ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПРА КАНФЕРЭНЦЫЮ ЦІХАНОЎСКАЙ

9 жніўня 2022 г.

НавіныЗянон Пазьняк

Выбарачна праглядзеў выступы і гаворкі на канферэнцыі «офіса» 8-га жніўня ў Вільні. Тое, што было ўбачана і пачутае, – гэта жахліва. Вось які сурагат усплывае на паверхню, калі ў краіне зьнішчылі нацыянальны палітычны клас.

Групнікі нават у гэтых умовах акупацыі і вайны зноў паўтарылі ўсе свае калабаранцка-расейскія догмы. Напачатку паказалі фантастычны рэкламны ролік, дзе было паведамлена пра неверагодныя заслугі «офіса» і (між іншым), што групоўка вакол Ціханоўскай стварыла полк Каліноўскага і полк «Пагоня» (цікава, як гэта ўспрымуць самы ваяры). У выступах Ціханоўскай, Латушкі і т.п. было адзначана, што трэба «увеличить санкционное давление» на рэжым Лукашэнкі. Было сказана, што «барба» ў Беларусі з рэжымам пачалася з 2020 года, што трэба правесьці выбары прэзыдэнта па старым лукашысцкім заканадаўстве, а потым – прыняць новую канстытуцыю. Пры гэтым агент «Раймон» (ён жа Лябедзька), які гробіў незалежнасьць яшчэ разам з Лукашэнкам, назваў сябе «Дэпутатам Незалежнасьці» і г. д. – усё па старых праектах і маскоўскіх клішэ з 2020 года.

Адзіным разумным выступам быў выступ спадара пракурора Алега Талерчыка (аднаго з кіраўнікоў «Байпола»), які ў каторы раз растлумачыў, чаму трэба вярнуць законную Канстытуцыю 1994 года і правесьці не прэзыдэнцкія, а парляманцкія выбары (але тое, відаць, – не для разуменьня той публікі).

Усе рабілі выгляд, што Ціханоўская ёсьць нейкая «легітымная асоба». Гэтае тлумнае самаашуканцтва сабраных асобаў сапраўды ўражвае. Калектыўная прастрацыя сьвядомасьці.

Усё, што будуецца на ілюзіях, на ашуканцтве людзей, на фальшывасьці і ўяўнай «легітымнасьці» Ціханоўскай, якой у грамадзкім сэнсе не існуе, а ў электаральным – не было (і што ёсьць бясспрэчным фактам) – ўсё гэта мярцьвячына, якая ня будзе жыць і зробіць шкоду.

У палітычным сэнсе было б лепш каб гэтую групоўку ўвогуле ліквідаваць (і не гуляцца зь ёй), бо, калі ўявіць горшае, што Крамлю ўдасца сыграць да канца гэтую сваю партыю з Ціханоўскай-Бабарыкам, то Беларусь зноў апынецца ў лапах ужо новай пасьляпуцінскай Расеі.

9 жніўня 2022 Крыніца: ФБ