6. Аб гібрыдах
У стратэгічных пытаньнях суверэннай дзяржаўнай будучыні Беларусі, практычна, няма істотнай розьніцы паміж пазыцыямі лукашысцкай антынацыянальнай палітыкі і рыторыкай актывістаў электаральнай газпрамаўскай апазыцыі, якая ўтварылася на выбарах 2020 года. Вакол Ціханоўскай і Латушкі зьяўляюцца людзі невядомыя і “ні адкуль”, разыгрываюць ролю апазыцыянераў, езьдзяць у Маскву, вядуць “палітычныя” размовы ў кавярні Лубянка, даюць інтэрв’ю аб “Белоруссіі” і т. п. Зьявіліся былыя функцыянеры з консульстваў Лукашэнкі (антыфронтаўскія пазыцыі якіх мы ведаем) і нават прэтэндэнт на “сілавы блок” (у гэтай пацыфісцкай кампаніі). Усю сваю кухню ўдзельнікі дачыненьняў выкідваюць на Юцюб, бо для левакоў палітыка — гэта сцэна. На “сцэне” выказана ўсё і пра “чый Крым”, і пра спадзевы на Расею, і пра “мудрага” Пуціна, і пра “тры государственных языка” (рускі, ангельскі, “белорусскій”) і т. п. У каго ёсьць час і цярпеньне можна паглядзець, напрыклад, тыповае такое: https://www.youtube.com/watch…
Часткова паўтараецца сітуацыя, як зь вікаўскай псэўдаапазыцыяй — супернічаюць два прамаскоўскія праекты, абодва зручныя для Пуціна і абодва (на розным узроўні) супраць Беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Толькі Лукашэнка для Масквы лепшы, бо рэальны і цяпер поўнасьцю падначалены.
Але нацыянальна-вызвольны рух беларускага Адраджэньня, калі ён узмацнее, мог бы перакуліць падвойную палітыку Крамля і абваліць маскоўскія планы.
Паўтаруся, у сітуацыі расейскай гібрыднай вайны супраць Беларусі перамагчы імпэрскі каланіялізм можа толькі нацыянальна-вызвольны рух.
** Беларусь — перад усім. Слава Айчыне!**
25 люты 2021 г. Зянон Пазьняк