Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: РЭАЛЬНАСЬЦЬ ВАЙНЫ

Мэдыя-прастора — гэта асаблівая сфэра штучна створанага сьвету. Тое, што там адбываецца, уплывае на рэальнасьць, але не адпавядае ёй, бо супадае прыблізна, а часам супярэчыць рэальнасьці.
Ведаючы гэта, бывае карысна глянуць на сьвет вачыма староньняга фіксатара зьяваў і падзей, нягледзячы на ўласную заангажаванасьць у працэсы і на волевую зацікаўленасьць у іхным разьвіцьці.

У студзені гэтага года адбылася вайсковая акупацыя Рэспублікі Беларусь расейскім войскам. Масква ўвяла свае войскі, пераняла кантроль над ваеннай і стратэгічнай інфраструктурай Беларусі і, скарыстаўшы захоплены беларускі плацдарм, напала на Украіну.

Пачалася збройная агрэсія Расеі супраць Украіны. Захоплены ўкраінскія тэрыторыі, пяты месяц працягваецца маскоўска-украінская вайна.

Расейцы вядуць вайну злачыннымі мэтадамі, зьнішчаюць жыцьцёвае асяроддзе, сацыяльную інфраструктуру, гарады, паселішчы і мірных людзей Украіны. Расейцы дэманструюць перавагу перад Украінай на некалькі парадкаў ва ўзбраеньні і ва ўсіх ваенных рэсурсах. Пры гэтым яны нясуць велізарныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, выяўляюць нізкі маральны ўзровень свайго войска і яго матывацыі да вайны.

Украінскае войска і ўкраінскі народ, наадварот, дэманструюць нацыянальную салідарнасьць, моц духу і глыбокую народную матывацыю ў абароне свабоды, незалежнасьці і існаваньня сваёй Айчыны. Украінцы ставяць моцны гераічны супраціў агрэсару.

Палітычным посьпехам Украіны ёсьць тое, што яна на прыкладзе вайны з Масквой здолела пераканаць Захад, Амэрыку, Эўразьвяз і НАТО ў тым, што агрэсія Расеі мае працяг і нясе небясьпеку для ўсёй Эўропы і ўсяго атлантычнага сьвету, і што абарона Украіны — гэта ёсьць абарона ўсёй эўрапейскай цывілізацыі.
Гэтая пазыцыя Украіны ў значнай ступені зьяднала заходні сьвет і выклікала рэальную (збройную, гуманітарную, фінансавую і інш.) падтрымку для Украіны ў вайне супраць Расеі.

Тым ня менш, вайна разьвіваецца з пасьлядоўнай перавагай Расеі, і (па меры зацягваньня ваенных дзеяньняў) гэтая перавага павялічваецца.

Маскоўская перавага абумоўлена і выяўляецца ў наступным. Вайна вядзецца на тэрыторыі Украіны, носіць жыцьцёва вынішчальны і людабойчы характар. Страты Украіны з гэтай прычыны непараўнальныя са стратамі Расеі і ў агульным вымярэньні шматкроць пераўзыходзяць расейскія.

Пасьля правалу наступу на Кіеў, расейцы рацыянальна перагрупаваліся, зрабілі высновы, перанесьлі ваенныя дзеяньні на поўдзень і на ўсход, пастаянна наступаюць, не рызыкуючы адрывам ад тылу, і крок за крокам вынішчаюць асяроддзе, займаюць украінскія тэрыторыі і гарады. Забраны (і поўнасьцю зьнішчаны Марыопаль, Севераданецк, Лісічанск, Херсон і інш., заблакаваная Адэса і ўся акваторыя Чорнага мора. З захопленых тэрыторыяў насельніцтва і дзяцей акупанты вывозяць у Расею (стары прыём маскоўскай арды), зьнішчаецца ўсё украінскае (мова, школы, надпісы, шыльды, кнігі і інш.), рыхтуюцца “рэфэрэндумы” па аб’яўленьні новых квазі-рэспублік (Херсонскай і інш.) і далучэньне іх да Расеі, ствараюцца акупацыйныя адміністрацыі. Луганская вобласьць ужо, практычна, уся акупаваная расейцамі. Расейскі наступ і расправа над Украінай працягваецца. Рашаючае значэньне мае тут каласальная перавага расейцаў у артылерыі, ракетах і ракетных устаноўках, таксама ў авіяцыі і ва ўсіх рэсурсах. Стрымлівае гэта ўсё у асноўным толькі гераізм украінскіх ваяроў, якія рэальна нясуць людзкія страты, ня меншыя, чым расейцы (чаго не павінна быць, бо расейцы наступаюць).

Надзеі украінцаў на пералом вайны зьвязаныя са спадзяваньнем атрымаць якасную (такую ж, як у рускіх, а мо’ й лепшую) зброю з Захаду (найпераш артылерыю і ракеты).

Другая надзея — на вычарпаньне ваенных рэсурсаў Расеі і на вынік маральнай нематываванасьці расейскіх жаўнераў (што з большага ёсьць праўдай).

Аднак гэта прывідныя надзеі. Рэсурсы Расеі, практычна, невычарпальныя. Іх хопіць яшчэ надоўга.
Што датычыць слабой маральнай матывацыі жаўнераў, дзікасьці, варварства і безадказнасьці у расейскай арміі, то такой яна была заўсёды, пачынаючы ад маскоўскай арды. У гэтым якраз яе сутнасьць і яе шалёная сіла, бо Расея заўсёды вяла і вядзе дзікую, жорсткую, вынішчальную, варварскую вайну з выпальваньнем тэрыторыі, з забойствамі ўсіх падрад, з рабункамі, групавым гвалтам, адсяканьнем канечнасьцяў і выколваньнем вачэй дзеля забавы і т. п. Для такой дзікай вайны павінен быць адпаведны жаўнер, здольны на варварскую вайну. І ў рускай арміі заўсёды быў і ёсьць такі жаўнер, зь якім Масква захоплівала чужыя тэрыторыі. Уся макоўская гісторыя імпэрскіх “перамог” перапоўнена дзікімі злачынствамі варварскай расейскай арміі. Іншых прыкладаў проста не існуе. Ці трэба нагадваць пра нядаўнюю ельцынска-пуцінскую вайну ў Чачэніі? Ці, можа, хто ня ведае, што рускія тварылі ў Аўганістане (забілі 1 мільён 400 тысячаў мірных аўганцаў, кідалі гранаты ў хаты зь дзецьмі “ради развлечения”). Я ўжо не кажу, што рускія дзікуны тварылі ў 1945 з цывільнымі немцамі і немкамі, які быў масавы гвалт і марадзёрства.

Слабая матывацыя ваяваць зь немцамі ў 2-ю Сусьветную вайну ўзмацнялася “загрядотрядами” НКВД, якія стралялі ў плечы савецкім жаўнерам. І беглі жаўнеры пад нямецкія кулямёты, бо толькі там яшчэ можна было ацалець.
У жаўнераў расейскай і ўкраінскай арміі розныя матывацыі і розны парадак адносінаў, але наступае і займае ўкраінскую тэрыторыю пакуль што руская армія з сваёй людабойчай ардынскай мэтодай вайны.

Нягледзячы на патрыятызм украінцаў і на гераізм украінскіх ваяроў, становішча Украіны няпэўнае, бо яе перамога і яе лёс цяпер цалкам залежыць ад Захаду. Як павядзе сябе Захад, так будзе і з Украінай.

Вось тут ёсьць самае слабое зьвяно ва ўсёй драме, якая разгортваецца ва ўсходняй Эўропе. У Эўразьвязе няма глыбокага разуменьня зьместу расейскай агрэсіі, сутнасьці расейскай дзяржавы і расейскага грамадзтва. Эўразьвяз падзелены на прыхільнікаў перамоваў і заключэньня міру з Расеяй коштам украінскай тэрыторыі і на тых, хто настроены на актыўную ваенную дапамогу Украіне з мэтай нанясеньня паразы рускім агрэсарам. Але ніхто (у тым ліку і НАТО) не дапускае магчымасьці непасрэднага ўдзелу Захада ў вайне з Расеяй.

Нядаўні зьезд НАТО у Мадрыдзе пацьвердзіў неактыўную абарончую настроенасьць блоку адносна расейскай агрэсіі супраць Украіны. НАТО прызнала Расею ворагам, хоча павялічыць прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Эўропе да трохсот тысячаў дзеля абароны “усходняга флангу”. Але краіны НАТО не змаглі стварыць неабходнае агульнае стратэгічнае камандваньне гэтымі сіламі НАТО у Эўропе, якое звычайна павінна б было ажыцьцяўляць стратэгію паводзінаў войска на выпадак вайны. (Супраць стратэгічнага камандваньня НАТО ў Эўропе выступілі даўнія сябры Расеі — Нямеччына і Францыя.)

Ніхто ў Эўропе (акрамя Вялікабрытаніі і ў пэрспэктыве Польшчы) ня хоча ваяваць за сябе, і тым больш — за Украіну. Выявілася таксама слабасьць і раззброеннасьць НАТО. У Эўразьвязе — поўная адсутнасьць валявых, стратэгічна думаючых палітычных лідараў.

У выніку Захад робіць памылку за памылкай і страчвае час для прыняцьця рашэньня. Складваецца ўражаньне, што, дапамагаючы Украіне, некаторыя палітыкі на Захадзе не разумеюць, што Расея ваюе з усім Захадам, хоць пакуль што гэта гібрыдная вайна. Расея рыхтуе магутны ўдар па Захадзе, які можа вырашыць лёс вайны на Украіне. Маецца на ўвазе блакаваньне вывазу ўкраінскага збожжа на Блізкі Усход і ў Паўночную Афрыку. Па прагнозах гэта выкліча частковы голад у рэгіёне і масавую эмігрпацыю ў Эўропу. І тут ужо будзе не да Украіны. Эўрапейскі філісьцер залемантуе пра мір ва Украіне на ўмовах Расеі.

Яшчэ ў траўні, калі ўзьнікла пытаньне з украінскім зернем і блакадай гандлёвых шляхоў, было зразумела, што Расея б’е гэтым ня столькі па Украіне, колькі па Эўропе і плануе выклікаць сусьветны голад. Тут — агрэсіўныя дзеяньні супраць Эўропы і краінаў Афрыкі. На гэтую пагрозу трэба было хутка і рэзка рэагаваць. Напрыклад, мог бы зьявіцца ўльтыматум супраць Расеі, што, калі яна не разблакуе ўкраінскія парты для вывазу збожжа, то НАТО увядзе свае караблі ў Чорнае мора і зьнішчыць расейскі флот.

Але на такое ні Захад, ні НАТО ня здольныя. У выніку (пакуль што) — перамога Пуціна. І ўсе тое ўбачылі. Руская палітыка правакацыі голаду і ўдару па Эўропе працягваецца.

І вось тут трэба адзначыць дамінацыю расейскай інфармацыйнай прапаганды літаральна на ўсіх інфармацыйных франтах (акрамя часткова ва Украіне).

Поўная інфармацыйнае панаваньне пуцінскай прапаганды існуе на ўнутраным інфармацыйным фронце Расеі. Вялікі інфармацыйны ўплыў Расеі існуе ў Эўропе праз агентуру і перакупленых левакоў. Рускай інфармацыйнай прапагандай поўнасьцю пакрыта Беларусь. І, нарэшце, поўная перамога рускай дэзінфармацыі адзначана ў Азіі і Афрыцы, што нядаўна (сваю інфармацыйную бездапаможнасьць) афіцыйна прызнаў Эўразьвяз. Азія і Афрыка ўжо вінавацяць Эўропу, што праз яе санкцыі супраць Расеі Эўропа рыхтуе голад для Афрыкі.

Інфармацыйна Эўропа тут бездапаможная. Прытым трэба ўлічыць, што афрыканскі кантынент ужо амаль цалкам пад уплывам кітайскага бізнэсу і кітайскіх інвестыцый. Кітай таксама чакае, калі па рацэ праплыве труп ворага. Перамога Расеі ў рэвалізацыі з Эўропай незаўважнай не мінае.

Індыя ў тры разы павялічыла закупкі расейскай нафты. Вядома, па таннай цане, але Расеі выгадна. Азія таксама чакае, што будзе далей.

Важкай інфармацыйнай перамогай Расеі ва Украіне ёсьць пасьлядоўнае фармаваньне думкі аб беларусах як аб ворагах Украіны. Як напісаў адзін дасьведчаны беларус, “неразуменьне ўкраінцамі беларускіх рэалій ашаламляе”. Тут, аднак, ня толькі інфармацыйны ўплыў агентуры, але яшчэ і звыклая ўжо слабасьць украінскай палітычнай думкі, часам ня здольнай прафэсійна ацаніць падзеі і тым больш — растлумачыць іх свайму насельніцтву.

Некаторыя папулярныя тэарэтыкі-эксперты з разумным выглядам апавядаюць, што Беларусь не пад акупацыяй, што беларускі народ будзе адказваць за агрэсію расейцаў з тэрыторыі Беларусі на Украіну і таму падобныя дамарослыя разважаньні.

Найбольш уразіла паўторанае шматкроць выказваньне Сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны спадара А. Данілава аб тым, што яны ва Украіне аніяк не чакалі нападу расейскага войска з тэрыторыі Беларусі і што для іх гэта было поўнай нечаканасьцю. Такія прызнаньні сьведчаць пра небясьпечную памылку, пра няўвагу да стратэгічнага аналізу і пра “ашаламляльнае” (паўтару тое слова) неразуменьне таго, што адбылося ў Беларусі. У такое нават цяжка паверыць.

Тых жа палітыкаў, якія цьвяроза бачаць абставіны і часта даюць адэкватныя ацэнкі (напрыклад, А. Арэстовіч) агентура і крыкуны гатовыя зьмяшаць з зямлёй.

Падсумоўваючы гэтую частку, вымушаны канстатаваць, што расейцы цалкам выйграюць дэзінфармацыйную вайну, практычна, на ўсіх мэдыйных франтах.

Трэба памятаць жыцьцёвую асаблівасьць, што інфармацыйна ілжа і фантасмагарычная хлусьня ў масавым інфармацыйным полі вельмі эфектыўная. Маса — гэта яе сфэра.

Для перамогі праўды ў масавай інфармацыі патрэбныя рэсурсы і галоўнае — працяглы час (бо праўда разьлічана на разумных людзей, устойлівых да прапаганды, якіх мяншыня). Гэтага працяглага часу бывае дастаткова, каб ілжа (што абапіраецца на невысокую культуру масавай сьвядомасьці) запанавала і пабегла далей. Ведаем прыклад, калі гёбэльсаўская радыёпрапаганда, фактычна, падрыхтавала паразу Францыі ў 2-й Сусьветнай вайне.

Беларускі Народны Фронт ад самага пачатку стварэньня ў канцы 1980-х пастаянна зьвяртаў увагу на геапалітычныя праблемы Беларусі ў сувязі з агрэсіўнымі інтарэсамі імпэрыялістычнай Расеі. Вельмі важна было грунтоўна замацаваць незалежнасьць краіны, бо ў выпадку імпэрскага абвастрэньня палітыкі ў Крамлі, казалі мы ў той час, беларускі стратэгічны плацдарм стане першай ахвярай рускай агрэсіі. І толькі забраўшы Беларусь, Расея падрыхтуе ўдар па Украіне.

Пра гэта казалася на 1-й і 2-й Міжнароднай канфэрэнцыі па Балта-Чарнаморскай Супольнасьці ў Менску ў 1990-м годзе і таксама на Міжнароднай канфэрэнцыі па БЧС і Балта-Чарнаморскім нафтавым калектары ў 1993 г. у Менску. https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=pfbid0UagcTjDNftsC1GB5k5upAsNMPSiBxiiGNkyMe1LZXsf1QrvtXAnAVsUAsPy68Stkl&id=100010349618178

Увогуле, увесь час мы абмяркоўвалі гэтую праблему з украінскім Рухам, і украінцы тое ведалі. (І нават у 2014-15 гг. мы пра тое папярэджвалі.) Але цяпер нарадзілася пакаленьне (як і ў Беларусі, між іншым), якое нічога ня ведае, не разумее і нічога ня памятае. На жаль, гэта так. Таму рускай дэзінфармацыі ёсьць дзе разгарнуцца.

А павінна б была, як і ў беларусаў, існаваць поўная яснасьць для украінцаў, што імпэрская Масква, плануючы агрэсію на Захад, перашым чынам пастараецца выбіць стратэгічна важнае зьвяно (Беларусь) і аслабіць яго дзеля лёгкай здабычы.

Улічваючы такую стратэгію, у 1994 годзе да ўлады ў Беларусі быў прыведзены стаўленьнік Масквы А. Лукашэнка, які пад камандай Крамля стаў праводзіць гібрыдную палітыку ўнутранай акупацыі, зьнішчаючы нацыянальныя асновы беларускай нацыі.

За 28 гадоў нішчэньня і лукашысцкага тэрору беларускую нацыю абяскровілі настолькі, што збройная акупацыя краіны ў студзені 2022 года, закамуфляваная пад лукашысцка-маскоўскія вайсковыя вучэньні, адбылася без супраціву з боку Беларусі.

Пераняўшы кантроль над ваеннай, транспартнай і стратэгічнай структурай краіны, рускія нават ня сталі ствараць сваю акупацыйную адміністрацыю. Ролю акупацыйнай адміністрацыі стаў выконваць стаўленьнік Лукашэнка і яго антынародная хунта. Пры гэтым вайна хунты супраць беларускага народа і рэпрэсіі павялічыліся шматкроць. Расправы над беларусамі бесперапынна адбываюцца кожны дзень.

Захапіўшы Беларусь, расейцы выйшлі на межы непасрэднага кантакту з Украінай, Польшчай, Летувой і Латвіяй. Гэта адчыніла для Расеі рэальную магчымасьць пагрозы сумежным краінам і распачынаньне вайны. Неўзабаве расейцы напалі на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Здавалася б, вопытныя, адукаваныя палітыкі ва Украіне павінны б былі разумець тэхналёгію маскоўскай агрэсіі — спачатку, скарыстаўшы акупацыйны рэжым Лукашэнкі, захапіць Беларусь, а потым зь Беларусі напасьці на Украіну. Трэба ж было ім пра тое перажываць, маркоціцца, біць у званы, абурацца тым, што рускія захапілі Беларусь і пагражаюць Украіне. Трэба ж было патрабаваць спыненьня акупацыі Беларусі, вываду адтуль рускага войска, трэба ж было падтрымліваць беларусаў гэтак жа, як беларусы падтрымліваюць украінцаў, бо і беларусы, і украінцы сталі ахвярай расейскай агрэсіі.

Замест алярму была цішыня і слуханьне бесперапыннай прапаганды маскоўскай агентуры (тыпу Іларыёнава), што ніякай рускай расейскай агрэсіі на Украіну ня будзе. А цяпер (калі рашысты напалі) мы бачым бесперашкоднае гарцаваньне рашысцкай прапаганды ва ўкраінскай мэдыа-прасторы, пляваньне на рэпрэсаваных беларусаў і ўзбуджэньне нянавісьці супраць беларусаў ў галовах бязмозглых саўкоў. Вось яна бесперашкодная перамога расейскай дэзінфармацыі.

Таак званыя тэарэтыкі-аналітыкі-экспэрты, разумнікі, яшчэ і цяпер даказваюць у эфір, што ніякай акупацыі Беларусі няма і г. д. Можа, яны атручаныя? Чым такое растлумачыць?

Найбольш разумную пазыцыю здаровага сэнсу ў дачыненьні да Беларусі займае якраз украінскае войска і ўкраінскія ваенныя. На іх найбольш (на ўкраінскай арміі) цяпер і трымаецца Украіна.

Маё падсумаваньне будзе трывожным. Захад ня хоча праводзіць ніякай тактычнай палітыкі адносна Беларусі, так неабходнай ва ўмовах вайны. Складваецца ўражаньне, што там проста не разумеюць, якія пагрозы ўзьніклі для Эўропы ў выніку акупацыі Беларусі, і што яшчэ (з прычыны гэтай акупацыі) можа адбыцца.

Пералом у вайне на Украіне мог бы стаць у выніку перадачы ўкраінцам вялікай колькасьці сучаснай зброі з Захаду. Аднак гэта тармозіцца, бо Захад не зацікаўлены ў паразе і распадзе Расеі. Ён хацеў бы мець аслабленую Расею як крыніцу рэсурсаў і залежную ад Захаду эўрапейскую Украіну, куды Захад усадзіць свае капіталы.

Такая пазыцыя будзе ўзмацняць у Эўропе канфармісцкія тэндэнцыі пошуку кампамісу і міру з Расеяй коштам Украіны.

Гэты дрэнны варыянт часовага міру ў рэальнасьці засьведчыць перамогу Расеі, пакіне Украіну бяз Крыма, паўднёвых і ўсходніх тэрыторыяў, а Беларусь можа зьнікнуць з мапы Эўропы як незалежная дзяржава. Усё гэта будзе ўспрынята ў вачах астатняга сьвету як параза Захаду і паспрыяе маргіналізацыі эўрапейскай цывілізацыі.

Такі нядобры сцэнар рэальна магчымы, і таму трэба цяпер яму супраціўляцца, каб не дапусьціць укараненьня рускага фашызму з-за супярэчлівай і млявай палітыкі заходняй Эўропы. Тут трэба працягваць барацьбу і мацаваць цьвёрдую волю да перамогі. Як было некалі ў нашым Вялікім Княстве — толькі наперад. Толькі змагацца. Ня слухаць заходніх філісьцераў. Моцная змагарная пазыцыя Украіны будзе ўплывыць на станоўчую пазыцыю Захаду.

Трэба дапамагаць Украіне. Беларусам, хто можа трымаць зброю, трэба ўступаць дабраахвотнікамі ў беларускія аддзелы ўкраінскай арміі, ваяваць за Украіну і біць маскаля. Маскоўскага фашыста трэба толькі зьнішчаць, інакш — ён разбурыць Украіну і заб’е наш народ.

7 ліпеня 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК

http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/realnascvajny?fbclid=IwAR0BRhkZvkTki_F1MXKEWA7Ecs5XJSlnqmwJjJ3ae5eZepD2lX_5a-xN_uo

10/7/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2022
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024