Сёньня, 19-га чэрвеня, Дзень нараджэньня вялікага нацыянальнага і сусьветнага пісьменьніка, вялікага Беларуса Васіля Быкава. Хвала ягонаму жыцьцю, творчасьці і памяці. Але гаварыць тут буду пра іншае.
Расейская агентура ФСБ, што даўно і глыбока атабарылася ва Украіне, нахабна і ўпарта стварае для Украіны ворагаў у Беларусі, скарыстоўваючы, як і ўсюды, абмежаваных асоб ва ўкраінскай дзяржаўнай адміністрацыі і “нацыяналізаваных саўкоў”.
Беларусы (якія цяпер знаходзяцца пад прэсам пагромаў і пад рэпрэсіямі фашысцкага рэжыму Лукашэнкі ) — гэта прыхільны да ўкраінцаў народ, які ў большасьці стаіць за перамогу Украіны і амаль стоадсоткава супраць вайны. Беларусы добра адносяцца да ўкраінцаў, нягледзячы ні на што: ні на папулярнасьць ва Украіне (да 2022 года) здрадніка беларускай нацыі сатрапа Лукашэнкі, ні на зьдзекі зь беларусаў цяпер, ні на рашысцкую прапаганду, якая шалее ў Беларусі.
Пазытыўнае стаўленьне беларусаў да ўкраінцаў і настрой супраць вайны — гэта важны чыньнік, які ўвесь час змушае сатрапа Лукашэнку стрымлівацца, не паддавацца націску Пуціна і не пасылаць сваё войска на Украіну. І вось тут рашысцкая агентура актывізавалася, як нідзе. Рашыстам трэба, каб з боку Украіны зьневажалі беларусаў, каб гадзілі на народ, на вялікіх людзей, трэба стварыць зь Беларусі ворага для Украіны. Тым больш, што бязмозглых выканаўцаў усюды хапае. Прыкра глядзець на ўсё гэта. Эмацыйна і дакладна напісаў пра такія выверты Сяргей Навумчык. Тэкст падаецца ніжэй.
СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК: «Вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў! Абсурд»
Выдаленьне «Альпійскай баляды» Васіля Быкава са школьнай праграмы ва Ўкраіне тлумачаць саўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расеі.
І сьведчыць гэта пра поўнае няведаньне цяперашнімі кіраўнікамі Ўкраіны палітычных рэалій у Беларусі, што, зрэшты, дэманструецца ледзь не штодня на ўзроўнях больш высокіх, чым чыноўнікі Міністэрства адукацыі. Я ўжо не кажу пра гісторыю Беларусі — даўную і нядаўнюю. З украінскай школьнай праграмы скрэсьлілі антываенны твор Васіля Быкава: «Улічваючы масавае ўварваньне расейскіх узброеных сілаў»
Можна было б узгадаць, што 17-гадовы Васіль Быкаў сустрэў вайну ва Ўкраіне, на ўкраінскай зямлі прыняў свой першы бой, за яе праліў сваю кроў, і нават «пахаронка» ягоным бацькам прыйшла з Украіны — імя Быкава было на абеліску каля Кіраваграду).
Ці прыгадаць, што Васіль Быкаў вітаў вынікі рэфэрэндуму ў сьнежні 1991-га, на якім 90% украінцаў выказаліся за Незалежнасьць.
Васіль Быкаў выступіў супраць імпэрскіх памкненьняў дэпутата Лукашэнкі яшчэ ў 1993 годзез і быў адным з самых пасьлядоўных ягоных крытыкаў як прэзыдэнта. Менавіта з гэтай прычыны ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і апошнія гады жыцьця правесьці на чужыне.
Увесь гэты час, нагадаю, кіраўнікі Ўкраіны сустракаліся, цёпла віталіся і нават цалаваліся з Лукашэнкам. Ні слова асуджэньня ягонай замежнай палітыкі, накіраванай на інтэграцыю з Расеяй або дыктатарскіх мэтадаў мы ад іх ня чулі.
Цяпер, калі тая палітыка прывяла да ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для расейскай агрэсіі, вінаваты, аказваецца, Васіль Быкаў! Ну ці не абсурд?
Застаецца верыць, што калі-небудзь Гасподзь верне розум тым, хто яго згубіў. І прыгадаць апошнія радкі апошняй кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому»: «Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне аптымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Ўкраінка: «Без надіі такі сподюваюсь» …