2. Гульня ў напарстак
Зноў прагучэла Ганна Канапацкая. Трэба разумець, што на лукашысцкі сход яна магла быць дапушчана толькі рашэньнем Лукашэнкі, толькі ў якасьці госьця з магчымасьцю выступіць толькі ад мікрафона і пры адключанай трансьляцыі.
Для банды ўлады важна было, каб прысутнічаў нехта ад так званай “апазыцыі” і каб зь яго вуснаў прагучэла прызнаньне аб паражэньні народа і канстатацыя перамогі ўлады над народам. Правячая банда жадала прызнаньня народнай капітуляцыі (каб потым скарыстаць тое ў прапагандзе). Усё астатняе, што было б сказана, ня мела істотнага значэньня.
На ролю апазыцыянера зьявілася Ганна Канапацкая. Яна і агучыла словы капітуляцыі. Ведаючы норавы банды, не сумняваюся, што тэзісы выступу Канапацкай былі правераныя цэнзурай сходу.
Ня думаю, што рэжым, які стаіць па горла ў крывавых злачынствах, здолее гэты выступ скарыстаць. Але для Канапацкай, якая не ўпершыню пагадзілася на ролю Гайдукевіча, тут мінус, якімі б добрымі намерамі яна сябе ні пераконвала.
Відавочная яе дзяржаўніцкая і антыімпэрская пазыцыя (якую яна таксама агучыла ў выступе), але падыгрываць тут узурпатару ў яго крымінальных сварках з Крамлём, спадзяючыся на выгады Беларусі, — гэта хутчэй ніўны ўчынак тупіковай безвыходнасьці, чым рацыя палітычнага разьліку. На жаль, некаторым так хочацца пагуляць з напарстачнікам.
20 люты 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК