Зянон Пазьняк: РЭПЛІКА НА РУСІФІКАЦЫЮ ЗА МЯЖОЙ У ПЕРАХОДНАЙ СТАДЫІ

12 сакавіка 2022 г.

НавіныЗянон Пазьняк

На пачатку было Слова. І слова было Богам.

Тыя, хто ня ведаюць пра гэта, забыліся — ня маюць будучыні.


Прапанавалі зь Белсату ўдзельнічаць у жывым эфіры, у размове пра падзеі, што адбываюцца ў Беларусі і ў сьвеце. Паведамілі, што ў іх “новы фармат” працы: адзін вядовец — па-беларуску, другі — па-руску.

— Навошта Вы гэта зрабілі?

— Бо нас глядзяць у Расеі, Казахстане і іншых краінах, дык, каб разумелі. Гэта каб пашырыць інфармацыю на розную сусьветную аўдыторыю.

— Зразумела. Мы такое праходзілі ў СССР. Гэты мэтад русіфікацыі і адмвы ад свайго называецца “двумоўе”.

— …

— Можна супрацоўнічаць са станцыяй, якая працуе на Беларусь і на Беларускую нацыю. З тымі, што працуюць на Расею і Казахстан (тым больш падчас расейскай акупацыі Беларусі) супрацоўнічаць ня варта.

Сказаў і падумаў. Зь іх нічога ня будзе. Адсутнасьць нацыянальнага беларускага думаньня ў галаве і нацыянальных абавязкаў вядзе іх толькі ў рабства, у ідыятызм і ў шкоду самым сабе.

11-03-2022 Зянон Пазьняк