Зянон ПАЗЬНЯК: КАРОТКІЯ ЗАЦЕМКІ (1-5)

25 лютага 2021 г.

НавіныЗянон Пазьняк

3. Ілюзіі і рэальнасьць

Мэтадычна зьяўляюцца эйфарычныя разважаньні людзей у стане ілюзій аб тым, што вось-вось (можа, ужо вясной) бандыцкі рэжым упадзе і народ стане вольным. Пры гэтым абавязкова жуецца памылковае і шкоднае сцьвярджэньне аб раптоўным стварэньні беларускай нацыі ў 2020 годзе, аб тым, што гэта будзе небывалая нацыя ўсіх грамадзян без увагі на сацыяльныя падзелы і нацыянальныя асаблівасьці, на мову, рэлігію і т. п. лявацкая рыторыка. І ўсе разам, маўляў, зьяднаюцца, створаць такую салідарную нацыю ды й перамогуць антыбеларускі рэжым.

Лібэралы на Захадзе гэта падтрымліваюць. Ім прыемна такое чуць — нацыя без нацыянальнай сьведамасьці, без нацыяналізму і без нацыянальнай мовы.

Мушу расчараваць. Хуткай перамогі ня будзе (і “нацыі” такой ня будзе). Прамаскоўскі рэжым завостраны на зьнішчэньне беларускай нацыі. Калі спатрэбіцца, ён ня спыніцца (ён здольны і мае магчымасьці) зрабіць тое фізічна і разбурыць дзяржаву.

Супрацьстаяць зьнішчэньню і перамагчы можа толькі нацыянальна-вызвольны рух і нацыя, заснаваная на ўсьведамленьні сваёй нацыянальнай мовы, нацыянальнай сьведамасьці, культурнай і гістарычнай велічы.

Для дасягненьня гэтай вышыні яшчэ патрэбны час, дух змаганьня, калектыўны розум, вытрымка, асьвета і праца. “Будзьце спакойныя і вастрыце косы” (Каліноўскі)

20 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК