ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АБ НЯЎДЗЕЛЕ Ў ФАЛЬШЫВЫМ РЭФЭРЭНДУМЕ

26 лютага 2022 г.

Навіны

№1 НЯ ЙДЗІЦЕ НА ФАЛЬШЫВЫ РЭФЭРЭНДУМ. НЕ ПАДТРЫМЛІВАЙЦЕ ЗДРАДУ

Здраднік і нішчыцель беларускай нацыі Лукашэнка, які адчыніў дарогу расейскім акупантам і здаў Беларусь пад расейскую акупацыю, хоча заўтра, 27 лютага, правесьці незаконны рэфэрэндум аб увекавечваньні сваёй прамаскоўскай нелегітымнай ўлады.

Беларусы! Ня йдзіце на гэты рэфэрэндум. Тут пастка. Рэфэрэндумы пад час акупацыі і вайны не праводзяцца. Гэты злачынец Лукашэнка разбурыў Беларусь, зганьбіў наш народ, падтрымаў маскоўскіх агрэсараў, што напалі на братнюю Украіну. Калі нашы людзі (ня дай, Божа) прыйдуць на ўчасткі для галасаваньня, гэта дазволіць злачынцам хаваць фальсіфікацыю і казаць пра падтрымку народам іхных дзеяньняў, бо ня мае значэньня для фальсіфікатараў, хто як будзе галасаваць. Абы прышлі галасаваць, а галасы прыдумаюць. Не давайце магчымасьці схавацца за народ ворагам Беларусі. Хай фальсіфікуюць у пустаце, хай усе бачаць іхнюю хлусьню і здраду. Фальшывы рэфэрэндум ніхто не прызнае.

Не падтрымлівайце здрадніцкі рэжым. Не падтрымлівайце ягоны фальшывы рэфэрэндум.

Ня слухайце розных агентурных прарэжымных і прамаскоўскіх зазывалаў. Гэта не сябры Беларусі. Дбайма пра будучыню Бацькаўшчыны. Прэч пуцінскіх акупантаў! Прэч Лукашэнку і яго антынародны рэжым!

** Жыве Беларусь!**

26 люты 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК (ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту “Вольная Беларусь”)