Цытата. “Калі разьвіцьцё сытуацыі прывядзе да сталага разьмяшчэньня расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, тады відавочна, што Захаду давядзецца разглядаць санкцыі. Ужо прагучалі галасы, асабліва са Злучаных Штатаў, што будзе адказ і патэнцыйна санкцыі супраць Беларусі, калі яе ўлады надоўга пакінуць расейскія войскі на сваёй тэрыторыі.
Пра гэта, відавочна, трэба будзе дамаўляцца з эўрапейцамі, і я магу ўявіць, што ў будучыні зьявіцца пакет санкцыяў, які будзе грунтавацца якраз на гэтым пытаньні.”
(Ёрг Форбрыг, палітычны “экспэрт” дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе Нямецкага фонду Маршала) https://www.svaboda.org/a/31674588.html
І гэта там кажуць асобы ў добрым здароўі без мазаічнай псіхапатыі. Вось што падрыхтавана беларусам, калі яны ня стануць змагацца за сваю свабоду і ня будуць ваяваць супраць рускай акупацыі, якая пачалася. — Іх будуць душыць з ўсіх бакоў. Не акупантаў стануць душыць, а нас, дарагія землякі. Не агрэсара, але ахвяру.
Вось да чаго прыводзіць нявольніцкі пацыфізм — “абы не было вайны”. (Пра заходніх “чэмбэрленаў” ужо не гаворым.).
Цяпер адбываецца поўнамаштабная акупацыя Беларусі, пуцінскія войскі без супраціву займаюць рашаючую для Захаду і для Украіны стратэгічную тэрыторыю, але “чэмбэрлены” камфортна разважаюць, што (цытата) — “пытаньне Беларусі тут будзе на другім ці трэцім месцы.”
Акупацыя — гэта вайна. Для беларусаў — вайна ўжо пачалася. Хто яшчэ не зразумеў, хутчэй вымайце з пяску галаву, пакуль яе ня страцілі, і — да зброі!
28-01-2022 г. Зянон Пазьняк