Зянон ПАЗЬНЯК: ІСНУЕ ШАНЕЦ СКОНЧЫЦЬ З РАСЕЙСКАЙ АКУПАЦЫЯЙ І З РЭЖЫМАМ ЛУКАШЭНКІ

14 сакавіка 2022 г.

НавіныЗянон Пазьняк

Беларусь 27 гадоў існавала пад рэжымам унутранай прамаскоўскай акупацыі. 17 студзеня 2022 года краіна трапіла пад зьнешнюю збройную акупацыю Расеі, якая пад выглядам манэўраў і па дамоўленасьці з сатрапам Лукашэнкам увяла на беларускую тэрыторыю армады свайго войска, заняла ўсе важныя ваенныя і цывільныя асяродкі нашай краіны і пачала рыхтаваць напад на Украіну. Акупанты сталі распараджацца на нашай зямлі, рабаваць насельніцтва, карыстацца нашай дзяржаўнай інфраструктурай у агрэсіі супраць Украіны.

У цяжкім стане апынулася беларускае войска, якое не аказала супраціву акупантам і якое расейцы імкнуцца ўцягнуць у вайну супраць украінцаў пад выглядам саюзу з Лукашэнкам.

50 тысячаў беларусаў лукашысты кінулі за краты, болш за тысячу палітвязьняў знаходзіцца ў турме, беларусы церпяць нацыянальны перасьлед, бяспраўе, знаходзяцца пад жорсткімі, дзікімі рэпрэсіямі прамакоўскага рэжыму, цалкам зьнішчана ўся грамадзянская супольнасьць Беларусі.

Людзі Беларусі — супраць акупантаў, супраць Лукашэкі і ягонай рэпрэсіўнай улады. Нянавісьць і злосьць да рэжыму акупантаў павялічваецца і чакае моманту, каб вырвацца на паверхню.

Такім момантам можа стаць рашучы паварот беларускіх вайсковых аддзелаў на абарону Айчыны супраць расейскіх інтэрвентаў і супраць прадажнага рэжыму Лукашэнкі. Дзеяньні мусяць быць рашучымі, хуткімі і простымі.

Якраз:

  1. Трэба катэгарычна адмовіцца ваяваць супраць Украіны і ад пераходу украінскай мяжы, на што штурхаюць жаўнераў генэралы;

  2. Арыштаваць расейскіх генэралаў, якія камандуюць беларускім войскам;

  3. Накіраваць беларускія войскі і тэхніку на Менск і зьнесьці хунту Лукашэнкі;

  4. Арыштаваць, узяць у палон альбо ліквідаваць акупантаў у Лідзе, Лунінцы, Мачулішчах і іншых захопленых аэрадромах, забраць пад свой кантроль авіяцыю акупантаў і ракетныя комплексы;

  5. Раздаць зброю беларускім дабраахвотнікам і партызанам;

  6. Разам зь беларускім народам ваяваць супраць акупантаў, змагацца за Бацькаўшчыну і свабоду;

  7. Зьвярнуцца да расейскіх вайскоўцаў, каб спынілі агрэсію і вярталіся дадому ў Расею. Ім непатрэбная гэтая вайна. Ім няма справаў у Беларусі;

  8. Збройны выступ арміі і народу Беларусі супраць расейскіх акупантаў і прадажнага рэжыму Лукашэнкі наблізіць крах пуцінскага рэжыму ў Маскве і канец агрэсіі Масквы супарць Украіны.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!

13 сакавік 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК