Тут я хацеў бы зьвярнуцца да беларусаў, якія з надзеяй выйшлі на вуліцы ў жніўні мінулага году. Цяпер шмат хто з тых людзей, якія ўмеюць думаць і аналізаваць, зьбянтэжаныя, ўбачыўшы, што асобы, на якіх яны спадзяваліся, ні на што рэальна ня здольныя, не разумеюць нацыянальнай будучыні і нацыянальнай справы Беларусі, хваляць Пуціна ды Маскву, прапагандуюць каларадзкія стужкі, АДКБ і т. п.
І тут можа здарыцца вельмі дрэнны вынік ад назіраньня за імітацыяй і рыторыкай гэтых асоб, што вакол Ціханоўскай ды Латушкі, ды банкіраў, ды іншых.
Самае дрэннае — гэта расчараваньне абуджанага грамадзтва ва ўсялякім палітычным змаганьні, у пратэстах і барацьбе, нявер’е і недавер да ўсяго, адыход ад актыўнай пазыцыі, замыканьне на сваіх скептычных думках.
Гэта ўжо зьяўляецца і, на жаль, павінна зьяўляцца па прыродзе абставінаў.
Заранёў хацеў бы папярэдзіць. Беларусы, не паддавайцеся. Не паддавайцеся агульнаму скепсісу, расчараваньню і недаверу.
Каб разабрацца і ўбачыць, што Бабарыкі, Латушкі, Ціханоўскія, Цапкалы, іхныя сяброўкі, жонкі, ды іншыя спадарожнікі — гэта вынік маскоўскага праекту, накіраванага на стварэньне праўнага аншлюсу Беларусі, каб разабрацца — трэба мець элемэнтарны палітычны досьвед, а для людзй, якія яго, натуральна, ня мелі, — патрэбны час.
І вось гэты час мінуў і пачаў працаваць. І першая рэакцыя ад усьведамленьня рэчаіснасьці — расчараваньне і нявер’е. Гэта звычайна, калі людзі даверыліся з надзеяй, а надзеі не апраўдаліся.
Але ня трэба паддавацца нявер’ю і расчараваньню. Так было шмат дзе і шмат калі. Маскоўская палітыка чужая для Беларусі, гэта фальшывая пані. Верыць і шанаваць трэба нашыя беларускія ідэалы і змагацца за іх разам, дзе кожны моцны.
Нашыя ідэалы — гэта вольная, незалежная, сьветлая Беларусь, дзе шануюцца людзі, народ і людзкая свабода. Верма ў Беларусь і ў нашу волю.
Ёсьць беларусы, якія па-сапраўднаму тое шануюць, працуюць дзеля Беларусі і рыхтуюць яе сьветлую будучыню. Яны ёсьць. Далучаймася да добрых справаў дзеля Бацькаўшчыны. Кожны можа Айчыну сваю падтрымаць.
Мы, беларусы, мусім пераняць дзяржаўную ўладу ў нашай краіне, а не хунта прамаскоўскіх халуёў ды вар’ятаў, ды імітатараў правальных надзей.
Разумейма, што ў Беларусі йдзе паўзучая вайна, вайна прамаскоўскай імпэрскай хунты супраць нашага народа і нашай нацыі. Ня боймася іхняй вайны! Інакш зьнішчаць.
Будзьма ваяваць за сябе, за нашу волю і нашу прышласьць. Будзьма моцнымі. Хай яны нас баяцца, а ня мы іх. Мы ў сваім доме. Гэта наша краіна. ** “Прэч, гадаўё, з нашай зямлі!”**
Хай будзе нам Беларусь у сэрцы, Хай веецца над намі наш сьвяты Беларускі Бел-Чарвона-Белы Сьцяг! Хай гучаць нашыя гімны і песьні пра волю і перамогу.
Слава Айчыне!
12 травень 2021 г. Зянон Пазьняк