Зянон ПАЗЬНЯК: ЗАЦЕМКІ АБ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАВОДЗІНАХ

17 мая 2022 г.

НавіныЗянон Пазьняк

· Прарасейская групоўка (што пад шырмай Латушкі-Ціханоўскай) цяпер узмоцнена мімікрыруе. Зьявілася рыторыка асуджэньня вайны і агрэсіі Расеі супраць Украіны. Старанна пазьбягаюць, аднак, наўпроставых ацэнак Пуціна і злачынстваў Расеі супраць чалавецтва. Карыстаюцца абагуленай тэрміналогіяй і эўфемізмамі, вельмі імкнуцца пранікнуць ва Ўкраіну і зачапіцца ва ўкраінскай тэматыцы.

Зноў аднавіліся паездкі па замежжы і сустрэчы з кіроўнымі асобамі краінаў. Уражаньня гэта ўжо ня робіць, тут гучыць звыраднелая рыторыка пра эканамічныя санкцыі супраць Беларусі альбо прамаўляюцца глупствы, напрыклад (цытата) — ” во многом благодаря белорусам прекратілось нападеніе на Кіев со стороны Беларусі, то есть россійская армія не почувствовала себя комфортно на белорусскіх землях.”

Увогуле такое выказваньне ёсьць “невераятны” шэдэўр асаблівага думаньня (праўда, у мяне ўэьнікла падазрэньне ці не навучалі гэтаму маўленьню спн. Ціханоўскую розныя там штабныя “раймоны”, каб рззлаваць украінцаў супраць беларусаў).

Пра прызнаньне Беларусі акупаванай краінай ў штабістаў гаворкі няма. Праўда, зьявіліся станоўчыя спробы дамагчыся спыненьня дыскрымінацыі беларусаў у некаторых краінах. Робіцца таксама акцэнт на падзеле паміж антынароднай палітыкай Лукашэнкі і пазыцыяй Беларускага народа супраць вайны, але такі падзел ужо раней усьвядпмлены амэрыканскай дыпламатыяй і групнікам застаецца толькі з гэтым пагаджацца і тое паўтараць.

У апошні час у прарускіх пунктах і асяродках інфармацыі рэзка ўзмацнілася чорная прапаганда супраць маёй асобы. Тут, праўда, усё зразумела ўжо 30 гадоў, нічога новага, Новыя толькі выканаўцы.

А цяпер па сутнасьці паводзінаў. — Групнікі адчулі верагоднасьць паразы Расеі ў вайне і тое што гэта можа паспрыяць упадку рэжыму Лукашэнкі. Гэтым тлумачацца спробы палітычна пранікнуць ва Украіну, каб потым па магчымасьці асядлаць беларускае вызваленьне.

— Пры гэтым яны ўбачылі пагрозу сабе ў руху Беларускага нацыянальнага адраджэньня. Адсюль насіленьне чорнай прапаганды супраць асяродкаў і ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

— Групнікі ў палітычнай рыторыцы зыходзяць не зь беларускіх нацыянальных інтарэсаў у адносінах да расейскай акупацыі, а паўтараюць агульную антываенную фразеалогію і лёзунгі цяперашніх расейскіх антываенных дэсідэнтаў ня згодных з палітыкай Пуціна. Гэта абазначае, што пры магчымай зьмене ўлады ў Крамлі і спыненьні ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, ды пры захаваньні вялікадзяржаўнай Расеі бяз Пуціна групоўка вакол Латушкі-Ціханоўскай стане арыентавацца ўжо на новую маскоўскую ўладу, якая (магчыма) не падтрымае Лукашэнку і прамовіць за “дэмакратыю” ў Беларусі і ў Расеі.

І так пойдзе круціцца ізноў, далей па каланіяльным коле ардынскай імпэрыі, якая зноў прыдумае сабе новага Пуціна, Леніна, Сталіна, русіфакацыю, інтэграцыю, урэшце вайну і людабойства.

Русапаклонства — гэта паталагічная каланіяльная хвароба паняволеных народаў, якая вядзе да духоўнай сьмерці і страты свабоды.

12-05-2022 Зянон Пазьняк