Валеры Буйвал Хроніка Слуцкага Збройнага Чыну. Увосень 1920 г. закончылася падпісаньнем замірэньня польска-савецкая вайна. Варагуючыя бакі, не пытаючыся дазволу гаспадароў, падзялілі дэмаркацыйнай лініяй беларускую зямлю. Случчына апынулася ў часовай нэйтральнай зоне ў момант, калі палякі адступілі, а бальшавікі яшчэ не прыйшлі. Случакі распачалі змаганьне за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. 14 лістапада 1920 г. у Слуцку адбыўся Зьезд Случчыны, які абраў часовы ўрад – Раду Случчыны на чале з Уладзімерам Пракулевічам і пастанавіў распачаць збройнае вызвольнае змаганьне. Была аб’яўленая мабілізацыя ў Беларускае войска. З 10 тысячаў дабраахвотнікаў былі сфармаваныя 1-шы Слуцкі полк начале з падпалкоўнікам Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-гі Грозаўскі полк начале з капітанам Семянюком. Палкі былі злучаныя ў Слуцкую брыгаду, якую ўзначаліў Антон Сокал-Кутылоўскі. Галоўны штаб брыгады знаходзіўся ў мястэчку Семежава. Баі супраць Чырвонай арміі пачаліся 27 лістапада. Беларусы нанесьлі ўдары па Омскай дывізіі расейцаў на лініі Капыль-Цімкавічы-Вызна і прымусілі ворага адступіць па ўсяму 100-кілямэтроваму фронту. Бальшавікі не чакалі такога супраціву і вымушаныя былі даставіць на Слуцкі фронт вялікія падмацаваньні. 4 сьнежня пачаўся новы наступ Чырвонай арміі. Беларускія аддзелы упарта абараняліся, але вымушаныя былі пакінуць Вызну. Беларусам не хапала патронаў і іншый амуніцыі, што было асноўнай прычынай няўдачы нашага войска ў баі пад вёскай Ядчыцы 6 сьнежня. На наступны дзень пад націскам чырвоных беларусы адступілі з Семежава. Рада Случчыны і беларускі штаб былі перанесеныя ў Подчыцы, а потым у вёску Грыцавічы. Катастрафічна не хапала амуніцыі, харчаваньня, пачалася эпідэмія тыфа. Беларусы перайшлі да партызанскага спосабу вядзеньня вайны. 10 сьнежня случакі вызвалілі ад бальшавікоў вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а ўначы на 12 сьнежня вёску Старынь. Наступнай ноччу беларускія аддзелы адбілі ў бальшавікоў Семежава, дзе захапілі вялікую колькасьць амуніцыі. У гэтай апэрацыі вызначыліся ваяры пад камандай А. Курыловіча. Але праз дзень случакі былі вымушаныя зноў пакінуць Семежава. 15 сьнежня беларускі галоўны штаб быў перанесены ў вёску Морач. 17 сьнежня Найвышэйшая Рада БНР прызначыла капітана А. Якубецкага галоўнакамандуючым войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Уноч з 17 на 18 сьнежня беларусы перайшлі ў наступ і зноў выбілі бальшавікоў з Семежава і Вызны. Але 19 сьнежня савецкія аддзелы зноў захапілі гэтыя мясцовасьці і беларусы адышлі да вёскі Смолічы. Напрыканцы сьнежня стала ясна, што Беларускае войска больш ня можа супрацьстаяць чырвонай навале. На нарадзе ў Баранавічах было прынятае рашэньне аб спыненьні ваенных дзеяньняў і адводзе беларускіх аддзелаў на тэрыторыю, занятую палякамі. 28-31 сьнежня 1920 г. больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу і былі інтэрнаваныя польскімі ўладамі.
Слава героям-случакам! Згадак пра Слуцкі Збройны Чын не было ў падручніках акупацыйнай эпохі. Псэўдагістарычны афіцыёз БССР стварыў міф пра трыюмфальнае шэсьце савецкай улады па беларускай зямлі ў працяг абэцэдарскай фальсіфікацыі нашай даўняй гісторыі. Акупанты баяліся праўды пра слуцкіх герояў, баяцца яе й цяпер. Але людзі ўзьнялі Крыжы на месцах баёў і на безыменных магілах змагароў. Каб жыла памяць, каб іхныя сьвятыя цені дапамагалі нам бараніць родную зямлю ад захопнікаў, што ізноў лезуць на Беларусь з усходу. 84 гады таму Беларуская народная армія засланіла сабой Радзіму. Падобна таму, як 25 стагоддзяў таму некалькі сотняў грэкаў-спартанцаў мужна супрацьпаставіліся мільённаму імпэрскаму войску пэрсідзкага цара ў цясьніне Фэрмапілы. Яны тады загінулі, але іхны подзьвіг абудзіў і зьяднаў усю грэцкую нацыю, натхніў элінаў на барацьбу і перамогу. Змаганьне герояў-случакоў супраць магутнага і подлага ворага павінна быць для нашага народу натхняльным і жывым прыкладам.
Штогод сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ арганізоўваюць мэмарыяльныя мерапрыемствы на месцах баёў Слуцкага Збройнага Чыну.
Зянон Пазьняк:
“Гэты чын быў гераічным, бо быў народным і справядлівым. Случакі не баяліся і не лічыліся, што перад імі мільённая расейская арда. Яны ведалі, што трэба бараніць Беларусь ад ворагаў, якія напалі на нашу зямлю. У спаўненьні іхнага абавязку было іхняе геройства. Тое, што тады расейскія бальшавікі захапілі і падзялілі Беларускую Народную Рэспубліку, не азначала, што вайна скончылася. Мірная дамова паміж Расеяй і Беларускай Народнай Рэспублікай ня была падпісана. Да сёньняшняга дня Расея ў дачыненьні да Беларусі знаходзіцца ў стане вайны. І гэта асабліва добра відаць цяпер, калі Расея, абапіраючыся на сваю марыянэтку Лукашэнку, вядзе супраць Беларусі адкрыта імпэрскую агрэсіўную палітыку, накіраваную на зьнішчэньне дзяржавы і анэксію нашай краіны”.