Шарль Дэголь: «Змаганьне ёсьць простым і сьвятым абавязкам...»

21 жніўня 2020 г.

Навіны

Прамова 6 чэрвеня 1944 г.

Вялікая бітва распачалася. Пасьля столькіх баёў, лютасьці, пакутаў, урэшце настаў час нанесьці рашаючы ўдар, удар, якога мы так чакалі. Зразумела, што гэта бітва за Францыю і бітва Францыі. Вялізныя сродкі для атакі, якія прыйшлі нам на дапамогу, пачалі разгортвацца і адплываць ад берагоў старой Англіі. Менавіта перад гэтым апошнім бастыёнам Эўропы, Захаду, быў спынены патоп нямецкага панявольваньня. Сёньня гэты бастыён зьяўляецца базай для разгортваньня наступу свабоды. Францыя, якая чатыры гады знаходзіцца пад чужынцамі, не скарылася і не пераможана, Францыя ўздымаецца, каб узяць удзел у наступе. Для сыноў Францыі, дзе б яны ні былі, кім бы яны ні былі, змаганьне ёсьць простым і сьвятым абавязкам. Трэба змагацца ўсімі сродкамі, якімі яны валодаюць. Неабходна разграміць ворага, ворага, які топчыць і нявечыць радзіму, паганага ворага, ганебнага ворага. Вораг будзе рабіць усё, каб пазьбегнуць свайго лёсу. З асьцервяненьнем ён будзе трымацца за нашу зямлю як мага даўжэй. Але ўжо даволі часу, як гэты баязьлівец адкатваецца ад Сталінгарада да Цярнопаля, ад берагоў Ніла да Бізэрты, з Туніса ў Рым. Ён прызвычаяўся цяпер да паразы.

Гэтую бітву Францыя будзе весьці з лютасьцю. Яна будзе весьці яе зладжана. Менавіта такім чынам мы ўжо апошнія пятнаццаць стагоддзяў дасягаем кожную з нашых перамог. Менавіта так мы дасягнем і гэтую перамогу. Нашы арміі на сушы, на моры, у паветры ня маюць праблем. Ніколі яны не былі настолькі рашучымі, настолькі падрыхтаванымі, настолькі дысцыплінаванымі. Афрыка, Італія, Акіян і паветра пабачылі нашы сілы і іхнюю адроджаную славу. Родная зямля таксама іх убачыць – заўтра. Убачыць нацыя, якая змагаецца плячо ў плячо супраць узброенага да зубоў прыгнятальніка. Зладжанасьць у бітве ставіць перад намі шмат умоваў. Па-першае, указаньні, аддадзеныя французкім урадам і французкімі камандзірамі, якія маюць паўнамоцтвы на гэта на агульнанацыянальным узроўні і на месцах, павінны дакладна выконвацца. Па-другое, акцыі, якія мы праводзім на тылах ворага, павінны быць максімальна скаардынаваныя з акцыямі хаўрусных і французкіх армій на фронце. Усе павінны разумець, што змаганне армій будзе цяжкім і доўгім. Гэта значыць, што акцыі сілаў Супраціву павінны працягвацца і пашырацца да моманту поўнага разгрому немцаў. Трэцяя ўмова заключаецца ў тым, каб усе тыя, хто або са зброяй у руках, або на акцыях падрываў, або ў разьведцы, або адмаўляючыся працаваць на карысных для ворага працах, не далі захапіць сябе. Каб усе яны заранёў пазьбегнулі арышту або дэпартацыі. Якія б ні былі цяжкасьці, але гэта лепш, чым выбыць з бою яшчэ не пачаўшы змагацца.

Бітва Францыі пачалася. Няма ў нацыі, у імпэрыі, у арміях іншай, адзінай агульнай для ўсіх волі, агульнай адзінай для ўсіх надзеі. З хмараў, абцяжараных нашай крывёй і нашымі сьлязьмі, прабіваецца сонца нашай велічы!

Генэрад Шарль Дэголь. Лёндан 6 чэрвеня 1944 г. Крыніца:https://fresques.ina.fr/de-gaulle/fiche-media/Gaulle00312/6-juin-1944-la-bataille-supreme-est-engagee.html Пераклаў з французкай В. Буйвал.