Жывом!

«Выбар» № 30 (123)

Гэты верш быў напісаны напрыканцы 1996 года.

У той час, калі беларускі паэт Славамір Адамовіч сядзеў у Віцебскім следчым ізалятары за аўтарскі верш “Убей президента”.

За яго плячыма ўжо была крымінальная справа, сфабрыкаваная ўладай па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэксу. Ён ужо прайшоў сухую галадоўку і быў на адзін крок ад смерці. Ішоў дзевяты месяц ягонага зняволення за мастацкі твор. Вось тут і з’явіўся верш, прысвечаны Паэту-Вязню-Беларусіну.

Калі і як апынуўся гэты верш у рэдакцыі — ніхто з нас не можа ўзгадаць. Як не можа ўзгадаць аўтара. Але і сёння моц радкоў хвалюе, кліча да барацьбы, дае надзею на тое, што Беларусь і ўсе мы будзем нарэшце вольнымі.

Хай прабачыць невядомы пакуль што нам аўтар, але мы не можам утрымацца ад спакусы падарыць гэты верш нашым чытачам.

Рэдактар

Жывом!

Славаміру Адамовічу: Паэту-Вязню-Беларусіну

Збрыднелі блазнаў хохмы, маскі, Халопскай досыць нематы. Брат-беларусе, калі ласка, Гучней гамоньма я і ты!

Не дайма фюрэру і гнюсу Цугляць і бэсціць Родны Кут, — Даўно па Юдабеларусу Смыліць вяроўка — Божы суд.

Глумцу байструцкае пароды Жальбамі рады не дамо. Зрывайма рабскае ярмо! І з хаты вымецьма Смурода!

Нам доля жорсткая прыпала Масціць бальшак праз твань, праз гаць, — Люд Каліноўскага, Купалы Ў ярмо не дасца запрагаць!

На волю птушка рвецца з клеці, Бязмежжам Млечны Шлях дрыжыць… Мы — не прыблудамі ў сусвеце — Жылі. Жывом. І будам жыць!

верасень-снежань 1996 г.