Руская агентура прафэсійна працуе на эмацыйны раскол беларускага грамадзтва, ужываючы ўсюды аднолькавыя прыёмы.
Расколу беларускага грамадзтва на аснове нянавісьці Лукашэнка прысьвяціў 26 гадоў сваёй улады. Ягоны лексічны запас ненавісных і зьневажальных слоў дзеля ацэнак розных груп і праслоек беларускага грамадзтва сягае на больш за сотню тэрмінаў (гэта ўжо сабрана).
Тым часам людзям, якія цікавяцца тэхналёгіямі масавага ўзьдзеяньня, раіў бы паглядзець запіс відэа жаночага форуму і канцэрту ў падтрымку Лукашэнкі, які адбыўся 17 верасьня ў горадзе Менску.
На выбарчых мітынгах у ліпені-жніўні гэтага года з удзелам С. Ціханоўскай, і штабістак групы Газпрама-ФСБ і на жаночым форуме 17-га верасьня выкарыстаны аднолькавыя тэхналёгіі, над якімі працавалі адны і тыя ж расейскія тэхнолагі.
Гэта відавочна. Толькі на форуме ўсё выкананьне было бяздарным, пошлым і фальшывым. Відаць былі тыя ж самыя штучныя ўстаноўкі на запал эмоцыяў, на пытаньні са сцэны і адказы хорам, на экзальтацыю і сантыменты, на камплімэнты і ўхваленьне публікі.
Тут ужывалася ўся лексіка штабістак: “вы — невероятные”, “я вас люблю”, “я вас всех очень люблю”, “мы вас очень любим”, “вы — самые лучшие”, “мы с вами”, “спасибо всем вам”, “вы добрые, отзывчивые, трудолюбивые”, “вы сегодня хозяйки этой страны”, “такой канцентрацыи красоты, как здесь, нет ни в одном уголке земного шара” (да спадарынь з начосамі і высокім бюстам) і г. д. Пры гэтым адна дама з рэзкім закусам закрычала, што “муж офицер костьми ляжет, но над нашей любимой страной не будет бчб флаг!” “За Беларусь”! — скамандавалі падцягнутыя вядучыя. “За Беларусь”! — падхапілі жанчыны. Рэдкаснае відовішча, сага пра словы любові на чужой мове, сказаныя зь нянавісьцю.
18 верасень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК