Надыходзіць вялікае Хрысьціянскае сьвята Нараджэньне Хрыстова. Віншую сяброў і ўсіх беларусаў. Вечарам 24 сьнежня людзі зьбіраюцца за сьвяточным сталом на Куцьцю, моляцца, ламаюць і дзеляцца аплаткамі, сьпяваюць калядныя песьні дзеля Нараджэньня Хрыста — Бога, у вобразе чалавека.
Гэта ёсьць сьветазарная найвялікшая падзея — зьяўленьне Таго, Хто адчыніў людзям дарогу ў Вечнасьць, паказаў веліч чалавека, якую ён можа дасягнуць шляхам веры, любові, цярпеньня і рабленьня дабра.
Дзеля Вечнасьці і свабоды людзей, дзеля збаўленьня чалавецтва ад сьмерці і зла, Хрыстос прынёс у ахвяру зямное Сваё жыцьцё, зазнаўшы пакуты на сьмяротным Крыжы як жывы чалавек.
Зямное жыцьцё Ісуса Хрыста ў сакральнасьці зьяў — гэта як маланка, што апярэзвае неба з усходу на захад. Яно адбілася сімвалам у памяці нашчадкаў, як чырвоны струмень у белым сьвятле.
Сьвядома ці не сьвядома — ня ведае ніхто — чырвоны струмень на адбеленым тле стаўся Сьцягам, сімвалам нашага беларускага існаваньня, нашай нацыі, дзяржавы й народа. Вось жа беражэм Яго моц, якая зьяднала нядаўна наш край супраць сіл Сатаны і надалей усіх зьберажэ.
Яднаймася ў праўдзе. Любем праўду, — завяшчаў Хрыстос, — і праўда зробіць нас свабоднымі. Азірнемся — хто хлусіць штохвіліны, штодзень і ўвесь час! Хлусьня ёсьць пячатка цемры.
Слова праўды Хрыста хай гучыць нам у памяці. Дзе праўда — там Бог. Ён просты, Ён зразумелы, Ён сьвяты, Ён Збавіцель.
** Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!**
24 сьнежань 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК