Зянон ПАЗЬНЯК: КАРОТКІЯ ЗАЦЕМКІ (1-5)

27 лютага 2021 г.

НавіныЗянон Пазьняк

4. Найвялікшая страта ў культуры

За 26 гадоў антыбеларускага рэжыму Беларусь пацярпела вялікія страты ў мастацтве, літаратуры і ў гуманітарнай культуры.

Найвялікшай стратай, якая сталася нядаўна, — гэта катастрофа, якую немагчыма было ўявіць, — ліквідацыя сакральнай зоркі беларускага мастацтва, альфы беларускай нацыянальнай культуры — трупы Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Цяперашняе грамадзтва, прыніжанае за 26 гадоў зьдзеку над нацыяй, нават не разумее, што сталася.

“Тэатр — гэта нацыя” — азначэньне, выказанае расейскім драматургам Аляксандрам Астроўскім 150 гадоў таму, стала формулай тэатра і прыкметай зьяўленьня нацыі. Вобразам нацыі быў тэатр.

Тэатр імя Янкі Купалы стварыў нацыянальную тэатраньную школу сцэнічнага і акторскага мастацтва высокага ўзроўню і дасканалай якасьці. Гэтая школа была сістэматэзаваная ў традыцыю, што забясьпечвала пераемнасьць.

Антыбеларускі рэжым ужо амаль зьнішчыў нават беларускую літаратуру, разбурыў Саюз пісьменьнікаў, ліквідаваў Дом літаратара, але, магчыма, ведаючы вагу нацыянальнага тэатра ў культуры, сатрап асьцерагаўся рэзанансу ад яго разбурэньня, абмяжоўваўся тут забаронамі і кантролем.

І вось катастрофа сталася раптам за некалькі дзён. Практычна, уся легендарная трупа пакінула тэатр у знак пратэсту і абурэньня дзеяньнямі крымінальнай улады, што забівае і катуе людзей. Суіцыдны падарунак тэатра рэжыму тут жа быў прынялы варожай уладай. Дарога вяртаньня зачынена. У імгненьне тэатр перастаў існаваць.

Гэта жахліва. Дэмарш з пагрозай існаваньню тэатра ў сітуацыі антыбеларускай палітыкі прамаскоўскага рэжыму і ў сітуацыі ўнутранай акупацыі ўлады ў краіне — недапушчальны, бо самазабойчы.

Гэта тое самае, калі б аб’яўляць дэмарш ці галадоўку на Калыме ці ў Асьвенцыме супраць рэжыма ўтрыманьня ў лагеры, пратэстуючы пагрозай сваёй сьмерці супраць палітыкі Гітлера, Сталіна, ці тым жа самым палохаць Хусэйна альбо Лукашэнку.

Мы бачым, як гэткім чынам аб’яўляюць галадоўкі і пратэстуюць у Беларусі асобныя людзі, жывучы ў ілюзорнай рэальнасьці, бачым, чым канчаецца гэтая пагроза памерці ў беззаконьні перад людаедамі (якім не абходзіць жыцьцё чалавека). Ідзе вайна супраць Беларускай нацыі не на жыцьцё, а на сьмерць.

Не палохайце ворагаў магчымасьцю сваёй сьмерці. Яны гэтага не баяцца, бо самы імкнуцца ўгробіць нас і адкрыта пра тое кажуць. Ці ўсе асьлеплі? Ці ўсе аглохлі?

У краіне паўзучы генацыд, які цягнецца ўжо 27-мы год. Беларусаў хапаюць на вуліцах па плану, па разнарадцы за нацыянальны колер адзеньня, за чытаньне беларускіх кніг, за размову па-беларуску, за колер фіранак, выламваюць дзверы, зьбіваюць 80-гадовых людзей. У беларусаў даўно няма ні правоў, ні законаў. Гэтая вар’ятня, гэты абсурд мае назоў — зьнішчэньне Беларускага народа. Спачатку трэба тое зразумець, а потым рабіць.

Тэатр ёсьць мастацтва калектыўнае і разбурэньне яго незваротнае. У гісторыі беларускай сцэны пад савецкай акупацыяй быў выпадак, калі акупанты расстралялі ў 1930-х гадах увесь тэатр БДТ-3 Уладзіслава Галубка, усю акторскую трупу сьцерлі з твару зямлі. Цяпер жа, што крыўдна, калектыў тэатра Янкі Купалы сам падставіў сябе пад разгром.

Нельга было кідаць пэрлы перад сьвіньнямі і рабіць дэмарш самазьнішчэньня перад ворагамі нацыі. Гэта ня нашая ўлада. Яна чужая, прамаскоўская, непадкантрольная народу і закону. Ёй начхаць на беларускае тэатральнае мастацтва і на акторскае існаваньне. Трэба было змагацца з рэжымам сваім мастацтвам, выцерпець і захаваць трупу нават у цяжкіх і невыносных умовах. Трэба было адчуваць адказнасьць за лёс беларускай сцэны і зьберагчы калектыў. Час мінае, і мастацтва мусіць быць.

Будучы за акіянам, я прасіў сяброў-адраджэнцаў у Беларусі сустракацца і гаварыць з акторамі, паўстрымаць іх ад неразважных дзеяньняў, пісаў пра тое. Былі размовы і сустрэчы. Не дапамагло.

Значная доля віны ў разбурэньні тэатра ляжыць на былым лукашысцкім чыноўнікау, на той час дырэктары тэатра, спадару Латушку. Рэжым яго звольніў за недагляд настрояў у тэатры.

Гэта абурыла актораў. Тут жа ўзьнік абсурдны покліч звальняцца з тэатра ў знак пратэсту. На гэта наклалася яшчэ абурэньне за забойствы мірных дэманстрантаў рэжымнымі карнікамі, за хапун і катаваньні людзей. Акторы часта людзі імпульсіўныя.

Латушка не паўстрымаў купалаўцаў, не патлумачыў, не прадухіліў памылковых разбуральных дзеяньняў. Праўда, можа, ён не разумеў, што робіцца і што будзе. Але гэта не мяняе справы.

Паўтаруся, тэатр ёсьць мастацтва асаблівае, узьдзеяньне яго на чалавечы дух глыбокае і непасрэднае, творчасьць — калектыўная, жывая і тымчасовая. Нацыянальны тэатр — гэта вобраз нацыі, павялічаны і сфакусаваны на сцэне. У нацыянальным тэатры важна зьберагчы трупу і захаваць традыцыю, якая робіць працяг.

Разьбітую на кавалкі вазу ці прыгожы посуд можна склеіць, але яго не паставіш ужо на агонь, не наліеш, не нагрэеш вады. Яшчэ праз некалькі месяцаў пасьля эксодусу тэатр можна было б вярнуць, аднавіць.

Але час няўмольна бяжыць, і чым далей, тым незваротна зьнікае пэрспэктыва вяртаньня. І нават калі абрынецца акупацыйны рэжым, гэта ня значыць, што адразу адновіцца ўсё ў культуры, калі беларусы ня стануць гаспадарамі ў сваёй дзяржаве.

22 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК кандыдат мастацтвазнаўства