Зянон ПАЗЬНЯК: НЕДРУЖАЛЮБНЫЯ ПАВОДЗІНЫ

16 красавіка 2023 г.

НавіныЗянон Пазьняк

Сёньня (14-04-2023) прэзідэнт Летувы Наўседа наклаў вета на папраўлены закон аб адрозных абмежавальных захадах адносна грамадзян Беларусі і Расеі. Ён прапануе прымяніць не адрозныя, а аднолькавыя абмежавальныя захады да грамадзян Расеі і Беларусі, бо сцьвярджае, што беларусы акупанты.

Гэтую ж варожую для Беларускага народа тэрміналогію падтрымлівае бальшыня ўжо, практычна, збанкрутаванай прявячай партыі ў Сэйме.

Здаецца, што некаторыя спадары ў Вільні ў сваёй варожай да беларусаў палітыцы занадта далёка зайшлі і нават не разумеюць шкоды, якую робяць самы сабе.

Найперш прадстаўлены праект закона антыдэмакратычны. У праекце закона парушаны каля дзясятка палажэньняў Усеагульнай Дэклярацыі аб правах чалавека. Назаву некалькі істотных. Напрыклад, нельга дыскрымінаваць чалавека па нацыянальнай прыкмеце (а тут цэлы народ). Нельга пазбаўляць чалавека права свабоднага перамяшчэньня (а тут цэлы народ). Нельга пазбаўляць чалавека права на атрыманьне грамадзянства і інш. Ці, напрыклад, працытую: “Не павiнна рабiцца нiякага адрозьненьня на аснове палiтычнага, прававога або мiжнароднага статуса краiны або тэрыторыi, да якой чалавек належыць, незалежна ад таго, цi зьяўляецца гэта тэрыторыя незалежнай, падапечнай, несамакiравальнай, або як-небудзь iнакш абмежаванай у сваiм суверэнiтэце.” (Гэта якраз адносіцца да акупаванай Беларусі).

На гэтым грунтуецца пазыцыя ААН. Калі кансэрватары нязгодныя і думаюць інакш, то хай ставяць пытаньне аб выхадзе Летувы з ААН. Бо якая тады дэмакратыя ў кансэрватараў?

А прэзыдэнту Наўседа гэтай праектнай дыскрымінацыі беларускага народа, не раўнуючы, неяк па-камуністычнаму, нават яшчэ мала аказалася.

І яшчэ. Лукашэнка і Пуцін ня вечныя. Беларусь будзе, і будзе дэмакратычнай, і прыдзецца наладжваць зь Беларусяй адносіны. Беларусы нічога не забудуць і не забыліся, ведаюць сваю гісторыю пра Вялікае Княства Літоўскае, пра яго значэньне, культуру, мову і моц.

Будучы нядаўна ў Вільні са спадаром Вусавым я якраз хацеў пагаварыць з дэпутатамі правячай партыі пра гэтыя пытаньні і заадно пацікавіцца прычынай, чаму яны фінансуюць агентурную (створаную расейскім Газпрамам) групу вакол Ціханоўскай. Немагчыма ўявіць, каб палітыкі вышэйшага ўзроўню ў дзяржаве ня ведалі, у каго, у якога кшталту асобаў, у якую замежную палітыку, у якую групу і ў якую іхнюю дзейнасьць кансэрватыўная ўлада два гады ўлівае фінансы дзяржаўнага бюджэту.

Неверагодна, але тыя дэпутаты, зь кім было дамоўлена размаўляць, пад уплывам іншых, ухіліліся ад размоў, а той, каго спаткалі, ад страху ня мог гаварыць. І самае абуральнае, што тут жа пачалася паклёпніцкая прапаганда супраць маёй асобы ў Летуве і ва Ўкраіне, дзе расейска-канторскія палітычныя анальфабэты правакацыйна загаварылі пра гісторыю Вільні.

Складваецца ўражаньне, што кансэрватары, сваімі паводзінамі (абзываньне беларусаў акупантамі, патрабаваньне эканамічных санкцыяў супраць акупаванага народа, прыняцьце дыскрымінацыйных законаў) імкнуцца пазбавіцца ад апошніх палітычных сяброў і дэмакратычных прыхільнікаў у Беларусі.

Шкода, вядома. Тым, хто прыйдзе на месца кансэрватараў, прыдзецца, напэўна, шмат разграбаць. Але беларускія дэмакратычныя сілы з разуменьнем паставяцца да добрых учынкаў, памятаючы прыклады літоўска-беларускай салідарнасьці (1990-1991) і ўзаемадапамогі ў змаганьні за волю, дэмакратыю і незалежнасьць (удзельнікам чаго я, дарэчы, быў).

14 красавік 2023г. Зянон Пазьняк, Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, арганізатар Нацыянальна-Вызвольнага руху “Вольная Беларусь”, лідэр Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня. https://www.bns-volnayabelarus.org/post/niedruzh-pavodziny