Зянон ПАЗЬНЯК: РЭФЛЕКСІІ НА АБСТАВІНЫ

31 мая 2021 г.

НавіныЗянон Пазьняк

(Ліст да сяброў народнай партыі КХП— БНФ)

Падзеі выглядаюць злавесна. І рэжым, і Масква, і Эўразьвяз рэальна працуюць не на карысьць існаваньня Беларускай дзяржавы, толькі пад розным прапагандысцкім пакрыцьцём і з розным узроўнем разуменьня таго, што робяць. Дыспетчарам выступае Крэмль, які валодае стратэгіяй усёй гэтай палітыкі. Эўразьвяз, як звычайна, гуляе ў ролі “Чэмбэрлена”.

У рэакцыях беларусаў на падзеі (хто разумее, што робіцца) пераважвае эмацыйны стан і пачуцьцё трывогі. Бо ўсе бачаць, што авантуру з пасадкай чужога самалёта ў Менску спланавала і падрыхтавала Масква, нацкаваўшы Лукашэнку, а б’юць па ўсіх беларусах. Масквы ня рушаць.

Тым часам, упэўнена кажу, ня трэба паддавацца пэссымізму. Новая рэальнасьць спараджае новыя магчымасьці. І гэтыя магчымасьці, ня гледзячы на шумавіньне рэакцыі, адчыняць новыя шляхі змаганьня. Важна, каб хутчэй прыходзіла ўсьведамленьне нашага беларускага нацыянальнага адзінства і гатовасьці да сур’ёзнай барацьбы з адвечнымі ворагамі беларускай свабоды.

Мусім разумець, што лукашысцка-маскоўскую банду можна зрынуць толькі шляхам рэвалюцыйнай народнай барацьбы. Усялякая дэмагогія пра “дыялогі”, “перамовы”, “круглыя сталы”, “дамовы” і т. п. — гэта цяпер у гэтых умовах ёсьць тактыка супраць незалежнай Беларусі, фальшывая рыторыка, якую падтрымліваюць калабаранты з Масквой, і якая працягвае існаваньне антынароднага рэжыму.

Галоўная іхняя мара за мяжой, гэта каб пад выглядам барацьбы з Лукашэнкам увесь сьвет наклаў эканамічныя санкцыі на Беларускі народ. Яны мараць абваліць Лукашэнку разам зь Беларусяй чужымі рукамі. І тады «праклятага дыктатара» ня будзе.

Гэтак жа як і нядаўнія «саўкі», яны думаюць, што нехта з вонку вырашыць беларускую праблему з вар“яцкай дыктатурай, якую іхнія бацькі, адкінуўшы разумны выбар, з сьлязьмі шчасьця пасаділі на шыю сабе і сваім дзецям. Але ліквідацыя антынароднай улады робіцца ня з вонку, а знутры.

Нядаўна ў Сеціве ўзьнік відэа-запіс “Страна для жизьни” датычна падзей з захопам чужога самалёту. Беларусам (тым, што на падзеі рэагуюць эмоцыямі) раю паглядзець. Убачыце матыльковыя разважаньні і чужасьць разьвязаных асоб, у якіх, нават мэнтальна, нічога няма беларускага. У давяршэньне ўбачыце там журналіста Гардона, які зьняважыў Беларускую нацыю і абхаіў беларускі пратэстны ўздым 2020 года, сказаў нават, што будучыні ў беларусаў няма.

Абплёўваньне беларускіх пратэстаў раптам стала звычайным у некаторых журналістаў постсавецкай прасторы. Асабліва ім не падабаецца беларуская культура паводзінаў. Іх злуе, што беларусы — эўрапейская нацыя. У іх прарываецца нейкая палавецкая злосьць замест культурнага разуменьня.

Пайшла цэлая хваля дэпрэсіўных разважаньняў розных «дэмакратычных блогераў» пра Беларусь, маўляў, усё, канец Беларусі няма, Пуцін заграбе, Яны літаральна лямантуюць – ратуйся, хто можа, уцякайце зь Баларусі. Руская «кантора» нават распаўсюджвае фальшыўкі ад арыштаванях асобаў, што ўсё, капец, мы ў Расеі, ратуйцеся і г. д. Такія вось скрыўленьні мрочнага часу.

Ня трэба нават слухаць гэтую гамэрню канторы і перапалоханых недалёкіх людзей. Яны атручваюць паветра.

Усё гэта павярхоўна, гэта тое, што плавае на паверхні пачуцьцёвага выяўленьня. Будзем змагацца – будзе перамога.

Наперадзе сур’ёзныя справы, якія здольныя рабіць сур’ёзныя людзі.

30 травень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК