- Стварэньне дзьмутых фігур
Працягваецца мэдыйная прапаганда па стварэньні з В. Бабарыкі вялікага палітыка, любімца беларускага народа і магутнага “апанэнта” Лукашэнкі, якога Лукашэнка нібы та найбольш баіцца. Хвальцы — публіка аднародная: найбольш журналісты (што ня дзіўна) і тэарэтыкі ад палітыкі. (Пра агентуру Масквы нават не ўспамінаю.) Натуральна, ніхто зь іх ня кажа (быццам ня чулі), што Бабарыка — крэатура Крамля (праз Газпрам) і што асабіста Пуцін спрычынены да газпрамаўскага праекту. Хвалебшчыкі гэтага, зразумела, як быццам ня ведаюць і “адкрываюць” у Бабарыку ўсялякія невядомыя палітычныя таленты, волю, розум, папулярнасьць у народзе і т. п.
Рэальнасьць, аднак іншая. Ды й становішча ў “стратэгаў” прапаганды канфузнае, бо зразумела, што Бабарыку не падымеш на нумар адзін, не апусьціўшы Ціханоўскую, якую самы ж зьляпілі. Яе незаўважна, дарэчы, якраз і апускаюць. У апошні час Ціханоўская без перапынку вяшчае сэрыйныя глупствы (пра сьвяткаваньне 23 лютага ў новым значэньні і т. п.).
Увогуле, назіраючы за гэтай групай газпрамаўскіх аматараў, слухаючы іхныя выказваньні супраць законнай Канстытуцыі 1994 года, ускліканьні пра вялікую Расею, назіраючы ў Сеціве за іхняй амаль публічнай сваркай і дзяльбой чужых грошай, у каторы раз бачым, што ніякіх нацыянальных беларускіх інтарэсаў для іх не існуе. Беларусь у іх толькі на губах і падразумевае “страну для жызьні” ў складзе Расеі, але ня вольную беларускую нацыю. Для іх беларуская мова ня ёсьць дэмакратыяй, а гісторыя змаганьня за беларускую незалежнасьць — чужая і ненавісная.
Для нацыянальнай будучыні Беларусі гэтыя прафаны такія ж небясьпечныя, як і Лукашэнка. Ні з Лукашэнкам, ні зь імі нацыянальнай будучыні ў Беларусі няма.
Няхай жыве яднаньне за беларускую Беларусь, за нашу мову, свабоду, гонар і волю.
19 люты 2021 год. Зянон ПАЗЬНЯК