Касьцёл у Будславе падпалены. Тут відаць мэтодыка падрыхтаванага падпалу. У лявацкай Эўропе па зьвестках АБСЭ бязбожнікі кожны год падпальваюць каля сотні хрысьціянскіх храмаў. Гэтыя падпалы, як правіла, спантанныя, хуліганскія, на глебе нянавісьці і т. п. Падпальваюць часткі храмаў у выпадковых месцах.
Прадуманыя падпалы (як, напрыклад, Нотр Дам дэ Пары) заўсёды пачыналіся з даху будынка. (Тут ня цяжка зразумець логіку і паводзіны падпальшчыкаў.)
Аб тым, што пажар выгадны антыбеларускаму рэжыму, сьведчаць шмат падрабязнасьцяў. Галоўныя зь іх, цытую: “Сьледчы камітэт вядзе сьледзтва ў крымінальнай справе за парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі.” Тут заранёў, насуперак прэзумпцыі, сфармулявана абвінавачваньне аб “парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі”, хаця сьледзтва яшчэ нават не пачалося.
Значыць, будзе знойдзены “вінаваты” чалавек з касьцёла. У выніку паставяць пытаньне аб часовым зачыненьні касьцёла і забароне набажэнстваў. (Дарэчы, ужо забаранілі.) Адпаведна будзе забаронены сусьветна вядомы Будслаўскі рэлігійны фэст* і пільгрымка ў Санктуарыюм, якая зьбірала дзясяткі тысячаў людзей зь Беларусі і ўсяго сьвету.
Вось у гэтым (каб пазьбегнуць салідарнай масавасьці людзей) і ёсьць галоўная мэта падпалу сьвятыні. Успамінаецца 2011 год і выбух у мэтро.
Нейкі подлы, гнюсны, антынародны, бязбожны мярзотнік, ублюдак усё гэта зрабіў.
13 травеня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК
(ЗАЎВАГА) * 28 лістапада 2018 г. на 13-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА было прынятае адзінагалоснае рашэнне аб уключэнні беларускага элемента нематэрыянай культурнай спадчыны “Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (“Будслаўскі фэст”)” у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.