Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Матэрыялы пра грамадзянскую ініцыятыву “Беларуская Салідарнасьць”

Матэрыялы пра грамадзянскую ініцыятыву “Беларуская Салідарнасьць”

ЗА БЕЛАРУСКУЮ САЛІДАРНАСЬЦЬ

Зварот да нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі

Пакт “Ельцына-Лукашэнкі” аб незаконным стварэньні так званай “саюзнай” дзяржавы Беларусі й Расеі ёсьць бяспраўным актам расейскай палітычнай агрэсіі, злачынствам стагоддзя, насільлем над правам, гонарам і годнасьцю беларускай нацыі. Гэты цынічны пакт не прызнаецца намі – Беларускім Народным Фронтам, і не прызнаецца Беларускім Народам, гэтак жа, як і ўсе іншыя акты нелегітымнай улады Лукашэнкі.

Пасьпешная ратыфікацыя Дзярждумай РФ (13.12.1999) і лукашэнкаўскай палатай у Беларусі (14.12.1999) пакту “Ельцына-Лукашэнкі” пра стварэньне так званай “саюзнай” дзяржавы Расеі і Беларусі канчаткова пацьвердзіла сутнасьць дзеяньняў расейскай улады, а таксама высьветліла дачыненьні расейскай улады і лукашэнкаўскага рэжыму. Лукашэнкаўскі рэжым зьяўляецца інструмэнтам з дапамогай якога расейскія ўлады праводзяць акупацыю Беларусі. Выкарыстоўваюцца самыя брудныя мэтады эканамічнай, інфармацыйнай, псіхатропнай, агентурнай вайны супраць беларускага народу. Расейскія спэцслужбы ды іх аддзяленьні – беларускае КДБ і лукашэнкаўскае атачэньне – бесперашкодна вядуць падрыўную дзейнасьць супраць беларускай грамадзкай супольнасьці, якая імкнецца замацаваць беларускую дзяржаўнасьць і незалежнасьць, адрадзіць дэмакратычны лад жыцьця, нацыянальную эканоміку, мову, культуру. Супраць нацыянальна-вызвольных дэмакратычных сілаў выкарыстоўваюцца разбуральныя тэхналёгіі ашуканства, падману, подкупу, шулерства ды інш. — практычна ўвесь набор тэхналёгіяў крымінальнага сьвету.

Такая зброя, як правіла, мае кароткі тэрмін дзеяньня. Гэтым і тлумачыцца пасьпешнасьць змоўшчыкаў.

Нацыянальна-дэмакратычныя вызвольныя сілы могуць і павінны змагацца супраць змоўшчыкаў і адстаяць незалежнасьць краіны. Большасьць грамадзянаў Беларусі не жадае быць матэрыялам для аднаўленьня расейскай імпэрыі, разумее небясьпеку для нашага жыцьця, якую нясе рэалізацыя змовы аб стварэньні “саюзнай” дзяржавы. Дастаткова ўзгадаць толькі два акты злачынных дзеяньняў Лукашэнкі апошняга часу:

– па-першае, гэта стварэньне заходняй вайсковай групоўкі, якая аб’ядноўвае Беларускія ўзброеныя сілы і расейскую групоўку маскоўскай ваеннай акругі. Гэтая групоўка накіраваная супраць краінаў НАТА і ставіць Беларусь у ранг ядзернай тэрыторыі. Беларускіх афіцэраў і салдатаў, працоўных заводаў, якія выконваюць заказы ВПК, зрабілі закладнікамі расейскіх гэнэралаў і палітыкаў. На зямлі Беларусі ў любы момант (паколькі мяжы няма), акрамя існуючых ужо радыёлакацыйных станцыяў, апынуцца расейскія ракетныя комплексы “Топаль” з ядзернымі боегалоўкамі, на ваенных аэрадромах разьмесьціцца расейская стратэгічная і тактычна-штурмавая авіяцыя ды інш. Прагноз наступстваў для беларусаў у гэтай сытуацыі можа зрабіць кожны;

– па-другое, паскарэньне працэсаў “зачысткі” ў беларускай эканамічнай прасторы праз увядзеньне ўказа пра ўпарадкаваньне прадпрымальніцкай дзейнасьці, які накіраваны на выцясьненьне беларускіх пасярэднікаў (прадстаўнікоў сярэдняга і малога бізнэсу, бо буйны ўжо зьнішчаны раней) з беларускага таварнага рынку, на пераўтварэньне Беларусі ў рынак для расейскіх тавараў значна больш дарагіх за беларускія. Па ланцуговай рэакцыі гэта выкліча зьніжэньне вытворчасці на беларускіх прадпрыемствах, павелічэньне дызбалянсу паміж заробкам працоўных і цэнамі на тавары і як вынік – яшчэ большае зьбядненьне грамадзянаў Беларусі. Зьнішчэньне Беларусі ў плянах Масквы – гэта ператварэньне беларусаў у бедных людзей.

Апошняя крамлёўская змова адкрыла дарогу для поўнай акупацыі Беларусі, але гэта будзе магчымае толькі пры бязьдзейнасьці беларусаў. А такога быць не павінна. Усё актыўнае грамадзтва мусіць сканцэнтраваць і накіраваць усе свае рэсурсы на абарону незалежнасьці Беларусі.

Трэба спыніць бясплённыя шуканьні перамогі над марыянетачным рэжымам Лукашэнкі шляхам удзелу ў арганізаваных ім “дэмакратычных” выбарах, шляхам тузаніны дзеля зграбаньня ўсіх у “агульную апазыцыю”, якую ў лепшым выпадку абавязкова ўзначаліць патрэбная для Расеі фігура.

Выйсьце для беларускага народа палягае ў нацыянальнай салідарнасьці, у стварэньні, згодна з канстытуцыйным правам, новых ворганаў улады без удзелу структураў антынароднага, незаконнага рэжыму, у прыняцьці арганізацыйных захадаў па іх абароне.

Толькі такія дзеяньні забясьпечаць цывілізаваны дэмантаж антынароднага рэжыму й пабудову сапраўды дэмакратычнай і незалежнай Беларускай дзяржавы.

Перамога нацыянальна-дэмакратычных сілаў знаходзіцца ў рэчышчы скаардынаванай працы па кансалідацыі беларускай грамадзянскай супольнасьці і на яе грунце стварэньні беларускай улады.

На палітычных партыях дэмакратычнай арыентацыі ляжыць адказнасьць за арганізацыю і правядзеньне такой працы. Усе рэсурсы – кадравыя, тэхнічныя, фінансавыя – неабходна сканцэнтраваць для рашэньня агульнай задачы.

Партыя Беларускага Народнага Фронту праводзіць гэтую працу. Мы заклікаем беларускае грамадзтва прыняць удзел у бесперапыннай акцыі Беларуская Салідарнасьць, якую распачынае Кансэрватыўна-Хрысціянская Партыя -– БНФ. Сутнасьць акцыі – станоўчы ідэал, мабілізацыя грамадзтва на абарону беларускіх каштоўнасьцяў: дзяржавы, мовы, культуры і незалежнасьці. Мабілізацыя адбываецца ў выглядзе пэрманэнтнага салідарнага дзеяньня, якое ў розных формах шырокім рухам пачынаецца ў Беларусі.

Пастаўленая сучаснасьцю задача зьяўляецца агульнай для беларускай нацыі. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзянаў Беларусі стаць на абарону сваёй краіны. Кожны грамадзянін мае магчымасьць даступным яму спосабам прыняць удзел у вырашэньні нашай агульнай задачы.

Народ заўсёды мацнейшы за любы рэжым. Разам мы пераможам! Жыве незалежная Беларусь!

26 сьнежня 1999 г.
Прынята Соймам Партыі БНФ
Старшыня Партыі БНФ Зянон Пазьняк

***

Партыя Беларускага Народнага Фронту

13.12. 1999 г.

ЗАЯВА

Па ратыфікацыі пакту “Ельцына-Лукашэнкі”

Працягваецца сьпешная рэалізацыя пакту “Ельцына-Лукашэнкі”. 13 снежня

1999 г. Дзяржаўная Дума Расейскай Фэдэрацыі ратыфікавала дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Большасьць дэпутатаў без доўгіх разважаньняў энтузыястычна прагаласавала за “дабраахвотнае” далучэньне былой калёніі да расейскай імпэрыі. Пратэст дэпутата Сяргея Юшанкова не знайшоў водгуку ў атмасфэры імпэрскай эйфарыі. Прыкметны ня толькі тэкст самой дамовы, але і аргуманты, якія прагучалі ў выступе перад дэпутатамі прэм’ера РФ У.Пуціна: “Гэта трэба рабіць сёньня, далей узьядноўвацца будзе яшчэ цяжэй… У наступнае паўгоддзе мы сфармуем вышэйшы дзяржаўны савет, прызначым міністраў. Будзем выпрацоўваць адзіную палітыку ў абарончых справах, роўныя правы суб’ектаў гаспадараньня, адзіны бюджэт…” Асаблівую ўвагу на згаданыя аргуманты мусяць зьвярнуць беларускія мацяркі, моладзь прызыўнога ўзросту і бізнэсоўцы. Адкрыта заяўлена аб зьнішчэньні Беларускай дзяржаўнасьці і аб поўным падпарадкаваньні беларускіх нацыянальна-дзяржаўных справаў законам і практыцы “саюзнай” дзяржавы (а фактычна расейскай імпэрыі). З першага ж моманту існаваньня “саюзу” рассыпалася ў нішто інфантыльная ўпэўненасьць многіх асобаў у Беларусі і па-за яе межамі ў тым, што пакт “Ельцына-Лукашэнкі” – гэта “пустая паперка”, што “Расея ня возьме на сябе адказнасьць за насельніцтва Беларусі” і г.д. Расея, якая ня мае адказнасьці за ўласнае насельніцтва проста паглынае Беларусь, каб знішчальна акупаваць нашыя чалавечыя і эканамічныя рэсурсы. Краіна-агрэсар імкнецца аднавіць згубленую ў 1991 г. імпэрскую тэрыторыю.

Працэс абмеркаваньня і ратыфікацыі пакту ў Думе заняў каля поўгадзіны. Куды так сьпяшаліся парламантарыі і прэм’ер Пуцін? Адразу пасьля сканчэньня апэрэтачнай цырымоніі яны правялі сакрэтнае, закрытае паседжаньне па ваеннаму становішчу ў Чачэніі. Маланкавая “перамога” на беларускім фронце ня можа засланіць сабой правалу бліц-крыгу на Каўказе, тысяч ахвяраў, міжнароднага асуджэньня расейскай агрэсіі. Але ня будзем забывацца, што цяпер, як неаднаразова выказваўся Лукашэнка : “Чачэнія – гэта і наша праблема”. Калі Крамлю спатрэбіліся некалькі новых дывізій, то ў лютым 1944 г. таксама маланкава была зьліквідавана дзяржаўнасьць незалежнай Тувінскай Рэспублікі. Формы і мэтады агрэсіўных дзеяньняў “расейскай дэмакратыі” у яе сталінскім або ельцынскім варыянце застаюцца нязьменнымі.

Няма сумневу, што марыянеткавы, нелегітымны рэжым узурпатара Лукашэнкі паслухмяна ратыфікуе злачынную дамову. Але гэта ня зьменіць яе антызаконнага, антыканстытуцыйнага зьместу. Народ Беларусі ніколі не пагодзіцца са зьнішчэньнем Беларускай дзяржавы і з расейскай акупацыяй.

Мы зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці з заклікам асудзіць расейскую агрэсію ў Беларусі, якая разьвязвае рукі імпэрскім колам Расеі і адкрывае шлях да новых захопаў у цэнтральнай Эўропе, да аднаўленьня імпэрыі ў былых межах.

Мы заклікаем міжнародную супольнасьць

– прызнаць Расею краінай, якая ажыцьцяўляе дзеяньні і палітыку агрэсіі;

– паставіць пытаньне аб прыняцьці міжнародных санкцыяў супраць гэтай краіны;

– прапанаваць міжнародным фінансавым структурам і ўрадам дэмакратычных краінаў спыніць прадстаўленьне ўсялякіх крэдытаў і фінансавй дапамогі Расеі, пакуль ня будуць спыненыя дзеяньні зь яе боку па інкарпарацыі Беларусі.

Прынята Управай Партыі Беларускага Народнага Фронту 13 сьнежня 1999 г.
Старшыня Партыі БНФ Зянон Пазьняк

***

ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ

31 сьнежня 1999 года адбыўся легальны канстытуцыйны пераварот у Расеі. Адпраўлены ў адстаўку прэзідэнт Б.Ельцын. улада цалкам перайшла ў рукі КГБ-ФСБ пры поўнай капітуляцыі расейскіх палітычных элітаў і расейскага грамадзтва.

“Кагэбізм”, які крок за крокам фармаваўся і йшоў да ўлады ў Расеі на працягу апошніх сямі гадоў (пачынаючы ад няўдалага путчу ў 1991-м годзе), ёсьць надзвычай жорсткі тып рускага фашызму з акрэсьленай вялікадзяржаўнай імпэрскай ідэалёгіяй і крымінальнай палітыкай. Характэрнасьць яго дзеяньняў – поўнае ігнараваньне каштоўнасьці чалавечага жыцьця, тэрарыстычнае (крымінальнае пазазаконьне) вынішчэньне элітаў, палітычная і ваенная агрэсія, стаўка на сілу і вайну.

Два гады рускія спэцслужбы КГБ-ФСБ рыхтавалі напад на Чачэнію і канчатковы захоп улады ў Расеі ў 1999-2000 гг. Былі арганізаваныя правакацыі і праведзеная масавая прапагандысцкая кампанія па кампрамэтацыі Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыі. У верасьні 1999 года, каб аргументаваць напад на Чачэнію, КГБ-ФСБ узарваў жылыя дамы (разам з жыхарамі) у Маскве і іншых гарадах Расеі і паспрабаваў зваліць гэта на чачэнцаў. Тут жа была ўведзена цэнзура ў сродках масавай інфармацыі, распачата агрэсія і вайна ў Чачэніі.

З увядзеньнем цэнзуры і ліквідацыяй свабоды слова ў дачыненьні да падзеяў расейска-чачэнскай вайны, былі спыненыя і без таго слабыя дэмакратычныя працэсы ў Расеі. “Інфармацыю” аб вайне ў Ічкерыі (дакладней – дэзынфармацыю) даюць толькі агенты спэцслужбаў (пад выглядам журналістаў) ды генералы, што вынішчаюць чачэнскі народ.

Пад уплывам дэзынфармацыі і прапаганды 70 адсоткаў насельніцтва Расеі падтрымалі агрэсію, вайну і зьнішчэньне Чачэніі. Рускае насельніцтва стала саўдзельнікам у злачынстве і закладнікам кагэбісцкай каманды, што захапіла ўладу ў Расеі.

Тое, што расейскія спэцслужбы арганізавалі ў Беларусі ў 1994- 1996 гг., тое сталася і ў Расеі. Расея атрымала свайго Лукашэнку, такога ж самага, толькі без псіхапатыі і харызмы. Усё астатняе (у тым ліку і прэзыдэнцтва) – справа спэцыяльнай тэхналёгіі і кароткага часу.

Гісторыя таталітарызму рухаецца па сваім законам і сьведчыць, што калі з разбурэньнем таталітарнай улады не ліквідаваць сістэму яе спэцслужбаў, то яны ператвараюцца ў самастойную палітычную сілу, якая захоплівае ўладу, і ўсё пачынаецца спачатку, толькі ў іншым варыянце.

Пра расейскі варыянт я ўжо сказаў: імпэрыялізм, палітычная агрэсія і вайна. Гэтыя людзі прыйшлі да ўлады па трупах чачэнцаў і сваіх жа рускіх грамадзянаў, ішлі на ашуканстве, агрэсіі і вайне. На гэтым яны будуць і трымацца.

Ельцына, які заграз у злачынствах, ваенных забойствах, грашовых апэрацыях і віне, прымусілі сыграць ролю Гіндэнбурга ўзамен за нікчэмны ўказ аб недатыкальнасьці, а Захад робіць выгляд, што задаволены, пляскае ў далоні Ельцыну і новай уладзе. Узнікае пагроза ня толькі для незалежнасьці Беларусі, але ў пэрспектыве – і для Украіны, Грузіі, Малдовы, Балтыйскіх краінаў.

Напрыканцы ХХ-га стагоддзя Захад зноў пацьвярджае сваё палітычнае згодніцтва, трусасьць і поўнае неразуменьне Расеі. Ніякіх высноваў з крывавай гісторыі стагоддзя ня зроблена. Быццам не было ні Мюнхену, ні Ялты, ні аншлюсу Аўстрыі, ні здачы Чэхаславаччыны, ні пакту Молатава-Рыбентропа, ні гонкі ўзбраеньняў, ні халоднай вайны. Усё забыта. Пад звон пустых заяваў прададзена шматпакутная і гераічная Чачэнія (хоць усе бачаць, што рускія вытвараюць у Чачэніі тое, што сербы ў Косаве), рыхтуецца здача Беларусі.

Праз тры месяцы (пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і канстытуцыйнага замацаваньня ўлады кагэбізму ў Расеі) акупацыя і аншлюс Беларусі можа набыць яшчэ больш грубыя і цынічныя формы пры труслівым маўчаньні заходняга сьвету.

Для нас, беларусаў, цяпер няма больш важнай задачы, чым неабходнасьць абараніць нашу дзяржаву і незалежнасьць. У гэтым – пытаньне жыцьця і сьмерці, пытаньне існаваньня беларускай нацыі.

Каб абараніць незалежнасьць, мы мусім ліквідаваць незаконны рэжым і рэальна вярнуць законнасьць улады. Адзінымі законнымі ворганамі і прадстаўнікамі канстытуцыйннай улады ў Беларусі зьяўляюцца недзеяздольны Вярхоўны Савет 13-га скліканьня (каля 40-ка дэпутатаў) і старшыня Вярхоўнага Савету Сымон Шарэцкі, які выконвае функцыі Прэзыдэнта Беларусі.

Каб прывесьці ў рух мэханізм нядзейнай, але законнай улады, беларусы мусяць быць салідарнымі ў абароне незалежнасьці і ў змаганьні з незаконным рэжымам. Беларускі Народны Фронт і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ зьвяртаюцца да народа з заклікам падтрымаць бесперапынную акцыю “Беларуская Салідарнасьць” і выступіць у абарону незалежнасьці, свабоды і суверэнітэту Беларусі перад пагрозай з Расеі.

Пагроза нацыянальнаму існаваньню павінна аб’яднаць усіх беларусаў. Мы, беларусы, мусім салідарызавацца на аснове нашых духоўных народных і дзяржаўных каштоўнасьцяў і рыхтавацца да змаганьня за незалежнасьць і свабоду ўсімі даступнымі сродкамі, усюды, дзе мы ёсьць: у войску, і ў вучэльні, у міліцыі і на транспарце, у адміністрацыі і ля станка. Мы мусім змагацца, калі хочам быць.

Беларуская Салідарнасьць дапаможа нам арганізавацца. Беларуская Салідарнасьць дапаможа нам стаць моцнымі і абараніць сябе. Падтрымлівайце, стварайце, мацуйце Беларускую Салідарнасьць! Арганізоўвайце акцыі, мерапрыемствы, маніфэстацыі і працу Беларускай Салідарнасьці. Гэта будзе тое асяроддзе, зь якога вырастуць структуры ўлады і структуры змаганьня.

Пачынаецца 2000-ны год – апошні год крывавага ХХ-га стагоддзя. Няхай жа гэты апошні год будзе для беларусаў літасьцівым і Боскім, няхай абароніць наш Род і наш Дом, і прынясе Свабоду!

1 студзеня 2000 г.
Зянон ПАЗЬНЯК /Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Партыі БНФ/

***

Грамадзянам БНР пра акцыю “Беларуская Салідарнасьць”

Шаноўныя Грамадзяне БНР,

25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежная дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка. Гэты дзень беларусы адзначаюць як найвялікшае сьвята Беларускай Незалежнасьці, Свабоды і Дзяржаўнасьці. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” ад 1990 г праводіць масавыя вулічныя акцыі ў гонар славутай даты. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ (Партыя БНФ), пераемніца Беларускага Народнага Фронту, віншуе вас са сьвятам і запрашае да ўдзелу ў галоўнай незалежніцкай акцыі – Дзень Волі-25 Сакавіка.

Два гады таму, 25 сакавіка 1998 года на юбілейныя 80-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі па ініцыятыве Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” шляхам прыёму заяваў пачала стварацца грамадзянская супольнасць “Грамадзяне БНР”. Заявы ў грамадзянства БНР падалі тысячы патрыётаў, гэта вялікая сіла. Людзей, якія жадаюць далучыцца да супольнасьці “Грамадзяне БНР” сотні тысячаў. Стварэньне такой супольнасьці ёсць важная задача для ўсіх беларускіх дэмакратычных арганізацыяў у сучасных умовах. Шматтысячная грамадзянская супольнасьць і яе прадстаўнічы легітымны ворган стануць той сілай, якая рэальна абароніць незалежнасьць Беларусі.

Сёньня Лукашэнка і яго рэжым нелегітымныя, яны ўтрымліваюць уладу незаконна. Яны рыхтуюць захоп Беларусі Расеяй. Трэба прымусіць Старшыню Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага і дэпутатаў Вярхоўнага Савета зрабіць рашучыя крокі па стварэньні законнай улады. Гэтую задачу можа вырашыць толькі скансалідаванае грамадзтва.

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ, праводзячы акцыяю “Беларуская Салідарнасьць”, працягвае і пашырае працу ў гэтым кірунку, у тым ліку:

 зьбірае падпісныя лісты аб непрызнаньні антыпраўнага пакту Ельцына-Лукашэнкі і перадае іх ў прадстаўніцтва ААН, Групу АБСЭ ў Менскў, амбасады ЗША і Вялікабрытаніі (каб не дапусьціць яго рэгістрацыі ў якасьці міжнароднага акту) ;

 прымае заявы ў грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі дзеля далейшай кансалідацыі грамадзтва і пашырэньня супольнасьці “Грамадзяне БНР”

 рыхтуе традыцыйныя фронтаўскія масавыя вулічныя акцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі, гэта “Дзень Волі – 25 Сакавіка”, “Чарнобыльскі Шлях”, “Дзень Беларускай Вайсковай Славы 8 Верасьня”, “Дзяды”;

 праводзіць ва ўсіх раёнах г.Менску і па Беларусі пікеты пад лёзунгамі “Лукашэнка – зыходзь”, “Улада – закону”, “ Беларусі – беларускі парадак”

ды іншыя.

Калі сп. С. Шарэцкі і дэпутаты чарговы раз праявяць няздольнасьць ды пагодзяцца з лукашэнкаўскімі антыпраўнымі выбарамі, грамадзянская супольнасць павінна сама стварыць неабходныя структуры беларускае ўлады. Гэта канстытуцыйнае права грамадзянаў Беларусі. У гэтай справе ў беларусаў ёсць досьвед беларускай гісторыі 1917-1918 гадоў (Усебеларускі Ўстаноўчы Зьезд – Рада БНР – Урад БНР). Партыяй БНФ распрацаваны парадак рэалізацыі гэтай задачы.

Запрашаем грамадзянаў БНР да актыўнага супрацоўніцтва ў справе пашырэньня сваёй супольнасьці. Усім, хто жадае далучыцца да стваральнай працы неабходна зьвярнуцца да тэрытарыяльных арганізацыяў Партыі БНФ.

Народ заўсёды мацнейшы за любы рэжым. Разам мы пераможам!

Жыве незалежная Беларусь!

Прынята Соймам Партыі БНФ 26.02.2000 г.
Старшыня Партыі БНФ З.Пазьняк

***

ПРА БЕЛАРУСКУЮ САЛІДАРНАСЬЦЬ

Зварот да нацыянальных супольнасьцяў Беларусі

Сутнасьць акцыі “Беларуская Салідарнасьць” – мабілізацыя грамадзтва на абарону беларускіх каштоўнасьцяў: дзяржавы, мовы, культуры і незалежнасьці, перад пагрозай акупацыі з Усходу.

Сёньня, як ніколі за апошнія 10 гадоў, для грамадзянаў Беларусі стала зразумелай каштоўнасьць незалежнай дзяржавы. Пачынаючы з 1992 года, дзякуючы рашучым дзеяньням фракцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ў 1990-1995, працы ўсіх дэмакратычных сілаў краіны, грамадзяне Беларусі ня ўдзельнічаюць і ня гінуць у так званых “гарачых кропках”, якія ўвесь час ствараюць расейскія палітыкі і генералы.

Але сёньня зноў навісла рэальная пагроза над людзьмі Беларусі.

Апошняя крамлёўская змова Ельцына і Лукашэнкі (8.12.1999 г.) адкрыла дарогу да захопу Беларусі расейскай імпэрыяй. Адбылася сьпешная ратыфікацыя Дзярждумай РФ у Маскве (13.12.1999) і лукашэнкаўскай палатай у Менску (14.12.1999) бяспраўнага пакту “Ельцына-Лукашэнкі” пра стварэньне так званай “саюзнай” дзяржавы Беларусі і Расеі, а таксама абмен “ратыфікацыйнымі граматамі” (26.01.2000 г.). Змоўшчыкі імкнуцца надаць пакту статус міжнароднага права ў сувязі з чым Лукашэнка заявіў, што гэтая дамова цяпер мае сілу закона. (Хаця на самай справе гэта цалкам антызаконны і здрадніцкі, крымінальны акт.)

Такім антыканстытуцыйным мэханізмам дзьве расейскія групоўкі, адна ў Маскве другая ў Менску (нельга рэжым Лукашэнкі, у якім ключавыя пасады займаюць агенты расейскіх спэцслужбаў, назваць беларускім урадам) імкнуцца ашукаць і заняволіць беларускі народ, ліквідаваць Беларускую дзяржаву. Дзеля гэтага вядзецца інтэнсіўнае разбурэньне беларускай эканомікі, падаўленьне дзелавой актыўнасьці беларускага бізнэсу, навукі, зьнішчэньне беларускай мовы, культуры і школы. Людзей трымаюць пад пастаянным страхам страціць нават тыя мізэрныя крыніцы існаваньня, якія яшчэ засталіся.

Акцыя “Беларуская Салідарнасць” гэта змаганьне з аджылай ідэялёгіяй камунізму і яе пачварным параджэньнем – “кагэбізмам”, які выклікае вайну, нянавісьць да чалавека, шавінізм, імпэрскую палітыку пад прыкрыцьцём псэўдаідэяў “славянскага адзінства” і “аднаўленьня Вялікай Расеі”.

Акцыя “Беларуская Салідарнасьць” накіравана таксама на інфармаваньне грамаздянаў Беларусі адносна плянаў рэваншысцкіх камуністычна-імпэрскіх сілаў, выступае супраць інфармацыйнай вайны, якую вядуць расейскія і лукашэнкаўскія СМІ.

Грамадзяне Беларусі мусяць быць салідарнымі між сабой і не павінны стаць матэрыялам для ўзмацненьня расейскай камуна-кагэбісцкай імперыі. Яна нясе небясьпеку для жыцьця народаў, якія зусім нядаўна вызваліліся ад камуністычнага зла, а таксама ўсёй эўрапейскай цывілізацыі.

У Беларусі акрамя беларусаў жывуць людзі рознага этнічнага паходжаньня, рэлігійнай прыналежнасьці і культуры. Нават у самыя трагічныя часы эўрапейскай гісторыі, падчас войнаў, палітычных катаклізмаў, перасьледу іншадумцаў, у Беларусі захоўвалася міжнацыянальная і міжканфэсійная згода, не было міжэтнічных канфліктаў. Наадварот, на працягу стагоддзяў у Беларусі знаходзілі прытулак, а потым і новую радзіму тыя, каго перасьледвалі і пагражалі зьнішчэньнем дэспатычныя ўлады і фанатызаваныя грамадзтвы ў іншых краінах. Уцекачы ад дэспатызму, прадстаўнікі іншых нацыянальных супольнасьцяў ня толькі атрымлівалі гарантыі нармальнага існаваньня ў Беларусі, але й актыўна разьвівалі сваю культуру, захоўвалі традыцыі, больш таго, узбагачалі беларускую культуру. Рашаючым фактарам у гістарычнай зьяве міжэтнічнага міру заўсёды была традыцыя талерантнасьці і павагі да іншых з боку беларусаў – карэннай нацыі краіны. Мы будзем працягваць і умацоўваць гэтыя добрыя традыцыі і праўныя гарантыі для мяншыняў.

Мы зьвяртаемся да ўсіх грамадзянаў Беларусі, у тым ліку да нацыянальных супольнасьцяў: польскай, украінскай, габрэйскай, татарскай, рускай, літоўскай, усіх, якія існуюць у Беларусі, падтрымаць акцыю “Беларуская Салідарнасць”, стаць на абарону нашай агульнай дзяржавы, незалежнасьці і свабоды.

Акцыя “Беларуская Салідарнасьць” павінна выяўляцца ў канкрэтных формах дзейнасьці. Кожны з нас мае магчымасьць даступным яму спосабам прыняць удзел у вырашэньні нашай агульнай задачы.

Народ заўсёды мацнейшы за любы рэжым!

Разам мы пераможам!

Жыве незалежная Беларусь!

Прынята Управай Сойму Партыі БНФ 14.02.2000 г.
Старшыня Партыі БНФ З.Пазьняк

***

Б Е Л А Р У С К А Я С А Л І Д А Р Н А С Ь Ц Ь

Беларус, зважай!

Над беларускім народам і Беларусьсю навісла пагроза. Вуснамі Лукашэнкі і Пуціна агучваюцца пляны маскоўскіх “стратэгаў”. Лукашэнка просталінейна гаворыць пра тое, што на Беларусі будзе разьмешчаная 300-тысячная армія, Пуцін больш дыпляматычна — пра тое, што Расея будзе адэкватна рэагаваць на пашырэньне НАТО на Ўсход. .

У Расеі камунізм нарадзіў кагэбізм. Да ўлады прыйшоў рэжым, замешаны на крыві чачэнскага народу, на крыві сваіх грамадзянаў, на тэрарыстычных узрывах жылых дамоў у Маскве і Валгадонску, на рабаваньні свайго народу, на заказных забойствах, на фальсыфікацыях, ашуканстве і хлусьні. Цяпер задумана завяршыць працэс акупацыі Беларусі і беларускага народу.

Якую трэба мець балячку ў галаве , каб ўзбуджаць ваенны псіхоз, нацкоўваць людзей супраць краінаў Захаду, грамадзяне якіх не жадаюць нам зла, яны вязуць нам гуманітарную дапамогу, прымаюць нашых дзяцей, дапамагаюць выратавацца ад чарнобыльскай бяды. Для чаго ўводзіць 300-т тысячную чужую армію на Беларусь? Хто нам пагражае? Ці будзе гэтая чужая армія пагрозай для краінаў НАТО, такіх як Нямеччына ці Францыя? У першую чаргу гэта пагроза для нас, беларусаў. Выхаванцы крывавай камуна-кагэбісцкай сістэмы плянуюць паставіць Беларусь (цяпер ужо ў новым стагодзьдзі) ў эпіцэнтар новай ваеннай катастрофы. Пасьля частковага развалу Савецкага Саюзу рускія імпэрскія рэваншысты пастанавілі аднавіць межы былога СССР. Першы ўдар наносіцца па Беларусі. Праз свайго стаўленіка Лукашэнку яны ўсталявалі тут рэжым унутранай акупацыі. Але рэальная акупацыя замацоўваецца ўвядзеньнем чужога войску на акупаваную тэрыторыю. Прытым ня мае істотнага значэньня, якім чынам яно будзе ўведзенае, ці шляхам адкрытай агрэсіі (як у Чачэніі), ці шляхам змовы і выкананьня фальшывых абавязкаў (як у краінах Балтыі ў 1939-1940 гг, у Польшчы і Чэхаславаччыне пасьля 2-й Сусьветнай вайны і г.д.), ці спосабам стварэньня нібыта сумесных вайсковых груповак на зямлі, што становіцца аб’ектам акупацыі. Менавіта апошні варыянт заплянаваны Масквой для Беларусі, дзе ўжо са згоды прадажнага рэжыму адбываецца таемнае накапленьне расейскіх ваенных сілаў.

Мы з вамі (усе беларусы) адказныя за тое, калі дазволім разьмяшчэньне акупацыйнага расейскага легіёну на нашай тэрыторыі. Мы адказныя перад суседзямі, у першую чаргу перад народамі Літвы, Латвіі і Польшчы. Гэта супраць нас і іх будуць накіраваныя гэтыя акупацыйныя войскі. Каб утрымаць уладу, задаволіць свае хваравітыя амбіцыі Лукашэнка з Пуціным і ўся расейская ваеншчына ўцягнуць нашыя народы ў новую бойню. Безпакаранным гэта застацца ня можа. Варта ўспомніць кропкавыя ракетныя і бомбавыя ўдары войскаў НАТО па аб’ектах Югаславіі. Няўжо нам гэта трэба?

Мы павінныя рыхтавацца да ўсенароднай барацьбы за свабоду і незалежнасьць Беларусі. Але зараз у нас яшчэ ёсьць час і магчымасьць спыніць рэалізацыю расейскіх злачынных плянаў. Трэба рабіць наступнае:

1. Неабходна разгарнуць масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі супраць разьмяшчэньня расейскіх ваенных аб’ектаў і базаў на нашай тэрыторыі.

2. Кожная беларуская сям’я павінна падпісаць ліст аб незаконнасьці “дагавору” пра стварэньне “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі, які прыдумалі Лукашэнка і Ельцын 8.12.1999 г. Тысячы грамадзянаў Беларусі падпісалі такія лісты і яны накіраваныя ў ААН, АБСЭ, амбасады ЗША і Вялікабрытаніі. Працу па зборы подпісаў праводзіць Беларускі Народны Фронт і яго Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ.

3. Улада Лукашэнкі – нелегальная, а рэжым Лукашэнкі ёсьць незаконная ўлада. Таму абавязкам грамадзянаў Беларусі зьяўляецца ўсталяваньне законнасьці ў нашай дзяржаве і стварэньне законнай беларускай улады. Пры адпаведнай пазыцыі ініцыятарам стварэньня законнай улады павінен быў бы выступіць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня і ягоны Старшыня Сямён Шарэцкі. Яны павінныя былі б паклікаць законны ўрад і зьвярнуцца па дапамогу да грамадзянаў Беларусі дзеля стварэньня тэрытарыяльных ворганаў самакіраваньня і разам зь імі стварыць неабходныя выканаўчыя ворганы. Іхнаю задачаю ёсць арганізацыя і правядзеньне выбараў у законны парлямант Беларусі. Аднак браць адказнасьць на сябе Вярхоўны Савет ня хоча (ці ня можа), таму гэтую ініцыятыву прыйдзецца браць на сябе Беларускаму Народнаму Фронту і арганізацыям вызвольнага руху. Трэба падтрымліваць Беларускі Вызвольны Рух і яго мэту – ліквідацыю дыктатуры і акупацыйнага рэжыму на Беларусі.

4. Грамадзяне Беларусі не павінныя прымаць удзел у любых выбарах, якія будуць арганізаваныя рэжымам Лукашэнкі. Удзел у такіх выбарах замацуе злачынцаў ва ўладзе, дазволіць ім канчаткова зьнішчыць беларускую дзяржаўнасьць, ператворыць нашу моладзь у расейскае гарматнае мяса. Расейскія палітыкі і ваеншчына разглядаюць Беларусь як тэрыторыю для далейшай экспансіі на Захад, а беларусаў разглядаюць як па-рабску пакорных выканаўцаў іх волі і імпэрскіх задумак.

5. Беларусы не павінны трапляць пад узьдзеяньне шулерскіх падманаў накшталт “перамоваў” і “дыялёгаў”, якія арганізоўвае цяпер рэжым (ці робіць выгляд, што арганізоўвае) і на якія купляецца “балотная” і каляніяльная апазыцыя. Гэта ёсьць тэхналёгія ашуканства, прымеркаваная дзеля прыкрыцьця акупацыйных працэсаў, зьнішчэньня дзяржаўнасьці Беларусі.

На жаль, і Менская група АБСЭ , якую ўзначальвае дыплямат зь Нямеччыны сп. Ганс-Георг Вік, падштурхоўвае апазыцыю да дыялёгу з незаконным лукашысцкім рэжымам і да ўдзелу ў нелегальных лукашэнкаўскіх выбарах. Група АБСЭ актыўна ўдзельнічае ў афармленьні “балотнай” і каляніяльнай апазыцыі. Па працы групы АБСЭ ў Беларусі ўзьнікае шмат пытаньняў. Чаму група АБСЭ ўпарта ня хоча бачыць рэальныя дачыненьні Расеі і Беларусі? Чаму яна ня хоча бачыць , што корань зла знаходзіцца ў Маскве? Чыю палітыку праводзіць група АБСЭ ў Беларусі? Якія ёсьць дамоўленасьці паміж Нямеччынай і Расеяй? Ці ня ёсьць Беларусь разьменнай манэтай ў гандлі Расеі і Нямеччыны за Калінінградскую вобласьць (Усходнюю Прусію) і нафта-газавыя трубапровады празь Беларусь?!

Беларусы павінныя быць пільнымі, не паддавацца на розныя падманныя тэхналёгіі.

Беларус, паклапаціся пра свой лёс і лёс сваіх дзяцей! Нельга паводзіць сябе безабароннай авечкай, як гэта адбывалася пад часы камуністычных крывавых 30-х, 40-х, 50-х гадоў, калі мільёны беларусаў вывозілі з родных мясьцінаў на непасільную рабскую працу і галодную сьмерць, забівалі ў Сібіры і ў Курапатах.

Мы павінныя абараніць незалежнасць Беларусі, абараніць сябе і будучыню сваіх дзяцей. Народ мусіць зьберагчы Бацькаўшчыну.

Далучайцеся да дзейнасьці Беларускага Вызвольнага Руху!

Нашае выратаваньне ёсць Беларуская Салідарнасьць!

Разам мы пераможам!

Жыве Беларусь!

Прынята Ўправай Сойму Беларускага Народнага Фронту”Адраджэньне” і Ўправай Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
2.05.2000 г.


Адрас для даведак: 220005, Менск-5, а/с 154

Зянон ПАЗЬНЯК, Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

28/10/2004 › Змаганьне за Беларусь


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2004
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь