ЖАЎНЕРЫ БЕЛАРУСІ

20 февраля 2022 г.

НавіныPolski

Сёньня (16-02-2022) “дэмсмі” надрукавалі матэрыял пра “усе” галадоўкі і ўсіх галадоўшчыкаў за часы прамаскоўскага рэжыму (мы іх разумеем). Не напісалі толькі (“выпадкова”, вядома) пра героя Беларусі, узнагароджанага за гераізм мэдалём Рады БНР — Сяргея Каваленку.

Сяргей Каваленка — вядомая асоба ў гісторыі беларускай барацьбы. 7-га студзеня 2010 года Сяргей адкрыта і дэманстратыўна вывесіў вялікі беларускі нацыянальны сьцяг на галоўнай навагодняй елцы горада Віцебска. Яго схапілі амапаўцы, жорстка зьбілі і кінулі за краты. У турме Каваленка аб’явіў галадоўку.

Зрэшты, прывяду некалькі цытатаў з тагачаснага друку:

Цяпер зноў вернемся ў наш час, у пачатак 2022 года.

Я праглядзеў некалькі відэазапісаў, дзе Сяргей Каваленка выступае ў Варшаве сярод “невероятных” і рэжа праўду матку лапідарна, як сякерай сячэ. А вакол яго “невероятные” спадарыні рознага ўзросту гэтак па-руску супярэчаць яму, хіхікаюць, круцяць носікам. Ён ім пра Вялікае Княства, пра Беларусь, пра маскоўскую арду ды пра Пуціна-злачынцу, што гробіць Беларусь, а яны: “Да? Неужелі? Хі-хі, непонятно, как это?” А Каваленка: “Непонятно, таму што вы глупыя, кніжкі трэба чытаць.” Вось такі “дыялог”.

Невероятные нэрвуюцца, адключаюць Каваленку мікрафон, завочна абзываюць яго гопнікам, прымітывам, правакатарам і так абураюцца, так абураюцца… Ён ім здаецца такім некультурным.

Сапраўды, Каваленка ўпарты, просталінейны і настырны, і лексіка яго рабочая (ён будаўнік).

Але горкая праўда ў тым, што шурпаты, гучны і недалікатны Каваленка, калі трэба, пакладзе галаву за Беларусь і пойдзе за краіну на сьмерць. Мы гэта ведаем, і ён тое ўжо даказаў, калі на Нараджэньне Хрыстова ўзьняў Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг у цэнтры горада над Віцебскам (разумеючы, што яго схопяць і кінць за краты), калі больш за два месяцы пратэстна галадаў у турме, страціў 40 кілаграмаў вагі і адмаўляўся падпісваць прапанову для Лукашэнкі аб памілваньні, быў гатовы на сьмерць. Гэта я (як старшыня партыі КХП-БНФ) прымусіў яго падпісаць лукашэнкаўскую паперу аб памілваньні, калі стала вядома, што яго хочуць кінуць у псіхушку і там зьнішчыць.

Антынародны рэжым мог такое зрабіць, бо лявацкая Эўропа не ўступілася за нацыянальнага патрыёта і сябра Хрысьціянскай партыі, а член Савета па правах чалавека пры прызыдэнце Расеі (фінансуецца Крамлём) нейкая С. Ганнушкіна, замест таго, каб падтрымаць беларускага вязьня, выступіла нават з гнеўным (каб не сказаць гнюсным) лістом супраць Каваленкі, абураная яго словамі супраць імпэрскай палітыкі Масквы.

І тут лукашысты зразумелі, што калі яны Каваленку кончаць, то ім нічога ня будзе — ні Эўропа, ні тым больш Масква, ня ўступяцца. (Дарэчы, пасьля падпісаньня паперы Каваленку ўсё ж укінулі ў Навінкі, псіхіятрычная экспэртыза прызнала яго здаровым.)

Такім чынам Каваленка застаўся жыць, але быў вымушаны ўцячы за мяжу ў Польшчу.

Аб’ектыўна гэтыя “невероятные” спадарынькі, што не чытаюць кніжак і па-руску круцяць пальчыкам перад Каваленкам, не дарасьлі яму і да пятак. Яны ўжо даўно бязмозгла здалі і Беларусь, і беларускую мову, і беларускі народ, і пабягуць да “мудрага” забойцы Пуціна за проста так, абы не за Лукашэнку.

Трэба бачыць, чуць і разумець праўду. Трэба глядзець наўпрост, расплюшчыўшы вочы. Час, які мы, беларусы, перажываем цяпер, агаліў сутнасьць падзей і сутнасьць людзей, каб людзі ўбачылі, што нас, нашу нацыю і народ, хочуць сьцерці з твару зямлі. І гэта пачалося ня сёньня і ня ўчора.

У такіх абставінах у нацыі няма лішніх людзей. Няма лішніх, акрамя здрады. Мусяць быць ня толькі думальнікі і працаўнікі слова, але і жаўнеры Беларусі, здольныя яе бараніць не на жывот, а на сьмерць усюды перад расьперазаным злом.

Нішто ня будзе забыта. Бо забыцца пра тое зло, што зрабілі і робяць беларусам імпэрская Масква і прадажныя лукашысты, — нельга. Кара ім незваротная. Беларусь пераможа. Беларусь будзе жыць. Баранем і беражэм нашу Айчыну.

16 люты 2022 годЗянон ПАЗЬНЯК

Фота 1. Афіцыйная віцебская елка, на якую Каваленка публічна ўзьнёс Беларускі Сьцяг. Фота 2. Сяргей Каваленка пасьля галадоўкі ў судовай клетцы падчас суду над ім.