ЗЯНОН ПАЗЬНЯК. КАРОТКІЯ ЗАЦЕМКІ (1-6)

3 сакавіка 2021 г.

НавіныЗянон Пазьняк
  1. Наканаваньне саўка (эсэ)

Ёсьць зьявы, цалкам зразумелыя чалавеку, відавочныя і прагназуемыя ў існаваньні. І тым ня менш, яны працягваюць зьдзіўляць, насуперак розуму выклікаюць эмоцыі зьдзіўленьня.

Такой зьявай для мяне зьяўляецца “савок”, савецкі чалавек, згрупаваны ў грамадзтва. У 90-х гадах мы, дэпутаты Незалежнасьці, да драбніц ведалі неадэкватнага, крыклівага, закамплексаванага і сканцэнтраванага на нянавісьці дэпутата Лукашэнку. Ніхто й падумаць ня мог, што гэты каснамоўны малакультурны крыкун будзе кіраўніком улады ў краіне і рэалізуецца катам нацыі.

Усё было тады відаць, як у люстэрку, як на далоні. Тым ня менш Масква, абапіраючыся на КГБ, на камуністаў і на “саўкоў”, змагла яго праштурхнуць на дзяржаўны пасад. Грамадзтва дэманстравала масавае асьляпленьне. Мы папярэджвалі, пісалі, казалі. Але казаць, паказваць рэчаіснасьць саўкам было марным заняткам, як гарохам кідаць аб сьцяну. І гэтак усе 26 гадоў.

Зь першых жа дзён на пасадзе Лукашэнка адкрыта дэманстраваў сваю нянавісьць да незалежнай Беларусі, да суверэнітэту, да культуры, мовы і адукацыі, да ўсяго сьветлага, добрага і чыстага, хваліў Гітлера, казаў пра Скарыну ў Піцеры, хлусіў, зьдзекваўся зь беларусаў, хваліўся забойствамі і расстрэлам нявінных людзей, поўзаў, артачыўся і зноў поўзаў перад Масквой. Усім савецкім было відаць, што на пасадзе вар’ят, псіхічна нездаровы чалавек, беларусафоб, маскоўскі халуй, нягоднік, які адрокся ад жонкі, зрабіў дзіця іншай жанчыне, зьбіў яе і пазбавіў мацярынства, завёў гарэм пад выглядам эскорту суправаджэньня, завёў у тупік эканоміку, прыватызаваў уладу і вынікі народнай працы. І ўсё гэта дэманстратыўна, і ўсё гэта савок бачыў, і ўсё тое яму было добра, і не было яму ніякіх маральных, нацыянальных і сацыяльных перажываньняў і ацэнак паскудзтва.

Усё гэта зразумела. Але гэта ўражвае. Вось што можа зрабіць зь людзьмі антылюдзкая ідэалогія і чужая антынацыянальная прапаганда. Цяпер пад ценем Крамля на палітычную сцэну вышлі новыя “газпрамаўскія” лукашэнкі. Яны ўжо ня любяць першага Лукашэнку, яны супраць яго, ён іх “дастаў”. Але яны таксама, як і ён, ня хочуць законнай Канстытуцыі (якую сатрап стаптаў). Яны таксама за імпэрскі “язык”, яны таксама глядзяць у Маскву і чакаюць адтуль дапамогі. Абы ня Лукашэнка. Так замыкаецца каланіяльнае кола саўка у нянавісьці да былога куміра.

Гэта скончыцца, скончыцца толькі тады, калі грымне Вольная Беларусь без глядзеньня на Расею, без дзяржаўнай імпэрскай мовы, без прамаскоўскага прэзыдэнта і маскоўскай рэзідэнтуры. І пачнецца апошні бой з Савецкім саюзам. “Будзьце спакойныя і вастрыце косы” (Каліноўскі).

20 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Частка 4: “Найвялікшая страта ў культуры” https://www.facebook.com/groups/601563390413808/permalink/902254690344675/

Частка 3: “Ілюзіі і рэальнасьць” https://www.facebook.com/groups/601563390413808/permalink/900822687154542/

Частка 2: “Гульня ў напарстак” https://www.facebook.com/groups/601563390413808/permalink/900211530548991/

Частка 1: “Стварэньне дзьмутых фігур” https://www.facebook.com/groups/601563390413808/permalink/899124980657646/