Рыгору Барадуліну — 65 год

«Выбар» № 28 (121) · Рыгор Барадулін

РЫГОРУ БАРАДУЛІНУ — 65 ГОД

Віншуем Вас, дарагі Рыгор Іванавіч! Жадаем здароўя і творчых посьпехаў на карысьць Бацькаўшчыне. Радуйце й надалей чытачоў сваімі цудоўнымі вершамі. Дзякуй за ўвагу да нашай газэты.

СВІТАЛЬНЫ

Да двухтысячагоддзя ад Народзінаў Хрыстовых

Рака крыві ў зьбялелых берагах, Крывіцкае крыві За Край забраны — Світальны Бел-чырвона-белы сцяг — Як той, Што таймаваў Хрыстовы раны. Акраец палатна, які данёс Пакуты за людзей жывога Бога. Каб уваскрэснуць зноў, Пагас Хрыстос, І каб жыла над смерцю перамога, Хрыстос пакінуў нам Надзеі ўзмах, На лютых сівярах неагрубелы. Яго і паўтарацьме вечна Сьцяг, Сьцяг нашай волі Бел-чырвона-белы!

КАЛІ СПРАЎЛЯЮЦЦА ПАМІНКІ…

Калі спраўляюцца памінкі па Радзіме Прадажнікамі анівартымі зьнявагі, Віжы сапселыя з ваўкамі маладымі Сваю зайздросьць і злосьць кладуць на вагі.

Маўчыць насельніцтва — насеньніцтва, Зь якога Калісьці людзі змогуць вырасьці магчыма. Да злога блізка І далёка так да Бога. А ўрэшце кормнікам І непатрэбная Радзіма.

Абы ім перад чужаніцай Падаць ніца Законы літасьціва не забаранялі, І перад сконам не падумаюць вініцца, Што ў мерцьвякоў і ў ненароджаных Радзіму ўкралі.

30.01.2000 г.