. Яны адказвалі на слабыя аддаленыя стрэлы. І нашы палонныя не мелі сумневу, што паміж Туркам і нейкім хрысціянскім суднам ідзе бой. Праз паўгадзіны гарматы змоўклі, і зазвінелі мячы – пачаўся абардаж; але яны не маглі бачыць яго. Аднак хутка рыцары пераканаліся, што перамога была на баку іхніх ворагаў. Пад страшныя крыкі ў славу Алаха ішоў рубон, пачуліся жаласныя енкі гвалтуемых жанчын. Сэрцы рыцараў палалі, целы ламіла ад гневу і бездапаможнага адчаю.

Прайшло няшмат часу, і расчыніліся дзверы капітанскай каюты. Сэн Прэвіль прыпаў да шчыліны і ўбачыў, як турак цягне за сабой маладзіцу ў грэчаскім строі. Той зачыніў дзверы. “Цяпер, мая міртавая кветка!—пачаў ён.—Мы самі тут, і цябе ўжо не трэба сароміцца або прыкідвацца. У гэтае імгненне ты адзіная султанша на ўвесь мой гарэм. І таму…” Тут ён спыніў сваю варварска-галантную прамову, спрабуючы абняць яе. Але дзяўчына так моцна дала яму рукой у грудзі, што ён адхінуўся на два крокі і апусціў рукі. Турак нахмурыў лоб, пагладзіў бараду, ўдаваючы раззлаванасць, каб працягнуць любоўную атаку пагрозамі. Але яна апярэдзіла яго такімі словамі: “Турак! Варвар, я – хрысціянска! Я – грэчанка, а не шлюха. Маё жыццё ў тваіх руках, але не мой гонар…” “Што яшчэ за гонар, мая ж ты маладзічка! – спыніў яе турак.—Давай па добрай волі, што магу ўзяць сілай!” Ён ізноў наблізіўся да яе з растапыранымі рукамі, але дзяўчо імгненна і спрытна выхапіла з похвы ягоны кінжал, крутнулася, прыціснулася спіной да сцяны і выставіла кінжал перад сабой. Раней Сэн Прэвіль мог толькі ззаду бачыць яе высокую, стройную постаць; цяпер яна павярнулася да яго тварам, высакародная прыгажосць якога адразу ж выклікала ў ім узнёслае захапленне і глыбокае спачуванне. “Цяпер ты ў маёй уладзе! – закрычала яна.—Толькі паспрабуй наблізіцца і гэты кінжал будзе сядзець у тваіх грудзях”. Амарал, які з хваляваннем слухаў усю размову, прашаптаў сябру: “З такою і пекла пяройдзеш… дай і мяне паглядзець на гэтую амазонку!” Сэн Прэвіль адсунуў галаву і ўпершыню за ўвесь час глыбока ўздыхнуў. Праз імгненне турак зноў пачаў завабліваць яе. А калі гэта не дапамагала, то пагражаў. Ён пераконваў адважную грэчанку, што ёй не выкруціцца ад яго, што будзе горш, калі ён пакліча пару сваіх людзей. І калі яна прымусіць яго ўжыць гвалт, то станецца здабычай усёй каманды. “Ну давай! – адказала яна.—Хадзі! Вядзі сюды сваіх халопаў! Але будзь пэўны, што твой кінжал вызваліць мяне ад вас усіх”. У Сэн Прэвіля зашчыміла ў грудзях, ён прашаптаў: “Я больш не магу цярпець… мы мусім яе выратаваць!” “Выратаваць яе? – сказаў Амарал.—Якім чынам? Цудам?” “Што робіць турак? – спытаўся са страхам Сэн Прэвіль. “Бярэ падушкі сафы”.– адказаў Амарал. “Ён збіраецца выкарыстаць іх як шчыт і зброю нападу.– сказаў Прэвіль.—Нельга губляць час! Сценкі тонкія і гнілыя, праломім іх і…” “І што?” – спытаў саркастычна Амарал. “І заб’ем турка ды вызвалім яе!”—сказаў Сэн Прэвіль ды так громка, што пачуў турак. “Дык ты падслухоўваеш, хрысціянскі сабака!” – закрычаў ён. “Давай!” – сказаў Сэн Прэвіль і кінуўся на сценку з усяе сілы. Сценка разляцелася, і ён уварваўся ў каюту, а за ім Амарал з кінжалам у руцэ. Напалоханы капітан вытрэшчыўся на іх, а Сэн Прэвілю хапіла гэтай секунды, каб выхапіць кінжал з рукі грэчанкі і ўсадзіць яго ў сэрца варвара. Той асеў на падлогу без адзінага гука.

Настала ціша, жывыя застылі без словаў разам з мёртвым. Міра,– так звалі гэтую дзяўчыну,– першая парушыла маўчанне: “Я ўдзячная вам, мае высакародныя выратавальнікі! – сказала яна.—Само неба паслала вас, каб вызваліць мяне ад гэтай пачвары. Але толькі яно і мае сілу назаўсёды вызваліць нас, бо як на моц чалавека, то небяспека застаецца такой жа вялікай для ўсіх нас”.

Сэн Прэвіль адказаў толькі поглядам, бо было ясна, што не страх валодаў ягонай душой. Здавалася, ён згубіў уяўленне аб тым, што адбылося, ды і аб тым, што магло стацца. Больш спрытны Амарал лепш разумеў становішча. “Святы Ян! – сказаў ён.—Прыгожая пані мае рацыю: мы выйгралі роўна на столькі, каб цяпер памерці разам, трошкі ўзнялі кошт нашага жыцця на пару турэцкіх галоў, а тыя скора спахопяцца, дзе падзеўся іхні камандзір. Але тым часам трэба прыкрыць тыл! Дапамажы мне, Франсуа!” З гэтымі словамі ён пачаў ставіць на месца выламаныя дошкі. Зрабіўшы гэта, прыпёр да сценкі абедзве сафы, а на іх паставіў вялізны куфар. “А з ім што рабіць?”—спытаўся Сэн Прэвіль, паказваючы на мёртвага капітана. “Калі дажывем да вечара, то адправім яго тым шляхам, якім я патрапіў сюды”. “Ага, вось як?”—прамармытаў Сэн Прэвіль, с трывогай зірнуўшы на грэчанку. “Але,– ён утаропіўся ў падлогу,– здаецца, ёсць яшчэ адзін спосаб: падчас бітвы я пачуў, як яны патрабавалі прынесці ім адсюль зарады; іхні парахавы склад павінен месціцца недзе тут”. Ён ухапіўся за кальцо ў падлозе і тузануў: крышка паднялася, за ёй была яшчэ адна. І глянь жа ты, за ёй сапраўды было ўмацаванае памяшканне, больш чым на палову напоўненае парахавымі зарадамі. “Хвала нябёсам!—закрычаў ён.—Цяпер філістымляне ва ўладзе Самсона. Дастаткова адной іскры, і мы можам узарваць іх усіх …” “…разам з намі!” – падхапіў Амарал. “А хто ведае,– працягнуў Сэн Прэвіль,– чаго мы можам дамагчыся ў ворагаў гэтай пагрозай? У шафе я бачу ёсць фіцілі і агніва… Прыгожая пані!—звярнуўся ён да грэчанкі.—мы былі сведкамі вашай мужнасці і самавалодання; я не магу сумнявацца, што вы з ахвотаю і дзейсна паўдзельнічаеце ў нашым плане. Вы і мой сябра застанецеся тут, а я тым часам падымуся на палубу і запрапаную туркам дзве ўмовы: або яны даставяць нас у хрысціянскі порт і ў гэтым выпадку мы даем ім гарантыю, што яны адплывуць адтуль без анікой перашкоды; або мы ўзрываем карабель”. “Ваш план, высакародны рыцар,– сказала Міра,– не можа здавацца мяне больш страшным за тое, да чаго я ўжо была гатова! У горшым выпадку мы захаваем найкаштоўнейшае, што маем – наш гонар”. “Было б разумным,– гукнуў Амарал,– каб мы захавалі нешта большае. Давайце я пайду да іх на перамовы! Мне да зарэзу трэба вопратка, а яму ўжо не – дапамажы, Франсуа!” З гэтымі словамі ён пачаў распранаць труп. Міра адвярнулася. Скора замест радосца ў каюце стаяў турэцкі баса.

Ён нацягнуў турбан на лоб і заткнуў акрываўлены кінжал за пас. “Цікава,– сказаў ён з усмешкай,– што каманда скажа свайму новаму капітану. З’явіцца нехта зусім чужы ў знаёмым строі іхняга начальніка, нібыта прама з нябёсаў або з магілы, вось напалохаюцца. А вы, мая дарагая! – звярнуўся ён да Міры з далікатнасцю, уласцівай французам,– Думаеце, я не здолею быць такім страшным, як ранейшы гаспадар гэтага строя?” “Рабэр!—сказаў паважна Сэн Прэвіль; ён ужо стаяў з запаленым фіцілём у руцэ.—няма часу на цырымоніі, можа праз колькі хвілін мы будзем вымушаны зрабіць важны крок…” “… скачок, ты хацеў сказаць.—перапыніў яго Амарал.—Усё адно – што радасць, што журба! Ну, бывайце! Скора зноў будзем разам, або тут, або…—ён паказаў на неба.—там!”

Ён расчыніў дзверы каюты і хутка падняўся па трапу. Міра з непакоем зірнула яму ў след. Потым яна дастала маленькі залаты крыжык, які мела на грудзях, укленчыла, пацалавала яго і пачала маліцца, склаўшы рукі. Часу было зусім мала, яна малілася ціха і апантана. Душа рыцара, набожна прасветленая і моцная, таксама звярнулася да Уладара смерці і жыцця. Але скора іхняя малітва была перарвана высокім і рэзкім крыкам Амарала: “Фіціль напагатове?” “Так!—гукнуў Сэн Прэвіль.—Трымаю яго ў дзюйме ад пораху”. “Добра!—адказаў той.—калі я крыкну “агонь!”, падпальвай яго ў імя Госпада і ўсіх святых!” Але яму не давялося выкрыкнуць гэтыя страшныя словы: праз колькі хвілін Амарал трыюмфуючы спусціўся ў каюту з крыкам: “Вікторыя! Сябры, мы плывем прамым курсам на Радос!”

Дзёрзкі юнак сваім з’яўленнем на палубе выклікаў непараўнальнае здзіўленне турак: яны ўбачылі свайго начальніка, і ў той жа час гэта быў не ён. Ягоны строй да найменшай дробязі, ягоная постаць, але не ягоны твар, больш таго не ягоны голас прамовіў да іх. Амарал, прачытаўшы на іхніх тварах разгубленасць упярэмешку са страхам, паспрабаваў выкарыстаць моцны эфект першай хвіліны наступным хітрыкам.

“Назад!—гукнуў ён глыбокім і пагрозлівым голасам.—Назад, сыны Іслама! Першы, хто наблізіцца да мяне, станецца здабычай смерці. Слухайце і трымціце! Здарыўся цуд, нябачаны з часоў Прарока: ваш капітан жывым патрапіў у рай, а я перанёсся праз паветра з муроў Каіра, каб замяніць яго. Пятнаццаць хвілін таму я скакаў сярод маіх мамелюкаў, як Прарок – няхай будзе багаславёным ягонае імя – з’явіўся мне. Ібрагім!—сказаў ён.—сядай на васьміногага каня; ён адвязе цябе з хуткасцю маланкі на карабель, які ты павядзеш да славутых перамог. Як толькі станеш на палубе, мусіш адразу плыць на востраў Радос, якім цяпер валодаюць няверныя. Калі ты выцягнеш гэты меч… (тут ён выцягнуў кінжал і ўзмахнуў ім), ён заззяе ў тысячу разоў ярчэй за сонца. Няверныя напалохаюцца, пабягуць і патопяцца ў моры; а ты станеш уладаром горада і ўсіх іхніх багаццяў”.

Ніхто не вымавіў ані слова, слухаючы гэтую велічную прамову. Усе застылі і не маглі прыйсці ў сябе, ўтаропіўшыся ў юнака, аблашчанага Прарокам. Пакуль адзін з тых, што стаялі ззаду (ён быў менш даверлівы за іншых), не прашаптаў свайму суседу: “А ці гэта не палонны франк?” “Не, ты што?—адказаў той.—Таго мы ведаем надта добра. Ён або кажа праўду, або гэта сам д’ябал”.

“Адказвайце, сыны Прарока!—зноў гукнуў Амарал.—Ці будзеце вы слухацца ягонай свяшчэннай волі, ці вас чакае жудаснае пакаранне на гэтым і на тым свеце?” Тым часам падыйшоў намеснік капітана, які быў на іншым канцы карабля. Ён пачуў апошнія словы рыцара. “Што гэта такое?—закрычаў ён, наводзячы парадак у самкнёным натоўпе.—А ты хто такі, каб тут камандаваць?” Амарал у некалькіх словах паўтарыў сваю легенду. “Хо-хо!—гукнуў той.—Прамінулі часы, калі Прарок рабіў цуды, разумных людзей ты не надурыш такімі казкамі. Ты — франк, цябе выдае твой акцэнт. Ты сядзеў недзе на караблі. Але пачакай, мы засодзім цябе зноў ды так, што Прарок цябе ўжо не знойдзе. Мусульмане!..” Ён хацеў сказаць: “Хапайце яго!” Але не паспеў, бо Амарал падняў руку і крыкнуў: “Стойце! Яшчэ адно слова! Калі ты не выслухаеш мяне, гэта будзе каштаваць жыцця цябе і ўсёй камандзе. Дай час, каб адкрыць праўду, а потым рабіце са мной, што хочаце. Я і так у вашай уладзе”. “Ну, кажы давай, толькі паспяшайся!”—быў адказ. “Унізе ў каюце,– сказаў рыцар,– стаіць мой таварыш з запаленым фіцілём каля адкрытага парахавога складу. Як толькі вы схопіце мяне, то ўзляціце ў паветра…” І ён крыкнуў ім: “Туркі, Вы цяпер бачыце, хто мае абсалютную ўладу на караблі. Аднак мы не хочам злоўжываць уладай, калі вы не прымусіце нас да гэтага”. Хасан чухаў бараду, астатнія мармыталі праклёны… “Дзе Імры, наш баса?”—спытаў Хасан. “Я ўжо казаў дзе.—адказаў Амарал.—Ягоная душа, калі ён меў яе, цяпер разам з Прарокам: сярод гурый, якія больш саступлівыя, чымсьці грэчанка, якая ўсадзіла яму ягоны ж кінжал. Але паслухайце, што я вам прапаную! Вы вязеце нас на Радос, і як толькі мы высаджваемся на бераг, вы адплываеце вольна і бесперашкодна на вашым караблі з усім скарбам. Ты падарыў майму таварышу па зброі жыццё; мы адплацім вам тым жа”.

“Досыць!—сказаў Хасан.—А якія гарантыі ты даеш? Мы даплывем да Радоса, а вашыя таварышы захопяць наш карабель ды зробяць нас саміх рабамі”. “Мы прысягаем,– адказаў Амарал,– рыцарскім гонарам і нашым святым Евангеллем: ніхто не кране воласа на вашых галовах. Наш вялікі магістар не мае моцы парушыць нашу клятву. Акрамя таго, ты бачыш, што вы не маеце іншага выбару”.

Хасан параіўся з камандай. У выніку дзіўнае пагадненне было заключана. Амарал пакінуў палубу, а карабель узяў курс на востраў Іанітаў. Да вострава было ўсяго паўдні плавання. Пакуль плылі, рыцары змянялі адзін аднаго на палубе; яны спакойна хадзілі сярод турак.

Цяперака настаў час Міры распавесці сябрам па чарзе яе гісторыю. Яна была дачка грэчаскага купца з Радоса. Ён памёр шмат год таму, але была жывая яго ўдава. Вельмі багаты дзядзка Міры, што жыў на Кандзіі, але быў нежанаты, запрапанаваў узяць яе да сябе і адпісаць ёй усю спадчыну. Ейныя ж сёстры заставаліся з маці. Таракі, так звалі гэтага дзядзку, прыплыў на Радос чатырнаццаць дзён таму на сваім гандлёвым караблі, аснаджоным таксама і для бою. Праз дванаццаць дзён ён адплыў ад вострава, узяўшы некалькі падарожнікаў, сярод якіх пару сем’яў, што жадалі асесці на Кандзіі. На няшчасце па дарозе на іх напалі мацнейшыя за іх карсары і пасля кароткага бою ўзялі карабель на абардаж. Яна аказалася адзінай здабычай турак. Бо калі яе зацягнулі на турэцкі карабель, каб быць ахвярай пажаднасці капітана, рубон працягваўся, як нехта крыкнуў, што кандзійскі карабель тоне. Нават не ўсім туркам удалося выратавацца, ускочыўшы на свой карабель. Як толькі яны адплылі на адлегласць ружэйнага стрэлу, гандлёвец патануў без следу.

На працягу некалькіх гадзін плавання ў кірунку Радоса Міра мусіла заставацца сам-насам то з Амаралам, то з ягоным сябрам. Кожны з іх абыходзіўся з ёю па-рознаму: першы надта шмат гаварыў, другі амаль не сказаў ні слова. Той быў настойлівы ў словах і позірках, гэты ледзь рашаўся зірнуць на яе: адно здушаныя ўздохі сведчылі, што ён знаходзіўся побач з прыгажуней. Маўклівы напарнік падабаўся ёй значна больш за балбатлівага. Амарал быў прызвычаены да перамог; гэта зрабіла яго дзёрзкім і настойлівым. Але Міра не была лёгкай здабычай; жаночы гонар быў ейным абаронцам нат больш за яе цнатлівасць. Рыцар, прызвычаены разглядаць кожны супраціў толькі як прыкідванне і хітрыкі, так далёка зайшоў у сваіх залётах, што дастойная дзяўчына мусіла вярнуць яго да межаў пачцівасці. “Пане рыцар!—сказала яна такім тонам і з такім выразам твару, якія дэманстравалі яе сур’ёзнасць.—Пакіньце вашы жарты тым, якія зразумеюць іх! Шануйце жаночую цнатлівасць! Балюча думаць пра дзяўчын вашай краіны, калі вы не адкрылі для сябе існаванне цноты. Вы бачылі, як грэчанка змагаецца супраць гвалту, а хітрыкамі я пагарджаю”. Уражанага Амарала змяніў ягоны мягкі і сціплы сябра. Яму засталося прыкусіць ласыя вусны і спыніць свой напор. Але ён не пакінуў жадання.

Перад захадам сонца карсарскі карабель пад сцягам з крыжом увайшоў цераз вузкую пратоку ў гавань Радоса. Перад гэтым усе туркі, акрамя Хасана, схаваліся ў труме, каб не ўстрывожыць радоскую варту на батарэях у гавані. Сэн Прэвіль стаяў за рулём, а Хасан са связанымі рукамі побач з ім. “Цяпер мы ў тваёй уладзе, хрысціянін!—азваўся турак.—Скора стане ясна, ці ты трымаеш слова”. “Скора ты даведаешся аб гэтым.—адказаў рыцар.—Мы не можам даць цябе лепшай гарантыі выканання слова, чымсьці тая, якую мелі самі: парахавы склад і палаючы фіціль”. Ён паклікаў з каюты Амарала і Міру. “Выведзі на палубу столькі сваіх людзей,– працягваў ён,– каб яны маглі развярнуць карабель, а сам ідзі ўніз! Вось набліжаецца човен з камендантам порта, ён забярэ нас. Я скажу яму пра дамову; ты бесперашкодна адплывеш. І я абяцаю, што на працягу шасці гадзін ніхто не будзе пераследваць цябе”. Сказана — зроблена. Камендант са здзіўленнем выслухаў расповед рыцараў, забраў іх і грэчанку з сабой і паспяшаўся на бераг. Ён не парушыў заключанае пагадненне, і ўпершыню з тых часоў, як іаніты трымалі пад сваёй уладай востраў, турэцкі ваенны карабель увайшоў у гавань і адплыў з мірам.

Спадарожнікі сустрэлі абодвух юнакоў, навіцыят якіх распачаўся рыцарскай прыгодай, надзвычай радасна, а старэйшыны паставіліся да іх з належнай павагай. Сам вялікі магістар,– таксама француз,– выказаў ім належнае шанаванне: яны мусілі паўтарыць яму сваю гісторыю. Распавядаў Амарал, бо Сэн Прэвіль быў больш здатны да справы, чым да словаў.

Іх накіравалі на кватэры. Сэн Прэвіль патрапіў жыць да маці Міры. Дастойная матрона прыняла яго са слязьмі радасці і падзякі; яе дачка позіркам, у якім выказала больш, чым сама хацела ці думала. Юнак адчуў, што памяняў адзін палон да другі.

Прамінула чатыры месяцы. Каханне Сэн Прэвіля да высакароднай дзяўчыны, жыццё і гонар якой ён выратаваў, настолькі ўкарэнілася ў ягоным сэрцы, што ані час ці праца, ані ад’езды па справах ці забавы не маглі вырваць яго адтуль. А ўсё ж закаханы не выдаў сябе ані словам – аднак, ягоныя перажыванні не былі сакрэтам для яе. Юнак так высока шанаваў яе, яго думкі былі так высакародныя, сапраўды рыцарскія, што ён не мог прызнацца ёй у пачуцці, якое забараняў яму ягоны стан. Ён ведаў, што паміж імі не можа быць ніякой законнай сувязі. І хаця ён назіраў прыклады недапушчальных адносін паміж ягонымі ордэнскімі братамі і радоскімі дзяўчынамі, яго калаціла ад адной думкі, што Міра магла б быць ягонай каханкай. Імкнучыся перамагчы сваю жарсць, ён бачыўся з ёю роўна столькі, колькі было непазбежна, уцякаў ад яе, знаходзіўся як мага часцей па-за дарагім і такім небяспечным домам. Ён вёў змаганне як сапраўдны мужчына, але змаганне знясільвала яго, адбівалася на ягоным здароўі, згасіла румянец на яго шчаках і бляск вачэй.

І ўсё ж адказам яму было шчырае каханне. Сэрца Міры было мацней за ягонае, яна з меншымі стратамі здолела перамагчы свае схаваныя жаданні. І хаця яна не была ў стане прытушыць тайны агонь, то прынамсці не давала яму выбухнуць. Ані позіркам, ані ўздохам не выдала яна сваіх перажыванняў. Узвышаная душа валадарыла яе сэрцам і пачуццямі, а прыгожае цела захоўвала здароўе і сілу юнацтва.

Чаго мог бы дамагчыся Амарал ад такой дзяўчыны? Калі б яна нават не кахала Сэн Прэвіля, усё роўна ўсе намаганні спакусніка разбіліся б аб скалу яе цноты. Дарэмнымі былі ягоныя хітрыкі: ліслівасць, упрошванні, бліскучыя абяцанні… Усё марна. Нават трагічная маска безнадзейнага, пакутлівага кахання не мела ніякога эфекту. Спачатку ён падазраваў, што існуе патаемная згода паміж ёю і Сэн Прэвілем, але хутка адкрыў, што гэта не так. Яму засталося толькі адно суцяшэнне: што прыгажуня-грэчанка проста пазбаўлена пачуццяў. Бо тая, што магла супрацьстаяць яму – думаў правансальскі юнак – не атрымала ад прыроды каштоўнейшы з яе дароў. Але на Радосе было дастаткова іншых, якіх прырода адарыла шчодра. Амарал адвярнуўся ад няўступлівай Міры, пачаў шукаць і знайшоў задавальненне ў яе слабейшых сясцёр.

Паўгода ён бавіў на востраве, а потым па справах ордэна быў накіраваны ў Францыю, адтуль у Іспанію і зноў у Францыю, затым на Кандзію і зноў на радзіму. Так атрымалася, што толькі праз пяць год ён у другі раз пабачыў Радос і гэта прынесла непапраўную шкоду ордэну, а яму самому пагібель.

За пару месяцаў да ад’езду Амарала маці Міры захварэла і памерла. Сэн Прэвіль быў разам з абедзвума дочкамі ў іхным горы. Малодшай,– Фразіне,– было толькі дванаццаць год, і для абедзвух ён быў як брат. Нябожчыца любіла яго, як сына. Але жалоба па бацьку і маці не вечная, яна мае моц на кароткі час: кіпарыс расце і арашаецца спачатку слязьмі, а потым гэту працу выконваюць хмары і воблакі. А маладая дзяўчына, забываецца аб ім, схіліўшыся над міртам.

Жалобныя строі былі ўрэшце знятыя; Міра зноў ўпляла кветкі ў свае валасы. Сэн Прэвіль усё маўчаў і ўздыхаў. Ягоныя сілы таялі дзень за днём, ён ледзь хадзіў, выглядаў змрочна і прыгнечана – гэта быў шлях у магілу. Ён разумеў гэта, але маўчаў. Чаго заслугоўвала такое каханне? Узаемнага кахання Міры.

Сэн Прэвіль ужо доўгі час ёў у яе пакоі. Аднойчы ўвечары Міра паслала сваю служанку да яго з запрашэннем раздзяліць з ёю трапезу. Поўны салодкіх і цмяных прадчуванняў, ён увайшоў у святочна ўпрыгожаны пакой. Стол быў накрыты для дваіх. Фразіна пайшла спаць. Прыгожы твар Міры палаў дзіўным румянцам. Моўчкі яна паказала рыцару месца. Яны селі насупраць адно аднаго. Падалі стравы. Можна было пачынаць трапезу, але ім нішто не смакавала. Прыгожая гаспадыня падала знак служанцы: тая выйшла. Сярэбраны келіх, напоўнены каштоўным віном, стаяў паміж імі. Міра адпіла з яго і перадала келіх рыцару. Не ведаючы, што робіць, ён асушыў яго да дна. Новае жыццё апанавала яго. Упэўненасць і надзея напоўнілі ягонае сэрца. Ён пачуваўся, нібыта выпіўшы з зачараванага сасуда.

Тады толькі насмеліўся ён зірнуць на прыўкрасную дзяўчыну. І ўбачыў! Яна сядзела перад ім, такая чароўна прыгожая, усміхалася так, што адразу растапіла ягонае сэрца і ўзнесла яго ў галавакружныя вышыні салодкіх жаданняў. І была яна ў строі нявесты, як усе грэчаскія дзяўчыны ў самы ўрачысты дзень жыцця: чырвоную шлюбную спадніцу трымаў на тонкай таліі пазалочаны пас; бела-мармуровая шыя была абвіта залатым ланцужком; сярэбраны нагруднік ззяў сярод поўных грудзей, што падымаліся і апускаліся пад складкамі ільняной блузы. Нявеста была гатова – бракавала адно міртавага вянка. Падхоплены хваляй кахання, Сэн Прэвіль падняўся і хацеў кінуцца ў ногі чараўніцы, каб прызнацца ва ўсім, што так доўга хаваў ад яе. Але Міра таксама паднялася і выпрастала руку, нібыта каб стрымаць яго. Ейны твар стаў раптам сур’ёзным, румянец знік з яе шчок. Яна глыбока ўздыхнула і сказала: “Рыцар! Мы абодва доўга захоўвалі таямніцу. Нашы вусны не здрадзілі таго, што пачувалі нашы сэрцы… Сэн Прэвіль! Мы кахаем адно аднаго”. Яна спынілася, глядзела ўніз. Вочы яе напоўніліся слязьмі, яна хавала іх, нібыта ім было сорамна за дзёрзкае прызнанне, што зрабілі вусны. Шчаслівы юнак шалеў ад радасці. Яго сэрца калацілася ў грудзях. Ён хацеў нешта сказаць, але не знайшоў слоў, каб выказаць свае пачуцці. Міра зноў падняла вочы і працягнула: “Ваша маўчанне, рыцар, гаварыла за вас! Калі б Вы былі адораны ангельскім языком і выказалі тое, што хавалі з высакароднай стрыманасцю: сапраўды! Я б ніколі не прымусіла сябе прызнацца вам у маім каханні. Сэн Прэвіль! Вы выратавалі мой гонар, але толькі дзеля таго, каб завалодаць ім. Франсуа! Тое што ты не хацеў узяць, Міра сама аддае цябе!” Яна падняла крышку вазы, што стаяла на стале, дастала адтуль міртавы вянок і ўсклала яго сябе на галаву. “Нас,– сказала яна ўрачыста,– злучылі не людзі, і не ім дадзена разлучыць нас. Вышэйшы закон напісаны ў нашых сэрцах, і мы будзем паслухмянымі яму, мой вечна каханы! Так, Франсуа! Я чую голас нябёсаў і глухая да голасу света… каханы! Абдымі сваю жонку!” Яна раскінула рукі – і яны ўпалі ў абдымкі адно аднаго.

Чатыры гады прамінулі для шчаслівай пары, як адзін дзень, як пагодлівы вясенні дзень. Міра нарадзіла свайму любаму сына і дачку. Міхаэлю было тры гады, Сафіі два. Тут вярнуўся Амарал. Ён чуў пра іхняе сумеснае жыццё, ён убачыў іхняе шчасце, і нячыстае полымя ўспыхнула зноў. Змяя рэўнасці ўджаліла ягонае пыхлівае сэрца. Ён убачыў, што прыгажуня-грэчанка ўсё ж мела пачуцці, толькі не да яго. І вырашыў зноў паспытаць шчасця.

Удаючы сяброўства, з манлівай дабрынёй ён украўся да брата, з якім дзяліў гульні маленства. Ён імкнуўся ўцерціся ў ягоны давер ў спадзяванні з часам і пры нагодзе дамагчыся ў каханкі таго, ў чым адмовіла яму дзяўчына. Ён цікаваў і выкарыстоўваў кожную магчымасць, каб быць з ёю сам-насам, ужываў усё сваё мастацтва і вялікі досвед, каб дасягнуць сваёй мэты. Усё дарэмна, як і раней: Міра адрынула ўсе ягоныя памкненні, спачатку з халоднай ветлівасцю, а потым з паважнай строгасцю. Але яна хавала ягоныя нізкія заляцанні ад каханага.

Аднак Сэн Прэвіль, які ўсё ж адчуваў нешта, выбраў момант, калі Амарал думаў, што ён адсутнічае, і стаўся сведкай здрады таго і непахіснай вернасці Міры. Ён пачуў, як яна сказала: “У сувязі з тым, пане рыцар, што вы ўсё часцей наведваеце мой дом у адсутнасці Сэн Прэвіля, я вымушана шукаць у яго абароны ад вашай бессаромнасці”. “Бессаромнасць,– адказаў Амарал,– бывае толькі ў адносінах да законных жонак…” Ён не скончыў. Увайшоў Сэн Прэвіль: “Я надта пагарджаю Вамі,– сказаў ён,– каб звяртаць да Вас папрокі… вон, нягоднік! Каб я цябе больш тут не бачыў!” “Калі не тут, то ў іншым месцы мы з табой яшчэ сустрэнемся”.—адказаў круцель і выйшаў. Міра залілася слязьмі і прыціснулася да грудзей каханага, ахопленая страшнымі прадчуваннямі.

На наступны дзень рыцары сустрэліся ў асяроддзі таварышаў па зброі. “Сэн Прэвіль!—пачаў Амарал.—Учора ты звярнуўся да мяне з абразлівымі словамі; ці не хочаш ты ўзяць свае словы назад?” “Амарал!—адказаў той.—Словы праўды проста не могуць быць абразлівымі для чалавека гонару. Акрамя таго, наша кароткая размова не была публічнай”. “Але, але,– сказаў злоўмыльна Амарал,– ў прысутнасці публічнай жанчыны”. “Я добра бачу,– сказаў Сэн Прэвіль,– што ты шукаеш нагоды для спохваткі, і я даю яе цябе. Я заяўляю, што Вы не дастойны крыжа, які носіце”. Гэтага было дастаткова: двубой прызначылі на наступны дзень.

Сэн Прэвіль спрабаваў схаваць ад каханай заўтрашнюю справу і гэта яму ўдалося. Раніцай ён падняўся раней, калі Міра яшчэ спала, асцярожна пацалаваў яе руку. Пяшчотна абняў салодка спячых дзяцей, узброіўся і пайшоў… Калі Міра прачнулася, ў дом заносілі яго мёртвае цела.

Пэўны час яна асыпала ягоны бледны твар пацалункамі і слязьмі, але раптам устала і выцерла слёзы: яна прыняла рашэнне. Абмыла крывавыя смяротныя раны і апранула труп каханага ў белы саван. Потым падышла да дзяцей; яны яшчэ салодка спалі, бязгрэшна абдымаючы адно аднаго ручкамі. Пацалаваўшы на развітанне дачушку, яна пайшла да сваёй сястры. Абудзіла яе і распавяла пра жудаснае здарэнне, што адбылося раніцай. “Калі я памру, будзь маці для дзяцей Сэн Прэвіля!” Фразіна не зразумела яе; яна была ашаломлена і зусім разгубілася.

Міра пакінула яе; апранула строй і даспехі каханага. Яшчэ раз пацалавала яго халодныя вусны і пайшла шукаць ягонага забойцу. Яна знайшла яго непадалёк ад месца, дзе адбыўся двубой, ён быў там з двума сваімі прыяцелямі. Яна апусціла забрала шлема. “Што!—закрычаў той трохі напалохана і ў той жа час са здзекам.—Мерцвякі так хутка чуняюць?” “Я — мсціўца!”—адказала Міра і выцягнула меч свайго каханага. Амарал схапіўся за свой меч, а здзіўленыя гледачы сталі секундантамі. “Або ты ўдаеш мёртвага,– крычаў ён,– або ты ўваскрос, а можа д’ябал пазычыў цябе сваё цела: мой меч праверыць, ці ты з плоці і крыві!” Пачаўся адчайны бой: Амарал быў цяжка паранены, але Міра загінула.

Калі малыя прачнуліся ад салодкага сну, то ўбачылі трупы бацькі і маці. Фразіна сядзела пры іхнім ложы з выразам дзікага болю. Яна стала маці для самотных дзяцей. Праз год яна пабралася шлюбам з багатым купцом. Калі туркі захапілі Радос, яны перасяліліся на Кандзію, дзе гадавалі дзяцей Сэн Прэвіля і Міры як сваіх уласных.

Амаралам пагарджалі амаль усе таварышы па зброі, вялікі магістар ставіўся да яго з агідай. Гонар,– ягоны апошні якар,– быў згублены, і ён дрэйфаваў цяпер, нічым не стрмыліваемы па бурнаму мору заганаў. Адной з самых цяжкіх і ліхіх заганаў, якія апанталі яго, была помста: Амарал здрадзіў сваёй веры і свайму ордэну. Калі Сулейман пачаў аблогу Радоса, ён стаўся яго шпіёнам. Ён атрымаў плату за здраду, а іаніты згубілі востраў.

1. Ордэн Іанітаў, заснаваны крыжакамі ў Ерусаліме, стаў традыцыйна называцца Радоскім ордэнам пасля выгнання крыжакоў з Палестыны мусульманамі і перасялення рыцараў ордэну на востраў Радос. У 1530 г. туркі захапілі Радос, і радоскія рыцары перанеслі сваю ордэнскую дзяржаву на востраў Мальту – з тае пары ордэн традыцыйна называецца Мальтыйскім.

Sten Stensen Blicher. Noveller fra Nordlyset. T. 1. København, 1967.

Пераклад з дацкай - Валеры Буйвал

3/11/2004 › Цікавая літаратура


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2004
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024