АДКРЫЦЬЦЁ ПОМНІКАЎ КАСТУСЮ КАЛІНОЎСКАМУ І АНДРЭЮ-ТАДЭВУШУ-БАНАВАНТУРУ КАСЬЦЮШКУ Ў НЬЮ ЁРКУ

29 сакавіка 2022 г.

НавіныЗянон Пазьняк

26 сакавіка гэтага года ў Нью Ёрку адбылося адкрыцьцё помнікаў беларускім героям беларускай гісторыі генэралу Андрэю Тадэвушу Банавантуру Касьцюшку і кіраўніку паўстаньня Кастусю-Вінцэнту Каліноўскаму. Урачыстасьць была перад Беларускім Саборам сьвятога Кірылы Тураўскага. Адчыніла імпрэзу Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Натальля Федарэнка.

Выступіў Зянон Пазьняк, які аб’явіў хвіліну маўчаньня па забітым на вайне ва Украіне ваяры-беларусу з батальёна імя Кастуся Каліноўскага Зміцеру Апанасовічу. Вечная памяць герою.

Потым прамаўляў каардынатар праекту Аляксандар Хомчанка. Пасьля пад сьпеў Духоўнага гімну “Магутны Божа” (ў запісе царкоўнага хору Сабора з 1957 года у час адчыненьня Беларускай Царквы) павольна былі ўзьняты і спушчаныя белыя пакрывалы з помнікаў героям. Тады епіскапам-уладыкам Сьвятаславам пра асісьце духавенства адбылося асвячэньне усталяваных бюстаў.

Імпрэза працягвалася ў грамадзкай залі Сабора. Выступалі госьці-амэрыканцы, украінцы, летувісы, прысутнічаў прадстаўнік ад палякаў, прамаўлялі дзеячы беларускіх арганізацый з Канады, з Чыкага, з Фларыды, Каліфорніі, Мінесоты, Філадэльфіі і іншых мясьцінаў. Выступіў аўтар бюстаў скульптар Гэнік Лойка.

Амэрыканскія беларусы лічаць, што ўсталяваньне і адчыненьне ў Амэрыцы помнікаў нацыянальным героям Беларусі, якое сталася ў час расейскай акупацыі нашай краіны, у час брыдкага зьневажэньня нашага вялікага культурнага Беларускага народа — гэтая акцыя ёсьць моцным патрыятычным чынам для ўсіх Беларусаў у сьвеце. Хвала беларускаму народу. Слава яго героям.

(Чужыя сродкі масавай інфармацыі праігнаравалі вялікую нацыянальную падзею.)

Сьвята ўсталяваньня помнікаў працягвалася таксама ў нядзелю 27 сакавіка, калі адзначалі Дзень Волі — 104-ю гадавіну аб’яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат было прамоўцаў. Поўная заля гасьцей. Выступаў Сяргей Доўгушаў з музычнай і сьпеўнай праграмай. Пачаўся Дзень Волі агульным сьпяваньнем усёй заляй беларускага гімну “Пагоня”. Закончылася імпрэза — узьнёслым сьпяваньнем гімну Украіны (у знак пашаны і падтрымкі ўкраінцаў) і беларускім дзяржаўным гімнам Рады БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

Лунаў дух рашучасьці і аптымізму. Жыве Беларусь!

Ніжэй зьмяшчаю (па-беларуску і па-ангельску) выступ на адкрыцьці помнікаў каардынатара праекту спадара Аляксандра Хомчанкі. А таксама фатаграфіі з адкрыцьця, зробленыя Яўгенам Папковым

28-03-2922. Зянон Пазьняк

ФАТАГРАФІІ:

  1. Натальля Федарэнка адчыняе ўрачыстую імпрэзу.

  2. Выступае стараста Сабору Аляксандар Хомчанка

  3. Выступае Старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Аксана Пятрашка

  4. Выступае Зянон Пазьняк

  5. Запрошаныя госьці перад Саборам.

  6. Пасьля зьняцьця пакрывалаў.

  7. Асьвячэньне помнікаў япіскапам Сьвятаславам.

  8. Кастусь Каліноўскі.

  9. Скульптар Гэнік Лойка выступае ў грамадзкай залі Сабора.