За паўгода прэзыдэнт Байдэн натварыў шмат. Пазыцыя “абынятрамп” працуе. Найгоршае, гэта адступленьне ад забароны “Паўночная плынь-2”, падтрымка эўрапалітыкі санкцыяў супраць Беларусі і апошняе — параза Амэрыкі і ўсяго заходняга сьвету ў Аўганістане.
Пра атлянтычных “палітыка-прагназістаў” і гаварыць ня хочацца. Ніхто зь іх ня ведаў, што будзе з СССР, ніхто не разумеў, чаму перамаглі нацыянальна-вызвольныя рухі ў Савецкім Саюзе, ніхто паняцьця на меў (і ня мае) чаму ў Расеі немагчымая дэмакратыя (цэлую дактрыну будавалі на ілюзіі “рускай дэмакратыі”), словам, банальна не разумеюць, пагружаныя ў сваю веліч.
Вось, напрыклад, нядаўняя інфармацыя зь “Белсата” ад 14-га жніўня: “Талібы працягваюць захоп Афганістану. Паводле амэрыканскай выведкі, баевікі могуць захапіць сталіцу цягам аднаго-трох месяцаў.”
А літаральна праз дзень, 16-га жніўня, талібы занялі Кабул. Амэрыканцы і ўсе заходная трэгеры дэмакратыі на ўсход у паніцы ўцякаюць кідаючы ўсё.
Самае сумнае, што ніякіх высноваў з гэтага ня будзе зроблена. Байдэн ужо выступіў. Усё о’кэй. Ні брытанскі вопыт (армію якіх афганцы ванішчалі да апоўняга жаўнера), ні вопыт саветаў (якія забілі там паўтары мільёна жыхароў і ледзь вынесьлі ногі) не прыдаўся.
Шкода, бо для нас, беларусаў, з гэтых падзеяў ўсё дрэнна. Вынішчэньне Беларусі працягнецца, як другарадная зьява ў сьвеце, нават калі талібы зьвяцца на беларускай мяжы.
17 жнівень 2021 г. Зянон Пазьняк