Надыходзіць дзень незалежнасьці Летувы 16 лютага 1918 г. А неўзабаве будзе дзень аднаўленьня незалежнасьці 11-га сакавіка 1990г.
Гэты час сумеснага змаганьня за незалежнасьць па сёньняшні дзень жыве ў маёй сьведамасьці як вельмі ўзнёслы і хвалюючы час. Мы тады вельмі спрыялі адзін аднаму. Варта сказаць, напрыклад, што Устаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і 2-гі зьезд Канфэдэрацыі Беларускіх Маладзёвых Суполак пры спрыяньні Саюдзіса адбыліся ў Вільні ў 1989 годзе, а беларусы ўсяляк падтрымлівалі суседзяў, калі былі спробы ваеннага ўмяшаньня саветаў у справы іхняй дзяржаўнай незалежнасьці.
Зьезды Саюдзіса і БНФ “Адраджэньне” заўсёды адбываліся ва ўзаемнай прысутнасьці ўзаемных гасьцей. Канец 80-х і пачатак 90-х былі незабыўнымі гадамі ў нашай свабодзе.
Цяпер Беларусь пад расейскай акупацыяй і пад здрадніцкім прамаскоўскім рэжымам Лукашэнкі. Расея напала на Ўкраіну. Йдзе вайна. Шмат што зьмянілася і перавярнулася ў сьвеце, але барацьба за незалежнасьць і пачатак свабады незабыўныя.
З гэтай нагоды па даручэньні БНС “Вольнай Беларусі” віншую нашых прыяцеляў і суседзяў з Днём Незалежнасьці. Хай дух свабоды лунае над намі. А ніжэй зьмяшчаю віншаваньне з нагоды гістарычнай даты , адрасаванае Сейму Літоўскай Рэспублікі.
Зянон Пазьняк.
Павжаныя спадарыні і спадары, шаноўныя нашыя суседзі.
Ад імя Нацыянальна-Вазвольнага Руху “Вольная Беларусь” Віншую Вас і ўвесь літоўскі народ зь вялікмі сьвятам дзяржаўнай незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі, сцьверджанай 16 лютага 1918 года.
У вызначальны для вашай і нашай свабоды час на пераломе1980-х і 1990-х гадоў мы, Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і літоўскі “Саюдзіс”, кансалідавалі нашыя высілкі разам і змагаліся за незалежнасьць нашых краін ад СССР.
Незалежнасьць была дасягнута, нягледзячы на супраціў і правакацыі Масквы. 29-га сакавіка 1990-га года, напрыклад, пасьля абвяшчэньня Вярхоўным Саветам Літвы аб аднаўленьні літоўскай дзяржаўнасьці, якое адбылося 11 сакавіка 1990 года, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР пад націскам Масквы запатрабаваў вярнуць Вільню і Віленскі край у склад Беларусі. Гэта была маскоўская правакацыя з мэтай разбіць салідарнасьць і скампрамэтаваць, сутыкнуць Саюдзіс і Беларускі Народны Фронт.
3-га сакавіка Беларускі Народны Фронт ацаніў заяву Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР як “палітычны шантаж”. У сярэдзіне красавіка дэлегацыя народных дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР ад Беларускага Народнага Фронту і дэлегацыя дэпутатаў Вярхоўнага Савету Літоўскай Рэспублікі ад Саюдзіса спаткаліся ў Вільні і прынялі сумесную заяву, дзе падкрэсьлілі, што “спробы блакаваць рэалізацыю права на самавызначэньне накіраваныя супраць правоў і жыцьцёвых інтарэсаў усіх народаў СССР”, што “камуністычнае кіраўніцтва як былой Літоўскай ССР, гэтак і Беларускай ССР ня толькі ня вырашыла спэцыфічныя этнамоўныя, сацыяльна-эканамічныя ды іншыя праблемы Віленскага Рэгіёну, але яшчэ і паглыбіла іх”, што гарантыі вырашэньня праблем “у поўнай меры могуць забясьпечыць толькі суверэнныя і дэмакратычныя дзяржавы Літвы і Беларусі.”
Заява ад дэпутатаў Беларусі падпісана мной як Кіраўніком дэпутацкай Апазыцыі БНФ, А. Трусавым, В. Голубевым і інш., ад дэпутатаў Літвы падпісана В. Павілёнасам, Г. Ілгунасам, А. Шыменасам і і нш.
Пасьля прыняцьця і апублікаваньня (23. 04. 1990.) гэтай супольнай заявы маскоўская правакацыя скончылася. Нацыянальна-дэмакратычны рух Саюдзіса і Беларускага Народнага Фронту за незалежнасьць і свабоду працягваўся і прывёў да перамогі. Якраз у Беларусі быў пастаўлены крыж над існаваньнем СССР.
Такіх прыкладаў супольнага змаганьня Саюдзіса і БНФ за незалежнасьць сваіх краін было шмат. Некаторыя дэпутаты ад БНФ былі нават адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі Літоўскай Рэспублікі за дапамогу ў барацьбе за свабоду.
Цяпер, калі расейскі агрэсар пры здрадзе Лукашэнкі акупаваў Беларусь, напаў на Украіну і рэальна пагражае ўсёй Усходняй Эўропе, салідарнасьць паміж нашымі народамі, як і ў 90-х гадах, павінна быць грунтам для супраціву супраць агрэсіі Масквы, гарантыяй незалежнасьці, дэмакратыі і свабоды.
Вітаем Незалежнасьць Літоўскай Рэспублікі!
Віншуем з Днём Незалежнасьці!
15 люты 2023 г. Варшава ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ад Нацыянальна-Вызвольнага руху “Вольная Беларусь”