АСАБІСТЫ ПУБЛІЧНЫ ЛІСТ аб абмене і вызваленьні палітвязьняў і ваеннапалонных

15 жніўня 2023 г.

НавіныЗянон Пазьняк

Зянон Пазьняк: Тут апублічваю тэкст ліста, накіраваны мной на э-по А. Р. Лукашэнку і У. А Зяленскаму пра абмен палітвязьняў і ваеннапалонных Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка Уладзімер Аляксандравіч Зяленскі

АСАБІСТЫ ПУБЛІЧНЫ ЛІСТ аб абмене і вызваленьні палітвязьняў і ваеннапалонных 12 жнівень 2023 г.

Аляксандар Рыгоравіч і Уладзімер Аляксандравіч, зьвяртаюся да вас як да звычайных людзей, не ўжываючы вашых афіцыйных тытулаў, бо рашэньне аб справе, па якой я зьвяртаюся, мае перш за ўсё маральны характар.

Справа пра абмен ваеннапалонных.

Два палонныя грамадзяне Беларусі ( Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч ), якія былі ў расейскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленьне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, зьвярнуліся да ўлады Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзьняволеных Рэспублікі Беларусь.

Прашу вас паспрыяць такому абмену, улічыць маю прапанову і пазыцыю шматлікіх беларусаў у Польшчы. Менавіта: абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітвязьняў у Беларусі: Вольгу Віктараўну Залатар – маці пяцярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўленьня волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўленьня волі.

Публічны ліст не найлепшы спосаб у такой важнай справе. Я не валодаю ўладай і па свайму статусу не ў стане выкарыстаць мэтады дыпламатыі прыдатныя ў гэтым выпадку. Зьвяртаюся наўпрост, абапіраючыся толькі на свой аўтарытэт сярод адданых для Беларусі людзей і не забыты ва Украіне. Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх.

Зычу шчасьця людзям Беларусі і шчасьця людзям Украіны, каб будучыня нашых народаў была вольнай, сьветлай, дружнай і прыгожай.

Зянон Пазьняк Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Рэспублікі Беларусь, Кіраўнік Парламенцкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, Палітычны лідар Нацыянальна-Вызвольнага Руху «Вольная Беларусь».