Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты // Форум
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Беларусь – фарпост на ўсходзе (Мэмарандум)

Зянон Пазьняк
1. Уводзіны. Гістарычны агляд.
2. Рух за дэмакратыю і незалежнасьць.
3. Рэжым.
4. Гэбізм.
5. Садружнасьць айчынаў.
6. Лёс рэжыму і будучыня Беларусі.

На працягу ўсёй гісторыі, да канца XVIII стагоддзя Беларусь была шчытом Эўропы на Ўсходзе. У ХІІІ стагоддзі адбылося аб’яднаньне беларускіх славянскіх княстваў у магутную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) альбо Літва (па назве цэнтральнага славянскага племя, чые князі ініцыявалі аб’яднаньне беларускіх земляў). Вялікае Княства спыніла мангольскую агрэсію ў Эўропу і паклала мяжу імпэрыі Чынгіз-хана. Барацьба з Усходам (спачатку з Залатой Ардой, а потым з Масквой) не спынялася ўвесь час. Па мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой праходзіла лінія супроцьстаяньня розных палітычных сістэмаў, розных цывілізацыяў і розных сьветаў – дэмакратычнага, культурнага эўрапейскага і дэспатычнага, тыранічнага ўсходняга.

У канцы XVI стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае ўтварае з Польшчай “саюз двух народаў” – “Рэспубліку” (Рэч Паспалітую). У канцы XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая была ліквідаваная трыма імпэрыямі: Расейскай, Пруска-нямецкай і Аўстрыйскай. Землі Беларусі (ВКЛ) анэксіравала Расея.

Тэрмін Беларусь (умоўная назва ўсходніх беларускіх тэрыторыяў) мае позьняе паходжаньне, замацаваўся ў выніку расейскай акупацыйнай палітыкі вынішчэньня ўсяго беларускага (забароны назвы Беларусь і т.п.) і пад уплывам – беларускага нацыянальна-культурнага і палітычнага руху, які легалізаваў і распаўсюдзіў гэтую назву на ўвесь народ, і ў 1918 годзе прывёў да ўтварэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у межах этнічнага разсяленьня беларусаў (ВКЛ без Жамойці).

У гэты ж час дзяржаўную незалежнасьць аб’явіла былая Жамойць (далучаная балцкая частка ВКЛ) са сталіцай у Коўне (Каўнасе), якая назвалася “Летувой” альбо “Літоўскай рэспублікай”. Адсюль (ад пераназваньня этнасаў і дзяржаваў) пачалася тэрміналягічная і гістарычная блытаніна і, што найгорш,– маніпулятарства.

Беларускую Народную Рэспубліку акупавала ў канцы 1918 года бальшавіцкая Расея. У выніку расейска-польскай вайны (1919-1921 гг.) Беларуская Нароная Рэспубліка была падзеленая акупантамі. Заходнюю частку Беларусі са сталіцай Вільняй забрала Польшча, усходнюю – савецкая Расея.

З пачаткам 2-й Сусьветнай вайны і акупацыяй савецкай Расеяй заходняй Беларусі Сталін мэтанакіравана аддаў Летуве сталіцу Беларусі Вільню узамен за ўвядзеньне на тэрыторыю Летувы савецкага войска. Увёўшы войска, Сталін акупаваў Летуву, але Вільня і надалей засталася ў савецкай Летуве.

Пры зьнешне добрых адносінах беларуская сталіца Вільня і Віленшчына, якія засталіся ў Летуве, ёсьць галоўнай крыніцай скрытай напружанасьці паміж беларусамі і летувісамі. Беларуская дзяржава ня можа нармальна функцыянаваць без сваёй гістарычнай і культурнай сталіцы і ніколі не пагодзіцца зь яе стратай. Тым часам маладое пакаленьне летувісаў ужо лічыць Вільню сваёй.

У 1990 годзе ад імя Вярхоўнага Савета Беларускай ССР было выстаўленае патрабаваньне (падпісанае Старшынёй Вярхоўнага Савета М. Дземянцеям) да кіраўніцтва Летувіскай ССР вярнуць Беларусі Вільню ў выпадку выхаду Летувы са складу Савецкага Саюза. Аднак тое патрабаваньне было інсьпіравана Масквой з мэтай захаваць СССР ад распаду. Пра вяртаньне Беларусі яе сталіцы Вільні ў Крамлі ніхто ня думаў. Хацелі выкарыстаць беларусаў у сваёй імпэрскай палітыцы. Таму Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, разумеючы правакацыйны крамлёўскі характар гэтага дакуманта, не падтрымаў яго.

Прынцыповыя патрабаваньні з боку Беларускай ССР былі выстаўленыя ў 1937 годзе Расеі аб вяртаньні беларускага горада Смаленска і беларускіх тэрыторыяў Смаленскай, Бранскай і часткі Пскоўскай вобласьцяў, забраных у Беларусі рускімі бальшавікамі яшчэ ў пачатку 20-х гадоў.

У 1990 годзе дэлегацыя дэпутатаў ад БНФ Вярхоўнага Савета БССР вяла перамовы з дэпутатамі Вярхоўнага Савета Расеі і кіраўніцтвам Смаленскай вобласьці аб вяртаньні Смаленска і Смаленшчыны Беларусі.

РУХ ЗА ДЭМАКРАТЫЮ І НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ.

19 кастрычніка 1988 года быў створаны Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” (БНФ). Галоўныя палітычныя задачы Фронту — дэмакратыя і незалежнасьць Беларусі. Гэтыя задачы ўдалося ажыцьцявіць у 1991 годзе. Дзякуючы дзейнасьці фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, было спыненае існаваньне КПСС і камсамолу, 25 жніўня 1991 года Беларусь аб’яўлена незалежнай краінай. Пачалося змаганьне за дэмакратычны шлях Беларусі і за перамену ўлады, бо ўся ўлада заставалася ў руках савецкай прарасейскай намэнклятуры.

Беларускі Народны Фронт ад пачатку меў геапалітычную канцэпцыю існаваньня Беларусі ў сьвеце, якая пасьля распаду СССР зьменшыла б небясьпеку для Беларусі з боку Расеі і з боку Нямеччыны. Такой ідэяй быў плян Балтыйска-Чарнаморскай Садружнасьці (БЧС) краінаў Усходняй Эўропы (Беларусь, Украіна, Эстонія, Латвія, Летува, Малдова, у пэрспэктыве маглі далуцыцца Польшча і Славакія). Гэта плян вяртаньня трэцяй сілы на падзелы ў Эўропе (так, як было раней, у ХІІІ-ХVІІІ ст.). БЧС – усход Эўропы перад эўраазіяцкай Расеяй.

26 красавіка 1990 года дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад Беларускага Народнага Фронту склікалі ў Менску першую міжнародную канфэрэнцыю краінаў Усходняй Эўропы па стварэньню БЧС.

Рэакцыя камуністычнай Масквы на ідэю БЧС была надзвычай адмоўная і пагрозьлівая. Ідэю БЧС ацэньвалі як падкоп пад СССР.

У лістападзе гэтага ж 1990 года дэпутаты парляманцкай фракцыі БНФ склікалі ў Менску другую міжнародную канфэрэнцыю па арганізацыі БЧС. Мной былі праведзеныя перамовы з Прэм’ер-міністрам тагачаснага ўраду БССР В. Кебічам аб падтрымцы ідэі БЧС і канфэрэнцыі. Было дасягнута разуменьне. Канфэрэнцыя адбывалася ў Доме ўраду ў галоўнай залі Савета Міністраў. Вечарам перад заканчэньнем паседжаньня прышлі перапалоханыя чыноўнікі Саўміна – пасланцы Прэм’ера — і перадалі распараджэньне пакінуць залю ўрада, але паседжаньне, практычна, ужо скончылася. Прэсавая канфэрэнцыя адбылася ў будынку Вярхоўнага Савета.

Прычына такіх паводзінаў Прэм’ера заключалася ў тым, што вечарам яму пазваніў з Масквы Ельцын і ў грубай форме запатрабаваў спыніць канфэрэнцыю. Кебіч падпарадкаваўся, як умеў.
У працяг плянаў БЧС у Беларускім Народным Фронце была распрацавана праектная прапанова аб пабудове Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектара. Дасягнута падтрымка Ўкраіны і Латвіі. У 1993 годзе, вярнуўшыся зь Менску пасьля чарговай канфэрэнцыі па нафтавым калектары, бяссьледна зьнік, разам з праектнымі дакумантамі па Калектару, намесьнік старшыні Народнага Руху Ўкраіны Сяргей Байчышын. Расея выступала ярасна і нэрвова супраць ідэі БЧС і Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектара.

З сярэдзіны 1992 года пачынаецца пранікненьне агентуры расейскага КГБ ва ўсе структуры ўлады Беларусі. У непасрэдную залежнасьць ад іх трапляе Прэм’ер Кебіч, які робіцца выканаўцам іхняй палітыкі. Менавіта рускі КГБ курыраваў у 1994 годзе выбарчую прэзыдэнцкую кампанію адначасна двух сваіх стаўленьнікаў — В. Кебіча і А. Лукашэнкі — і, маніпулюючы, прывёў да ўлады Лукашэнку. Адносна дэмакратычны пэрыяд на Беларусі скончыўся.

РЭЖЫМ

Рэжым Лукашэнкі на Беларусі – гэта ёсьць унутраная акупацыя краіны расейскімі спэцслужбамі, зьдзейсьненая шляхам выкарыстаньня дэмакратычнага мэханізму выбараў, структураў улады і прысутнасьці ў кіраваньні краінай старой савецкай намэнклятуры. Ключавыя пазыцыі ў кіраўніцтве Беларусяй захапіў расейскі КГБ. Палітыка акупацыйнага рэжыму – антыбеларуская. Яна накіраваная на задушэньне беларускіх незалежніцкіх дэмакратычных сілаў і на падрыў культурна-нацыянальнага існаваньня беларускай нацыі. (Зачыненыя беларускія школы, газэты, часопісы, радыё на беларускай мове, спаленыя беларускія падручнікі для школаў, адбываецца грубая русіфікацыя і рэпрэсіі супраць беларусаў, асабліва супраць моладзі.) Мэта антыбеларускай палітыкі прамаскоўскага рэжыму – зьнішчыць асновы нацыянальна-культурнага жыцьця беларускага народа, укараніць і пашырыць уплывы Расеі на Беларусі ва ўсіх сфэрах існаваньня, падрыхтаваць Беларусь да інкарпарацыі яе ў Расею.

Першаснай палітычнай задачай на Беларусі Масква лічыла ліквідацыю Беларускага Народнага Фронту – нацыянальна-дэмакратычнай сілы, якая магла рэальна пагражаць уладзе рэжыму. Сімптаматычна, што ў гэтай бруднай справе ўдзельнічаў Ганс-Георг Вік – нямецкі кіраўнік Місіі АБСЭ ў Менску, — а таксама іншыя лібэральныя функцыянеры з Эўропы, асабліва зь нямецкага боку.

У 1999 годзе, сумеснымі намаганьнямі расейцаў і немцаў, Беларускі Народны Фронт быў расколаты на дзьве арганізацыі. Адна частка засталася на пазыцыях нацыянальнай дэмакратыі і рэзка выступае супраць расейска-нямецкай палітыкі на Беларусі. Другая – далучылася да намэнклятурна-дэмакратычнай псэўдаапазыцыі, кіруемай немцамі і Масквой і кантралюемай агентурай.

Кіруемая псэўдаапазыцыя была ўтворана на Беларусі стараньнямі Ганса-Георга Віка, які таемна супрацоўнічаў у гэтай справе (па яго ўласным прызнаньні) з КГБ. (Гл. “Белорусская газета”, — 2004, 12 студзеня)

Стварэньне падстаўной апазыцыі ў Беларусі – гэта тыповая апэрацыя спэцслужбаў, якая вельмі нашкодзіла справе дэмакратыі на Беларусі і заблытала сітуацыю. Падстаўная апазыцыя, у якую ўваходзіць шэраг партыяў (ад камуністаў да адколатай часткі БНФ), уяўляе сабой стракатае відовішча і не зьяўляецца самастойнай палітычнай сілай. Ніткі яе кіраваньня і фінансаваньня знаходзяцца ў Бэрліне і ў Маскве. Падстаўная апазыцыя выконвае праграмы і ўказаньні гэтых цэнтраў, пра што засьведчылі ўсе падзеі, у якіх удзельнічала гэтая “апазыцыя”, і ўсе яе правалы. Ніякіх посьпехаў у палітыцы (нават мінімальных) у гэтага залежнага квазіапазыцыйнага ўтварэньня за пяць гадоў ніколі не было. Галоўным клопатам імітатарскай структуры ёсьць атрыманьне, прыўлашчваньне і выкарыстаньне грошай, якія даюць на псэўдадзейнасьць яе апекуны. У асяроддзі гэтай структуры зьявілася шмат людзей, далёкіх ад палітыкі, якія займаюцца ў гэтай сітуацыі, як яны кажуць, “палітычным бізнэсам”.

Падстаўная апазыцыя перашкаджае нацыянальна-дэмакратычнаму руху ў рэальным змаганьні з рэжымам. Прыклад – цяперашнія падзеі ў Беларусі. На 17-га кастрычніка прызначаныя выбары ў “палату прадстаўнікоў”. Рэжым стварыў шырокую сістэму фальсіфікацыі галасаваньня. Галоўны клопат улады – прымусіць людзей пайсьці на выбары, бо вынікі галасаваньня прадвызначаныя. Яны залежаць выключна ад рэжыму. Машыну фальсіфікацыі галасаваньня, створаную рэжымам Лукашэнкі, нельга перамагчы ўлоб. Выбарчая машына дыктатуры непераможная – гэта правіла ўсіх дыктатур. Сістэму фальсіфікацыі можна толькі перакуліць байкотам. На галасаваньне ісьці нельга, бо такім чынам забясьпечваюцца выбары і фармальная легальнасьць для сфальшаваных выбараў. (Ніхто зь непатрэбных рэжыму кандыдатаў ня будзе прапушчаны ў “палату”. Гэта бясспрэчны факт.) Тым больш, што “палата” ня мае ніякай самастойнасьці і ніякіх незалежных законатворчых правоў.

Акрамя таго (і гэта галоўнае), разам з выбарамі 17-га кастрычніка ў Беларусі рэжым плянуе правесьці незаконны рэфэрэндум пра трэці тэрмін Лукашэнкі і зьмены ў канстытуцыі, выгадныя рэжыму. Масква і Бэрлін штурхаюць псэўдаапазыцыю на правальныя выбары, каб забясьпечыць свае інтарэсы. Выбары – гэта прынада для правядзеньня рэфэрэндуму аб захаваньні ўлады Лукашэнкі. І падстаўная апазыцыя йдзе на выбары. Гэтым робіцца вялікая шкода Беларусі, бо ўзаконьваецца і прадаўжаецца дыктатура. Хоць насельніцтва краіны настроенае ня йсьці на галасаваньне. Арганізацыі Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага руху рыхтуюць байкот.

ГЭБІЗМ

У Беларусі і Расеі ўсталяваная новая тэхналёгія ўлады – “гэбізм” (ад назвы службы бясьпекі). Дзяржаўная ўлада знаходзіцца ў руках былога савецкага КГБ.

У слабакіруемай ельцынаўскай Расеі КГБ быў найбольш арганізаванай і структураванай сілай улады з добра падрыхтаванымі кадрамі, агентурай і дзяржаўным бюджэтам. Нібыта рэарганізацыі КГБ і скарачэньні, якія рабіў Ельцын і ягоныя стаўленьнікі, толькі дапамаглі спэцслужбам арганізавацца ў новых умовах. Праз некалькі гадоў прадуманай працы КГБ праз агентуру кантраляваў ахову і функцыянаваньне, практычна, усіх банкаў у Расеі, цалкам быў узяты пад кантроль КГБ увесь так званы “шэры” (крымінальны) бізнэс і, што істотна, — дзейнасьць міліцыі і крымінальны сьвет. За гады ўлады Ельцына адбылося глыбокае і татальнае пранікненьне КГБ у бізнэсовыя структуры Расеі. КГБ набыў магчымасьць кантраляваць грашовыя плыні і ўплываць на рух капіталу. Ён шырока пранік у сродкі масавай інфармацыі, стварыў і кантралюе мноства грамадзкіх і палітычных арганізацыяў.

У 1994 годзе, выкарыстаўшы палітычную і нацыянальную нясьпеласьць беларускага грамадзтва, Масква праз КГБ шляхам фармальна дэмакратычных выбараў прыводзіць да ўлады ў Беларусі свайго стаўленьніка А. Лукашэнку. Два аспэкты трэба адзначыць у гэтай падзеі. Першы: вяртаецца старая расейская палітыка вынішчэньня ўсяго беларускага. Другі: функцыянаваньне прамаскоўскай улады на Беларусі ёсьць экспэрымэнтальным рэжымам для будучай сістэмы ўлады КГБ у Расеі.

Зьяўленьне ў 1999 годзе ў вышэйшым дзяржаўным кіраўніцтве Расеі нікому раней не вядомага афіцэра КГБ У. Пуціна адкрыта, лапідарна і наўпрост сьведчыць, што гэта не самастойная фігура, а стаўленьнік пэўных сілаў і канкрэтных груп.

Сілу і моц новай (калектыўна-ценевай) гэбоўскай улады засьведчылі найперш апошнія выбары ў расейскую Дзяржаўную Думу, калі КГБ ішоў на выбары амаль адкрыта, стварыўшы штучную прапуцінскую партыю, якая ня мела нават выбарчай партыйнай праграмы, і тым ня менш – поўнасьцю перамагла на выбарах, дзякуючы ўладзе, уладнаму рэсурсу, уладнай прапагандзе, агітацыі і ўладнай фальсіфікацыі.

Што ж адбылося? Праз 14 гадоў пасьля ліквідацыі КПСС і распаду СССР поўная і абсалютная ўлада ў Расеі легальна, фармальна законна апынулася ў кулаку савецкай службы бясьпекі. (У Беларусі – на 8 гадоў раней, у 1996 годзе і незаконна.) Абсалютная ўлада ў імпэрскай краіне з імпэрскай мэнтальнасьцю і ідэалёгіяй сканцэнтравалася ў руках супэрпартыі, назва якой — КГБ. Аналягаў такой партыі і такой сітуацыі цяжка адшукаць у гісторыі. Гэта партыя, якая зьяўляецца дзяржаўнай цэнтралізаванай структурай улады, яе члены строга структураваныя і субардынаваныя. Супэрпартыя існуе на дзяржаўным бюджэце, прысутнічае ва ўсіх адміністрацыйных цэнтрах краіны. Яе дзейнасьць у значнай ступені засакрэчаная згодна з законам. Супэрпартыя валодае велізарным штатам схаванай ад грамадзтва (і таксама згодна закону) унутранай і зьнешняй агентуры, здольнай пранікаць і кантраляваць усе ўстановы, усе групы грамадзтва. Пераход вярхоўнай улады ў рукі гэтай партыі абазначае неабмежаваную магчымасьць кантролю над усімі сфэрамі дзяржаўнай, грамадзкай і палітычнай дзейнасьці.

У сваёй аснове, такім чынам, супэрпартыя ёсьць легальна і законна арганізаваная дзяржаўная мафія пад аховай сваёй улады і сваіх законаў.

Галоўная іхняя “ідэалёгія” – грошы. Але валоданьне дзяржаўнай уладай канцэптуальна абумоўлена імпэрскай мэнтальнасьцю расейскага грамадзтва. Гэты аспэкт прынцыпова ўлічаны. Таму афіцыйнай палітычнай ідэалёгіяй супэрпартыі дэкляруецца дзяржаўны патрыятызм, адданасьць інтарэсам Расеі (якія супадаюць з асабістымі і партыйнымі інтарэсамі Гэбэ).

Эканамічнае існаваньне такой мафійнай сістэмы па сутнасьці тупіковае, беспэрспэктыўнае. Але ў Расеі яна можа трываць доўга.

Відавочна, што гэтакая гэбоўская сістэма ўлады ніколі ня будзе дэмакратычнай. Па сваёй прыродзе яна ўвесь час імкнецца да кантролю над грамадзтвам, над друкам і грамадзкай думкай, над камэрцыйнай і прадпрымальніцкай дзейнасьцю.

Супэрпартыя Гэбэ, не дэкляруючы, прапануе, фактычна, сваю вэрсію глябалізацыі шляхам пранікненьня спэцслужбаў у капітал. Гаворачы спрошчана, прапануецца кантроль спэцслужбаў над сусьветнымі грашовымі плынямі, таварамі і рэсурсамі. Трэба ўлічыць, што ўсе спэцслужбы выконваюць палітычныя задачы сваіх нацыянальных урадаў. Тым часам расейская спэцслужба КГБ ёсьць цяперака сама сабе і ўрад, і партыя, і дзяржава.

Канцэнтрацыя рускага шэрага капіталу на Захадзе (мяркуюць, што ў Эўропе знаходзіцца ад 300 да 500 мільярдаў даляраў расейскіх грошай) зьвязана ня толькі з крымінальным вывазам. Вывезеныя грошы ўжо працуюць на інтарэсы супэрпартыі КГБ і ў будучыні яшчэ могуць сыграць сваю злавесную палітычную ролю. Захад, напалоханы расейскім крыміналам, ня ў стане зразумець, у чыіх руках рычагі і кантроль над яго прасоўваньнем у Эўропу. Тым часам, заключаючы зьдзелкі аб сумеснай дзейнасьці з расейскай бізнэсовай фірмай, заходнія людзі думаюць па сваіх стэрыатыпах і ня здольныя ўцяміць, што маюць справу з дзяржаўным гэбізмам, і ўпускаюць рускую разьведку ў свае інтарэсы.

Рускі КГБ – арганізацыя з жахлівым злачынным мінулым, з крымінальнымі тэрарыстычнымі традыцыямі, ад якіх ніхто ва ўладзе Расеі не адмовіўся, наадварот, глядзяць на іх, як на “героические традиции прошлого”.

Тэрарызм заўсёды быў галоўнай сфэрай дзейнасьці КГБ. За часы халоднай вайны тэрарыстычная актыўнасьць чэкістаў была пашырана, структуравана і сістэматызавана, набыла рысы міжнароднай палітыкі з пляцоўкамі на ўсіх кантынентах. У Савецкім Саюзе пры ваенных частках і навучальных установах узьнікла шмат цэнтраў па падрыхтоўцы міжнародных тэрарыстаў з усяго сьвету (з Кубы, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, з арабскіх краінаў і г.д.). У 1960-х гадах быў нават створаны спэцыяльны “Ўнівэрсітэт Дружбы Народаў імя Патрыса Лумумбы” ў Маскве, дзе рыхтавалі тэрарыстаў (там прайшоў падрыхтоўку, напрыклад, вядомы міжнародны сэрыйны тэрарыст-забойца і марксіст Санчэс Ільіч Рамірэс (Шакал), якога ў 1990-х гг. схапілі і судзілі ў Францыі). Атрымаўшы вывучку ў СССР, тэрарысты пад кантролем КГБ актыўна дзейнічалі ў Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы, дзе экспартавалі “рэвалюцыю” ды “змагаліся” ў такіх краінах, як Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя, Аўганістан, і ўвогуле – на Блізкім Усходзе, ня кажучы ўжо пра В’етнам. Гэты “вопыт” і міжнародная сетка тэрарызму, створаная КГБ, ня згінула з распадам СССР, ня зьнікла канчаткова, засталіся кадры, навыкі, сувязі, і нарэшце – застаўся прыклад, прэцэдэнт тэрарыстычнай дзейнасьці, якая аднавілася цяпер на новым этапе, як вайна з Амэрыкай.

Ёсьць пытаньні, якія ляжаць на паверхні, і выклікае вялікае зьдзіўленьне, што ніхто іх не задае цяпер, калі тэма тэрарызму стала галоўнай у Заходнім сьвеце.

Першае: дзе ёсьць цэнтар тэрарызму? Хто ім кіруе? Хто падрыхтаваў і давёў да выкананьня такую складаную дыверсію, як зьнішчэньне вежаў Гандлёвага Цэнтру ў Нью-Ёрку і разбурэньне будынку Пентагона ў Вашынгтоне? Хто? Бін Ладэн? Гэта выглядае несур’ёзна. Кожны, хто здольны аналізаваць, зразумее, што такая апэрацыя была не пад сілу толькі тэрарыстычнай арганізацыі.

Камісія Кангрэсу ЗША прышла да высновы аб няўзгодненых дзеяньнях і памылках спэцслужбаў Амэрыкі, якія не прадухілілі дыверсію 11 верасьня. Але вядома (нават зь літаратуры і кіно), што прафэсіяналы спэцслужбаў пачынаюць раптам усе памыляцца перад нейкай падзеяй тады, калі на іх (ці ўнутры іх) дзейнічае і ўплывае іншая спэцслужба.

Пасьля дыверсіі 11 верасьня Амэрыка была лёгка ўцягнута ў дзьве вайны на Блізкім Усходзе. Так, вайна адпавядала інтарэсам бясьпекі Амэрыкі і крок быў неабходны (і з пункту гледжаньня лёгікі барацьбы — правільны). Але зададзім пытаньне, чыім яшчэ інтарэсам адпавядала гэтая вайна? І чаму, калі ў Іраку не знайшлі зброі масавага зьнішчэньня, раптам зноў выявілася, што прымітыўна і бяздарна памыліліся ў гэтым ужо адразу дзьве нацыянальныя разьведкі – амэрыканская і ангельская. А “памылка” такая: разьведкі сцьвярджалі, што зброя ёсьць. Але калі б было вядома, што зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку няма, то вайна магла б не пачацца.

Часам карысна лапідарна паразважаць на тэму выгады. Дыверсія 11 верасьня ўдарыла па ўсім Заходнім сьвеце. Ні адна краіна не атрымала пасьля гэтай падзеі ніякага палітычнага прыбытку. Але Расея адразу скарыстала сітуацыю, каб схаваць свой дзяржаўны тэрарызм і злачынную вайну ў Чачэніі, паказваючы на ісламскую рэлігійнасьць чачэнцаў, якія абараняюць бацькаўшчыну. І гэтае права на абарону выстаўляецца расейцамі як ісламскі тэрарызм. Маніпуляцыя ўдалася. Захад па-здрадніцку здаў чачэнскі народ на зьнішчэньне.

Ад вайны ў Іраку на сёньняшні дзень ніхто не атрымаў эканамічнай выгады, акрамя Расеі. Добра вядома, што эканоміка, і нават існаваньне палітычных рэжымаў у гэтай краіне, залежыць ад цаны на нафту. У выніку вайны ў Іраку цэны на нафту высока падскочылі ўверх. У Расею пацяклі незаплянаваныя нафтадаляры. Даляраў цяпер поўна, ня ведаюць, куды прыткнуць. Далі вось 175 мільёнаў на незаконны рэфэрэндум Лукашэнку (пад выглядам крэдыту). Нафтадаляры даюць рух бізнэсу, новым ініцыятывам. Выгада, якую за кароткі час атрымала Расея і супэрпартыя КГБ ад прытоку нафтадаляраў, эквівалентная вялікім дзяржаўным высілкам па эканамічных рэформах, інвэстыцыях ды крэдытах, ды на доўгія гады. Але ўсё гэта можна было дасягнуць хутка. Дастаткова толькі, каб Амэрыка пачала вайну ў Іраку.

Гэбізм, як бы я яго ацаніў, — гэта, вобразна кажучы, прыватызацыя дзяржавы спэцслужбамі (у дадзеным выпадку КГБ).

Спэцыфіка гэтай улады ў тым, што супэрпартыя КГБ фармальна як бы нябачная. На паверхні плаваюць розныя палітычныя ўтварэньні і асобы, бізнэсовыя фірмы, банкі, але няма відавочнай дэклярацыі прыналежнасьці да КГБ. Такая сістэма нагадвае крыху структуру масонскай ложы. Яе няпроста палітычна разбурыць. Тым больш, што Гэбэ скарыстоўвае фармальна дэмакратычныя мэханізмы абстаноўкі ўлады (выбары, парлямант і г.д.) і кантралюе рэжым іхняга функцыянаваньня.

Найбольшая небясьпека хаваецца ў тым, што рускі гэбізм скрыта агрэсіўны, а акаляючы сьвет яшчэ ня можа разабрацца, што за тып улады ўтварыўся ў Расеі, і гатовы называць яго нават “дэмакратыяй”, што выглядае насьмешкай над здаровым сэнсам.

САДРУЖНАСЬЦЬ АЙЧЫНАЎ

Нам недаспадобы плян Нямеччыны-Францыі аб фэдэратыўнай Эўропе. Крызіс такога Эўразьвязу, які фармуецца без апоры на якую-небудзь агульную духоўную ідэю, адмаўляючыся ад духоўных традыцыяў хрысьціянскай Эўропы, — непазьбежны.

Для беларусаў непрыймальная ідэя стварэньня лібэральнай супэрдзяржавы на Захадзе, замест вольнай Эўропы вольных народаў. Нам няма чаго ў такой дзяржаве рабіць. Беларусам бліжэй Эўропа айчынаў і ідэалёгія айчынаў, якая ёсьць асновай свабоды. Будучая вольная Беларусь аб’ектыўна будзе збліжацца найперш з паўночна-заходняй (скандынаўскай і балтыйскай) групай краінаў Эўропы, якія прыхільныя да каштоўнасьцяў айчыны, свабоды і незалежнасьці. Тым самым стане вяртацца ідэя Ўсходняй Эўропы – стварэньне Балта-Чарнаморскай Садружнасьці.

ЛЁС РЭЖЫМУ І БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ

Лёс аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі і будучыня Беларусі павінны вырашыцца 17-га кастрычніка гэтага году на выбарах у “палату прадстаўнікоў” і на рэфэрэндуме пра трэці тэрмін Лукашэнкі, які плянуюць прызначыць разам з выбарамі. (Чакаецца, што пра рэфэрэндум могуць аб’явіць у сярэдзіне верасьня.)

Масква зацікаўлена, каб выбары ў “палату” прайшлі па сцэнары Лукашэнкі (выбіраюцца толькі крэатуры рэжыму) і каб яны былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Наяўнасьць у Беларусі легітымнага парляманту дало б фармальную магчымасьць Маскве зацьвердзіць шэраг незаконных дамоваў з Лукашэнкам, прынятых раней (напрыклад, так званы “саюз” Расеі і Беларусі 1999 года і інш.), а таксама прывесьці ў дзеяньне іншыя свае інкарпарацыйныя пляны.

Крэмль, не афішуючы, падтрымлівае трэці тэрмін Лукашэнкі, бо хоча мець у Менску свайго чалавека, праз якога ён праводзіць сваю палітыку.

Бэрлін паспрабаваў асобна дамовіцца з Лукашэнкам (дзейнасьць Ганса Віка), а таксама правесьці ў кіраўніцтва Беларусі праз выбары сваіх людзей з намэнклятурнай апазыцыі. Абедзьве спробы пацярпелі фіяска.

Пэўныя нямецкія палітычныя колы пагаджаюцца на здачу Беларусі пад Маскву. Гэтым яны думаюць забясьпечыць сабе больш танны і выгадны транзіт тавараў і рэсурсаў (асабліва газу), выгаднае выкарыстаньне беларускай інтэлектуальнай і рабочай сілы. Пра гэта цынічна выказаўся У. Пуцін, які сказаў: “У былых савецкіх тэрыторыях на захадзе мы бачым крыніцу інтэлекту і працоўнай сілы”. Думаньне — нібы ўзятае з плянаў Бормана.

Крэмлёўскі гэбізм плянуе сагнаць беларусаў з сваёй зямлі і выкарыстаць беларускія рабочыя рукі на газава-нафтавых радовішчах у Сібіры. Немцы ў сваю чаргу ўжо сьцягваюць здольны і танны беларускі інтэлект.

Нямецка-расейская пазыцыя па Беларусі абумоўлена яшчэ прэвентыўным жаданьнем стварыць выгадную пэрспэктыву пры вырашэньні ў будучыні пытаньня аб Усходняй Прусіі (Калінінградзкая вобласьць і прыбалтыйскія землі ў Польшчы), а таксама — ў палітыцы Нямеччыны адносна Польшчы. Немцы зацікаўленыя трымаць Польшчу ў Эўразьвязе. Наяўнасьць за Бугам Расеі (а не дэмакратычнай Беларусі) стала б дадатковым чыньнікам, які штурхаў бы Польшчу да немцаў (у Эўразьвяз), дзе немцы маюць рычагі ўплыву на Польшчу і могуць плянаваць свае інтарэсы, а ў выпадку агульнаэўрапейскага крызісу і развалу (які надыходзіць) – маніпуляваць польскім пытаньнем з Расеяй. (Не забывайма, што сярод усіх эўрапейскіх нацыяў немцы, як ніхто, здольныя палітычна глядзець на дзясяткі гадоў наперад і працаваць на сваю будучыню.)

Ёсьць тры варыянты зыходу выбараў і рэфэрэндуму 17-га кастрычнака. Першы варыянт. Байкот адбыўся. Гэта перамога грамадзтва над рэжымам. Афёра з трэцім тэрмінам і легітымізацыяй крэатурнага парляманту правальваецца. Прэзыдэнцкія выбары 2006 года павінны адбыцца па Канстытуцыі (без Лукашэнкі). Можа быць пастаўленае пытаньне аб тэрміновых новых выбарах прэзыдэнта.

Другі варыянт. Рэальна адбываецца байкот выбараў і рэфэрэндуму, але рэжым груба фальсіфікуе вынікі ўдзелу выбаршчыкаў у галасаваньні, ігнаруе відавочнае, усе факты і аргуманты і, насуперак усяму, заяўляе пра “падтрымку народа” і “перамогу” ў галасаваньні.

Тады беларускае грамадзтва і міжнародная супольнасьць не прызнаюць вынікаў такіх выбараў і рэфэрэндуму. Рэжым застаецца ў падвешаным стане, палітычныя і маральныя пазыцыі яго пагоршацца і аслабнуць. Тым часам грамадзтва атрымлівае штуршок да большай кансалідацыі супраць рэжыму. Байкот кансалідуе людзей. У выніку прэзыдэнцкія выбары 2006 года могуць набыць востраканфліктны характар, дзе пазыцыі Лукашэнкі стануць хісткімі, а лёс рэжыму – няпэўным.
Трэці варыянт. Параза Беларусі. Супольнымі высілкамі ўлады і яе падстаўной “апазыцыі” (розных “пяцёрак плюс”) і пры ляманце немцаў у Эўразьвязе аб патрэбе дэмакратычных выбараў у Беларусі беларускіх выбаршчыкаў заганяюць на галасаваньне. Рэжым бесперашкодна фальсіфікуе вынікі і заяўляе пра сваю чарговую “элегантную перамогу”(выраз Лукашэнкі).

Першай прызнае “вынікі” Масква. Потым у дыпляматычнай форме – Эўразьвяз (адзначыўшы “контрпрадуктыўныя моманты”, недатрыманьне “фармату выбараў”, “адсутнасьць адчувальнага прагрэсу” выбарчай сістэмы і таму падобны пустапарожні эўрабюракратычны жаргон).
Рэжым узмацняецца і застаецца. Лукашэнка – застаецца. Прэзыдэнцкія выбары 2006 года – прадвызначаныя. Антыбеларуская палітыка працягваецца з новай сілай. Нішто ўжо не перашкаджае плянам Масквы і Бэрліну рабіць свой парадак ва Ўсходняй Эўропе. Перад Беларусяй рэальна паўстае катастрофа страты нацыянальнай маёмасьці, нацыянальнай культуры, насельніцтва і дзяржаўнай незалежнасьці.

У трэцім варыянце ёсьць, аднак, яшчэ адна верагоднасьць. Парушэньні заканадаўства будуць такія грубыя, масавыя і відавочныя, што Захад пад націскам грамадзкасьці будзе змушаны не прызнаць выбары. І гэта зьмякчыла б удар.

* * *

Пытаньні, адлюстраваныя ў гэтым мэмарандуме, пастаянна абмяркоўваюцца ў беларускіх народна-дэмакратычных арганізацыях вызвольнага кшталту (найперш – у Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і ў Беларускім Народным Фронце “Адраджэньне”) і даведзеныя да ведама беларускай грамадзкасьці (у залежнасьці ад інфармацыйных магчымасьцяў, якія існуюць цяпер у краіне).

Мы спадзяемся і верым у Беларускі Народ. Мы спадзяемся таксама на разуменьне і падтрымку дзеячоў міжнароднай супольнасьці, на людзей з дзяржаўным думаньнем і адказнасьцю за будучыню Эўропы. Мы ведаем таксама, што найвялікшая вольная краіна сьвету Злучаныя Штаты Амэрыкі і наймацнейшая краіна Эўропы – Вялікабрытанія зьяўляюцца (паводле Будапэштскага Мэмарандуму 1994 года) гарантамі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Гэта дае нам упэўненасьць, што Беларусь, абараняючы сваю незалежнасьць, змагаючыся за волю і дэмакратыю, заўсёды будзе мець падтрымку і салідарнасьць вольных краінаў, тых людзей, якім дарагія ідэалы свабоды, гуманізму і справядлівасьці ў нашым агульным сьвеце.

16/8/2004 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2004
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ

Народная Перамога

[ Усе сябры ]




Лічыльнік:


Беларуская Салідарнасьць // Усе правы абароненыя // 2000—2020
Сувязь